Выдатныя мясціны Магілёўскай вобласці | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Выдатныя мясціны Беларусі | Магілёўская вобласць

Выдатныя мясціны Магілёўскай вобласці


Стагоддзі таму праз усходнія землі Беларусі праходзіў знакаміты гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі", часткай якога быў Днепр – адна з буйнейшых рэк Еўропы. Ужо з ХII-XIII стагоддзяў тут вядомы гарады Мсціслаў (1135), Крычаў і Прапойск (Слаўгарад) (1136), Магілёў (1267)… Пазней Магілёўская губерня стала ўпадабаным месцам імператараў: Кацярына II дарыла тутэйшыя маёнткі фаварытам, а Мікалай II у гады Першай сусветнай вайны зрабіў Магілёў Cтаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Сярод выдатных мясцін рэгіёна – цудоўныя помнікі архітэктуры губернскага Магілёва, замак XVII стагоддзя і ўнікальная сінагога ў Быхаве, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, палац Пацёмкіна ў Крычаве, Пустынскі манастыр, старажытны Мсціслаў, Бабруйская крэпасць

Магілёў

За сваю гісторыю Магілёў не раз аказваўся важным стратэгічным пунктам на карце Беларусі. У гады Першай сусветнай вайны тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага і рэзідэнцыя імператара Мікалая II. А напярэдадні Другой сусветнай горад ледзь не стаў сталіцай Беларусі з-за небяспечнай блізкасці Мінска да заходняй граніцы. Пра тыя часы нагадвае ўзведзены ў кароткія тэрміны Дом Саветаў – амаль дакладная копія мінскага Дома Урада. Адной з самых яркіх старонак гісторыі Магілёва стала гераічная абарона ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі горад трымаўся 23 дні, з іх 16 – у поўным акружэнні.

Гасцей горада, які ўзнік больш за сем стагоддзяў таму на беразе Дняпра, сустракае скульптура станцыйнага наглядчыка на фоне старадаўняга вакзала (1902). Гістарычную атмасферу захоўвае і пешаходная вуліца Ленінская, вядомая з XVI стагоддзя пад назвай Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынерная. Тут можна ўбачыць цудоўныя будынкі XVIII–XIX стагоддзяў: былую гарадскую ўправу, палац архіепіскапа, корпус гімназіі, дзе вучыліся першы прэзідэнт Гавайскіх астравоў Мікалай Судзілоўскі, даследчык Поўначы Ота Шміт… Вуліцу дзеліць Плошча Зорак, якую ўпрыгожваюць адзіны ў свеце помнік астролагу і сонечны гадзіннік з 12 крэслаў, якія сімвалізуюць знакі задыяка.

Падняўшыся на адноўленую Магілёўскую ратушу, можна палюбавацца панарамай горада і паслухаць трубача, які тройчы на дзень іграе фанфары і расказвае пра падзеі з гісторыі Магілёва.

Дзе знаходзіццаЗа 200 км ад Мінска

Магілёўскі драматычны тэатр

Арыгінальны будынак Магілёўскага тэатра стаў першым у Беларусі, пабудаваным спецыяльна для акцёрскай трупы: да гэтага спектаклі ставілі ў палацах магнатаў і вулічных балаганах. Яшчэ ў 1810-я гады жыхары губернскага Магілёва марылі аб стацыянарным тэатры, але ажыццявіць ідэю ўдалося праз дзесяцігоддзі. Аўтарам праекта тэатра з чырвонай цэглы ў псеўдарускім стылі, узведзенага на месцы замка XVII стагоддзя, стаў архітэктар Пётр Камбураў. Урачыстае адкрыццё адбылося 25 верасня 1888 года. На адной з лепшых па акустыцы сцэн Еўропы выступалі легендарны оперны спявак Фёдар Шаляпін, віртуоз Сяргей Рахманінаў, актрыса Вера Камісаржэўская… У час Першай сусветнай вайны менавіта ў зале тэатра Мікалай II глядзеў ваенную кінахроніку, а з балкона прымаў парады салдат.

Каля ўвахода ў Магілёўскі тэатр гасцей сустракае бронзавая "Дама з сабачкам" – копія вядомай скульптуры беларускага майстра Уладзіміра Жбанава, якая ўстаноўлена ля Камароўскага рынку ў Мінску.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Першамайская, 7

Сабор Трох Свяціцеляў у Магілёве

Галоўны праваслаўны храм горада, помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, названы ў гонар усяленскіх свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Златавуста. Сямікупальны сабор у форме крыжа, вытрыманы ў строгіх лініях псеўдарускага стылю, мае цікавую асаблівасць: увайсці ў яго можна з трох бакоў. У гады Першай сусветнай вайны сабор часта наведваў Імператар Мікалай II. Галоўная святыня храма – спіс цудатворнага Магілёўска-Брацкага абраза Божай Маці. Тут жа захоўваюцца абраз свяціцеля Мікалая з часцінкамі мошчаў, спісы Бялыніцкага і Баркалабаўскага абразоў Божай Маці, абраз прападобнай Ефрасінні Полацкай 1910 года.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Першамайская, 7

Кафедральны сабор святога Станіслава

Цудоўны барочны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў узведзены ў Магілёве на месцы манастыра кармелітаў. Паводле адной з легенд, яго пабудавалі з пячной цэглы, якую прынеслі гараджане, згладжваючы віну за забойства мясцовага шляхціца. Пасля наведвання храма ў 1780 годзе імператрыца Кацярына II загадала высяліць манахаў, а касцёл пераўтварыць у кафедральны. У канцы XVIII стагоддзя ён быў рэканструяваны ў стылі класіцызму і тады ж атрымаў другую назву – у гонар святога Станіслава. Купал касцёла ўпрыгожваюць унікальныя аўтэнтычныя фрэскі другой палавіны XVIII стагоддзя на біблейскія сюжэты аднаго з найбольш поўных і прафесійных евангельскіх цыклаў Беларусі.

На жаль, у сценах храма быў знішчаны ўнікальны арган, які, згодна з паданнем, лічыўся ў Ватыкане пад нумарам 2. У наш час штогод праходзяць канцэрты міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа".

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Камсамольская, 4

Свята-Нікольскі манастыр у Магілёве

Свята-Нікольскі манастыр – адно з нямногіх захаваных да нашых дзён культавых збудаванняў у стылі беларускага барока. На тэрыторыі манастыра, які ўваходзіць у папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, размешчаны Свята-Нікольскі сабор (у рэестры найбольш каштоўных барочных збудаванняў Еўропы), храм прападобнага Ануфрыя Вялікага, званіца, жылыя памяшканні. Гордасць Свята-Нікольскага храма – надзвычай прыгожы чатырох'ярусны іканастас, выкананы ўмелымі магілёўскімі рэзчыкамі XVII стагоддзя, сярод якіх быў ураджэнец Шклова Клім Міхайлаў, знакаміты работай над царскім палацам у Каломенскім, палатамі Крамля. Такі іканастас можна ўбачыць толькі ў Смаленскім саборы Новадзявочага манастыра ў Маскве.

Свята-Нікольскі храм нярэдка наведваў апошні расійскі імператар Мікалай II, а раней у сценах манастыра паслушнікам быў Ілжэдзмітрый II.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Т. Сурты, 19

Палац архіепіскапа Георгія Каніскага ў Магілёве

Архірэйскі палац выдатнага праваслаўнага дзеяча, вучонага і асветніка, прылічанага да ліку святых БеларусіГеоргія Каніскага – быў узведзены ў 1762 – 1785 гадах архітэктарам Янам Глаўбіцам. І да нашых дзён старадаўняя рэзідэнцыя застаецца ўпрыгажэннем Магілёва. Мноства дэталей – нішы, налічнікі з мудрагелістым малюнкам і раслінныя матывы – надаюць палацу барочны выгляд. У свой час па абодвух баках будынка размяшчаліся манастырскія келлі, малюнак на сценах якіх арганічна завяршаў афармленне ўсяго ансамбля. У вялікай зале на першым паверсе праводзіліся прыёмы, а на верхнім ярусе, дзе размяшчаліся асабістыя пакоі, кабінет і бібліятэка, архіепіскап мог пабыць у адзіноце.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Архірэйскі Вал Каніскага, 1

Магілёўскі мастацкі музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

Музей вядомага беларускага пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, работамі якога захапляўся Ілья Рэпін, прадстаўляе вялікі збор карцін майстра. Родны дом мастака недалёка ад горада не захаваўся, і музей – філіял НММ Беларусі – быў адкрыты ў магілёўскім асабняку XVII стагоддзя. У яго фондах – дакументы,  фатаграфіі мастака і яго сям'і, асабістыя рэчы: эцюднік, палітра, пэндзлі, паляўнічае ружжо… У музеі захоўваецца медаль, якім адзначаны знакаміты "Зімовы сон" на выстаўцы ў Барселоне (1911). Цікавы і цыкл карцін, прысвечаны пушкінскім месцам: "Міхайлаўскае. Домік няні А.С. Пушкіна Арыны Радзівонаўны", "Святагорскі манастыр. Магіла А.С. Пушкіна", "Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць"…
 
Дзе знаходзіццаМагілёў, вул. Ленінская, 37

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава

Мастацкі музей у Магілёве – не толькі скарбніца твораў мастацтва XVII–XIX стагоддзяў, але і цудоўны помнік архітэктуры. Будынак сялянска-зямельнага банка, дзе пазней размяшчаліся музеі, установы, рэдакцыі газет, будаваўся ў 1903–1914 гг. У праекце гарманічна злучыліся мадэрн, псеўдарускі стыль і позні класіцызм. А галоўнай славутасцю быў браніраваны пакой-сейф, дзе захоўваліся ўнікальныя каштоўнасці, многія з якіх бясследна зніклі ў час Вялікай Айчыннай вайны: Крыж Ефрасінні Полацкай (цяпер у музеі працуе экспазіцыя пакоя з галаграмай рэліквіі), золата Пампеі, паднос Аляксандра Македонскага, карціны еўрапейскіх мастакоў, рукапісныя кнігі і граматы, манеты і абразы XVII–XIX стст…

Выявы будынка музея можна ўбачыць на беларускай банкноце вартасцю Br200 тыс.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вул. Міронава, 33

Час работыз 10.00 да 18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"

Мемарыял прысвечаны воінам, якія ў ліпені 1941 года на працягу 23 дзён абаранялі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Подзвіг салдат стаў адной з самых яркіх старонак Вялікай Айчыннай вайны, і нярэдка Магілёў называюць "бацькам Сталінграда". У цэнтры комплексу – чырвоная капліца, дзе ўстаноўлены памятныя дошкі з імёнамі загінуўшых абаронцаў і народных апалчэнцаў, а таксама маятнік Фуко – сімвал вечнай памяці. Ад капліцы разыходзяцца 4 алеі, адна з якіх прысвечана першаму "летапісцу" магілёўскай абароны – аўтару рамана "Жывыя і мёртвыя" Канстанціну Сіманаву. Побач размешчана экспазіцыя ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.

Непадалёку ад капліцы знаходзіцца Возера Слёз, якое ўвасабляе пакуты ўсіх маці, якія страцілі дзяцей у час вайны.

Дзе знаходзіццаМагілёўскі раён, в. Буйнічы, ад Магілёва – 3 км

Быхаўскі замак

Візітная картка старадаўняга горада – выдатны помнік архітэктуры Быхаўскі замак, які ўзвёў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Кароль Хадкевіч. Магутная цытадэль была акружана землянымі валамі і равом з вадой, умацавана абарончымі вежамі. Але акрамя крапасных сцен тут быў велічны палацавы корпус, дзе былі размешчаны пакоі гаспадароў і шыкоўная каронная зала для сустрэч, пасяджэнняў і баляў. У 1628 годзе палацава-замкавы ансамбль перайшоў у рукі Льва Сапегі і быў значна перабудаваны. За сваю гісторыю замак перажыў шмат ваенных падзей: да нашага часу захаваліся фрагменты, і цяпер адзіны ў Беларусі горад-крэпасць XVII стагоддзя, які захаваўся да нашага часу, знаходзіцца на рэстаўрацыі.

Сярод іншых славутасцей Быхава – старадаўняя Свята-Троіцкая царква і ўнікальная абарончая сінагога XVII стагоддзя.

Дзе знаходзіццаБыхаў

Палацава-паркавы комплекс у Жылічах

У XIX стагоддзі Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль быў сярод самых вядомых і шыкоўных рэзідэнцый нараўне з комплексамі ў Нясвіжы і Міры. Палац належаў шляхціцу Ігнату Булгаку, а пасля паўстагоддзя будаўніцтва перайшоў да яго сына Эдгара. Інтэр'еры сядзібы ўражвалі гасцей: ляпны дэкор на столі і сценах, багацце дрэва і люстэрак, асаблівы патайны паверх для музыкантаў, якія забаўлялі публіку на балконах. Скарбамі рэзідэнцыі былі мэбля ў стылі Людовіка XVI, карціны музейнай каштоўнасці і ўнікальная калекцыя антычнай скульптуры, знакамітыя слуцкія паясы, найбагацейшая бібліятэка… Ансамбль дапаўнялі трапічная аранжарэя і цудоўны парк са скульптурамі, павільёнамі і вадаёмамі...

Сёння ў Жыліцкім палацы вядзецца рэстаўрацыя. У адкрытых памяшканнях працуе школа мастацтваў, а пазней у палацы з'явяцца музей, бібліятэка, карцінная галерэя, аранжарэя і міні-атэль.

Дзе знаходзіццаКіраўскі раён, в. Жылічы, ад Магілёва – 114 км, ад Мінска – 169 км

Бабруйск

Адзін з самых буйных і старадаўніх гарадоў Беларусі, Бабруйск яшчэ і літаратурная зканамітасць. Героі рамана Ільфа і Пятрова "Залатое цяля" называлі яго "месцам цудоўным і высокакультурным": невыпадкова ля Чырвонай вежы (1927) была ўстаноўлена скульптура персанажу Шуры Балаганаву. Стагоддзі таму Бабруйск славіўся рамёствамі і паляваннем на баброў, дзякуючы чаму атрымаў незвычайную назву і сучасны папулярны сімвал – помнік Бабру: кажуць, для дастатку і поспеху трэба пацерці ланцужок гадзінніка на яго салідным жываце. Знакаміты Бабруйск утульнай атмасферай і дзіўнай архітэктурай яўрэйскага гарадка ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя. Сярод знакамітых будынкаў горада – дом купчыхі Кацнэльсон, старадаўнія сінагогі, Свята-Мікалаеўскі сабор (1892-94), касцёл Дзевы Марыі (1901)…

У Бабруйску знаходзіцца адзін з самых значных помнікаў ваеннай гісторыі краіныБабруйская крэпасць, будаўніцтва якой пачалося ў 1810 годзе.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 111 км, ад Мінска – 145 км

Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасць – адна з лепшых у Еўропе па ваенным аснашчэнні – увайшла ў гісторыю ў сувязі з падзеямі вайны 1812 года, дзекабрысцкага руху і Вялікай Айчыннай вайны. У свой час гэта быў унікальны комплекс, знакаміты не толькі ўмацаваннямі, але і цудоўнай архітэктурай у стылі класіцызму. У ходзе вайны 1812 года гарнізон прыняў асноўны ўдар арміі Напалеона, а пасля адступлення рускіх войскаў яшчэ 4 месяцы стрымліваў асаду французаў. Менавіта ў гэтых сценах дзекабрысты С. Мураўёў-Апостал і М. Бястужаў-Румін распрацавалі легендарны "Бабруйскі план" па захопе крэпасці і звяржэнні Аляксандра I.

Дзе знаходзіццаБабруйск

Асіповічы

Адзін з самых буйных транспартных вузлоў Беларусі ўзнік у канцы ХIХ стагоддзя ў сувязі з будаўніцтвам станцыі Лібава-Роменскай чыгункі. Часткай гісторыі горада і сімвалам на яго гербе невыпадкова стаў паравоз, а ў 2002 годзе ў гонар 130-годдзя горада на пастаменце ля вакзала быў устаноўлены адзін з сапраўдных рарытэтных лакаматываў, які выкарыстоўваўся на станцыі. Сярод іншых славутасцей горада – будынак вакзала, старадаўняя воданапорная вежа, будынкі канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў, а таксама цудоўны помнік драўлянага дойлідства  – Свята-Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1826 годзе ў вёсцы Зборск і перавезеная ў 1946-м у Асіповічы.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 160 км, ад Мінска – 108 км

Шклоў

"Агурочная сталіца" Беларусі славіцца багатымі ўраджаямі агуркоў, якія мясцовыя жыхары вырошчваюць з XVI стагоддзя, і кожны год у жніўні тут праходзіць Дзень агурка. Цэнтральную плошчу горада ўпрыгожваюць скульптурная кампазіцыя "Агурок" і помнік знакамітаму фаварыту Кацярыны II Сямёну Зорычу, які заснаваў у Шклове дваранскае вучылішча, тэатр, балетную і музычную школы, пабудаваў шыкоўны палац і велізарную аранжарэю для баляў і маскарадаў, заклаў Спаса-Праабражэнскую царкву. Сёння галоўная славутасць горада – ратуша – помнік архітэктуры канца ХVIII стагоддзя, узведзены разам з гандлёвымі радамі. Яе высокую гранёную вежу ўпрыгожвае старадаўні гадзіннік, а шпіль вянчае герб Шклова.

На ўскраіне сучаснага Шклова ля выгіну ракі Днепр археолагі выявілі "зніклы" стары горад з замкам, дзе кожны год прадаўжаюць адкрываць новыя гістарычныя пласты. Сярод іх – замкавая дазорная вежа і гаспадарскі дом, руіны Васкрасенскай царквы і Дамініканскага манастыра, мноства артэфактаў XVII стагоддзя.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 35 км на поўнач, ад Мінска – 244 км

Горкі

Горад на беразе ракі Проні са старадаўніх часоў вядомы кірмашамі, якія тройчы на год збіралі купцоў з розных краін. Аднак найбольшага росквіту Горкі дасягнулі ў ХIХ стагоддзі, калі па загадзе Мікалая I была адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа – першая ў краіне вышэйшая навучальная ўстанова такога профілю. У нашы дні Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія з'яўляецца адной з самых  старых і буйных еўрапейскіх аграпрамысловых ВНУ. Для наведвальнікаў адкрыты галоўны корпус (1840), узведзены італьянскім архітэктарам Анджэла Кампіёні, а таксама самы стары ў Беларусі батанічны сад і дэндрарый, дзе сабрана багатая калекцыя раслін з розных эколага-геаграфічных зон.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 115 км, ад Мінска – 274 км

Мсціслаў

Знакамітым ураджэнцам старадаўняга города з'яўляецца вялікі друкар Пётр Мсціславец, які ў ХVI стагоддзі з Іванам Фёдаравым заснаваў першую друкарню ў Маскве. У 2001 годзе ў Дзень беларускага пісьменства горад упрыгожыў яго помнік. У Мсціславе захаваліся Замкавая і Дзявочая горы, а таксама ўнікальная архітэктура ХVII–ХХ стагоддзяў – касцёл кармелітаў, езуіцкі калегіум і сабор Аляксандра Неўскага, дзе захоўваецца Іверскі абраз Божай Маці, асвячоны ў час каранацыі імператара Мікалая I. У горадзе і яго наваколлях знаходзіцца 19 культавых збудаванняў ХVII–ХХ стагоддзяў.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 95 км на ўсход, ад Мінска – 364 км

Пустынскі Свята-Успенскі манастыр

Пустынскі манастыр, які стаіць ужо больш за 6 стагоддзяў у наваколлях Мсціслава, прыцягвае паломнікаў і ўсіх жадаючых пакланіцца святой крыніцы, вада з якой, паводле падання, вылечвае ад хвароб зроку і слыху. Старадаўні манастыр у 1380 годзе заснаваў удзельнік Кулікоўскай і Грунвальдскай бітваў князь Сімяон Лугвеній, якому пасля абмывання ў крыніцы ўдалося вярнуць зрок. У ХIХ стагоддзі быў пабудаваны каменны Успенскі храм, а затым – Пакроўская царква і храм Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, які размешчаны побач з крыніцай. У канцы ХIХ стагоддзя ў Пустынках з'явілася шмат'ярусная шатровая званіца, якая стала яе вядомым сімвалам.

Ужо ў наш час пры аднаўленні манастыра на адной са сцен абраз Ісуса Хрыста, які манахі лічаць благаславеннем.

Дзе знаходзіццаМсціслаўскі раён, за 11 км ад горада

Палац Пацёмкіна ў Крычаве

Беларуская сядзіба фаварыта Кацярыны II князя Рыгора Пацёмкіна, пабудаваная ў 1778–1787 гадах вядомым архітэктарам, аўтарам Таўрычаскага палаца ў Пецярбургу, Іванам Старавым, з вышыні птушынага палёту нагадвала літару "Е" – у гонар адданасці імператрыцы. Раскоша і планіроўка палаца ўражвалі: велізарныя залы, ззяючыя хрустальныя люстры, мазаічныя паркетныя падлогі, цудоўная мэбля і прадметы дэкору… Ля сцен палаца знакаміты садавод Джон Гульд разбіў парк, дзе ў час візіту Кацярыны II высадзілі "дуб царыцы". Пры Яне Галынскім палац упрыгожылі стральчатыя аркі і зубцы на даху, а ў XIX стагоддзі з'явіліся ўязныя вароты, стылізаваныя пад егіпецкія піраміды.

Даўней у палацы пастаянна арганізоўвалі пышныя прыёмы. У 1787 годзе, калі Кацярына II наведала Крычаў, князь Пацёмкін даваў у яе гонар баль, які пачаўся з паланэза. І сёння ў адрэстаўрыраванай сядзібе-музеі з узноўленымі параднай і рыцарскай заламі, дзявочым пакоем і будуарам, традыцыя велікасвецкіх баляў адраджаецца.

Дзе знаходзіццаКрычаў, ад Магілёва – 90 км, ад Мінска – 310 км

Мемарыяльны комплекс у вёсцы Лясная

Легендарная бітва ля вёскі Лясная, якую Пётр I назваў "маці Палтаўскай баталіі", у час Паўночнай вайны стала пераломнай для рускай арміі. У ходзе бітвы 28 верасня 1708 года 16-тысячны шведскі корпус генерала Левенгаўпта пацярпеў паражэнне, страціўшы 9 тысяч салдат. Гэта канчаткова падарвала план шведаў па захопе Масквы і ўмацавала баявы дух рускай арміі. Праз два стагоддзі – у 1908 годзе – на месцы бітвы ля вёскі Лясная быў узведзены мемарыяльны комплекс. Сярод яго помнікаў – капліца апостала Пятра, манумент у выглядзе арла, які ўзвышаецца над шведскім сцягам і сімвалізуе перамогу Расіі, а таксама мармуровы абеліск на брацкай магіле.

Дзе знаходзіццаСлаўгарадскі раён, в. Лясная

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі