Рэлігійны турызм у Беларусі. Паломніцкі турызм | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Рэлігійны турызм

Рэлігійны турызм у Беларусі

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку
Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку

У Беларусі – краіне на "скрыжаванні" культур і канфесій – захаваліся старадаўнія праваслаўныя цэрквы і манастыры, касцёлы, сінагогі і мячэці, драўляныя храмы старавераў…

Дзякуючы пераплятанню рэлігій і архітэктурных стыляў храмавая архітэктура Беларусі своеасаблівая і незвычайная, а многія з культавых збудаванняў – абсалютна ўнікальныя. Сярод іх і аб'екты, прадстаўленыя ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА:

Паломнікі з розных краін свету і шматлікія турысты, якія цікавяцца гісторыяй і архітэктурай, прыязджаюць убачыць цудоўныя храмы і старадаўнія святыні Беларусі, наведаць рэлігійныя святы і духоўныя фестывалі.

У горадзе Гродна існуе адзіны ў Беларусі музей гісторыі рэлігіі, размешчаны ў будынку былога палаца XVIII-XIX стагоддзяў – помніку архітэктуры барока і класіцызму. Яго багатая экспазіцыя прысвечана архаічным вераванням, хрысціянскім канфесіям, ісламу і іўдаізму…

Праваслаўныя храмы і святыні Беларусі

Падарожнічаючы па Беларусі, вы абавязкова ўбачыце цудоўныя праваслаўныя цэрквы і манастыры са шматвяковай гісторыяй.  

У старажытным горадзе Полацку ў 1120-х гадах прападобная Ефрасіння – святая заступніца Беларусі – заснавала Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Тут жа знаходзіцца адзін з самых старадаўніх храмаў Беларусі – Спаса-Праабражэнская царква, сцены якой упрыгожваюць унікальныя фрэскі XII стагоддзя.

Кожны год тысячы паломнікаў збіраюцца ў Полацку 5 чэрвеня – у дзень памяці прападобнай Ефрасінні. У Спаса-Праабражэнскім храме знаходзяцца яе мошчы, а таксама захоўваецца адноўлены вобраз страчанай рэліквіі беларусаў – Крыж прападобнай Ефрасінні.

Яшчэ адна архітэктурная жамчужына Полацка – Сафійскі сабор, узведзены ў сярэдзіне XI стагоддзя ўслед за аднайменнымі храмамі Кіева і Ноўгарада.

Самы стары дзеючы храм Беларусі – унікальная Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква, пабудаваная ў XII стагоддзі на крутым беразе ракі Нёман у Гродне.

Таксама сярод знакамітых праваслаўных храмаў Беларусі:

Славутасць Мінскахрам-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай, пабудаваны ў 2006-2008 гадах.

Другі пасля Полацка старажытны рэлігійна-духоўны цэнтр Беларусі – палескі горад Тураў, дзе можна ўбачыць драўляную царкву Усіх Святых і культавыя каменныя крыжы, фрагменты храма XII стагоддзя, на месцы якога ўзведзены помнік "Скрыпта" ў візантыйскім стылі.

На беларускім Палессі захаваліся ўнікальныя драўляныя цэрквы XVI-XVII стагоддзяў з асаблівай архітэктурай і незвычайнымі крыжамі – сярод іх няма і двух аднолькавых. Напрыклад, царква ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна (пабудавана ў пачатку XVI стагоддзя), царква ў Дабраслаўцы Пінскага раёна (самая вузкая з беларускіх цэркваў: шырыня 5-7 метраў)...

Цэнтрамі паломніцтва і выдатнымі мясцінамі для турыстаў з'яўляюцца знакамітыя манастыры Беларусі:

  • Свята-Успенскі манастыр у Жыровічах – буйнейшы ў краіне праваслаўны манастыр, дзе захоўваецца адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі – цудатворны абраз Божай Маці Жыровіцкай;
  • Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку;
  • Свята-Нікольскі жаночы манастыр у Магілёве;
  • Свята-Успенскі Пустынскі мужчынскі манастыр пад Мсціславам;
  • Свята-Ражджаство-Багародзічны жаночы манастыр у Гродне;
  • Свята-Богаяўленскі Куцеінскі манастыр у Оршы;
  • Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр (Навагрудскі раён);
  • Юравіцкі Свята-Ражджаство-Багародзічны манастыр (Калінкавіцкі раён);
  • Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі манастыр (Брэсцкі раён)…

У розных гарадах Беларусі ўстаноўлены помнікі святым і выдатным духоўным асобам:

  • святой прападобнай Ефрасінні ў Полацку;
  • прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму ў Навагрудку;
  • святой праведнай Сафіі Слуцкай у Слуцку і Мінску;
  • святому Афанасію Брэсцкаму;
  • святым Пятру і Фяўронні Мурамскім у вёсцы Сар'я Верхнядзвінскага раёна;
  • прападобнаму Сергію Раданежскаму ў Мінску;
  • Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II у Мінску і Віцебску.

Славутасцю Полацка стаў і помнік дойліду Іаану – заснавальніку полацкай архітэктурнай школы, які пабудаваў у XII стагоддзі па заказе прападобнай Ефрасінні Спаса-Праабражэнскі храм.

Касцёлы Беларусі і каталіцкія рэліквіі

Знаходзячыся на стыку праваслаўнага і каталіцкага светаў, Беларусь стала краінай, дзе суседнічае мноства храмаў дзвюх хрысціянскіх канфесій.

У сувязі з гістарычнымі падзеямі і царкоўнай уніяй тут адбылося ўнікальнае змяшэнне архітэктурных стыляў, таму ў Беларусі вы нярэдка ўбачыце праваслаўныя храмы, падобныя да каталіцкіх.

Напрыклад, Полацкі Сафійскі сабор, перабудаваны ў XVIII стагоддзі на старажытным фундаменце як базіліка ў стылі віленскага барока, або неагатычная царква ў вёсцы Сар'я Верхнядзвінскага раёна…

У XVII-XVIII стагоддзях у беларускіх гарадах і мястэчках былі пабудаваны раскошныя ансамблі каталіцкіх храмаў і манастыроў у стылі барока, готыкі і неаготыкі, якія сталі сапраўднымі архітэктурнымі жамчужынамі краіны, месцам пакланення святыням.

Сярод знакамітых каталіцкіх храмаў Беларусі:

  • касцёл імя святога Францішка Ксаверыя ў Гродне – Фарны касцёл (тут вы ўбачыце вельмі высокі драўляны алтар, які ўпрыгожваюць больш як 20 фігур апосталаў і святых, а на адной з вежаў – самы стары ў Еўропе гадзіннік);
  • Фарны касцёл у Нясвіжы;
  • касцёл святога Станіслава ў Магілёве;
  • касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты (Астравецкі раён);
  • касцёл святой Ганны ў вёсцы Мосар (Глыбоцкі раён);
  • касцёл Праабражэння Гасподняга (Фарны) у Навагрудку;
  • касцёл святога апостала Андрэя ў вёсцы Нарач (Мядзельскі раён);
  •  Троіцкі касцёл у горадзе Глыбокае;
  • касцёл святога Іаана Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі раён);
  • касцёл святых Пятра і Паўла ў Жупранах (Ашмянскі раён);
  • касцёл святога Міхаіла Архангела ў пасёлку Івянец (Валожынскі раён);
  • Троіцкі касцёл у вёсцы Чарнаўчыцы (Брэсцкі раён);
  • касцёл Прасвятой Тройцы ў вёсцы Воўчын (Камянецкі раён);
  • касцёл святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску;
  • касцёл Святой Тройцы (святога Роха) у Мінску;
  • архікафедральны касцёл імя Прасвятой Дзевы Марыі ў Мінску.

У Гродне на месцы самага вялікага старадаўняга храма горада – Фары Вітаўта – устаноўлены памятны знак Паклонны крыж.

Кожны год у пачатку ліпеня тысячы пілігрымаў з Беларусі і замежжа накіроўваюцца ў вёску Будслаў Мядзельскага раёна – Нацыянальны санктуарый, дзе захоўваецца адна з галоўных каталіцкіх святынь Беларусі цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. 400-годдзе яго набыцця святкавалі ў 2013 годзе.

У Будславе знаходзіцца цудоўны барочны касцёл Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі і капліца святой Варвары (1643), дзе захаваўся ўнікальны драўляны алтар. За асаблівую ролю ў гісторыі і духоўным жыцці Папа Рымскі Іаан Павел II у 1994 годзе прысвоіў касцёлу тытул "базіліка малая".

Шматлікія паломнікі прыязджаюць і ў іншыя беларускія санктуарыі, дзе захоўваюцца каранаваныя па благаславенні Папы Рымскага цудатворныя абразы:

  •  Маці Божай Тракельскай (у в. Тракелі Воранаўскага раёна штогод арганізуюцца вялікія паломніцтвы);
  • Маці Божай (Каралевы Палесся) у Лагішыне (Пінскі раён);
  • Маці Божай у Гудагаі (Астравецкі раён);
  • Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне;
  • Маці Божай Берасцейскай (Маці-Выратавальніцы), якая з'яўляецца копіяй абраза Маці Божай з рымскай базілікі Santa Maria Maggiore, у Брэсце;
  • Маці Божай Манастырскай (Каралевы Азёр) у Браславе.

Храмы іншых канфесій

Славутасць Гродна – адзіная дзеючая лютэранская кірха ў Беларусі.

Беларускі горад Ветка – месца паломніцтва старавераў. У старажытным горадзе створаны знакаміты ўнікальнымі рарытэтамі Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый.

У Гомелі дзейнічае царква ў гонар святога прарока Ільі, якая належыць Рускай праваслаўнай стараверскай царкве. Ільінскі храм – помнік драўлянага дойлідства канца XVIII стагоддзя.

Мячэці Беларусі

У часы ВКЛ у Беларусі было больш за 100 мячэцей – практычна ў кожным татарскім пасяленні, у пачатку ХХ стагоддзя – каля 40, аднак пасля Вялікай Айчыннай вайны доўгія гады дзеючай заставалася толькі адна мячэць, пабудаваная ў 1882 годзе ў горадзе Іўе (Гродзенская вобласць). 

І менавіта ў шматнацыянальным Іўі, дзе на працягу стагоддзяў суседнічаюць мусульмане і іўдзеі, католікі і праваслаўныя, у 2012 годзе быў устаноўлены ўнікальны па-свойму манумент у гонар дружбы чатырох канфесій.

Сёння ў беларускіх мусульман больш як 10 мячэцей і малітвенных дамоў. Старадаўнія драўляныя мячэці захаваліся ў Навагрудку і ў вёсцы Лоўчыцы ў межах горада.

У Мінску на месцы, дзе была старажытная і адзіная мураваная мячэць Беларусі, узведзены новы велічны храм.

Сінагогі Беларусі

У Беларусі захавалася больш як 100 будынкаў былых сінагог, аднак у многіх сёння знаходзяцца разнастайныя ўстановы (культуры, спорту): Нацыянальны драматычны тэатр і Дом прыроды (Траецкае прадмесце) у Мінску, кінатэатр "Беларусь" у Брэсце…

Некаторыя старадаўнія сінагогі – помнікі гісторыі і архітэктуры – закансерваваны або рэстаўруюцца. Напрыклад, унікальная абаронная сінагога ў Быхаве, сінагагальны двор у Ружанах, сінагога ў Слоніме (1642), дзе захаваліся арыгінальныя яўрэйскія фрэскі…
 
Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 8 сінагог, сярод якіх і цудоўныя храмы-помнікі архітэктуры:

  • Вялікая харальная сінагога ў Гродне (1578) – адна з найстарэйшых дзеючых і самых прыгожых у Еўропе (тут жа створаны музей гісторыі яўрэяў);
  • сінагога ў Бабруйску (рубеж ХVIII-XIX стагоддзяў).

У 1806 годзе ў беларускім горадзе Валожыне была адкрыта першая ва ўсёй Усходняй Еўропе іешыва (вышэйшае духоўнае вучылішча, дзе вучыліся будучыя рабіны з розных краін), а ў 1815-м – у Міры. Старадаўнія будынкі іешываў захаваліся да нашых дзён, прыцягваючы паломнікаў і турыстаў.

Духоўныя фестывалі ў Беларусі

  • Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі Благавест"
  • Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафii" ў Сафійскім саборы
  • Духоўна-асветніцкая выстаўка-кірмаш "Пакроўскi кiрмаш"
  • Мінскі баль праваслаўнай моладзі
  • Праваслаўны маладзёжны фестываль "Адзігітрыя" ў Віцебску
  • Праваслаўны фестываль у Гомелі
  • Фестываль праваслаўнай моладзі Мінскай епархіі
  • Маладзёжны фестываль-выстаўка "Велікодны куліч"
  • Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа"
  • Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat
  • Каталіцкі фэст у гонар цудатворнага абраза Божай Маці Будслаўскай (Будслаўскі фэст)

У чэрвені 2014 года ў Беларусі праходзіў IV Праваслаўна-каталіцкі форум.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі