Сафійскі сабор у Полацку | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Сафійскі сабор

Сафійскі сабор у Полацку


Сафійскі сабор у старажытным Полацку – унікальны храм сярод нямногіх аднайменных праваслаўных святынь Еўропы, адзін з самых ранніх у старажытнай Русі і першы мураваны на тэрыторыі Беларусі.
 
Гэты старадаўні помнік прадстаўлены ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сабор Сафіі Прамудрасці Божай з сапраўды асаблівай і сімвалічнай архітэктурай быў пабудаваны ў Полацку на правым беразе Заходняй Дзвіны ў ХI стагоддзі. У сярэдзіне XVIII яго перабудавалі згодна з праектам архітэктара Яна Глаўбіца ў стылі віленскага (познебеларускага) барока.

Аднак да нашых дзён ад храма ХI стагоддзя дайшлі фрагменты муроўкі, практычна поўнасцю захаваны старажытны фундамент, часткі апсіды, слупоў і сцен, а таксама дзіўныя фрэскавыя размалёўкі 2-й паловы ХI ст. Сабор і сёння ўражвае хараством і веліччу.

Цікава, што дакладную копію Сафійскага сабора ХI стагоддзя плануюць пабудаваць таксама на беразе Заходняй Дзвіны, але ўжо ў іншым знакамітым горадзе Беларусі – Віцебску.

Гісторыя Сафійскага сабора

Храм Сафіі ў Канстанцінопалі, IV ст.Мураваны сабор у Полацку з’явіўся пасля сваіх "старэйшых сясцёр" у Кіеве і Ноўгарадзе, пабудаваных па ўзоры сабора ў Канстанцінопалі, і стаў чацвёртым у свеце храмам Святой Сафіі.

Грэчаскае слова "сафія", што азначае "мудрасць, майстэрства", палачане тлумачылі шырэй – як вялікую чалавечую агульнасць, праяву адзінства жыхароў княства.

Упершыню храм згадваецца ў "Жыціі прападобнай Ефрасінні Полацкай" і "Слове пра паход Ігараў" ХII стагоддзя.

Велічнае збудаванне ўзводзілі візантыйскія майстры і гараджане ў 1044 – 1066 гадах па распараджэнні князя Усяслава Чарадзея. Сімвал незалежнасці і магутнасці Полацкага княства, храм нібы ўвасабляў белы карабель, які плыве па Дзвіне.

Макет Сафійскага сабора ХI стагоддзяПабудаваны па візантыйскіх канонах, але ў традыцыях полацкага дойлідства, храм размяшчаўся ў Верхнім замку паміж палацамі князя і маёнткам епіскапа, што сведчыла аб ролі царквы ў дзяржаве.

Полацкая Сафія стала праваслаўным і культурна-асветніцкім цэнтрам. Тут знаходзіліся найбагацейшая бібліятэка, архіў, казначэйства, магістрат, захоўваліся рэлігійныя святыні і праводзіліся прыёмы паслоў. У саборы быў і княскі магільны склеп, дзе археолагі знайшлі 16 саркафагаў.

У 1596 годзе пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі храм перададзены ўніяцкай царкве і адбудаваны пасля пажараў 1607 і 1648 гадоў. Пры перабудове па распараджэнні архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча былі зняты вярхі вуглавых баявых вежаў храма-крэпасці.

У час Паўночнай вайны па загадзе Пятра I сабор выкарыстоўваўся як склад амуніцыі і боепрыпасаў, а пасля выбуху ў 1710 годзе быў значна разбураны.

Сафійскі сабор на гравюры Напалеона Орды (XIX ст.)У XVIII стагоддзі дзякуючы полацкаму архіепіскапу Фларыяну Грыбніцкаму вядомы дойлід Ян Крыштоф Глаўбіц адбудаваў Сафійскі сабор у стылі віленскага барока.

У час вайны 1812 года ў сцяне сабора ў спецыяльна зробленай нішы захоўвалася свяшчэнная праваслаўная рэліквія – Крыж Ефрасінні Полацкай.

У 1913 годзе праведзена рэстаўрацыя захаваных узораў на сценах храма.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў саборы размяшчаўся гарнізонны касцёл нямецкіх войскаў.

Архітэктура Сафійскага сабора

Сафійскі сабор ХI стагоддзя быў асаблівым узорам старажытнарускага дойлідства. З храмамі ў Кіеве і Ноўгарадзе яго аб’ядноўвалі крыжова-купальная сістэма, 5 нефаў, галерэі. Але былі і свае ўнікальныя рысы, напрыклад:

  • віма – дадатковае алтарнае раздзяленне, утворанае двумя слупамі (гэта незвычайны прыём для таго часу, які выкарыстоўваўся толькі ў Балгарыі);
  • сем купалоў храма, што сімвалізавала сем Усяленскіх царкоўных сабораў (у Кіеўскай Сафіі было 13 купалоў, у Наўгародскай – 5).

Інтэр'ер Сафійскага сабораУ ХI стагоддзі Полацкая Сафія стала грандыёзным збудаваннем – 26,4 м у шырыню, 31,5 м у даўжыню і вышынёй 31 м, таўшчыня сцен дасягала 2,3 м.

У будаўніцтве выкарыстоўваліся плінфа і неапрацаваныя камяні-валуны. Маляўнічую колерную гаму на сценах стварала муроўка ў тэхніцы "схаванага рада".

Сучасны выгляд сабор у Полацку атрымаў у XVIII стагоддзі: згодна з задумай Яна Глаўбіца на беразе Дзвіны з’явілася велічная аднаапсідная базіліка з дзвюма вежамі-званіцамі, павернутая фасадам у бок ракі.

Кампазіцыя “Тройца Новазапаветная”Раскошны інтэр’ер унутры дапоўнілі барочныя калоны, ляпныя аздабленні і фігурныя карнізы. На алтарнай перагародцы з’явілася барэльефная кампазіцыя “Тройца Новазапаветная”, а другі і першы ярусы ўпрыгожылі драўляная скульптура і размалёўка.

Да нашых дзён часткова захаваліся старадаўнія фрэскі, у тым ліку “Спас Нерукатворны” і копія знакамітай работы Леанарда да Вінчы "Тайная вячэра".

Вялікая рэстаўрацыя сабора была праведзена ў 70–80-я гады ХХ стагоддзя. А ў 2010–2013-х у ходзе рэканструкцыі храма абнавілі дах, фасад і аконныя праёмы.

Сафійскі сабор сёння

Цяпер Сафійскі сабор – адзін з буйнейшых культурных цэнтраў Беларусі. Тут праводзяцца богаслужэнні і абрады, праходзяць экскурсіі, канцэрты і творчыя вечары.

Сафійскі сабор як музей гісторыі архітэктуры і канцэртная зала ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Сафійскі сабор сённяМузей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора адкрыўся ў 1987 годзе. У яго экспазіцыі прадстаўлены рэдкія экспанаты, якія расказваюць аб гісторыі храма, асаблівасцях архітэктуры і яго апошняй рэстаўрацыі. Сярод іх – фрагменты муроўкі ХІ стагоддзя, фундамент і фрэскавыя размалёўкі канца ХІ стагоддзя.

Для самастойнага наведвання музея распрацаваны аўдыягід на беларускай, рускай і англійскай мовах, а таксама даведнік з планам сабора і картай Полацка.

У 1983 годзе ўпершыню слухачоў сабрала канцэртная зала ў Сафійскім саборы, што славіцца сваёй цудоўнай акустыкай, а з 1985 года тут гучыць арган.

Вядучых беларускіх і замежных музыкантаў штогод аб’ядноўваюць унікальныя культурныя праекты ў Сафійскім саборы:

Кожную нядзелю ў 15.00 для турыстаў і аматараў класікі праходзяць канцэрты арганнай музыкі (у год іх больш за 300).

Дзе знаходзіцца Сафійскі сабор

Старадаўні храм размешчаны на набярэжнай Заходняй Дзвіны ў Полацку. Адрас – вуліца Замкавая, 1.

Выдатныя мясціны і славутасці паблізу Сафійскага сабора

Наўпрост каля сабора ўстаноўлены Барысаў камень XII стагоддзя – адзін з чатырох беларускіх валуноў, на якім нанесены выявы крыжоў і старажытныя надпісы.

У старажытным Полацку захавалася шмат помнікаў гістарычнай і архітэктурнай спадчыны, большасць з якіх – праваслаўныя святыні. Напрыклад, цэлы комплекс культавых збудаванняў, звязаных з імем беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай:

У Полацку вы ўбачыце старадаўнія будынкі і помнікі з цікавай гісторыяй. Сярод іх:

  • дом Пятра I (вул. Ніжне-Пакроўская, д. 33), дзе ў пачатку XVIII стагоддзя спыняўся імператар;
  • лютэранская кірха (ХIX – пач. XX стст.) – цяпер у незвычайным будынку былой царквы, пабудаваным у стылі неаготыкі, знаходзіцца найстарэйшы ў горадзе Полацкі краязнаўчы музей;
  • помнік літары "Ў" (літара “ў нескладовае" сустракаецца толькі ў беларускай мове);
  • помнік крывічам;
  • помнікі знакамітым гістарычным асобам Полацка – князю Усяславу Чарадзею, святой прападобнай Ефрасінні, славянскаму першадрукару Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму…
  • Чырвоны мост цераз раку Палата, дзе праходзіў кровапралітны бой паміж рускай і французскай арміямі, і помнік героям Айчыннай вайны 1812 года;
  • памятны знак "Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы" (праспект Ф. Скарыны), дзе кожны госць горада можа атрымаць сертыфікат аб тым, што ён пабываў у самым сэрцы Еўропы
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі