Каляндар падзей у Беларусі
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Каляндар падзей у Беларусі

Каляндар падзей у Беларусі


ВЕРАСЕНЬ 2026

Выстава "Гонар. Доблесць. Годнасць" у Нясвіжскім замку

Акунуцца ў свет параднай і паляўнічай зброі могуць наведвальнікі Нясвіжскага замка на працягу года. Выдатныя ўзоры афіцэрскай параднай зброі (корцікі, шпагі, шашкі, шаблі), камзольныя і ведамасныя шпагі, масонскія рытуальныя мячы, экзатычная зброя розных краін – каштоўныя артэфакты сабраны і прадастаўлены прыватным калекцыянерам Анатолем Грышуком. Як адзначыў уладальнік, упершыню цікавасць да гісторыі зброі праявілася, калі ён знайшоў уланскую шаблю ўзору 1932 года, якая належала бацьку. А дзед служыў у імператарскай арміі і ахоўваў Мікалая II, калі манарх прыязджаў у нашы краі на манеўры ў 1892 годзе. Выстава расказвае і пра культуру палявання, дзе зброя – не толькі прадмет мастацтва, але і сімвал улады, інструмент дэманстрацыі перавагі над прыродай. Адметнасцю выставы стала інсталяцыя – фігура вершніка на кані, закаванага ў бліскучы даспех крылатага гусара ВКЛ. Госці таксама змогуць прымераць сярэдневяковыя даспехі, адчуўшы іх цяжар, і зрабіць фота побач з фігурай Мікалая Радзівіла Сіроткі.

Калі: 31 кастрычніка 2025 – 31 кастрычніка 2026
Дзе: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", вул. Замкавая, 2, Нясвіж, Мінская вобласць

Экскурсія "Падарожжа ў часе" ў Мірскім замку

Турыстычную жамчужыну Беларусі, выдатнае абарончае збудаванне XVI стагоддзя – Мірскі замак – цяпер можна даследаваць у малых і сямейных групах на экскурсіі "Падарожжа ў часе". Госці акунуцца ў мінулае знакамітай рэзідэнцыі Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх (а цяпер – аб'екта са Спіса сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА) праз дыялогі будаўнікоў, якія захавалі 500-гадовыя сцены, а таксама кухмістра і кухаркі, што раскрываюць сакрэты гатавання ласункаў для гаспадароў у тыя часы. Гукі і галасы з мінулага дапамогуць гасцям акунуцца ў свет музыкі праз забытыя мелодыі, навучыцца адрозніваць па гучанні такія інструменты, як дуда, лютня, віёла да гамба і спінет, а таксама развучыць сярэдневяковы танец "Маразуля".

Калі: з 23 студзеня (кожныя панядзелак і пятніца)
Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

"Прагулка" Марка Шагала: выстава аднаго шэдэўра ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

Адна з самых пазнаваемых у свеце карцін Марка Шагала"Прагулка" – з калекцыі Рускага музея ўпершыню прадстаўлена ў Мінску. Твор, які стаў часткай трыпціха разам са знакамітымі шэдэўрамі "Двайны партрэт" і "Над горадам", адлюстроўвае адзін з самых шчаслівых перыядаў у жыцці выдатнага жывапісца. Знатакоў чакае рамантычна-метафарычная прагулка маладых закаханых Марка Шагала і Бэлы Розенфельд, якія да 1917 года ўжо ўзялі шлюб, па вулачках і над любімым горадам Віцебскам. У рамках выставы рэалізаваны імерсіўны VR-праект: пры дапамозе спецыяльных акуляраў кожны зможа падысці да мальберта і памаляваць, убачыць, як жыў і тварыў майстар, разгледзець прадметы ў інтэр’еры, а таксама пачуць галасы Марка Шагала і яго жонкі-музы Бэлы.

Калі: 8 красавіка – кастрычнік 2026
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

Летні музычна-турыстычны сезон-2026 у Мінску

Летні музычна-турыстычны сезон, які традыцыйна праводзіўся ў Верхнім горадзе, а таксама на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, за больш як 10 гадоў палюбіўся жыхарам і гасцям беларускай сталіцы. У бягучым сезоне праграма праекта пашырана і выходзіць у тым ліку за межы гістарычнага цэнтра Мінска. Галоўнымі культурнымі пляцоўкамі стануць:

  • гісторыка-культурны комплекс "Лошыцкі" на вул. Чыжэўскіх: па пятніцах – тэатральныя вечары, па суботах – выступленні прафесійных музыкантаў;
  • тэрыторыя каля музея "Лошыцкая сядзіба": кожную суботу будуць праходзіць канцэрты з удзелам аркестра "Няміга" і аркестра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;
  • тэрыторыя каля мінскай Ратушы ў Верхнім горадзе: аматараў музыкі чакаюць традыцыйныя мерапрыемствы, уключаючы серыю канцэртаў "Класіка каля Ратушы", а таксама праз пяць гадоў вяртаецца праект "Джазавыя вечары каля Ратушы";
  • КЗ "Верхні горад": праект "Арган у Верхнім горадзе" (кожная субота);
  • Музычны завулак у Верхнім горадзе: караоке "Ваша сола" па суботах (18:00–21:00);
  • Верхні горад: дзіцячыя пляцоўкі "Майстэрня цудаў" і "Чытальная сімфонія", інфармацыйна-адукацыйныя праграмы і інтэрактыўныя мерапрыемствы;
  • пляцоўка каля Палаца спорту: вячэрнія кінапаказы, музычныя і інтэлектуальныя квізы, сямейныя мерапрыемствы (з пятніцы па нядзелю).

У дзень адкрыцця сезона 23 мая ў Верхнім горадзе пройдзе Мінскі фестываль народных рамёстваў. А на летнія выхадныя 27-28 чэрвеня запланавана "Свята льну. Роднае моднае", дзе дызайнеры прадэманструюць свае калекцыі і здзівяць новымі вобразамі з беларускага льну.

Калі: 23 мая – 12 верасня
Дзе: культурныя пляцоўкі Мінска

Фестываль акадэмічнай арганнай музыкі ARS MAGNA ORGANI 2026

Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2026 у Пінску праводзіцца ўжо шосты раз. У новым сезоне знатакоў арганнай класікі чакае 29 канцэртаў у пінскім Кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у якіх прымуць удзел ужо вядомыя выканаўцы і калектывы, а таксама навучэнцы і студэнты арганных класаў з розных куткоў краіны. Урачыстае адкрыццё музычнага форуму адбудзецца 30 мая пры ўдзеле ансамбля "Камерныя салісты Мінска" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава (арган).

Калі: 30 мая – 4 кастрычніка, 16:00
Дзе: Кафедральны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вул. Леніна, 18, Пінск

Экскурсіі "Унікальны свет закулісся Вялікага тэатра Беларусі"

Як жыве Вялікі тэатр? Што адбываецца на сцэне, пакуль гледачы адпачываюць? І якія сакрэты захоўваюць з іншага боку заслоны? Аб гэтым можна даведацца на экскурсіях, якія праводзяць для гасцей у галоўным тэатры краіны. Гіды раскажуць пра насычанае жыццё тэатра, тонкасці стварэння рэквізіту, касцюмаў і дэкарацый, пра магчымасці сцэны, пра самыя цікавыях старонкі гісторыі. У будні наведвальнікі могуць убачыць пажарную заслону, паназіраць за падрыхтоўкай да вячэрняга спектакля, а таксама ўбачыць, як ствараюцца масіўныя дэкарацыі і паразмаўляць з майстрамі тэатральнага адзення.

Калі: 2, 3, 5, 8, 9, 10, 11, 16, 17, 18, 19, 22, 23, 24, 25, 26, 29, 30 верасня
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Выставачны праект " Марк Шагал. Над горадам" у Віцебску

Пакуль знакамітая карціна Марка Шагала "Прагулка" (1917–1918) са збору Дзяржаўнага Рускага музея ўпершыню прадстаўлена ў  Мінску, жыхары і госці роднага горада выдатнага жывапісца ХХ стагоддзя могуць убачыць яшчэ адзін яго шэдэўр – "Над горадам" (1914-1918) са збору дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Унікальнасць выставачнага праекта ў тым, што менавіта на гэтым палатне дэталёва прадстаўлены вобраз старога горада, якога ўжо не існуе: пазнаваемы Палац губернатара, абрысы Спаса-Праабражэнскай царквы і дом з чырвонай цэглы (сучасны Арт-цэнтр Марка Шагала). Экспазіцыю дапоўніў "Партрэт Марка Шагала" (1914) пэндзля яго настаўніка Юдаля Пэна з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Калі: 13 ліпеня – 14 верасня
Дзе: Мастацкі музей, вул. Леніна, 32, Віцебск

Тыдзень беларускай драматургіі "Канцэнтрацыя" ў РТБД

Тыдзень беларускай драматургіі парадуе знатакоў нацыянальнай класікі спектаклямі па творах беларускіх аўтараў, сярод якіх – знакаміты "Вечар" паводле п’есы Аляксея Дударава, эксперыментальны праект "Май хомлэнд" і прэм’ерны "Хам" паводле аповесці Элізы Ажэшка, якая двойчы вылучалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Перад спектаклем адбудзецца лекцыя "Беларуская драматургія ХХ стагоддзя і Эліза Ажэшка". Асаблівы акцэнт у праграме – сцэнічныя чытанні, якія даюць магчымасць азнаёміцца  з актуальнымі для розных узростаў п’есамі сучасных драматургаў ("Ма-Сін-Сін", "Чаму гэта важна", "Самсон за дзвярыма") і падыскутаваць з аўтарамі і акцёрамі.

Калі: 31 жніўня – 5 верасня
Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, вул. Крапоткіна, 44, Мінск
Даведацца больш

898-годдзе Гродна: брэндавыя святы і фестывалі ў гонар Дня горада

898-годдзе заснавання Гродна адзначаць у першыя выхадныя восені маштабнай святочнай праграмай. Мерапрыемствы пачнуцца 3 верасня з ушаноўвання ганаровых грамадзян горада над Нёманам і адкрыцця фотавыставы "Імгненні гродзенскай прыгажосці", 4 верасня адбудзецца форум "Турыстычны дыялог" у Новым замку. А ўжо ў суботу – 5 верасня – на плошчы Леніна разгорнуцца свята горада і сырны фестываль з агульнай назвай "Сіла традыцый". Адметнасцю стане інтэрактыўная гульня для гасцей Гродна "Пашпарт удзельніка свята", удзельнікам якой трэба будзе наведаць 10 ключавых лакацый і сабраць унікальныя пячаткі за выкананне заданняў. Вечарам на плошчы Леніна адбудзецца канцэрт "#ЛепшыГорадЗямлі", а ў 22:00 неба над горадам расквеціць святочны феерверк і стартуе маладзёжная танцавальная праграма.

Калі: 4–5 верасня
Дзе: Гродна, плошча Леніна, пешаходная вуліца Савецкая, парк Жылібера

Фестываль "Дажынкі"-2026 у рэгіёнах Беларусі

З даўніх часоў абрад дажынак у славянскім календары азначаў заканчэнне жніва на палях, і такім чынам нашы продкі адзначалі завяршэнне сельскагаспадарчага года. У Беларусі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі" праводзіцца з 1996 года: першы рэспубліканскі фэст прымаў горад Столін Брэсцкай вобласці. З 2015-га свята замацавалася на ўзроўні абласцей, і цяпер восенню яго праводзяць у розных населеных пунктах кожнага рэгіёна. Фестываль новага ўраджаю традыцыйна суправаджаецца цырымоніямі ўзнагароджання працаўнікоў АПК, кірмашамі, выступленнямі фальклорных ансамбляў, майстар-класамі, конкурсамі і іншымі актыўнасцямі.

Калі, дзе:
5 верасня – аг. Жамчужны (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць)
19 верасня –Дзяржынск (Мінская вобласць)
26 верасня – Карэлічы (Гродзенская вобласць)
Мёры (Віцебская вобласць)
Калінкавічы (Гомельская вобласць)
Шклоў (Магілёўская вобласць)

Фестываль-кірмаш "Бульбяны фэст"-2026 ва Уздзенскім раёне

Гісторыя фестывалю, які атрымаў прапіску ва Уздзенскім раёне, пачалася яшчэ ў савецкі час. Менавіта ў Дзешчанцы размяшчаўся цэнтр бульбаводчай гаспадаркі "Эксперыментальная база імя А.Суворава", дзе не толькі вырошчвалі бульбу ў прамысловых маштабах, але і займаліся рэалізацыяй пасяўнога матэрыялу іншым гаспадаркам цэнтральнага рэгіёна. А ў мясцовай школе быў створаны музей бульбаводства, які дзейнічае і цяпер. Фестываль, які ўзнік як школьнае свята ўраджаю, станавіўся ўсё больш маштабным і ў 2025-м атрымаў статус рэгіянальнага. У праграме-2026 – выстаўка дасягненняў НАН Беларусі, творчая лабараторыя музея бульбы, дэгустацыя страў з бульбы, чэмпіянат па паяданні дранікаў, выстаўкі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і выступленні артыстаў з раёнаў Мінскай вобласці. Маладых Уздзеншчыны чакае "Бульбяное вяселле" – цікавы вясельны абрад у народных традыцыях, а шматдзетныя сем’і могуць стаць удзельнікамі бульбянога квеста. Дарэчы, у Дзешчанцы ўстаноўлены і помнік любімаму клубню беларусаў – скульптура ў выглядзе кошыка з бульбай на вялікім камені.

Калі: 5 верасня, 13:00
Дзе: аг. Дзешчанка, Уздзенскі раён, Мінская вобласць

XXXIII Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах

Дзень беларускага пісьменства ўпершыню прыме самы ўсходні горад Беларусі з больш як 500-гадовай гісторыяй – Касцюковічы. Асноўныя тэмы свята – Год беларускай жанчыны, 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў літаратуры. Першым адкрыецца Фестываль кнігі і прэсы: госці змогуць наведаць кніжны павільён, азнаёміцца з экспазіцыямі гістарычных гравюр і рэдкіх выданняў, копіямі манускрыптаў, зазірнуць у "пісьменніцкія кабінеты". Таксама ў праграме – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, адкрыццё скульптурнай кампазіцыі "Алесь i Aлеся", цырымонія памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай. Наведвальнікаў чакаюць творчыя сустрэчы, аўтограф-сесіі з пісьменнікамі, гала-канцэрт пры ўдзеле 20 фіналістаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка". Акрамя асноўных мерапрыемстваў, запланаваны прэзентацыя мурала паэтам і пісьменнікам Касцюковіцкага раёна, адкрыццё мемарыяльнай дошкі Івану Чыгрынаву.

Калі: 5–6 верасня
Дзе: Касцюковічы, Магілёўская вобласць
Даведацца больш

Фестываль навукі-2026 у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі

З пачаткам новага навучальнага года буйнейшае навукова-папулярнае мерапрыемства краіны – Фестываль навукі – збірае ў сталічным Батанічным садзе тысячы гасцей. У мінулым верасні ўдзельнікамі 7-га па ліку пазнавальнага форуму сталі больш як 38 тысяч чалавек! На гэты раз фестываль, прызначаны паказаць, што навука можа быць захапляючай, цікавай і зразумелай кожнаму, адбудзецца ў двухдзённым фармаце, а ўваход будзе свабодным. На цэнтральнай пляцоўцы адбудуцца адкрыццё, навуковыя і азотныя шоу, дыскусіі экспертаў па папулярызацыі навукі і мастацтве, інтэлектуальныя квізы. Гасцей чакаюць тэматычныя зоны па розных галінах ведаў – космас, экалогія, медыцына, смак навукі, гісторыя і традыцыі, інтэлектуальныя тэхналогіі, універсітэт будучыні. Менавіта тут разгорнуцца лекцыі, прэзентацыі навуковых распрацовак маладых вучоных, майстар-класы, квізы, гульні і дэгустацыі інавацыйных прадуктаў.

Калі: 5–6 верасня
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

Мінскі паўмарафон-2026

Самая маштабная бегавая падзея Беларусі – Мінскі паўмарафон – у гэтым сезоне адбудзецца за тыдзень да святкавання Дня горада і 959-годдзя сталіцы. І калі 10-ы лёгкаатлетычны фестываль у 2025-м сабраў каля 25 тысяч удзельнікаў, то ў гэтым сезоне чакаецца каля 30 тысяч спартсменаў і аматараў з 39 краін! Адкрыюць праграму ўдзельнікі забегу на 10 км (9.00). Далей эстафетную палачку падхопяць бегуны паўмарафону – 21,097 км (10:00), потым – 5 км (13:00), 3 км (14:00), а завершаць мерапрыемства сямейныя забегі, падзеленыя на тры ўзроставыя катэгорыі (15:00). Кожны, хто перасек фінішную лінію, атрымае медаль, на якім адлюстраваны архітэктурныя славутасці, размешчаныя па ходзе маршруту. Акрамя таго, пасля завяршэння забегаў на стадыёне "Дынама" адбудзецца спартыўны фестываль "Двіж fest".

Калі: 6 верасня
Дзе: Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", вул. Кірава, 8, Мінск

EIFMAN GALA: Санкт-Пецярбургскі тэатр балета Барыса Эйфмана ў Мінску

Адкрыццё 94-га сезона Вялікага тэатра Беларусі азнамянуе грандыёзны гала-канцэрт ад Санкт-Пецярбургскага тэатра балета Барыса Эйфмана. За адзін вечар гледачы ўбачаць выбраныя фрагменты з культавых і сусветна вядомых псіхалагічных балетаў Барыса Эйфмана, сярод якіх – "Ганна Карэніна", "Рускі Гамлет", "Радэн, яе вечны ідал", "Па той бок граху", "Чайкоўскі. PRO et CONTRA", "Страсці па Мальеру, або Маска Дон Жуана", "Чайка. Балетная гісторыя". Умела выбудаваная драматургія канцэрта дапаможа знатакам акунуцца ў яркую гісторыю мастацкай эвалюцыі Тэатра, якому ў 2027-м споўніцца 50 гадоў, і яго зацвярджэння ў статусе адной з вядучых балетных кампаній нашага часу.

Калі: 8 і 9 верасня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

XII Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод"

Міжнародны фестываль "Сожскi карагод" – свята харэаграфіі і культурны брэнд рэгіёна, які ператварыў Гомель у танцавальную сталіцу Беларусі. Атмасфера дружбы, міру і ўзаемаразумення 12-ы раз аб’яднае ў горадзе над Сожам знатакоў харэаграфічнага майстэрства з краін блізкага і далёкага замежжа. У гэтым годзе фестываль адбудзецца  напярэдадні святкавання 884-годдзя горада (14 верасня). Чакаецца, што ў цырымоніі адкрыцця прымуць удзел пераможца "Славянскага базару"-2022 Ганна Трубяцкая, фальклорны ансамбль танца, музыкі і песні "Белыя росы", а таксама Дзяржаўны акадэмічны харэаграфічны ансамбль "Бярозка" імя Н.С. Надзеждзінай, знакаміты сваім "плывучым крокам".

Калі: 9–13 верасня
Дзе: стадыён "Цэнтральны", Гомельскі абласны грамадска-культурны цэнтр, Гарадскі цэнтр культуры, Гомель

ХХХ Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце

Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў юбілейны год прадставіць увазе публікі 31 спектакль ад удзельнікаў з 11 краін – драматычныя, музычныя, эксперыментальныя пастаноўкі, тэатр лялек, балет, оперу Уцзюй і вулічныя паказы. Акцэнт гэтага года зроблены на калектывах – лаўрэатах мінулых гадоў, таму на брэсцкай сцэне зноў пакажуць спектаклі з залатога фонду: сучасную драму – спектакль "Гэта ўсё яна", класіку – "Яўген Анегін", "12 крэслаў" з сучаснай музыкай і рэп-элементамі, а  калектыў "Рамэн" пазнаёміць гледачоў з цыганскай культурай. Святочную праграму дапоўняць адкрыццё выставы "30 гадоў фестывалю" ў фае Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, канферэнцыя "Тэатр заўтрашняга дня: выклікі і стратэгіі", майстар-класы па сцэнічнай мове, руху, акцёрскім майстэрстве і нават пекінскай оперы! Падарункам для брастаўчан і гасцей горада стане паказ балета "Лебядзінае возера" Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра класічнага балета Н. Касаткінай і У. Васілёва (Масква) пад адкрытым небам на набярэжнай Францыска Скарыны.

Калі: 10–19 верасня
Дзе: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Брэсцкі тэатр лялек, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр, плошча Леніна, набярэжная Францыска Скарыны

959 гадоў Мінску: сталіца Беларусі святкуе Дзень горада

У другую суботу верасня беларуская сталіца – Мінск – адзначыць 959-годдзе з дня першага летапіснага згадвання. Стартуюць святочныя мерапрыемствы з ускладання кветак да абеліска "Мінск – горад-герой", падхопяць эстафету міжнародныя спаборніцтвы "Мацнейшы пажарны-ратавальнік" і фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мiнск старажытны". Традыцыйна асноўныя падзеі разгорнуцца на пляцоўцы каля Палаца спорту з 12:00 да 23:00. Вечарам у Верхнім горадзе (18:30) адбудзецца цырымонія "Мінчанін года", дзе будуць ушаноўваць лаўрэатаў, якія ўнеслі ўклад у развіццё беларускай сталіцы. Усяго ж па горадзе гасцей будуць прымаць каля 15 пляцовак, дзе пройдуць кірмашы, канцэртныя і спартыўныя мерапрыемствы. Кульмінацыяй свята стане грандыёзны феерверк каля Палаца спорту, які расквеціць неба роўна ў 23:00.

Калі: 12 верасня
Дзе: Мінск, культурныя, спартыўныя і забаўляльныя пляцоўкі горада

V Міжнародны фестываль тэатраў лялек "Лялькі над Нёманам"

Міжнародны фестываль тэатраў лялек у юбілейны год збярэ ў горадзе над Нёманам лепшыя калектывы з Беларусі, Расіі, Кітая, Узбекістана. Дарэчы, папярэдні форум у 2024-м аб’яднаў каля 150 удзельнікаў. Праграма-2026 адкрыецца спектаклем "Тамаша" ў выкананні артыстаў Джызакскага абласнога тэатра лялек з Узбекістана. На працягу шасці дзён жыхары і госці горада ўбачаць цэлы калейдаскоп пастановак, сярод якіх – "Канёк-гарбунок", "Дзюймовачка", "Гісторыя адной Лісы", "Сон у летнюю ноч", "За Снежнай каралевай", "Адысей", "Чырвоныя чаравічкі", "Фрог і Тод", "Іван Царэвіч і Шэры Воўк", "Папялушка. Трыгер", "Альпійская балада". Асаблівую ўвагу гледачоў прыцягнуць "Жывы тэатр лялек: старажытнае мастацтва ў новым святле" Цэнтральнага тэатра марыянетак Цюаньчжоу (КНР), а таксама спектаклі "Над горадам Шагала" Малога тэатра лялек з Санкт-Пецярбурга і "Сымон-музыка" Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

Калі: 15–20 верасня
Дзе: Гродзенскі абласны тэатр лялек, вул. Дзяржынскага, 1/1, Гродна

IV Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва

Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва, заснаваны ў 2017 годзе, збярэ ў беларускай сталіцы артыстаў з 20 краін, сярод якіх Ангола, Бельгія, Венгрыя, В’етнам, Германія, Ізраіль, Іспанія, Італія, Казахстан, Кітай, КНДР, Калумбія, Малайзія, Мексіка, Расія, Румынія, Танзанія, Узбекістан, Францыя. Мінчане і госці горада атрымаюць магчымасць азнаёміцца з лепшымі дасягненнямі цыркавога мастацтва з усяго свету. У якасці журы і ганаровых гасцей запрошаны вядомыя прадзюсары, рэжысёры і дырэктары цыркаў. Выступленні артыстаў адбудуцца ў праграмах "А" і "Б", пасля чаго экспертнае журы вызначыць удзельнікаў гала-канцэрта. Па выніках конкурснай праграмы пераможцаў чакаюць узнагароды – Гран-пры, дзве залатыя, дзве сярэбраныя, дзве бронзавыя ўзнагароды і, вядома, адна з самых дарагіх – прыз глядацкіх сімпатый.

Калі: 17–20 верасня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"-2026

У верасні буйнейшае ў Беларусі і адно з самых вялікіх у Еўропе вярховых балот – "Ельня" – здзіўляе гасцей тысячамі грацыёзных птушак, пунсовым ягадным дываном і "марсіянскімі" пейзажамі з чырвона-жоўтымі імхамі. Менавіта тут збіраюць самыя вялікія ў краіне ўраджаі журавін, а таксама сустракаюць вялікія чароды шэрых жураўлёў (больш за 4 тысячы!), якія спыняюцца на Ельні ў дні асенняй міграцыі. Акрамя таго, сюды прылятаюць і дзясяткі тысяч гусей розных відаў. Госці фестывалю "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" змогуць паназіраць за птушкамі на тэрыторыі заказніка, выбраць лепшую сядзібу краю ў намінацыі "Багацце Ельні на нашым падвор’і", набыць сувеніры мясцовых майстроў, паласавацца журавінавым морсам і ласункамі з журавін і нават выбраць "Міёрскую журавінку".

Калі: 19 верасня
Дзе: Рэспубліканскі заказнік "Ельня", Віцебская вобласць

Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка-2026"

Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка", гісторыя якога налічвае ўжо больш за 25 гадоў, запрашае акунуцца ў атмасферу дзяцінства і творчасці. У мінулым годзе форум паставіў новыя рэкорды: для ўдзелу ў конкурсе было заяўлена 715 фільмаў з 78 краін свету! У праграме-2026 – конкурсы анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці, дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пераможцаў вызначаць у больш як 10 намінацыях, прадугледжаны спецыяльныя дыпломы і прызы журы. Таксама ў рамках міжнароднага форуму запланаваны паказы конкурсных і фестывальных праграм анімацыйных фільмаў, фільмаў – пераможцаў мінулых гадоў, творчыя сустрэчы, майстар-класы.

Калі: 23–25 верасня
Дзе: Магілёў

Х Міжнародны фестываль "У Шэметава ў Шастаковічаў" у Мінску

Фестываль класічнай музыкі "У Шэметава ў Шастаковічаў", які праводзіцца з 2016 года, прысвечаны выдатнаму кампазітару – класіку ХХ стагоддзя, вялікаму маэстра Дзмітрыю Шастаковічу. Продкі музычнага генія аж да прадзеда Пятра Шастаковіча жылі побач з мястэчкам Шэметава на тэрыторыі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. У рамках фестывалю у Мінску адбудзецца вялікі святочны канцэрт, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння выдатнага кампазітара. У выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава прагучаць сімфонія №15, канцэрт №1 для фартэпіяна з аркестрам, а таксама пасакалія з оперы "Лэдзі Макбет Мцэнскага павета". Саліст вечара – лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Данілаў (фартэпіяна).

Калі: 25 верасня
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

IV фестываль "Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах"

"Другім Нясвіжам" і нават "беларускім Версалем" называюць адроджаны ў наш час помнік архітэктуры эпохі класіцызму XVIII-XIX стагоддзяўпалац, які належаў дваранскаму роду Булгакаў. З надыходам маляўнічай восені парк і залы палаца запрашаюць знатакоў танцавальнай культуры і эстэтыкі тых часоў стаць удзельнікамі або гасцямі раскошнага балю. Дзеля гэтага дзейства з усёй краіны ў Жылічы прыедуць рэканструктары гістарычнага танца. Таксама ў праграме – музейныя экспазіцыі, канцэрты, тэматычныя пляцоўкі майстроў народнай творчасці, майстар-класы, дэфіле і іншыя мерапрыемствы.

Калі: 26 верасня, з 11:00
Дзе: Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, аг. Жылічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць

II Міжнародная прамысловая выстаўка "ІНАПРАМ. Беларусь"

Маштабная прамысловая выстаўка "ІНАПРАМ. Беларусь", якая ўпершыню  адкрылася ў 2025-м, сабрала больш як 14 тысяч спецыялістаў з 24 краін свету. Сваю прадукцыю на выставачнай экспазіцыі прадэманстравалі 520 кампаній з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Казахстана і Кыргызстана. Пляцоўка ў Мінску захоўвае за сабой статус профільнага хаба тэхналагічнага супрацоўніцтва. Чакаецца, што новы сезон прыцягне ў Мінск яшчэ больш кампаній – лідараў індустрыі з Беларусі, Расіі і іншых краін ЕАЭС з мэтай развіцця кааперацыйных ланцужкоў і трансферу перадавых тэхналогій. На буйнейшай выставачнай пляцоўцы краіны прамысловыя тэхналогіі прадставяць "Інтэграл", БЕЛАЗ, МАЗ, "Растэх", "Расатам" і іншыя кампаніі.

Калі: 30 верасня – 2 кастрычніка
Дзе: Мінскі міжнародны выставачны цэнтр, вул. Паўліны Мядзёлка, 24, Мінск
Даведацца больш

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі