Беларускія бліны: рэцэпты і традыцыі | Belarus.by
У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Лізавета Міснікава прадстаўляе Беларусь на дзіцячым
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Кухня | Беларускія бліны

Беларускія бліны


Бліны – адна з самых папулярных у свеце страў з мукі, але ў кожнай нацыянальнай кухні ёсць свае традыцыі і тонкасці гатавання. У Беларусі бліны (блінцы, мліны) пякуць паўсюдна, у будні і святы. І, бадай, галоўная асаблівасць беларускіх бліноў – выкарыстанне ў рэцэптах розных відаў мукі.

Як гатуюць?

Беларускія бліныЖытнія, пшанічныя, ячныя, грэцкія, аўсяныя або гарохавыя – беларускія бліны радуюць мноствам смакаў: як паасобку, так і ў спалучэннях.

Па традыцыі бліны гатуюць на малацэ або сыраквашы (кефіры), малочнай сыроватцы (кіслыя бліны). Цеста замешваюць на дражджавой рошчыне або з дабаўленнем соды, а ў салодкія бліны кладуць яйкі і цукар.

Калісьці бліны выпякалі ў печы на скаварадзе, змазанай свіным тлушчам (бел. здор) або кавалачкам сала, сёння – часцей за ўсё на алеі.

З чым ядуць?

Грэцкія бліны i верашчакаПадаюць беларускія бліны са знакамітымі соусамі – мачанкай, верашчакай, а таксама з падсмажанымі скварачкамі і каўбасамі, тушанымі грыбамі, смятанай і тварагом, растопленым мёдам, цёртымі ягадамі, тоўчаным з цукрам макам.

Акрамя тоўстых бліноў вельмі любяць тонкія – наліснікі: іх, з начынкай з тварагу або мяса, запякаюць у гліняных гаршчочках да румянай скарыначкі.

У Беларусі папулярныя і маленькія тоўстыя аладкі, якія таксама гатуюць з аднаго або адразу некалькіх відаў мукі.

"Блінныя" традыцыі

Масленіца ў БеларусiБліны ў беларусаў – не толькі адна з самых любімых штодзённых страў, але і старажытны сімвал народных свят і абрадаў.

У розных рэгіёнах краіны з блінамі звязаны асаблівыя сакральныя традыцыі. Бліны абавязкова гатавалі для рытуалу памінання памерлых, іх жа ў асаблівыя дні ставілі на стол, частуючы духаў продкаў.

Вясной, першы раз выганяючы жывёлу на пашу, сяляне абавязкова давалі пастуху блін, каб не выводзілася жывёла. Лічылася, што гэтыя бліны таксама прызначаюцца "дзядам".

З дапамогай бліноў дзяўчаты варажылі на Каляды. А сустрэўшы свайго нарачонага, на другі дзень вяселля маладая жонка абавязкова павінна была напячы бліноў і накарміць імі гасцей.

У Шчодры вечар 13 студзеня (Стары Новы год) гаспадар на парозе дома зваў Мароза з бліном у руках. Потым на святочны стол ставілі стос з 12 бліноў – па колькасці месяцаў, разразалі крыж-накрыж на чатыры часткі, і ўсе члены сям'і бралі па кавалачку. Так нібыта па спіралі "год" знікаў з талеркі.

І вядома, без бліноў немагчыма ўявіць Масленіцу – старажытнае славянскае свята праводзін зімы і сустрэчы вясны. Румяныя бліны здаўна сімвалізуюць Сонца, таму іх выпякаюць, каб задобрыць бога вясны, цяпла і ўрадлівасці Ярылу.

Сёння цудоўная традыцыя не знікае, і ў дні Масленіцы ў кожным доме і на вясёлых вулічных гуляннях абавязкова пякуць бліны. У 2013 годзе ў Беларусі нават устанавілі своеасаблівы блінны рэкорд.

Рэцэпты бліноў

У беларускай кухні захавалася шмат рэцэптаў бліноў, кожны з якіх, нягледзячы на прастату інгрэдыентаў, вызначаецца непаўторным смакам. Разнастайнасць мукі, асаблівыя тонкасці гатавання і, вядома, традыцыйныя дабаўкі – вось сакрэт бліноў па-беларуску. Паспрабуйце!

Бліны ранішнія

Для рэцэпта спатрэбіцца:

• 4 шклянкі мукі
• 1,5 шклянкі малака
• 1 сталовая лыжка цукру
• 30 г дражджэй
• 2 яйкі
• 2 сталовыя лыжкі алею
• вада

Гатаванне:

Дрожджы развесці ў цёплай вадзе (некалькі лыжак), усыпаць муку, дабавіць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць на ноч. Раніцай спарыць малако і адразу ж уліць у цеста, дабавіць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны.

Выпякаць на добра разагрэтай і змазанай скаварадзе. Падаваць з растопленым сметанковым маслам, смятанай або тварагом.

Грэцкія бліны

Для рэцэпта спатрэбіцца:

• 1,5 шклянкі грэцкай мукі
• 1,5 шклянкі пшанічнай мукі
• 2 шклянкі малака
• 20 г дражджэй
• 1 сталовая лыжка цукру
• 1 сталовая лыжка сметанковага масла
• 2 яйкі
• соль на смак

Гатаванне:

Для рошчыны ўліць у ёмістасць дзве трэці падагрэтага да 40º С малака, развесці дрожджы, усыпаць пшанічную муку, размяшаць да аднароднай кансістэнцыі, накрыць ручніком і паставіць у цёплае месца на 1-1,5 гадзіны.

Калі цеста падыдзе, дабавіць соль, цукар, яечныя жаўткі, растопленае сметанковае масла, грэцкую муку, астатнюю частку падагрэтага малака і, размяшаўшы, даць цесту яшчэ крыху пастаяць у цяпле.

Тым часам узбіць бялкі і акуратна ўвесці ў цеста, якое паднялося. Цяпер можна выпякаць грэцкія бліны і падаваць іх з тварагом, варэннем або падагрэтым мёдам.

Наліснікі

Для рэцэпта спатрэбіцца:

• 1,5 шклянкі пшанічнай мукі
• 2 шклянкі малака або сыроваткі
• 2 яйкі
• 200 г тварагу
• 2-3 сталовыя лыжкі сметанковага масла
• 0,5 шклянкі смятаны або вяршкоў
• соль на смак

Гатаванне:

Муку развесці з палавінай малака, добра перамяшаць, каб не было камякоў, дабавіць соль, другую частку малака і ўзбітыя бялкі. На скаварадзе выпечы тонкія блінчыкі.

Для начынкі расцерці тварог, дабавіўшы ў яго крыху смятаны або яечныя жаўткі. Начынку пакласці на блін і закруціць трубачкай. Замест тварагу можна выкарыстоўваць і ягады.

Прыгатаваныя наліснікі пакласці ў гліняны гаршчочак, зверху паліць смятанай або вяршкамі і паставіць у духоўку для запякання. Падаваць са смятанай або варэннем.

Бліны да мачанкі

Для рэцэпта спатрэбіцца:

• 1,5 шклянкі мукі
• 1,5 шклянкі малака або вады
• 1 яйка
• 1 чайная лыжка цукру
• 20 г дражджэй
• 2 шт. бульбы
• 2 сталовыя лыжкі сметанковага масла для цеста
• соль
• алей для змазвання скаварады

Гатаванне:

Для рошчыны падагрэць 2/3 малака, развесці дрожджы, усыпаць палавіну мукі, размяшаць і, накрыўшы ручніком, паставіць у цёплае месца на 1-1,5 гадзіны.

Калі рошчына паднімецца, дабавіць цукар, соль, яйка, растопленае сметанковае масла, астатнія муку і малако. Добра вымешаць і даць цесту падысці, праз час яшчэ раз перамяшаць і пакінуць у цяпле.

Як толькі цеста падыдзе, дабавіць дробна нацёртую сырую бульбу, перамяшаць і адразу выпякаць бліны. Падаваць іх трэба з мачанкай.

Бліны на сыраквашы / Бліны на кефіры

Для рэцэпта спатрэбіцца:

• 130 г мукі
• 200 г сыроваткі (або кефіру)
• 2 яйкі
• 2 чайныя лыжкі цукру
• 0,5 чайнай лыжкі соды
• соль на смак
• алей

Гатаванне:

У сыроватку дабавіць яйкі, цукар, соль, усыпаць муку і перамяшаць, каб не было камякоў. Потым умяшаць соду і можна выпякаць бліны. Падаваць са смятанай або варэннем.

Аўсяныя бліны

Для рэцэпта спатрэбіцца:

• 2,5 шклянкі аўсяных камякоў
• 0,5 шклянкі пшанічнай мукі
• 1 шклянка малака
• 2 яйкі
• 150 г сметанковага масла
• ¼ шклянкі дробнага цукру (або пудры)
• ¼ чайнай лыжкі соды (пякарскага парашку)
• соль на смак
• алей для змазвання скаварады

Гатаванне:

Дзве шклянкі аўсяных камякоў злучыць з мукой і дробным цукрам, перацерці або раздрабніць з дапамогай міксера. Дабавіць яйкі, малако, 100 г сметанковага масла і ўзбіць. Усыпаць соду і астатнія камякі, змяшаць, накрыць ручніком і пакінуць на 10 хвілін.

Выпякаць бліны на разагрэтай скаварадзе і, складваючы горкай, змазваць кожны сметанковым маслам. Падаваць з мёдам або варэннем.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс