"Чорны замак" – гэта сучасная экранізацыя гістарычнага дэтэктыўнага рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі". Пры гэтым з моманту яго першай экранізацыі мінула ўжо 40 гадоў: у 1984-м на экранах прэзентавалі аднайменны фільм кінарэжысёра Міхаіла Пташука, зняты ў жанры гістарычнага дэтэктыва. На гэты раз за пераасэнсаванне рамана ўзяліся сцэнарыст Глеб Шпрыгаў і рэжысёр Кірыл Кузін. Яшчэ да афіцыйнай прэм'еры ў Мінску фільм "Чорны замак" быў удастоены спецпрыза журы конкурсу ігравых фільмаў і спецпрыза Выканкама СНД "Кіно без меж" на ММКФ "Лістапад-2024". Згодна з сюжэтам гістарычнай драмы, малады прафесар Антон Косміч (Яўген Шварц) аказваецца ў бядзе пасля таго, як старадаўняе Евангелле, якое належала роду Альшанскіх, трапляе ў яго антыкварны магазін. Каб выратаваць сябе і разгадаць тайны мінулага, ён адпраўляецца ў Альшаны... У экранізацыі аднаго з самых вядомых твораў беларускай літаратуры прынялі ўдзел Настасся Красоўская, Яўген Стычкін, Яўген Шварц і Віталь Кішчанка.
Калі: 12 снежня 2024 – 2 снежня 2025
Дзе: кінатэатры гарадоў Беларусі
Наведаць асаблівую планету ў сусвеце пад назвай "Цырк" запрашаюць артысты Белдзяржцырка. Гледачоў чакае эфектны паказ: у новую праграму ўвайшлі захапляльныя трукі акрабатаў у коле смеласці і на рускай палцы, нумар паветраных гімнастаў на мачце і ў скрыпічным ключы! На галоўным манежы краіны выступяць вальтыжоры, жанглёр, майстры трансфармацыі, клоўны, а таксама дрэсіраваныя мядзведзі, сабачкі і каты. "Планета "Цырк" абяцае стаць незабыўным шоу, у якім аб'ядноўваюцца фантазія і рэальнасць, а кожны нумар напоўніць сэрцы гледачоў захапленнем.
Калі: 1 лютага – 11 мая
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
"Натхняць. Вылучацца. Марыць" заклікаюць куратары выстаўкі аб модных тэндэнцыях ХІХ – пачатку XX стагоддзя. Тут можна ўбачыць прадметы жаночага адзення, знакавыя ўзоры аксесуараў, парфумерыі, касметыкі сусветных і айчынных вытворцаў. Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена больш за 700 прадметаў, сярод якіх "залатая" прыдворная сукенка канца XIX стагоддзя, калье 1970-х як адлюстраванне ўсеагульнага захаплення скарбамі з грабніцы Тутанхамона, упрыгажэнні ад моднага дызайнера Хэці Карнэгі, натхнёнай мастацтвам старажытных цывілізацый Мексікі. Асновай выстаўкі з'яўляецца прыватная калекцыя Таццяны Фядосавай. Акружаюць экспазіцыю прадметы ХІХ – пачатку XX стагоддзя з калекцыі музея гісторыі рэлігіі: жывапіс, мастацкія вырабы з фарфору і металу, старадаўняя мэбля, якая дэманструецца наведвальнікам упершыню.
Калі: 23 лютага – 17 мая
Дзе: Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, вул. Замкавая, 16, Гродна
Выставачны праект, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, аб'яднаў на адной пляцоўцы экспанаты з 14 музеяў краіны. Наведвальнікі азнаёмяцца з гісторыяй у адваротным храналагічным парадку – ад Парада Перамогі да пачатку вайны. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы акопнай творчасці, асабістыя рэчы герояў, самаробная зброя партызан, рэчы вязняў канцлагераў, самаробныя кнігі і дзённікі, медалі, архіўныя дакументы, артыкулы і нарысы пра подзвігі на палях бітваў. Сярод самых яркіх экспанатаў – арыгінал уваходнага білета на парад 1945 года, фатаграфіі салдат ля купала Рэйхстага і каля Брандэнбургскіх варот…
Калі: 27 лютага – 21 верасня
Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр. Незалежнасці, 116, Мінск
Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў этнаграфічнае падарожжа па экспазіцыі сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Скарбонка памяці". Інтэрактыўная праграма заснавана на беларускім народным календары і прысвечана вясеннім абрадам. Гасцям давядзецца разгадаць, якія сэнсы закладзены ў назву "Саракі", азнаёміцца з больш як 40 атрыбутамі народнага свята, даведацца, чаму ў гэты дзень нашы продкі з цеста выпякалі сорак жаўрукоў, успомніць аб павер'ях і традыцыях, а таксама прыняць удзел у тэматычным квесце "Сорак сарок" і змайстраваць папяровыя фігуркі птушак.
Калі: 17 сакавіка – 1 мая
Дзе: музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск
Вялікі выставачны праект "Арт-Мінск" пакажа жыхарам і гасцям сталіцы больш за 550 твораў мастацтва ад 225 сучасных беларускіх мастакоў. Адной з мэт гэтай маштабнай падзеі з'яўляецца ўзбагачэнне культурнага жыцця горада і прадстаўленне найбольш актуальных напрамкаў мастацкай арт-сцэны. У гэтым сезоне паступіла рэкордная колькасць – больш за 1300! – заявак, з якіх экспертнае журы адабрала да ўдзелу ў праекце 550 работ аўтараў з розных гарадоў. Наведвальнікі могуць не толькі купіць творы, якія спадабаліся (90% з іх даступны на анлайн-платформе Artcenter.by), але і падтрымаць мастакоў пры дапамозе галасавання.
Калі: 28 сакавіка – 4 мая
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск
Тыдзень беларускай драматургіі парадуе знатакоў нацыянальнай класікі спектаклямі па творах беларускіх аўтараў, у тым ліку знакамітымі пастаноўкамі "Вечар" і "Заручыны" па п'есах ХХ стагоддзя Аляксандра Валодзьскага і Аляксандра Чужыніна, сцэнічнымі чытаннямі, якія дазваляюць пазнаёміцца з п'есамі 1990-х, 2000-х і 2010-х, лекцыямі аб гісторыі РТБД і драматургіі, майстар-класамі. Адкрые тыдзень прэм'ера "Май хомлэнд": пастаноўка пра сантэхніка Гену становіцца расказам пра Радзіму і сваё месца, якое шукае кожны. Удзельнікі пазнаёмяцца з "унутранай кухняй" тэатральнага жыцця, пераўвасобяцца ў рэжысёраў, даведаюцца пра працэс стварэння спектакля, папрацуюць з маладым рэжысёрам, а таксама напішуць уласны тэкст.
Калі: 1–6 красавіка
Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, вул. Крапоткіна, 44, Мінск
Даведацца падрабязней
Галоўнае свята Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі адзначаецца 2 красавіка. У гэты дзень у 1996 годзе быў падпісаны Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, а ў 1997-м – Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, які быў пакладзены ў аснову працэсаў інтэграцыі дзвюх дзяржаў, захавання і ўмацавання духоўнага адзінства. Па традыцыі праграма ўключыць тэматычныя канцэрты, выставы, кінапаказы.
Пачаў святочны марафон Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, дзе 23 снежня 2024 года адкрыўся выставачны праект "Расія – Беларусь. Скрыжаванне лёсаў". Ён расказвае аб гістарычнай культурнай агульнасці дзвюх сучасных суверэнных дзяржаў, унікальнасці і адзінстве, аўтэнтычнасці і ўзаемаўплыве ў прасторы культуры. У экспазіцыі прадстаўлена каля 300 работ, сярод якіх – творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з багатых збораў двух вядучых мастацкіх музеяў Расіі і Беларусі.
З 2 красавіка на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра разгорнецца праект "Тыдзень рускай класікі". Тэатральныя калектывы са Смаленска, Бранска, Пензы, Тулы, Калугі і Мічурынска прывязуць у Мінск спектаклі, створаныя па матывах твораў Пушкіна, Лермантава, Астроўскага, Булгакава, Шукшына. У афішы – "На ўсякага мудраца хапае прастаты", "Людзі добрыя!", "Мёртвыя душы", "Пікавая дама", "Маскарад", "Багатыя нявесты".
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў з 26 сакавіка па 27 красавіка праходзіць выстава "Масты дружбы. Беларусь – Расія", дзе вачамі беларускіх і расійскіх мастакоў паказана хараство нашай краіны і праца сучаснікаў. Работы з экспазіцыі створаны членамі Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў РФ у час выязных пленэраў. Адна з мэт праекта – паказаць Беларусь па-за папулярнымі турыстычнымі маршрутамі і выдатнымі мясцінамі ў сталіцы і абласных цэнтрах, удзяліць асаблівую ўвагу раённым цэнтрам і вёскам.
Калі: 2 красавіка
Дзе: галерэі, канцэртныя залы і кінатэатры Беларусі
Напярэдадні светлага Хрыстовага Уваскрэсення (у бягучым годзе 20 красавіка) у Культурным духоўна-асветным цэнтры "Каўчэг" разгорнецца велікодны фестываль "Радасць", які аб'яднае манастыры і храмы з Расіі, Сербіі, Сірыі, Палесціны, Малдовы, Грэцыі і, вядома, Беларусі. Спецыяльнымі гасцямі стануць насельнікі Опцінай пустыні іераманахі Мяфодзій (Капусцін) і Інакенцій (Паўлаў), якія правядуць сустрэчы з прыхаджанамі і вучнямі манастырскай школы. У гэты перыяд наведвальнікі змогуць прыкласціся да мошчаў прападобных Майсея і Антонія Опцінскіх. Таксама ў рамках фестывалю разгорнецца выстаўка-кірмаш рамеснікаў (11–13 красавіка), дзе будуць прадстаўлены вырабы ручной работы ад майстроў з усёй Беларусі, аўтарскія сувеніры, падарункі для блізкіх і ўпрыгажэнні для дома да Вялікадня.
Гасцей фестывалю чакае насычаная праграма: спевы царкоўных хораў, выступленні дзіцячых вакальна-фальклорных і танцавальных калектываў ("Сунічка", "Фрэскі", "Аванці"), літаратурна-музычныя праграмы, спектаклі тэатральных калектываў, гутаркі для студэнтаў, праект "Наша здароўе", сустрэчы са свяшчэннікамі, кінапаказы, а таксама майстар-класы для дзяцей і дарослых, тэатр лялек для самых маленькіх.
Калі: 2–13 красавіка
Дзе: КЦ "Каўчэг", Даўгінаўскі тракт, 164, Мінск
Значная падзея ў моднай індустрыі Беларусі – Belarus Fashion Week – упершыню прадставіць не толькі калекцыі на будучы сезон восень–зіма 2025/2026, але і творы сучасных мастакоў. У першы дзень, 6 красавіка, адбудуцца прэзентацыя шоўрума мастацтва (усе работы на VUCA.by ў фармаце электроннага каталога), а таксама гала-шоу вядомых нацыянальных брэндаў: Atsapkins fashion designer, CONTE, Artemis, Gersean, Miss Mantiss, Smev, D.Black, Monte Le Son, Natalia Korzh, Swit. У рамках мерапрыемства адкрыецца электронная платформа падтрымкі развіцця і забеспячэння ўстойлівасці бізнесу ў індустрыі моды і мастацтва Беларусі.
Калі: 6–11 красавіка
Дзе: Falcon Club Arena, пр. Пераможцаў, 20, Мінск
Гомель вядомы сваім унікальным фестывалем харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод", які за 11 гадоў гісторыі набыў статус візітнай карткі горада. У гэтым годзе тут ужо другі раз адбудзецца Форум харэографаў і балетмайстраў. У праграме – лекцыі і майстар-класы ад сучасных мэтраў танца, сярод якіх – харэограф шоу "Новыя танцы" на ТНТ Яўгенія Сякерына, стваральнік RDS.FAM, пераможца міжнародных чэмпіянатаў Мікіта Бай, магістр мастацтвазнаўства, артыстка балета Кацярына Ясюк. На заканчэнне свята адбудзецца гала-канцэрт пры ўдзеле лепшых прафесійных калектываў горада і рэгіёна.
Калі: 11 красавіка
Дзе: Гарадскі цэнтр культуры, вул. Ірынінская, 16, Гомель
Эндура – адзін з экстрэмальных напрамкаў мотаспорту, які прадугледжвае скорасныя гонкі па бездарожжы і горных масівах, "начыненых" перашкодамі ў выглядзе бярвёнаў, валуноў, аўтамабільных шын. Удзельнікам давядзецца справіцца не толькі са штучнымі перашкодамі, але і асаблівасцямі прыроднага рэльефу. Месцам правядзення спаборніцтваў для вясенняга этапу выбраны маляўнічы раён з унікальным ландшафтам побач з Краснасельскімі мелавымі кар'ерамі ў Ваўкавыскім раёне. Спаборніцтвы адбудуцца ў васьмі класах: Open Hobby, Base 1, Base 2, Base 3, Profi, Lady, Electro, Master.
Калі: 11–13 красавіка
Дзе: паблізу в. Карпаўцы, Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць
Вялікі тэатр Беларусі прадставіць трэцюю прэм'еру 92-га сезона – вечар аднаактовых балетаў "Танцы": "Балеро", "Танец смерці" і "Кармэн" на музыку Марыса Равеля, Каміля Сен-Санса і Жоржа Бізэ. Паводле слоў балетмайстра-пастаноўшчыка праекта Ігара Колба, за трохчасткавай структурай стаіць "перапляценне з'яў, без якіх немагчыма само жыццё: фізічны пачатак, душэўнае і непазбежны фінал". Візуальны лейтматыў спектакля – вобраз чартапалоху, які вабіць і раніць, а яго завяданне ў фінале становіцца метафарай гібелі страсці. Таксама сярод пазнаваемых сімвалаў пастаноўкі – цёмная маска, вуаль, яблык, матылькі і клетка, якія адлюстроўваюць ключавыя тэмы жыцця і смерці, барацьбы і яе асуджанасці, спакусы і трансфармацыі.
Калі: 11, 12, 13 красавіка
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Паліна Гагарына раскажа гісторыю свайго жыцця ў яе самых яркіх і запамінальных момантах, адлюстраваных у новым шоу "Назаўсёды". Гледачоў чакаюць дзве гадзіны неверагоднага перформанса – сучасныя дыджытал-дэкарацыі, харэаграфічная пастаноўка, бездакорны гук, яркія касцюмы і, вядома, свежыя хіты. Пасля поспеху на тэлепраекце "Фабрыка зорак"–2 артыстка прайшла доўгі шлях да таго, каб пакарыць сэрцы знатакоў музыкі за мяжой – ад заваявання серабра на "Еўрабачанні"–2015 да выхаду ў фінал галоўнага кітайскага музычнага конкурсу Singer–2019. У шоу прагучаць як новыя кампазіцыі, так і даўно любімыя публікай – "Обезоружена", "Колыбельная", "Шагай", "Драмы больше нет", "Спектакль окончен", "Кукушка", "Меланхолия"…
Калі: 12 красавіка
Дзе: "Мінск-Арэна", пр. Пераможцаў, 111, Мінск
У народным календары беларусаў Купалле – чароўны час, звязаны з ачышчэннем магутнымі стыхіямі, пошукам выбраннікаў і папараць-кветкі. Галоўны балетмайстар трупы класічнага балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, лаўрэат міжнародных конкурсаў і Нацыянальнай тэатральнай прэміі Сяргей Мікель стварыў аднайменны балет, у якім і музыка, і танец, і сцэнаграфія адлюстроўваюць нацыянальную міфалогію, культуру і традыцыі. Балет ілюструе абрад, у якім нашы продкі пакланяліся стыхіям вады, агню і зямлі. Дзеянне пастаноўкі разгортваецца ў некалькіх лакацыях: на беразе ракі і ў папаратнікавых зарасніках. А ў касцюмах можна ўбачыць намёкі на пярэваратняў, якія адсылаюць да старажытных паданняў аб тым, як нашы продкі маглі ператварацца з людзей у ваўкоў.
Калі: 12 і 13 красавіка
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск
Адно з галоўных рэлігійных свят – Вялікдзень – у бягучым годзе праваслаўныя і католікі сустрэнуць у адзін дзень 20 красавіка. Напярэдадні гэтай падзеі рамеснікі з розных куткоў Гродзенскай вобласці прадставяць свае вырабы ў самым цэнтры горада над Нёманам. Вербы, велікодныя яйкі, святочныя сувеніры, паштоўкі ручной работы, саламяныя кошыкі, сурвэткі з велікоднай сімволікай – тут можна знайсці ўсё неабходнае для Вербнай (Пальмавай) нядзелі і Вялікадня. Госці разам з вядучымі майстрамі Гродзеншчыны змогуць распісаць яйка па ўнікальнай старадаўняй тэхналогіі, папрацаваць на ткацкім станку, зрабіць сувенір з саломы або карункі са... звычайнай паперы. Ганаровыя ўдзельнікі кірмашу – майстры – носьбіты рамесных традыцый, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Калі: 12 красавіка
Дзе: вул. Савецкая, Гродна
Тэатр класічнай музыкі "Імпрэсія" запрашае адправіцца ў музычнае падарожжа па Сонечнай сістэме і намаляваць у сваім уяўленні "Касмічны пейзаж" пад уздзеяннем шэдэўраў з сусветнага класічнага рэпертуару. Жывая музыка, балет, тэатральная пастаноўка, светлавыя і гукавыя эфекты – усё гэта створыць унікальную атмасферу палёту па розных планетах і галактыках. На працягу вечара прагучаць знакамітыя творы Баха, сімфонія №40 Моцарта, "Бура" Бетховена, "Танец з шаблямі" Хачатурана і многія іншыя. Таксама ўпершыню ў сцэнаграфіі будуць задзейнічаны віртуальныя 3D-дэкарацыі з фантастычнымі выявамі касмічных пейзажаў, створаныя штучным інтэлектам.
Калі: 13 красавіка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск
"Анталогію сусветнага рока" прадставяць на сталічнай сцэне сімфанічны аркестр і хор SONORUS пад кіраўніцтвам Вячаслава Ларына. Творчая скарбонка калектываў налічвае больш за 1000 твораў розных эпох і жанраў, а дыяпазон эксперыментаў ахоплівае як музыку Вівальдзі і Штрауса, Майкла Джэксана і Уладзіміра Высоцкага, так і класіку айчыннага і замежнага рока. У праграме вечара прагучаць кампазіцыі культавых Manowar, AC/DC, Metallica, Rammstein, Gregorian, After forever, Аerosmith, Queen, Nightwish, Iron Maiden, Bon Jovi…
Калі: 16 красавіка
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск
Заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, легенда фільма "Табар адыходзіць у неба" Святлана Тома выступіць у канцэрце, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Інакенція Смактуноўскага. Вялікі акцёр XX стагоддзя зняўся больш як у 100 фільмах і тэлеспектаклях, сярод якіх "Сцеражыся аўтамабіля", "Шэрлак Холмс і доктар Ватсан: Дваццатае стагоддзе пачынаецца", "Дзевяць дзён аднаго года", "Гамлет", "Злачынства і пакаранне" і "Гардэмарыны, наперад!". У мінскім канцэрце прагучаць песні і вершы, якія Святлана Тома прысвячае памяці вялікага калегі – акцёра і салдата Вялікай Айчыннай вайны. Праграму адкрые член Саюза кінематаграфістаў Расіі, рэдактар і аўтарытэтны прапагандыст айчыннага кіно Фёдар Ягораў.
Калі: 18 красавіка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск
Першы марафон у Гомелі, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, збярэ як прафесійных спартсменаў, так і аматараў лёгкай атлетыкі. Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі тры маршруты ў залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі ўдзельнікаў: 5 км, 10 км і марафонская дыстанцыя – 42,195 км. Згодна з рэгламентам спартыўнага свята, да забегу дапускаюцца толькі паўналетнія і пры наяўнасці арыгінала медыцынскай даведкі. Плануецца, што марафон збярэ вялікую колькасць удзельнікаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін, аднак колькасць слотаў-месцаў абмежавана.
Калі: 19 красавіка
Дзе: будынак басейна "Дэльфін" (старт) праспект Кастрычніка – вуліцы Жукава, Багдана Хмяльніцкага і мікрараён Шведская горка, стадыён "Прамень" (фініш)
Вясенні каляндар на Заходнім Палессі немагчыма ўявіць без карагода "Велікодная стрылка", які стаў здабыткам Драгічынскага краю. У вёсцы Бездзеж яго праводзяць у дзень Вялікадня адразу пасля царкоўнай службы і хрэснага ходу на плошчы перад храмам. Па традыцыі ўдзельнікі апранаюцца ў лепшыя ўборы, пры гэтым жаночыя вобразы абавязкова дапаўняе знакаміты бездзежскі фартушок. Асаблівасць святочнага карагода ў тым, што водзяць яго не па крузе, а ў выглядзе падковы ці цецівы лука – адсюль і назва "стрылка" (стрэлка). А ўнутры абрадавага карагода некалькімі групкамі стаяць дзеці, якія сімвалізуюць пшанічныя зярняткі і ўрадлівасць... Наведвальнікі самабытнага Музея народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" убачаць рэканструкцыю старажытнага абраду, які сімвалізаваў заканчэнне Вялікага посту, пачатак вясенніх сельскагаспадарчых работ, а таксама велікодных гулянняў. Абрад атрымаў статус нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі. У праграме–2025 – хрэсны ход, народныя забавы, выступленне народных калектываў Драгічынскага раёна.
Калі: 20 красавіка
Дзе: Музей народнай творчасці "Бездзежскі фартушок", аг. Бездзеж, вул. Піянерская, 9, Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць
"Песня года Беларусі" – галоўная музычная падзея краіны, удзел у якой прымуць як ужо вядомыя, так і маладыя артысты. Арганізатары абяцаюць сучаснае шоу ад папулярных выканаўцаў беларускай эстрады, чые песні цэлы год былі на слыху ў публікі, у радыё- і тэлеэфірах. Традыцыйна склад удзельнікаў святочнага гала-канцэрта ў сталічным Палацы спорту вызначаны арганізатарамі конкурсу з улікам рэйтынгаў кампазіцый у слухачоў, праглядаў у інтэрнэце і вынікаў народнага галасавання.
Калі: 23 красавіка, 18.30
Дзе: Палац спорту, пр. Пераможцаў, 4, Мінск
Expo HORECA Minsk – найбуйнейшая пляцоўка для прафесіяналаў гасцінічна-рэстараннага бізнесу, якая аб'ядноўвае вядучых пастаўшчыкоў абсталявання, тэхналогій і паслуг. Гэта ўнікальная магчымасць для абмену вопытам, пошуку новых партнёраў і знаёмства з інавацыйнымі трэндамі ў індустрыі. 33-я міжнародная выстаўка-канферэнцыя прадставіць 20 тэматычных напрамкаў, уключаючы HoReCa Innovation, HoReCa Retail, HoReCa Food, HoReCa Mobile, HoReCa Craft і многія іншыя. Акрамя экспазіцыі, у рамках мерапрыемства плануецца дзелавая праграма (выступленні экспертаў, прафесійныя дыскусіі, семінары, трэнінгі), майстар-класы, конкурсы.
Калі: 23–25 красавіка
Дзе: Falcon Club, пр. пераможцаў, 20, Мінск
Этэры Тутберыдзэ – самы паспяховы трэнер апошніх гадоў у фігурным катанні. З 2014 года яе вучні заваявалі 9 алімпійскіх медалёў, уключаючы 4 залатыя. Яны пяць разоў выйгравалі чэмпіянат Еўропы і чатыры разы – чэмпіянат свету. А ў 2021-м па выніках першай прэміі Міжнароднага саюза канькабежцаў Этэры Тутберыдзэ прызнана лепшым трэнерам. У лядовым шоу Этэры беларускія знатакі фігурнага катання ўбачаць выступленні дзеючых спартсменаў, а таксама паказальныя нумары ў выкананні зорак сусветнага ўзроўню, такіх як Аліна Загітава, Яўгенія Мядзведзева, Лізавета Туктамышава, Соф'я Акацьева, Адэлія Петрасян, Аляксандра Байкова і Дзмітрый Казлоўскі. Гледачоў чакаюць захапляльныя элементы, скачкі і арыгінальныя харэаграфічныя рашэнні.
Калі: 27 красавіка
Дзе: "Чыжоўка-Арэна", вул. Ташкенцкая, 19, Мінск