Нацыянальная бібліятэка Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Архітэктура | Нацыянальная бібліятэка

Нацыянальная бібліятэка Беларусі


Нацыянальная бібліятэка – візітная картка Беларусі. Сёння гэта не толькі  найбагацейшы збор кніг, але і вялікі мультыфункцыянальны цэнтр, дзе  спалучыліся высокія тэхналогіі, ультрасучасны дызайн і незвычайная архітэктура.

Гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі

Галоўная бібліятэка краіны была заснавана ў 1922 годзе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і атрымала назву Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі. Першапачаткова яе фонды налічвалі 60 тыс. экзэмпляраў.

Беларуская дзяржаўная бібліятэка, 1930-я гадыУ 1926 годзе Беларуская дзяржаўная бібліятэка стала самастойнай установай. Тады ж прынята рашэнне аб будаўніцтве для яе новага будынка.

Вядомы беларускі архітэктар Георгій Лаўроў стварыў незвычайны праект, у якім увасобіў  матэматычную сістэму каардынат. Сёння ў гэтым будынку – адным з нямногіх помнікаў эпохі канструктывізму ў Беларусі – засядае Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларуская дзяржаўная бібліятэка імя Леніна страціла каля 83 % фондаў і спецыяльнае абсталяванне. Поўнасцю вывезены фонды рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента і чытальных залаў, разам з літаратурай спалены будынак рэзервовага фонду.

Будынак Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходуУ пасляваенныя дзесяцігоддзі бібліятэка адраджалася і развівалася, пашыраючы зборы, наладжваючы міжнародныя сувязі.

У 1992 годзе, ужо ў суверэннай дзяржаве, яна атрымала новую назву – Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

З цягам часу фонды значна павялічыліся, таму ўзнікла неабходнасць будаўніцтва новага, больш маштабнага і сучаснага будынка.

Праект новага будынка бібліятэкі

Праект Віктара Крамарэнка і Міхаіла Вінаградава Яшчэ ў 1989 годзе быў праведзены ўсесаюзны конкурс на лепшы праект будучага збудавання. Яго пераможцы– архітэктары Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў – прапанавалі мадэль "беларускага алмаза", у якім спалучаліся функцыянальнасць і сучасны дызайн.

Ідэя прадугледжвала ўзвядзенне арыгінальнага будынка ў выглядзе ромбакубаактаэдра – складанага шматгранніка з 18 квадратаў і 8 трохвугольнікаў, размешчанага на падстаўцы-подыуме (стылабат). Паверхня гэтага "брыльянта" пакрыта шклом.

Паводле задумы аўтараў, форма аграненага алмаза сімвалізуе каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнавальнага свету.

Тым не менш, да моманту зацвярджэння і рэалізацыі смелага праекта мінула 13 гадоў.

Будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Грандыёзнае будаўніцтва, у якім было задзейнічана амаль 5000 чалавек і 200 арганізацый, пачалося ў 2002 годзе. У напружаныя перыяды штодзень на пляцоўцы знаходзілася да 3000 чалавек. Работы вяліся 24 гадзіны ў суткі.

Адкрыццё  Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з удзелам Прэзідэнта адбылося 16 чэрвеня 2006 года.

 Нацыянальная бібліятэка размешчана ў паркавай зоне Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы. Перад фасадом будынка ўстаноўлена бронзавая фігура беларускага першадрукара Францыска Скарыны (аўтары Аляксандр Дранец і Віктар Крамарэнка).

Нацыянальная бібліятэка Беларусі сёння Галоўны ўваход сімвалічна выкананы ў выглядзе раскрытай кнігі з выявамі на тэму развіцця сусветнага і славянскага пісьменства, а таксама словамі з Бібліі Францыска Скарыны "Каб быў дасканалым Божы чалавек" на 19 мовах свету.

У афармленні інтэр’ера бібліятэкі выкарыстаны творы сучасных беларускіх мастакоў, скульптараў.

Аўтары праекта НББ і іншых знакамітых збудаванняў – Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў – двойчы лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі сёння

Галоўная бібліятэка краіны – сучасны інфармацыйны, навукова-даследчы, сацыякультурны і сацыяпалітычны цэнтр.

Картатэка фондаў бібліятэкіДырэктар бібліятэкі – доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі.

Збор "алмаза ведаў" складае каля 9 млн экзэмпляраў на розных носьбітах. Гэта друкаваныя выданні, рукапісы, мікракопіі дакументаў, электронныя і іншыя матэрыялы, створаныя ў Беларусі і іншых краінах свету на больш як 80 мовах.

У распараджэнні наведвальнікаў бібліятэкі – разнастайныя інфармацыйныя рэсурсы і фонды:

  • рукапісаў, старадрукаваных і рэдкіх выданняў (больш як 70 тысяч)
  • газет (каля 4,7 тыс. назваў)
  • часопісаў і дзеючых выданняў (больш за 3 млн экзэмпляраў, з пачатку ХIХ стагоддзя да сучаснасці)
  • выяўленчых дакументаў
  • нотных выданняў
  • ащдыявізуальных дакументаў
  • CD-ROMаў
  • карт
  • дысертацый і аўтарэфератаў дысертацый
  • электронныя інфармацыйныя рэсурсы (адкрываюць доступ да больш як 150 нацыянальных і аўтарытэтных замежных баз даных)

Цэнтр міжнародных сустрэч і перагавораў Асноўная частка фондаў размешчана на 10 паверхах сховішча. Больш за паўмільёна экзэмпляраў знаходзіцца ў адкрытым доступе і ў чытальных залах. Электронныя рэсурсы даступныя з аўтаматызаваных месц у бібліятэцы, частка – праз Інтэрнэт.

У 2005 годзе згодна з даручэннем Прэзідэнта Беларусі ў бібліятэцы створаны Цэнтр міжнародных сустрэч і перагавораў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.

Ён аснашчаны шматфункцыянальным сучасным абсталяваннем і прыборамі спецыяльнай сувязі, што дае магчымасць праводзіць самыя буйныя палітычныя, культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы. Тут адбыліся:

  • шэраг самітаў краін-удзельніц СНД на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў
  • пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС
  • міжнародныя форумы і навуковыя канферэнцыі (Дзясятая сесія Міжнароднай Асамблеі сталіц і вялікіх гарадоў, Міжнародны кангрэс "Нацыянальная бібліятэка як феномен культуры", XV Міжнародны з’езд славістаў)
  • прэс-канферэнцыі Прэзідэнта Беларусі (прадстаўнікам СМІ рэгіёнаў Расіі, прадстаўнікам беларускіх і замежных СМІ)

Пачэснымі гасцямі Нацыянальнай бібліятэкі былі прэзідэнты, кіраўнікі ўрадаў і парламентаў краін свету, кіраўнікі міжнародных арганізацый, вядомыя вучоныя, пісьменнікі, мастакі.

У сацыякультурным цэнтры бібліятэкі арганізуюцца: 

Выстаўка нямецкіх кніг у сацыякультурным цэнтры

            • мастацкія рэспубліканскія і міжнародныя выстаўкі, фестывалі і вернісажы ("Прысвячэнне Беларусі", "Арт-крок", Міжнародны фестываль пейзажа)
            • літаратурна-мастацкія вечарыны
            • кніжныя выстаўкі, акцыі, цырымоніі ўручэння калекцый і прэзентацыі кніг, прысвечаныя міжнародным падзеям і знамянальным датам 

Штогод праходзяць Дні культуры народаў, у рамках якіх можна ўбачыць кніжныя, мастацкія і фотавыстаўкі.

Экскурсіі ў Нацыянальнай бібліятэцы

У бібліятэцы праводзяцца разнастайныя пазнавальныя экскурсіі: Экскурсія з наведваннем агляднай пляцоўкі 

            • аглядная экскурсія па бібліятэцы з наведваннем Музея кнігі
            • тэматычная экскурсія "Мінск на далоні" з наведваннем агляднай пляцоўкі
            • тэматычныя экскурсіі ў Музеі кнігі
            • экскурсія для дзяцей "Дзень нараджэння ў бібліятэцы"

Кошт экскурсіі:

  • Br1,30-Br8 – для 1 чалавека
  • Br16,90 – мінімальны кошт для групы (да 15 чаловек)

Структура бібліятэкі

Інфармацыйна-даведачны аддзелПрастора архітэктурнага збудавання шматфункцыянальна і аснашчана сучасным абсталяваннем.

Агульная плошча будынка – 113 669 кв. м, а гэта чвэрць ад плошчы Ватыкана. Вага будынка складае 140 тысяч тон, што прыкладна ў 14 разоў больш за Эйфелеву вежу (з кнігамі і абсталяваннем – каля 270 тысяч тон).

Бібліятэка ўмяшчае ў сабе:

  • 20 чытальных залаў (2000 чытацкіх месц, аўтаматызаваных рабочых месц – больш за 1500)
  • фондасховішча (разлічана на 14 млн адзінак захоўвання – 14% усяго кніжнага фонду Беларусі)
  • сацыякультурны цэнтр
  • Цэнтр міжнародных сустрэч і перагавораў (Авальная і Круглая залы, міжнародны прэс-цэнтр, офіс Прэзідэнта)
  • аддзелы (абслугоўванне карыстальнікаў, фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў, навуковая і выдавецкая дзейнасць)
  • інжынерна-тэхнічныя службы

У сацыякультурны цэнтр уваходзяць:

Музей кнігі

            • канферэнц-зала (490 месц)
            • комплекс мастацкіх галерэй ("Атрыум", "Лабірынт", "Ракурс", "Панарама", "Мабільная галерэя")
            • Музей кнігі (больш за 300 унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў, сярод якіх і кнігі Бібліі (1517–1519) беларускага першадрукара Францыска Скарыны)
            • фізкультурна-аздараўленчы комплекс
  • дзіцячы гульнявы пакой
  • зоны рэкрэацыі
  • рэстаран і 3 кафэ
  • адкрытая і закрытая аглядныя пляцоўкі

Адна з унікальных асаблівасцей праекта – размяшчэнне фондасховішча ў верхняй частцы будынка бібліятэкі для гідраізаляцыі і падтрымання камфортных умоў захоўвання кніг.

Вестыбюль-атрыум бібліятэкіНа першым паверсе ў вестыбюлі-атрыуме знаходзяцца даведачна-рэгістрацыйная і інфармацыйная службы, экскурсійнае бюро.

У бібліятэцы прадугледжаны спецыяльна абсталяваныя рабочыя месцы для людзей са слабым зрокам і сляпых, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Асаблівай увагі заслугоўвае адкрытая аглядная пляцоўка, якая знаходзіцца на вышыні 73 м у верхняй частцы фондасховішча бібліятэкі. Наведвальнікі могуць убачыць маляўнічыя краявіды сталіцы і разгледзець аддаленыя аб’екты з дапамогай бінокля панарамнага віду.

Сучасныя тэхналогіі

Аўтаматызаваныя рабочыя месцыНацыянальная бібліятэка Беларусі – гэта ўзор "інтэлектуальнага будынка" з сучаснымі інфармацыйна-тэхналагічнымі і інжынернымі сістэмамі.

Новая аўтаматызаваная бібліятэчная сістэма і праграмнае забеспячэнне прадастаўляюць карыстальнікам мноства зручных опцый:

          • электронны каталог
  • шматаспектны пошук дакументаў
  • аўтаматызаваны працэс заказу і выдачы дакументаў
  • адкрыты доступ да электронных рэсурсаў (уласныя базы даных, базы даных сусветных вытворцаў, бібліяграфічныя і паўнатэкставыя выданні на CD)
  • аўтаматызаваная сістэма дастаўкі кніг з фондасховішча з дапамогай тэлеліфтаў (самая высокая скорасць дастаўкі кніг у свеце – 20 мінут)
  • дыстанцыйны доступ да фондаў (віртуальная чытальная зала)

Будынак пабудаваны па прынцыпу "тэрмаса", што дае магчымасць падтрымліваць пастаянную тэмпературу паветра ўнутры памяшканняў. Тэхналагічныя калідоры ўздоўж знешніх сцен ствараюць праслойку, якая прадухіляе перапады тэмпературы.

Святлодыёдны экран бібліятэкіЭлектразабеспячэнне бібліятэкі забяспечваюць 3 падстанцыі і 2 трансфарматары, якія нават у экстрэмальнай сітуацыі забяспечваюць асвятленне і работу відэакамер у VIP-зоне і Прэзідэнт-цэнтры.

У вячэрні час фасад будынка ператвараецца ў шматкаляровы святлодыёдны экран з больш як 4500 крыніц. Усяго даступны больш за 20 варыянтаў колеравых эфектаў, якія ўтвараюцца з дапамогай больш як 65 тысяч адценняў. Гэта самы вялікі рэкламны носьбіт у краіне – 1 485 кв.м.

У Нацыянальнай бібліятэцы рэалізуюцца сучасныя сістэмы бяспекі і аховы.

Бібліятэка Беларусі  ў сусветных рэйтынгах  

  • 11 месца ў рэйтынгу фантастычных архітэктурных работ па версіі амерыканскага выдання "Flavorwire" (2013)
  • уключана ў кнігу "100 самых дзіўных дасягненняў сучаснай архітэктуры" (Расія, 2011, аўтар – Яўгенія Фралова) нараўне з сусветна вядомымі збудаваннямі Антоніа Гаўдзі ў Іспаніі і самым высокім будынкам свету ў ААЭ
  • 24 месца ў спісе 50 самых незвычайных збудаванняў свету па версіі сайта "Village of Joy"
  • Згадваецца ў берлінскім выданні "Лепшыя бібліятэкі свету"

Як дабрацца да Нацыянальнай бібліятэкі

Нацыянальная бібліятэкаНацыянальная бібліятэка размешчана на галоўнай гарадской магістралі на паўночным усходзе Мінска. Адрас – праспект Незалежнасці, 116.

Самы хуткі спосаб дабрацца да Нацыянальнай бібліятэкі – спусціцца ў мінскае метро і  праехаць да станцыі "Усход" (1-я лінія). Можна скарыстацца наземнымі відамі транспарту: аўтобусамі і тралейбусамі, прыпынкі "Нацыянальная бібліятэка" або "вуліца Філімонава".

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі