Архітэктура Беларусі | Belarus.by | Пра Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Архітэктура | Стадыён "Дынама"

Стадыён "Дынама"


Легендарны стадыён "Дынама", гісторыя якога налічвае ўжо больш за 80 гадоў, – адно з самых уражальных збудаванняў Мінска. У чэрвені 2018 года ён зноў адкрыўся пасля маштабнай рэканструкцыі і ўжо ў кастрычніку атрымаў вышэйшую катэгорыю па класіфікацыі УЕФА. Летам 2019-га цэнтральная арэна сталіцы прыняла буйнейшыя падзеі II Еўрапейскіх гульняў – цырымоніі адкрыцця і закрыцця, турнір па лёгкай атлетыцы.

Гісторыя

Мінскі стадыён "Дынама" – унікальнае збудаванне, знаёмае з дзяцінства не аднаму пакаленню беларускіх спартсменаў і балельшчыкаў. Адкрыццё стадыёна адбылося 12 чэрвеня 1934 года. Першапачаткова трыбуны пад адкрытым небам змяшчалі 10 тысяч гледачоў, што вельмі хутка стала прычынай першай рэканструкцыі (1937–1938): пасля яе колькасць месцаў павялічылася яшчэ на 12 тысяч.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны – 24 і 25 чэрвеня 1941 года – у час налёту на Мінск нямецкія паветраныя эскадрыллі падпалілі "Дынама", разбурылі яго практычна дашчэнту. Праз дзесяцігоддзі ў ходзе рэканструкцыі на тэрыторыі стадыёна знайшлі 76-міліметровы артылерыйскі снарад ваеннага часу.
 
Аднаўленне пасля вайны пачалося ў 1946 годзе, а першы футбольны матч адбыўся ўжо 12 чэрвеня 1948-га. Аднак на поўнае адраджэнне стадыёна спатрэбілася 7 гадоў (1947–1954). Над праектам працавалі архітэктары В.Вальфензон, М.Колі, М.Паруснікаў, Н.Шміт, С.Сатунц і Е.Шаркова.

Алімпійскія Гульні-1980 у Мінску

Падставай для другой рэканструкцыі ў 1978–1980 гадах стала падрыхтоўка да адборачных матчаў футбольнага турніру Алімпіяды-80. Да галоўнага старту чатырохгоддзя на "Дынама" ўстанавілі новае табло і асвятляльныя мачты, надбудавалі другі ярус трыбун (умяшчальнасць павялічылася да 50 000), абсталявалі спецыяльнае памяшканне для допінг-кантролю і пакоі для прадстаўнікоў СМІ.

Новым элементам стала манументальная кампазіцыя "Бег" аўтарства вядомага архітэктара і скульптара Валянціна Занковіча. Фігуры трох лунаючых у паветры спартсменаў у 1980 годзе ўпрыгожылі лесвічны пралёт каля ўвахода на стадыён з боку вуліцы Ульянаўскай.

Яшчэ адна славутасць – алімпійская чаша – прыкавала ўвагу гледачоў: 20 ліпеня 1980 года на стадыёне адбылася цырымонія запальвання сімвалічнага агню. Фінальную частку рытуалу выканаў трохразовы алімпійскі чэмпіён, сяміразовы чэмпіён свету Аляксандр Мядзведзь. Сёння факел, які трымаў у руках выдатны барэц, знаходзіцца ў экспазіцыі музея Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Стадыён "Дынама" ў 1990-я гады

У канцы 1980-х – пачатку 1990-х стадыён страціў былую спартыўную значнасць: днём тут разгортваўся рэчавы рынак, а ўвечары збіралі аншлагі зоркі савецкай і сусветнай сцэны (Ігар Талькоў, Віктар Цой і "Кіно", Юрый Шаўчук і "ДДТ", А-Ha, Panik, The Prodigy). Рэкорд устанавіла Ала Пугачова, якая 16–20 жніўня 1989 года дала восем сольных канцэртаў і сабрала 400 тысяч гледачоў.

У 1999-м на "Дынама" адбыліся змяненні: упершыню з моманту адкрыцця драўляныя лаўкі замянілі на сядзенні, пры гэтым умяшчальнасць трыбун зменшылася з 50 000 да 34 000.

Стадыён "Дынама" – арэна для беларускіх футбольных клубаў

У 2009 годзе стадыён стаў трэніровачнай базай і пляцоўкай для дамашніх матчаў футбольнага клуба "Дынама".

У 2008–2013 гадах тут трэніраваліся ігракі барысаўскага БАТЭ: тры сезоны – у час групавога этапу Лігі чэмпіёнаў – мінскі стадыён быў дамашняй арэнай для самага тытулаванага футбольнага клуба краіны.

Рэканструкцыя "Дынама"

Трэцяя рэканструкцыя пачалася ў 2012 годзе, стаўшы самай маштабнай і працяглай у гісторыі арэны: яна доўжылася 6 гадоў да мая 2018-га.

Перад архітэктарамі стаяла задача стварыць спартыўны комплекс міжнароднага ўзроўню і пры гэтым захаваць гістарычнае аблічча стадыёна, у тым ліку ляпніну на фасадзе, славутую ўваходную арку, створаную ў 1953-м, алімпійскую чашу і кампазіцыю "Бег".

На першым этапе будаўнікі дэманціравалі частку трыбун. За кошт скарачэння колькасці глядацкіх месцаў да 22 000 былі створаны новыя памяшканні – для спартсменаў, суддзяў, трэнерскага штаба, канферэнц-залы.

Функцыянальнасць і сучасны выгляд стадыёну "Дынама" надалі кругавы навес з металаканструкцый, дзякуючы якому да 80% глядацкіх месцаў ахаваны ад дрэннага надвор’я, а таксама зашклёная частка фасада з боку вуліцы Кірава.

Сістэма асвятлення аб’яднала каля 400 святлодыёдных пражэктараў на чатырох асвятляльных мачтах (вышыня кожнай – 68 м, вага – 120 т). Пад навесам прымацаваны дадатковыя прыборы, гукавыя сістэмы і відэаназіранне.

Галоўныя змяненні адбыліся ў "спартыўным ядры" стадыёна: сёння ў распараджэнні атлетаў – бегавыя дарожкі (9 на галоўнай і 4 – на трэніровачнай арэне) з рэкамендаваным IAAF пакрыццём, устойлівым да ультрафіялету і ўмоў надвор’я.

Поле (105х68 м) пакрыта натуральным газонам і дае магчымасць праводзіць на стадыёне футбольныя матчы. Тэрыторыя падзелена на сектары для лёгкаатлетычных спаборніцтваў – скачкоў, штурхання ядра, кідання кап’я, дыска і молата, ёсць яма для бегу "стыпль-чэз".

Інфраструктура стадыёна "Дынама"

Пасля рэканструкцыі на другім узроўні заходняй трыбуны адкрылі медыяцэнтр, разлічаны на 200 рабочых месцаў. Побач з ім размешчаны камера захоўвання для фотаабсталявання (300 ячэек), два памяшканні для вялікіх фотаагенцтваў і газет, майстэрня па рамонце камер і тэхнікі, а таксама ўтульны прэс-бар (40 месцаў).

Каб у час мерапрыемстваў забяспечыць гасцей мабільнай сувяззю, спецыялісты ўстанавілі 32 антэны пад купалам арэны і больш за 260 дадатковых унутраных – у памяшканнях. У сістэме функцыянуюць стандарты сувязі UMTS і GSM, арганізавана падтрыманне тэхналогіі LTE, а таксама забеспячэнне абанентаў 4G-сувяззю.

Па перыметры трыбун (паўночная, усходняя і паўднёвая) размешчана 58 кропак харчавання. Для аўтамабілістаў прадугледжаны парковачныя месцы: 137 – у падземным гаражы і больш за 350 – на аўтастаянках уздоўж агароджы і на прылеглых вуліцах.

Цікавыя факты

Урачыстая цырымонія адкрыцця стадыёна "Дынама" пасля рэканструкцыі адбылася  21 чэрвеня 2018 года пры ўдзеле Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) Себасцьяна Коэ.

Першым, што пачулі тысячы гасцей і тэлегледачоў, якія сачылі за падзеямі ў прамым эфіры, быў голас вядомага дыктара Леаніда Бандаровіча, які з 1996-га да закрыцця ў 2012-м "ажыўляў" усё, што адбывалася на стадыёне.

Пасля прывітальнага слова кіраўнік дзяржавы ўручыў сімвалічны ключ ад арэны беларускім спартсменам – членам нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы і футбалістам, а таксама запусціў адваротны адлік часу да II Еўрапейскіх гульняў.

Магчымасці стадыёна пратэсціравалі вядомыя беларускія футбалістыАляксандр Глеб, Міхаіл Гардзяйчук, Дзяніс Шчарбіцкі, Максім Бардачоў. У вечар адкрыцця на газоне арэны разгарнуўся матч, у якім аб’яднаная каманда мінскага і брэсцкага "Дынама" перамагла зборную клубаў чэмпіянату Беларусі з лікам 4:3.

Першым афіцыйным спаборніцтвам на абноўленым "Дынама" 22 чэрвеня стала матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы сярод зборных Беларусі, Украіны, краін Балтыі і Балканскага рэгіёна.

Пасля "тэст-драйву" стадыёна – адкрыцця і міжнароднага лёгкаатлетычнага матчу – 23 чэрвеня на бегавых дарожках стадыёна сабралася больш як тысяча мінчан, якія прынялі ўдзел у дабрачынным забегу SunRun Challenge ў падтрымку дзяцей з сіндромам Даўна.

Першы міжнародны футбольны матч на "Дынама" прынёс удачу зборнай Беларусі: дэбютны ў серыі дамашніх паядынкаў Лігі нацый УЕФА-2018 каманда завяршыла перамогай над сапернікамі з Сан-Марына – 5:0.

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў-2019 у верасні 2018 года на стадыёне пратэсціравалі новы фармат спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Удзельнікі праекта "Дынамічная лёгкая атлетыка" (Dynamic new athletics – DNA) апрабавалі ўсе 10 відаў праграмы, у якую ўвайшлі традыцыйныя дысцыпліны з трыятлона – бег, скачкі і кіданне кап’я.

У кастрычніку 2018 года мінскаму стадыёну "Дынама" прысвоена вышэйшая, чацвёртая катэгорыя Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА), што, згодна з міжнародным рэгламентам, дае магчымасць галоўнай арэне краіны прымаць матчы Лігі нацый, кваліфікацыі чэмпіянатаў свету і Еўропы з удзелам нацыянальных зборных, а таксама паядынкі групавых стадый і плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы УЕФА.

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі мае намер правесці на стадыёне "Дынама" чэмпіянат Еўропы 2024 года.

Як дабрацца? 

Стадыён "Дынама" знаходзіцца ў цэнтры Мінска, недалёка ад плошчы Незалежнасці і чыгуначнага вакзала. Адрас – вул. Кірава, 8. Хуткі спосаб дабрацца – даехаць на метро. Бліжэйшыя да стадыёна станцыі:

  • "Плошча Леніна" і "Кастрычніцкая" – Маскоўская лінія (1-я, сіняя);
  • "Першамайская" і "Купалаўская" – Аўтазаводская лінія (2-я, чырвоная).

Да стадыёна можна даехаць і на іншых відах транспарту:

  • да прыпынку "Стадыён "Дынама" – на трамваях №1, 4, 7, аўтобусе №127;
  • да прыпынку "Тэхналагічны ўніверсітэт" – на тралейбусах №3, 5, 6, 16, 20, 30, аўтобусах №79, 102, 123, 79д, 3с, 81э, 175э.
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску