Вялікая Айчынная вайна ў Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Ваенна-гістарычны турызм | Вялікая Айчынная вайна

Вялікая Айчынная вайна ў Беларусі


У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, але нават залітая крывёй мільёнаў людзей, разрабаваная і напаўразбураная, краіна не здавалася. Праз многія дзесяцігоддзі памяць пра подзвіг народа, які ўнёс вялікі ўклад у Перамогу над фашызмам  – свяшчэнная.

Сярод 34,4 мільёна савецкіх воінаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны, больш за 1,3 мільёна беларусы і ўраджэнцы Беларусі.

На беларускай зямлі Вялікая Айчынная вайна (22 чэрвеня 1941 г. – 9 мая 1945 г.) доўжылася 3 гады 1 месяц і 6 дзён – з 22 чэрвеня 1941-га па 28 ліпеня 1944 года. Тут праходзілі маштабныя баі і ваенныя аперацыі, сярод якіх:

  • гераічная абарона Брэсцкай крэпасці ў першыя дні вайны;
  • абарона Магілёва, які не здаваўся 23 дні і ночы;
  • "Баграціён" – адна з найвялікшых наступальных аперацый у гісторыі чалавецтва…

Акупіраваная фашыстамі Беларусь стала краінай, дзе разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. Супраць захопнікаў змагаліся больш за 374 тысячы партызан, больш як 70 тысяч удзельнікаў налічвала антыфашысцкае падполле.

Першы партызанскі бой Другой сусветнай вайны правёў 28 чэрвеня 1941 года ў наваколлі Пінска атрад легендарнага камандзіра Васіля Каржа.

Першымі партызанамі-героямі СССР у 1941 годзе сталі беларусы Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі.

У ліпені 1943 года на чыгуначнай станцыі ў Асіповічах партызаны ажыццявілі буйнейшую дыверсію, узарваўшы 4 нямецкія эшалоны з боепрыпасамі і танкамі "Тыгр". А адным з самых вялікіх партызанскіх баёў у гісторыі вайны стала Полацка-Лепельская бітва 1944 года.

Да канца 1943 года пад кантролем партызан знаходзілася 108 тысяч км² – амаль 60% акупіраванай праціўнікам тэрыторыі. Сярод самых вялікіх партызанскіх зон былі Клічаўская, Полацка-Лепельская, Суражскія (Віцебскія) "вароты"

У час Вялікай Айчыннай вайны менавіта ў беларускім Мінску дзейнічала самае вялікае гарадское антыфашысцкае падполле ў Еўропе.

Адной з самых памятных старонак гісторыі мінскага супраціўлення стала аперацыя па ліквідацыі стаўленіка Гітлера ў Беларусі – гаўляйтара Вільгельма Кубэ. У ноч на 22 верасня 1943 года ў пасцелі ката, які знішчыў сотні тысяч жыццяў, узарвалася смяротная міна.

Праз гады гэта гісторыя была пакладзена ў аснову сюжэту вядомага савецкага фільма "Гадзіннік спыніўся апоўначы" – першай кінастужкі аб героях мінскага падполля…

Аднак нягледзячы на гераічнае супраціўленне народа, Беларусь, якая стаяла на шляху нацысцкай арміі Германіі, несла ў гады вайны незаменныя страты

На беларускай зямлі былі разрабаваны і разбураны 209 з 270 гарадоў. Фашысты правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацый, поўнасцю або часткова знішчыўшы 5454 вёскі.

Сумна вядомым сімвалам бязлітаснай расправы стала спаленая разам з людзьмі Хатынь, лёс якой падзялілі яшчэ сотні вёсак краіны…

На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі больш як 260 лагераў смерці і месц масавага знішчэння людзей. У гэтым трагічным спісе:

  • чацвёрты па велічыні ў Еўропе лагер смерці "Трасцянец", дзе знішчылі больш за 200 тысяч чалавек (ёсць сведчанні, што ахвяр было намнога больш – амаль 546 тысяч);
  • жудасны дзіцячы канцлагер у вёсцы Чырвоны Бераг, дзе самымі бесчалавечнымі спосабамі з юных ахвяр – да смерці – забіралі кроў для патрэб нямецкіх шпіталяў;
  • Азарыцкая зона смерці, дзе пад адкрытым небам нацысты трымалі тысячы хворых на сыпны тыф, збіраючыся выкарыстоўваць людзей у якасці бактэрыялагічнай зброі супраць наступаючай Чырвонай Арміі…

Паводле няпоўных даных, у лагерах на тэрыторыі Беларусі нацысты знішчылі амаль 1,5 мільёна чалавек – не толькі мясцовых жыхароў, але і вывезеных з Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Германіі…

***

Пасля заканчэння той страшэннай вайны Беларусь яшчэ доўгія гады аднаўлялася ад разбурэнняў і страт. І да нашых дзён краіна  свята шануе памяць аб ахвярах фашызму, подзвігу герояў і мужнасці людзей, якія жылі ў цяжкі час і аддавалі ўсё, каб наблізіць доўгачаканы  Дзень Перамогі.

Кожны год у Беларусі праходзіць мноства мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. У мясцінах гераічных баёў і чалавечых трагедый створаны мемарыяльныя комплексы і ўстаноўлены абеліскі, распрацаваны ўнікальныя гістарычныя маршруты.

Ва ўсіх гарадах краіны дзейнічаюць экспазіцыі пра вайну, а галоўным сховішчам рарытэтаў з'яўляецца заснаваны менавіта ў Мінску першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У памятныя дні – пачатку  вайны, прарыўных наступаў аперацыі "Баграціён" і, вядома, Вялікай Перамогі – у розных кутках Беларусі праходзяць маштабныя ваенна-гістарычныя рэканструкцыі.

На некалькі гадзін перанесціся ў ваенны час можна у гераічнай Брэсцкай крэпасці і на "Лініі Сталіна" пад Мінскам, у Магілёве (бітва на Буйніцкім полі), Віцебску, Гомелі (бой пры фарсіраванні Дняпра), на Аўгустоўскім канале ў наваколлі Гродна, іншых гарадах краіны.

Прыехаўшы ў Беларусь, вы ўбачыце, з якой пашанай тут ставяцца да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і як берагуць мір, заваяваны цаной мільёнаў жыццяў…

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі