Музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску | Belarus.by
У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Ваенна-гістарычны турызм | Музей Вялікай Айчыннай вайны

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску


Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – першы ў свеце, прысвечаны самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя, і адзіны ў Беларусі, створаны ў гады фашысцкай акупацыі.

Сёння гэта адзін з самых значных і вялікіх музеяў планеты – нараўне з багацейшымі зборамі ў Маскве, Кіеве, Новым Арлеане – якія расказваюць пра падзеі Другой сусветнай вайны.

…У гэтыя страшныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы "Трасцянец" – адзін з буйнейшых пасля “Асвенціма”, “Майданака” і “Трэблінкі”...

Гісторыя музея

Стары будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайныКалекцыя першага ў свеце музея Вялікай Айчыннай вайны была заснавана яшчэ ў чэрвені 1942 года, калі ніхто не мог сказаць, колькі часу прадоўжыцца гэта крывавая трагедыя… 

Будучыя экспанаты непасрэдна з фронту адпраўлялі ў спецыяльна створаную рэспубліканскую Камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны, якая знаходзілася ў эвакуацыі ў Маскве. У ліку першых каштоўнасцей былі хронікі партызанскага руху, друкаваныя і рукапісныя выданні, самаробная зброя...

Амаль паўгода дзякуючы разрыву лініі фронту паблізу Віцебска, калі ўтварыліся "Віцебскія вароты”, каштоўныя прадметы, доказы злачынстваў ворага перадаваліся ў Маскву для стварэння выстаўкі ў Дзяржаўным гістарычным музеі.

У лістападзе 1942-га жыхары ваеннай Масквы сталі сведкамі ўражальнай экспазіцыі пад назвай "Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”. Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск.

У паўразбуранай і разрабаванай сталіцы музей, які захоўвае памяць аб мужнасці і трагедыі беларускага народа, атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада, і ўжо 22 кастрычніка 1944 г. адкрыўся для наведвальнікаў.

Першыя экспазіцыі – аб узбраенні партызан і ваеннай прэсе – хутка папаўняліся ўсё новымі рарытэтамі. Супрацоўнікі музея ўжо ў 1944 годзе даследавалі мясціны, дзе быў размешчаны канцлагер "Трасцянец", у 1949-м – удзельнічалі ў першых раскопках на тэрыторыі гераічнай Брэсцкай крэпасці...

У 1966 годзе музей пераехаў у спецыяльна ўзведзены будынак на цэнтральнай плошчы Мінска (цяпер Кастрычніцкая). У 1977-м побач з музеем пачала работу ўнікальная экспазіцыя ваеннай тэхнікі і ўзбраення пад адкрытым небам.

Новы будынак музея

Новы будынак музеяЗа дзесяцігоддзі даследаванняў Вялікай Айчыннай вайны калекцыя музея вырасла ў шмат разоў: да гэтага часу яе кожны год папаўняюць 700-800 бясцэнных рарытэтаў.

І ўжо ў ХХI стагоддзі па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі было прынята рашэнне стварыць для музея новы комплекс – з павялічанымі экспазіцыйнымі заламі, сучаснымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія дапамагаюць расказаць і паказаць больш аб той трагічнай вайне…  

У праектаванні прымалі ўдзел выдатныя дзеячы краіны, сярод якіх – сааўтар праектаў мінскага чыгуначнага вакзала і Нацыянальнай бібліятэкі прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры Віктар Крамарэнка, адзін са стваральнікаў знакамітага мемарыяла "Хатынь" заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін

Панарама праспекта Пераможцаў. Святочнае шэсце ў Дзень НезалежнасціУрачыстае адкрыццё абноўленага музея адбылося 2 ліпеня 2014 года напярэдадні Дня Незалежнасці і стала своеасаблівым прысвячэннем 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
 
 Велічны будынак агульнай плошчай 15 600 м² узведзены ў знакавым месцы беларускай сталіцы – на плошчы Герояў побач са стэлай "Мінск – горад-герой" і музейна-паркавым комплексам "Перамога". Тут жа – на праспекце Пераможцаў – па традыцыі праходзяць ваенныя парады і святочныя шэсці.

Сучасны будынак музея ўражвае не толькі маштабамі, але і сімвалізмам, што адлюстроўвае вехі гісторыі 1941-1945 гадоў. Кампазіцыя аб’ядноўвае 4 асноўныя блокі – па колькасці ваенных гадоў і франтоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі.

Галоўны фасад выкананы ў выглядзе святочнага "салюту": 11 ззяючых "прамянёў" з нержавеючай сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска.

Праект новага будынка музея. Галоўны фасадСуровы бляск металу ў афармленні "гаворыць" пра вайну, а залацістае ззянне шкла – пра перамогу і найвялікшую каштоўнасць міру.

У праекце новага музея гарманічна злучыліся манументальнасць і сучасныя тэхналогіі. Шкляныя нішы дапаўняюць шырокія плазменныя экраны, а дзякуючы лазернаму падсвечванню “прамені салюту” нібы ідуць у начное неба, падкрэсліваючы контуры ўсяго музейнага ансамбля.

Над ім узвышаецца 45-метровая стэла "Мінск – горад-герой" (адкрыта ў 1985 г. да 40-годдзя Вялікай Перамогі), а побач размешчана скульптура "Радзіма-маці".

Плошчу Герояў упрыгожвае фантан са 170 струменяў, якія прысвечаны населеным пунктам Беларусі, вызваленым савецкімі войскамі ў час вайны.

Экспазіцыя

Экспазіцыя Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайныУ музеі на плошчы больш як 3 000 м² можна ўбачыць больш за 8 тысяч экспанатаў, што расказваюць аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ў фондах захоўваецца амаль 145 тысяч рарытэтаў, сабраных у час баявых дзеянняў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і Германіі, а таксама перададзеных пасольствамі розных краін ужо ў мірны час.

Ваенныя рарытэты складаюць 28 калекцый і экспануюцца ў 10 тэматычных залах:

  • "Мір і вайна";
  • "Мір напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны";
  • "Дарога вайны";
  • "Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі ў Беларусі летам 1941 года. Смаленскі бой. Бітва пад Масквой 1941-42 гадоў";
  • "Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл";
  • "Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі. 1941-44 гг.";
  • "Партызанскі рух і антыфашысцкая падпольная барацьба ў Беларусі. Удзел савецкіх грамадзян у еўрапейскім руху Супраціўлення 1941-45 гг.";
  • "Вызваленне Беларусі. Разгром фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і мілітарысцкай Японіі";
  • "Беларусь пасля вызвалення. 1944-1950 гады. Памяць пра вайну";
  • "Наследнікі Вялікай Перамогі".

Асаблівую цікавасць уяўляюць:

  • калекцыя з 27 тысяч дакументаў (баявыя данясенні, загады, справаздачы, дзённікі, журналы ваенных дзеянняў, характарыстыкі салдат);

Да нашых дзён захавалася пісьмо камандуючага 6-й арміяй вермахта генерала Фрыдрыха Паўлюса ад 19 верасня 1942 года.

  • збор ваеннай графікі (больш як 3 тысячы замалёвак, карыкатур і міні-плакатаў) і жывапісу (амаль 500 акварэлей і пастэлей);
  • баявыя сцягі воінскіх падраздзяленняў, партызанскіх злучэнняў і брыгад;
  • ваенная форма і цывільнае адзенне з СССР, Германіі, Італіі, ЗША, Чэхаславакіі, Францыі;
  • асабістыя рэчы знакамітых ураджэнцаў Беларусі (маршалаў Савецкага Саюза Івана Якубоўскага, Васіля Сакалоўскага, Сцяпана Красоўскага…);

Зала "Партызанскі рух і антыфашысцкая падпольная барацьба ў Беларусі"У музеі можна ўбачыць рэчы разведчыцы Алены Мазанік, якая ў 1943 годзе ўдзельнічала ў аперацыі мінскіх падпольшчыкаў і партызан па ліквідацыі стаўленіка Гітлера, генеральнага камісара акупіраванай Беларусі Вільгельма фон Кубэ. Праз гады гэта гісторыя стала сюжэтам аднаго з самых вядомых савецкіх кінафільмаў "Гадзіннік спыніўся апоўначы"

У афармленні экспазіцый выкарыстаны мультымедыйныя тэхналогіі: шаравы экран, галаграфічныя 3D-інсталяцыі, туманны экран, які стварае эфект полымя.

Галаграфічная 3D-інсталяцыя ў экспазіцыі, прысвечанай абароне Брэсцкай крэпасціУ залах працуюць інфакіёскі, дзе можна "пагартаць" ваенныя дакументы, у тым ліку перапіску маршалаў, нямецкія загады, рукапісныя выданні і пісьмы франтавікоў, убачыць спісы спаленых вёсак, вязняў лагераў…

На шырокіх плазменных экранах дэманструюцца ўнікальныя кадры з кінахронікі, а таксама больш як 40 тысяч фатаграфій таго часу.

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя "Пераправа на плоце артылерыйскага разліку цераз раку Днепр"Наведвальнікі могуць стаць удзельнікамі ваенна-гістарычных рэканструкцый:

  • "Танкавы таран";
  • "Пераправа на плоце артылерыйскага разліку цераз раку Днепр";
  • "Паветраны бой".

Памяшканні музея аб’ядноўвае самая вялікая зала – "Дарога вайны", якая займае трэць пляцоўкі – амаль  1 000 м². У ёй кожны ўзровень адпавядае не толькі пэўнаму перыяду ваеннай гісторыі, але і адзнацы ў рэльефе парка Перамогі.

Шкляны купал у Зале ПерамогіЭкспазіцыю завяршае цудоўная Зала Перамогі, аформленая ў выглядзе шклянога купала берлінскага Рэйхстага, над якім у 1945 годзе савецкія воіны ўстанавілі сцяг Перамогі.

У нашы дні над музеем развяваецца беларускі сцяг, а знутры яго празрысты купал упрыгожвае вітраж з малюнкам бусла – сімвала Беларусі. Адсюль адкрываецца цудоўная панарама горада і маляўнічы від на раку Свіслач і парк Перамогі.

Экскурсіі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Экскурсіі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайныКошт уваходнага білета ў музей – Br9, для школьнікаў – Br4.50, для студэнтаў – Br7. Кожны трэці аўторак месяца – дзень ільготнага наведванны пастаяннай экспазіцыі музея: кошт білета – ад Br1.25 да Br2.50.

Музей працуе:

  • аўторак-нядзеля – з 10.00 да 18.00
  • выхадны – панядзелак, дні дзяржаўных свят

Па папярэдніх заяўках праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі для групы (не больш за 25 чалавек) – ад Br10 да Br25. Акрамя таго, арганізуюцца індывідуальныя кансультацыі, работа з матэрыяламі з фонду, фота- і відэаздымка, а таксама стральба імітацыйнай зброяй.

Пры наведванні музея можна скарыстацца аўдыягідамі на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай і кітайскай мовах.

Як дабрацца?

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Мінска па адрасе – праспект Пераможцаў, 8.

Дабрацца да музея можна на маршрутных аўтобусах:

  •  № 1, 29, 44, 69, 73, 91, 136, 163 – да прыпынка "Музей Вялікай Айчыннай вайны".
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску