Санаторыі Беларусі. Беларускія санаторыі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Санаторыі Беларусі

Санаторыі Беларусі


Беларусь ужо даўно заваявала папулярнасць як цудоўная мясціна для адпачынку і аздараўлення. У нашу краіну гасцей з усяго свету прыцягваюць:

Басейн у санаторыі "Белая вежа"Для аздараўлення адпачывальнікаў у беларускіх санаторыях выкарыстоўваюцца мінеральныя воды, лячэбныя гразі, гаючае паветра сасновых і змешаных лясоў, экалагічна чыстыя натуральныя прадукты. І, вядома, высокаэфектыўныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры.

Беларускія санаторыі шмат у чым унікальныя. Напрыклад, такіх сапрапелевых гразей з асаблівым саставам, як у вядомым санаторыі "Радон", больш няма нідзе ў Беларусі і свеце, а радонавая вада з мясцовых крыніц не ўступае па лячэбных уласцівасцях водам такіх курортаў як Цхалтуба, Мацэста. Мінеральная вада санаторыя "Парэчча" ідэнтычная з лекавымі крыніцамі Друскінінкая...

Падземная спелеалячэбніца ў СалігорскуУ Беларусі працуе адзіны спелярый у СНД, дзе курс лячэння і аздараўлення можна прайсці ў падземнай шахце. Акрамя таго, у многіх санаторыях Беларусі адкрыты спелеапакоі, выкладзеныя блокамі з рэдкім спалучэннем пластоў чырвонай і белай солі старадаўняга Старобінскага радовішча.

У навакольнай мясцовасці самага вялікага возера Беларусі Нарач знаходзіцца найбуйнейшы бальнеагразевы і кліматычны курорт нашай краіны. Тут жа размешчаны адзіны курортны пасёлак Беларусі – Нарач.

Санаторый "Сосны" на возеры НарачБеларускія санаторыі пабудаваны ў экалагічна чыстых зонах – у сасновых барах, на берагах азёр і рэк. Многія з іх знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці або на тэрыторыі ахоўных прыродных зон, у тым ліку буйнейшых дзяржаўных запаведнікаў:

 

 

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма марскога ўзбярэжжа, дзе ў першую чаргу ўзнікалі курорты, санаторнае аздараўленне ў нашай краіне мае векавыя традыцыі.

Санаторна-курортнае лячэнне ў Беларусі

Санаторый "Лясныя азёры" ў старадаўняй курортнай зоне Баркоўшчына Гісторыя санаторна-курортнага аздараўлення ў Беларусі пачалася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, аднак правобразы санаторыяў існавалі і раней.

Ужо ў ХVІ стагоддзі на еўрапейскіх картах паказваліся крыніцы гаючых вод у Баркоўшчыне (сёння Ушацкі раён, Віцебская вобласць). Да 1830 года там існавала лячэбніца, дзе прымалі ванны і пілі мінеральную ваду. А ў 1855 г. лекар Неміроўскі стварыў у гэтых мясцінах прыватны санаторый, куды прыязджалі лячыцца з усёй Еўропы. Сёння ў старадаўняй курортнай зоне знаходзіцца санаторый "Лясныя азёры".

У 1892 годзе таленавіты беларускі вучоны-фізік, урач і вынаходнік Якуб Наркевіч-Ёдка адкрыў у сваім маёнтку Наднёман (цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць) санаторый "Над-Нёман".

Маёнтак "Наднёман". Малюнак Напалеона Орды, канец ХIХ стагоддзяТут практыкаваліся самыя перадавыя метады аздараўлення: лячэбныя ванны, спецыяльная гімнастыка, мінеральныя воды, дыетычнае харчаванне. А галоўнае – электратэрапія і электрамасаж, распрацаваныя і запатэнтаваныя самім Наркевічам-Ёдкам. У 1986 годзе ў санаторыі адкрылася кумыса-лячэбная ўстанова, дзе пад кіраўніцтвам урача памочнікі з Башкірыі гатавалі для пацыентаў карысны для здароўя кумыс.

У наваколлі былога маёнтка Наднёман сёння працуе санаторый "Пад'ельнікі".

У пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі існавалі летнія санаторыі ў в. Навінкі (1904) і Смаргоўка (1913) пад Мінскам. Першымі ў БССР  былі адкрыты санаторыі ва ўрочышчы Баркоўшчына Ушацкага раёна (1919), "Сасноўка" (1921), "Чонкі" (1922).

За апошнія дзесяцігоддзі была пабудавана большасць санаторыяў, якія пастаянна абнаўляюцца і прымаюць жадаючых прайсці аздараўленне і адпачыць у Беларусі.

Беларускія санаторыі і курорты сёння

Санаторый імя АрлоўскагаУ Беларусі сёння працуюць:

            • санаторыі – 76
            • дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры – 13
            • базы адпачынку, дамы адпачынку і пансіянаты – 102
            • аздараўленчыя центры (комплексы) – 22

Методыкі лячэння і аднаўлення ў санаторыях Беларусі распрацаваны з улікам апошніх дасягненняў сучаснай медыцыны. Тут прапануюць лячэнне розных захворванняў (медыцынскі профіль):

  • сістэмы кровазвароту
  • органаў стрававання
  • нервовай сістэмы
  • касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі
  • органаў дыхання
  • жаночых палавых органаў
  • мочапалавой сістэмы
  • сардэчна-сасудзістай сістэмы
  • эндакрыннай сістэмы
  • апорна-рухальнага апарату
  • скуры
  • органаў зроку
  • абмену рэчываў
  • агульнатэрапеўтычны профіль

Санаторый "Азёрны"Візітнай карткай беларускіх санаторыяў здаўна з'яўляецца бальнеалячэнне. Водныя працэдуры - ванны, душ, прамыванні, арашэнні, інгаляцыі, лячэбнае піццё - праводзяцца з выкарыстаннем прыродных мінеральных вод, а таксама чыстай прэснай вады з экстрактамі раслін, араматычнымі масламі...

Практычна ўсе беларускія санаторыі выкарыстоўваюць для лячэння ваду з уласных мінеральных крыніц і падземных свідравін, а таксама сапрапелевыя і тарфяныя гразі.

З дапамогай самага сучаснага абсталявання праводзяцца эфектыўныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры. У некаторых санаторыях аказваецца да 200 відаў медыцынскіх паслуг.

Тут працуюць масажныя кабінеты, лазні і саўны, крыясаўны, праводзіцца іголкаўколванне, лячэнне п'яўкамі, пчоламі...

У 2017 годзе ў санаторыі "Прыазёрны" Нарачанскага курорта адкрылася градзірня. Гэты першы ў беларускіх здраўніцах павільён для выпарвання марской солі пабудаваны з дрэва хвойных парод і бярозавых галін, па якіх сцякае насычаны раствор, ператвараючы паветра вакол у аэразоль мікраэлементаў. І цяпер у тых, хто адпачывае на беразе прэснаводнага возера,  ёсць магчымасць праходзіць аздараўленне ў тым ліку і лекавым марскім мікракліматам.

SPA-цэнтр санаторыя "Прыазёрны"Сёння беларускія санаторыі актыўна выкарыстоўваюць розныя спа-тэхналогіі. Асобныя віды працэдур - Spa-капсулы, абгортванні, ванны - ёсць практычна ва ўсіх здраўніцах.

Аднак усё часцей у санаторыях адкрываюцца сучасныя спа-цэнтры і салоны, дзе адпачывальнікам прапануюць цэлыя праграмы Spa. Яны прадугледжваюць ванны з марской вадой і соллю, дзясяткі відаў масажу (класічныя і ўсходнія практыкі), гразелячэнне, водарасцевыя аплікацыі, танізуючыя абгортванні, стоўнтэрапію.

 Такія спа-цэнтры і салоны працуюць у санаторыях  "Юнацтва", "Прыазёрны", "Азёрны", беларускіх здраўніцах за мяжой.

"Славянскае СПА" санаторыя "Юнацтва" (Мінскі раён)Спа-цэнтр санаторыя "Юнацтва" (Мінскі раён) – "Славянскае СПА", створаны ў стараславянскім стылі (дызайн, асаблівая музыка, традыцыйныя пахі, працэдуры на аснове старадаўніх рэцэптаў) – першы ў Беларусі ўдастоены сертыфіката еўрапейскай якасці "EuropeSpa".

Сярод буйнейшых курортаў Беларусі – Нарач, Ждановічы, Рагачоў, Ушачы. Папулярныя і малыя курорты: Бабруйск, Лётцы, Чонкі.

Курортны пасёлак НарачУ самaй знакамітай курортнай зоне Нарачанскага краю размешчаны 11 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Сярод іх санаторыі "Нарач", "Сосны", "Белая Русь", "Нарачанскі бераг", "Прыазёрны", "Спадарожнік", "Журавушка", турыстычны комплекс "Нарач", Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Зубраня", база адпачынку "Лясная паляна", аздараўленчы лагер "Русалачка".

У Беларусі была рэалізавана Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011-2015 гады, якая дала магутны імпульс далейшым пераўтварэнням. На ўнікальнай прыроднай тэрыторыі мадэрнізуюцца санаторыі і турыстычная інфраструктура, з'яўляюцца новыя сучасныя віды паслуг, развіваецца індустрыя забаў, адкрываюцца арыгінальныя турыстычныя маршруты. Усё робіцца для таго, каб Нарачанскі край ператварыўся ў курорт сусветнага ўзроўню.

Возера НарачІ апошнія гады Нарач сапраўды становіцца ўсё больш прывабным месцам адпачынку. Курорт уваходзіць у тройку самых папулярных у СНД нараўне з азёрамі Баравое (Бурабай, Казахстан) і Ісык-Куль (Кыргызстан), у топ-5 таксама прыкаспійскі курорт Ленкарань (Азербайджан) і Севан (Арменія).

У рамках сумеснага праекта Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Еўрапейскага Саюза "Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі" Нарач (Мядзельскі раён) стала адной з пяці турыстычных дэсцінацый краіны, якія актыўна развіваюцца. Пры распрацоўцы брэнда "Нарач: Крыніца здароўя" ("Беларуская сталіца здароўя") яго галоўнымі перавагамі названы менавіта медыцынскі турызм і актыўны адпачынак у наваколлі рэдкай прыгажосці прыроды, а таксама багатая гісторыка-культурная спадчына і знакамітыя мясціны рэлігійнага паломніцтва.

Беларускія санаторыі за мяжой

У Беларусі няма ўласнага выхаду да мора, аднак яшчэ з часоў Савецкага Саюза беларускія санаторыі працуюць у знакамітых курортных зонах Чорнага і Балтыйскага мораў.Санаторый "Беларусь" у Юрмале

  • Санаторый "Белая Русь" (Туапсэ, Расія)
  • Санаторый "Беларусь" (Сочы, Расія)
  • Санаторый "Беларусь" (Місхор, Крым)
  • Санаторый "Беларусія" (Юрмала, Латвія)
  • Санаторый "Беларусь" (Друскінінкай, Літва)

У гэтыя цудоўна абсталяваныя здраўніцы прыязджаюць адпачывальнікі з усяго свету.

Колькі каштуе адпачынак ў беларускіх санаторыях?

Цэны на пуцёўкі ў беларускія санаторыі вар'іруюцца для грамадзян Беларусі і замежных дзяржаў.

Санаторый "Белая вежа"Кошт пуцёўкі ў беларускія санаторыі залежыць ад сезона, камфортнасці нумара, колькасці дзён знаходжання, набору асноўных і дадатковых лячэбных працэдур. Пры гэтым у беларускіх санаторыях прымяняецца гібкая сістэма скідак, "гарачых" прапаноў.

Прыблізныя цэны ў санаторыях Беларусі для замежных грамадзян у летні сезон 2021 г. (ліпень-жнівень).

Пражыванне ў 2-месным нумары "стандарт" з харчаваннем і працэдурамі (суткі для 1 чалавека):

  • Санаторый "Нарач" – 1992RUB/23€
  • Санаторый "Белая Русь" – 2520RUB/39€
  • Санаторый "Радон" – 3190RUB/35€
  • Санаторый "Крыніца" – 78Br
  • Санаторый "Юнацтва" – 4800RUB/52€
  • Санаторый "Прыазёрны" – 3990RUB/45€
  • Санаторый "Прыморскі" – 2750RUB/40€
  • Санаторый "Белая вежа" – 2800RUB/31€
  • Санаторый "Беларусь" (Сочы) – 5300RUB
  • Санаторый "Беларусь" (Друскінінкай) – 66€

Падводны гідрамасажЗа асобную плату ў санаторыях можна атрымаць дадатковыя лячэбныя працэдуры.

Таксама пасля прыбыцця ў санаторый неабходна аплачваць курортны збор – 3-5% ад кошту пуцёўкі.

Аздараўленне ў санаторыях Беларусі лёгка сумясціць з насычанай экскурсійнай і забаўляльная праграмай. Для адпачывальнікаў арганізуюцца паездкі, у час якіх можна ўбачыць выдатныя мясціны Беларусі, наведаць тэатры, пабываць на цікавых і незвычайных фестывалях.

Прагулка па Аўгустоўскім каналеАматары актыўнага адпачынку могуць адправіцца на пешую або аўтамабільную прагулку па запаведных мясцінах, рыбалку або паляванне.

Прыемным дадаткам да аздараўлення і адпачынку ў санаторыях Беларусі стане шопінг, у час якога можна набыць тавары вядомых беларускіх брэндаў і эксклюзіўныя сувеніры.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі