Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Славянскі базар у Віцебску
Пра Беларусь
| Галоўная | Пра Беларусь | Гісторыя

Гісторыя Беларусі

Больш як 20 тыс. рэдкіх кніг захоўваецца ў кніжным сховішчы Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея
Больш як 20 тыс. рэдкіх кніг захоўваецца ў кніжным сховішчы Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея

Гісторыя Беларусі бярэ пачатак у каменным веку. Прадстаўленая храналогія паказвае, як падзеі мінулага сфарміравалі сучасную Беларусь

Беларусь у каменным веку (100 000 – рубеж 3 000 да н.э.)

На тэрыторыі Беларусі першабытны чалавек з’явіўся прыкладна 100–35 тыс. гадоў таму.

Самыя старажытныя паселішчы людзей каменнага веку былі знойдзены на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Стаянка эпохі палеаліту ў в. Юравічы (Калінкавіцкі раён) існавала прыкладна 26 тыс. гадоў таму, у в. Бердыж (Чачэрскі раён) – 24–23 тыс. гадоў таму. Сляды старажытных культур былі таксама знойдзены ў Брэсцкай, Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.

Беларусь у бронзавым веку
(рубеж 3 і 2 тысячагоддзяў – 8–6 стст. да н.э.)

Артэфакты, якія адносяцца да бронзавага веку, былі знойдзены па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Беларусь у жалезным веку і ў раннім сярэдневякоўі
(8–7 стст. да н.э. – 8 ст. н.э.)

У перыяд  жалезнага веку на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў басейнах рэк Днепр, Дзвіна і Прыпяць сустракаліся паселішчы, якія адносяцца да археалагічных культур:

  • мілаградская культура
  • паморская культура
  • днепра-дзвінская культура
  • культура штрыхаванай керамікі.

Першыя палітычныя аб’яднанні на тэрыторыі Беларусі (VI – XIII стст.)

Славяне на тэрыторыю сучаснай Беларусі пачалі пранікаць у першыя стагоддзі нашай эры. За некалькі стагоддзяў яны рассяліліся па ўсім рэгіёне, паступова асіміляваўшы балцкія плямёны, якія пражывалі на гэтых землях. У VI-IX стст. ва ўсходніх славян фарміруюцца першыя палітычныя аб’яднанні – саюзы плямёнаў. Да IX стагоддзя адносіцца першае летапіснае згадванне пра г.Полацк і Полацкае княства, якое існавала на тэрыторыі сучаснай Віцебскай і паўночнай часткі Мінскай вобласці і панавала ў рэгіёне да XIII стагоддзя.

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (XIII–XVI стст.)

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ) было магутнай дзяржавай, якая ўключала ў сябе землі сучасных Беларусі, Літвы, Кіеўскай, Чарнігаўскай і Валынскай абласцей Украіны і захаду Расіі ад Балтыкі да Чорнага мора.

Узвышэнне ВКЛ пачалося падчас праўлення князя Міндоўга ў XIII ст. На працягу некалькіх стагоддзяў Вялікае княства Літоўскае адыгрывала значную ролю ў еўрапейскай палітыцы. Уплыў ВКЛ пачаў слабець толькі пасля шэрага войнаў у XVI ст.

У 1569 г. Вялікае княства Літоўскае і Каралеўства Польскае падпісалі Люблінскую унію: на роўных правах Княства і Карона аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Пачалася новая эпоха ў беларускай гісторыі.

Рэч Паспалітая (1569–1795)

Гэта была асабліва бурная эпоха ў беларускай гісторыі. Дзяржава перажывала ўнутраныя супярэчнасці, яна пастаянна была ўцягнута ў войны, у тым ліку:

  • 1654–1667вайна з Расіяй
  • 1700–1721Паўночная вайна (Швецыя і Расія)

У выніку бясконцых войнаў Рэч Паспалітая моцна аслабела і перастала існаваць як самастойная дзяржава. Яе тэрыторыі ў 1772, 1793 і 1795 гадах былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

Расійская імперыя (1772–1917)

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. На сваіх новых тэрыторыях расійскі ўрад пачаў актыўна праводзіць палітыку русіфікацыі.

У канцы XVIII – пачатку XIX стст. на тэрыторыі Беларусі адбылося некалькі сур’ёзных канфліктаў:

  • паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (1794)
  • напад арміі Напалеона (1812)
  • Польскае паўстанне (1830–1831 гг.)
  • нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863–1864 гг.)

У 1880-я гады ў Санкт-Пецярбургу беларускія студэнты заснавалі рэвалюцыйную арганізацыю «Гоман». Яна стала папярэдніцай першай беларускай нацыянальнай палітычнай партыі «Грамада», сфарміраванай у 1903 годзе.

У 1906 г. у Расійскай імперыі пачалася Сталыпінская аграрная рэформа. Адным з мерапрыемстваў рэформы стала масавае прымусовае перасяленне сялян (у 1906–1916 гг. больш як 335,4 тыс. чалавек) з Беларусі ў Сібір.

Першая сусветная вайна (1914–1918)

1915–1916 гг. – на тэрыторыі Беларусі адбываліся крывавыя бітвы паміж нямецкімі і рускімі войскамі.

3 сакавіка 1918 г.– падпісаны Брэст-Літоўскі дагавор, які азнаменаваў выхад Савецкай Расіі з Першай сусветнай вайны. Акупацыя Беларусі германскімі войскамі працягвалася да снежня 1918 г.

Рэвалюцыя ў Расіі (1917–1919)

сакавік 1917 г. – рэвалюцыя ў Расіі прымусіла цара Мікалая II адрачыся ад прастола.

лістапад 1917 г.Кастрычніцкая рэвалюцыя – улада ў Расіі пераходзіць да бальшавікоў.

сакавік 1918 г. –  была абвешчана  Беларуская народная рэспубліка (БНР). Яна праіснавала менш як год да вываду нямецкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

1 студзеня 1919 г. – абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Руска-польская вайна (1919–1921)

1921 г. – падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога заходнія тэрыторыі Беларусі адышлі да  Польшчы, на ўсходніх тэрыторыях адрадзілася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

1921–1941

1922 – Беларуская ССР увайшла ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).

1921–1928 – у Беларусі, як і па ўсім Савецкім Саюзе, праводзілася Новая эканамічная палітыка (НЭП).

1921–1939 гг. – польскія ўлады ў Заходняй Беларусі актыўна праводзілі палітыку паланізацыі.

1932–1933голад, выкліканы савецкай эканамічнай палітыкай, і ўвядзенне калектыўнай сельскай гаспадаркі (калгасы).

1936–1940 перыяд сталінскіх рэпрэсій. Больш як 86 000 беларусаў пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Амаль 28 000 былі расстраляны ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам.

Другая сусветная вайна і Вялікая Айчынная вайна (1939–1945 гг.)

17 верасня 1939 г. – Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, у выніку чаго гэтыя тэрыторыі ўведзены ў склад БССР.

чэрвень 1941 г. – пачалася Вялікая Айчынная вайна.

чэрвень-ліпень 1941 г.супраціўленне абаронцаў Брэсцкай крэпасці нямецкім захопнікам прадаўжалася 6 тыдняў.

верасень 1941 г. – Беларусь поўнасцю акупіравана нямецкай арміяй. Акупанты пачалі ўстанаўліваць так званы новы парадак, заснаваны на тэроры.

чэрвень 1941 г.– створана мінскае гета, у якім акрамя беларускіх знаходзіліся нямецкія і чэшскія яўрэі. Масавыя расстрэлы вязняў гета праводзіліся ў Тучынках непасрэдна да знішчэння гета ў кастрычніку 1943 г.

1941–1943 гг.Халакост у Беларусі. Масавыя забойствы яўрэяў нямецкімі войскамі прадаўжаліся да завяршэння акупацыі.

канец 1941 г. у Беларусі пачынае разгортвацца партызанскі рух, які да 1944 г. становіцца самым масавым у Еўропе.

1943 г. – мінскія падпольшчыкі забілі галоўнага нямецкага стаўленіка ў Беларусі генерала Кубэ.

канец чэрвеня – ліпень 1944 г. – у ходзе аперацыі «Баграціён» тэрыторыя Беларусі поўнасцю вызвалена Чырвонай Арміяй ад фашысцкіх акупантаў. 3 ліпеня вызвалены Мінск.

люты 1945 г. – па выніках Ялцінскай канферэнцыі, на якой у ліку іншых вырашалася пытанне аб тэрыторыях Польшчы, землі Заходняй Беларусі, за выключэннем Беластоцкай вобласці, засталіся ў складзе БССР.

май 1945 г. – скончылася Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навейшая гісторыя

1945 г. – Беларусь прынята ў склад членаў – заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).

1954 г. – Беларусь уступіла ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

красавік 1986 г. – аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой пацярпела значная тэрыторыя Беларусі.

1991 г. – спыніў сваё існаванне Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларусь абвешчана незалежнай дзяржавай.

1994 г. – у Беларусі адбыліся выбары першага ў гісторыі незалежнай дзяржавы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ім выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

1997 г. – падпісаны дагавор аб Саюзе Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, у 1999 г. створана Саюзная дзяржава дзвюх краін.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: