Спорт у Беларусі | Belarus.by | Пра Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі - Кастрычнік 2018
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Спорт

Спорт у Беларусі


У Беларусі фізічнай культуры і спорту, які ўжо стаў візіткай краіны на сусветнай арэне, удзяляецца вялікая ўвага. Аб гэтым сведчаць  высокія дасягненні беларусаў на міжнародных спаборніцтвах, наяўнасць спартыўных збудаванняў сусветнага класа і, вядома, актыўная падтрымка здаровага ладу жыцця і спорту сярод жыхароў.

Кожны год колькасць вялікіх міжнародных турніраў, праводзімых у Беларусі, расце: у 2015-м – 30, у 2016-м – 67, а ў 2017-м – больш за 80. Сярод самых значных – чэмпіянат свету па хакеі-2014, юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне-2015, этапы Кубка свету па фрыстайле і мастацкай гімнастыцы, чэмпіянат свету па канькабежным спорце-2018

І каляндар будучых спартыўных падзей не менш цікавы. У 2019-м знакаміты комплекс "Раўбічы" ўпершыню прыме чэмпіянат свету па летнім біятлоне, а галоўнай падзеяй года, зразумела, стануць II Еўрапейскія гульні ў Мінску. У 2021-м беларуская сталіца сумесна з латвійскай Рыгай рыхтуецца прыняць 85-ы чэмпіянат свету па хакеі з шайбай.

Спартыўныя збудаванні ў Беларусі

Здароўе людзей, развіццё фізічнай культуры і спорту – прыярытэты сацыяльнай палітыкі Беларусі. І нараўне з падрыхтоўкай спартсменаў топ-узроўню  ў краіне асабліва падтрымліваецца масавы, дзіцяча-юнацкі спорт. Дзякуючы такому падыходу беларускія школы, ВНУ, а таксама дзіцячыя дашкольныя ўстановы добра аснашчаны для заняткаў спортам.

Сёння ў краіне функцыянуе больш за 23 тысячы  аб’ектаў фізкультурна-спартыўнага прызначэння, у тым ліку:

  • 136 стадыёнаў
  • 327 басейнаў (разам з міні-басейнамі – 958)
  • 52 спартыўныя манежы
  • 4510 спартыўных залаў
  • 35 спартыўных збудаванняў са штучным ільдом

Для прафесіяналаў і аматараў спорту ў Беларусі нямала аб'ектаў  сусветнага класа, якія становяцца пляцоўкамі значных нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў. Сярод іх:

  • шматпрофільны спартыўна-відовішчны комплекс "Мінск-Арэна" (чацвёртая па ўмяшчальнасці пляцоўка ў Еўропе);
  • шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс "Чыжоўка-Арэна";
  • палац спорту "Уручча";
  • вучэбна-трэніровачны цэнтр "Фрыстайл" са спартыўна-аздараўленчым комплексам;
  • Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы";
  • Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі";
  • Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы;
  • вяслярныя каналы ў Брэсце і Заслаўі;
  • гарналыжны комплекс-курорт "Лагойск";
  • Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы";
  • дамашняя пляцоўка знакамітага беларускага футбольнага клуба БАТЭ і нацыянальнай зборнай па футболе – "Барысаў-Арэна", якая ўвайшла ў дзясятку лепшых стадыёнаў свету, уведзеных у строй у 2014 годзе.

Папулярныя віды спорту ў Беларусі

Паводле статыстыкі, больш за 2 мільёны беларусаў сістэматычна займаюцца фізічнай культурай і спортам – больш за 22% ад агульнай колькасці насельніцтва.

Сёння ў краіне развіваецца больш за 130 відаў спорту. Найбольш папулярныя:

  • лёгкая атлетыка
  • футбол
  • гімнастыка
  • лыжны спорт
  • хакей
  • тэніс
  • барацьба
  • валейбол
  • гандбол
  • плаванне
  • шахматы і шашкі

Цэнтр "Раўбічы"

Рэспубліканскі цэнтр aлімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", пабудаваны спецыяльна да чэмпіянату свету 1974 года, і сёння лічыцца адным з лепшых у свеце цэнтраў для біятлона. У 1996-м па рашэнні Міжнароднага саюза біятланістаў цэнтр атрымаў катэгорыю А – з ліцэнзіяй на правядзенне спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню без выключэнняў.

Пасля маштабнай рэканструкцыі комплекс атрымаў суперсучасную інфраструктуру, якую высока ацанілі спартсмены, трэнеры, суддзі і журналісты, а таксама тысячы балельшчыкаў.

"Раўбічы" – адзін з буйнейшых спартыўных комплексаў у краіне, даступных для ўсіх аматараў зімовых відаў спорту, і адначасова трэніровачная база для спартсменаў. Тут у любую пару года рыхтуюцца да спаборніцтваў прадстаўнікі беларускіх і замежных зборных. Сярод іх і самая тытулаваная біятлонная пара ў свеце – шматразовыя алімпійскія чэмпіёны Дар'я Домрачава і Уле Эйнар-Б'ёрндален.

Інфраструктура спарткомплексу "Раўбічы" ўключае:

  • спаборніцкія трасы (1,5 км, 2 км, 2,5 км, 3 км, 3,3 км), траса для трэніровак (да 5 км);
  • стрэльбішча – прафесійная ўстаноўка з 36 мішэнямі (Kurvinen);
  • адкрытыя трыбуны для гледачоў на 2,5 тысячы месцаў;
  • крыты цір – 10 мішэнных установак (Kurvinen);
  • сучасныя вакс-кабіны і памяшканні для захоўвання інвентару і падрыхтоўкі амуніцыі;
  • судзейскі павільён (памяшканні для судзейскай калегіі, сакратарыята, гасцявыя пакоі);
  • прэс-цэнтр плошчай больш за 600 м² (канферэнц-зала, кабінет допінг-кантролю);
  • лядовая арэна (хакейная пляцоўка з трыбунамі стандарту ІІХФ, трэнажорная зала і 10 абсталяваных раздзявалак; міні-футбольнае поле і разміначная пляцоўка);
  • комплекс фрыстайла;
  • універсальная спартыўная зала (баскетбол, міні-футбол, гандбол, валейбол);
  • адкрыты гульнявы комплекс (футбольная і баскетбольная пляцоўкі, 8 тэнісных кортаў);
  • футбольнае поле са штучным пакрыццём (90х50 м);
  • медыка-аднаўленчы цэнтр.

Акрамя спартыўных збудаванняў у распараджэнні ўдзельнікаў спаборніцтваў і гасцей комплексу "Раўбічы" – 3 гасцініцы з нумарамі павышанай камфортнасці і гасцявыя катэджы, а таксама канферэнц-залы, рэстараны, кафэ, бар-піцэрыя і міні-кафэ на крытым трэніровачным катку.

Прафесійны спорт у Беларусі

Падрыхтоўкай прафесійных спартсменаў у Беларусі займаюцца 457 арганізацый фізічнай культуры і спорту:

  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры
  • 11 сярэдніх школ – вучылішчаў алімпійскага рэзерву
  • 445 спецыялізаваных школ алімпійскага рэзерву
  • 250 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ

Адной з буйнейшых падзей у дзіцяча-юнацкім спартыўным календары Беларусі з'яўляецца  штогадовая Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў, адноўленая ў 2006 годзе па распараджэнні кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, штогод у краіне праводзіцца больш за 100 турніраў для дзяцей і падлеткаў, у тым ліку:

  • Рэспубліканскія спаборніцтвы па хакеі "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Беларусі
  • Рэспубліканскія спаборніцтвы па біятлоне "Снежны снайпер"
  • Рэспубліканскія спаборніцтвы па футболе "Скураны мяч"
  • Рэспубліканскія спаборніцтвы па гандболе "Імклівы мяч"
  • Рэспубліканскія спаборніцтвы па шахматах сярод школьных каманд "Белая ладдзя"
  • Фестываль плавання "Залатая рыбка" на прызы Аляксандры Герасімені
  • Рэспубліканскі фестываль "Футбольныя канікулы"

Усяго ж будучых спартсменаў рыхтуюць па 28 алімпійскіх відах спорту і 36 відах, якія не ўваходзяць у праграму галоўных стартаў чатырохгоддзя. Дарэчы, за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі 280 ураджэнцаў нашай краіны сталі чэмпіёнамі свету і Еўропы ў многіх відах спорту.

Беларусь і Алімпійскія гульні

Беларусь можа ганарыцца сваёй гісторыяй удзелу ў Алімпійскіх гульнях: чэмпіёнамі і прызёрамі галоўных стартаў чатырохгоддзя ў розныя гады сталі 200 спартсменаў. Упершыню беларусы выступілі на Алімпійскіх гульнях у 1952 годзе ў Хельсінкі ў складзе зборнай СССР.

У гісторыі незалежнай Беларусі – пасля афіцыйнага прызнання Нацыянальнага алімпійскага камітэта 21 верасня 1993 года на 101-й сесіі МАК у Манака – беларускія спартсмены прынялі ўдзел у трынаццаці Алімпійскіх гульнях. І заваявалі 97 медалёў, тым ліку 20 залатых, 32 сярэбраныя і 45 бронзавых.

  • Лілехамер-1994: 2 сярэбраныя медалі
  • Атланта-1996: 1 залаты, 6 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў
  • Нагана-1998: 2 бронзавыя медалі
  • Сідней-2000: 3 залатыя, 3 сярэбраныя і 11 бронзавых медалёў
  • Солт-Лейк-Сіці-2002: 1 бронзавы медаль
  • Афіны-2004: 2 залатыя, 5 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў
  • Турын-2006: 1 сярэбраны медаль
  • Пекін-2008: 3 залатыя, 4 сярэбраныя і 6 бронзавых медалёў
  • Ванкувер-2010: 1 залаты, 1 сярэбраны і 1 бронзавы медалі
  • Лондан-2012: 2 залатыя, 5 сярэбраных і 3 бронзавыя медалі
  • Сочы-2014: 5 залатых і 1 бронзавы медалі – рэкорднае ў суверэннай гісторыі 8-е месца ў агульнакамандным медальным заліку. На Гульнях у Сочы тры залатыя медалі заваявала знакамітая беларуская біятланістка Дар'я Домрачава.
  • Рыа-2016: 1 залаты, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі
  • Пхёнчхан-2018: 2 залатыя і 1 сярэбраны медалі

Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі:

  • Кацярына Карстэн (веславанне акадэмічнае, 1996, 2000)
  • Эліна Зверава (лёгкая атлетыка, дыск, 2000)
  • Яніна Карольчык (лёгкая атлетыка, ядро, 2000)
  • Ігар Макараў (дзюдо, 2004)
  • Юлія Несцярэнка (лёгкая атлетыка, 100 м, 2004)
  • Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнёў і Раман Петрушэнка (веславанне на байдарцы, чацвёрка, 2008)
  • Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка, 2008)
  • Аляксандр і Андрэй Багдановічы (веславанне на каноэ, двойка, 2008)
  • Вікторыя Азаранка і Максім  Мірны (тэніс, мікст, 2012)
  • Сяргей Мартынаў (стральба кулявая, 2012)
  • Аляксей Грышын (фрыстайл, 2010)
  • Дар'я Домрачава (біятлон, тры золаты, 2014)
  • Ала Цупер (фрыстайл, 2014)
  • Антон Кушнір (фрыстайл, 2014)
  • Уладзіслаў Ганчароў (скачкі на батуце, 2016)
  • Ганна Гуськова (фрыстайл, 2018)
  • Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава (біятлон, эстафета, 2018)

У Беларусі тры вялікія цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі: у Стайках, Раўбічах і Ратамцы.

Многія знакамітыя алімпійцы родам з Беларусі.

Беларусь і Паралімпійскія гульні

У Беларусі таксама моцная паралімпійская каманда, на рахунку якой больш за 100 узнагарод:

  • Атланта-1996: 3 залатыя, 3 сярэбраныя і 7 бронзавых медалёў
  • Сідней-2000: 5 залатых, 8 сярэбраных і 10 бронзавых медалёў
  • Солт-Лейк-Сіці-2002: 1 залаты і 1 сярэбраны медалі
  • Афіны-2004: 10 залатых, 12 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў
  • Турын-2006: 1 залаты, 6 сярэбраных і 2 бронзавыя медалі
  • Пекін-2008: 5 залатых, 7 сярэбраных і 1 бронзавы медалі
  • Ванкувер-2010: 2 залатыя і 7 бронзавых медалёў
  • Лондан-2012: 5 залатых, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі
  • Сочы-2014: 3 бронзавыя медалі
  • Рыа-2016: 8 залатых і 2 бронзавыя медалі
  • Пхёнчхан-2018: 4 залатыя, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі

На XIV летняй Паралімпіядзе ў Лондане беларуская каманда з 10 узнагародамі (5 залатых, 2 сярэбраныя, 3 бронзавыя) заняла 25-е месца ў падагульняючым медальным заліку. З 10 узнагарод беларускай каманды 6 заваяваў плывец Ігар Бокій у катэгорыях S13 і SM13.

На зімовых Паралімпійскіх гульнях-2014 у Сочы нацыянальная зборная з 3 бронзавымі ўзнагародамі заняла 18-е месца. Беларускія паралімпійцы Васіль Шапцябой і Ядвіга Скорабагатая сталі бронзавымі прызёрамі ў біятлоне і лыжных гонках.

Летнія Паралімпійскія гульні ў Рыа прынеслі зборнай 8 залатых медалёў: 6 заваяваў Ігар Бокій, яшчэ 2 – Андрэй Праневіч і Уладзімір Ізотаў.

Беларусь на XII зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане паказала лепшы рэзультат за ўсю гісторыю свайго ўдзелу ў галоўных стартах чатырохгоддзя. Нацыянальная зборная заняла 8-е месца ў агульным медальным заліку з 12-ю медалямі (4 залатыя, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя).

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску