Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
XI Міжнародны музычны фестываль Юрыя Башмета
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Спорт | Дар'я Домрачава

Дар'я Домрачава

Дар’я Домрачава - трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў-2014 у Сочы
Дар’я Домрачава - трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў-2014 у Сочы

Знакамітая беларуская біятланістка Дар'я Домрачава – трохразовая чэмпіёнка і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, двухразовая чэмпіёнка свету, пераможца і прызёр этапаў Кубка свету, заслужаны майстар спорту, Герой Беларусі.

Па версіі прэміі Biathlon Award беларуская спартсменка названа лепшай біятланісткай 2010 года.

Год нараджэння: 1986 (3 жніўня)

Месца нараджэння: Мінск, Беларусь

У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне з 2006 года (у 2005-м Дар'я Домрачава дэбютавала за юніёрскую каманду).

Трэнеры: Андрыян Цыбульскі (галоўны трэнер зборнай Беларусі), Клаус Зіберт, Фёдар Свабода (старшыя трэнеры жаночай зборнай Беларусі)

Асноўныя перамогі Дар'і Домрачавай

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка (Сочы-2014), бронзавы прызёр Алімпіяды (Ванкувер-2010)

Двухразовая чэмпіёнка свету па біятлоне: у гонцы праследавання (2012, Рупольдынг, Германія), у мас-старце (2013, Нове-Месца, Чэхія)

Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету па біятлоне: у змешанай эстафеце (2008, Эстэрсунд, Швецыя), у мас-старце (2011, Ханты-Мансійск, Расія), у спрынце (2012, Рупольдынг, Германія)

Бронзавы прызёр чэмпіянату свету па біятлоне ў эстафеце (2011, Ханты-Мансійск, Расія)

Уладальнік малых Хрустальных глобусаў: у мас-старце (2010/2011), у гонцы праследавання і мас-старце па выніках Кубка свету сезона 2011/2012, у мас-старце (2013/2014), у спрынце (2014/2015)

Уладальнік Вялікага хрустальнага глобуса ў агульным заліку Кубка свету (2014/2015)

Біяграфія Дар'і Домрачавай

Дар'я Домрачава нарадзілася ў Мінску, але ў 4 гады разам з бацькамі-архітэктарамі паехала ў Ханты-Мансійскую аўтаномную акругу. Маці будучай спартсменкі была галоўным архітэктарам пры будаўніцтве горада Нягань, дзе сям'я пражыла 15 гадоў.

Тут жа Дар'я Домрачава пачала займацца спортам: у 1992 годзе яна следам за братам запісалася ў лыжную секцыю пад кіраўніцтвам трэнера Андрэя Дарашэнкі. А ў 1999 годзе Дар'я адна з першых прыйшла ў школу біятлона, якая толькі адкрылася ў Нягані. Першы трэнер Дар'і Домрачавай па біятлоне – Альберт Мусін.

У 2004 годзе Дар'я Домрачава вярнулася ў родны Мінск і па запрашэнні трэнераў пачала займацца ў зборнай Беларусі.

Першым міжнародным стартам за зборную Беларусі стаў чэмпіянат свету сярод юніёраў 2005 года ў Контыялахты (Фінляндыя). Беларуская спартсменка выйграла спрынт і гонку праследавання, а ў індывідуальнай гонцы заняла 40-е месца (на адным з агнявых рубяжоў адваліўся дыёптр, у выніку чаго на трэцяй стральбе было дапушчана пяць промахаў з пяці).

У 2006 годзе на юніёрскім чэмпіянаце свету ў Прэск-Айле (ЗША) лепшымі вынікамі Дар'і Домрачавай сталі 3-е месца ў гонцы праследавання і 4-е месца ў індывідуальнай гонцы.

У 2007 годзе на чэмпіянаце свету сярод юніёраў у Валь-Мартэла (Італія) яна двойчы паднімалася на п'едэстал гонару, заняўшы другое месца па выніках спрынту і гонкі праследавання.

Кубак і чэмпіянаты свету ў кар'еры Домрачавай

У 2006 годзе Дар'я Домрачава дэбютавала ў розыгрышы Кубка свету. На першым этапе ў шведскім Эстэрсундзе яна паказала 16-ы вынік у спрынтарскай гонцы, стаўшы другой з пяці беларускіх біятланістак.

Сезон 2006/2007 стаў для спартсменкі першым у дарослым біятлоне. У падагульняючым заліку Кубка свету яна заняла тады 22-е месца.

У сезоне 2008/2009 Дар'я Домрачава замацавалася ў дзясятцы лепшых біятланістак свету. Праўда, у нямецкім Оберхофе з ёю двойчы здараліся прыкрыя моманты. Лідзіруючы ў мас-старце, на рубяжы Дар'я памылкова страляла стоячы, а не лежачы, ні разу не трапіла ў мішэнь і сышла з дыстанцыі. Праз год, зноў лідзіруючы ў гонцы, Даша на трэцім рубяжы страляла па чужой мішэні і атрымала чатыры штрафныя кругі.

Сезон 2009/2010 прынёс Дар'і Домрачавай перамогі ў спрынце і гонцы праследавання  (Контыялахты), серабро этапу ў індывідуальнай гонцы (Холменколен).

У сезоне 2011/2012 Дар'я Домрачава заняла ў агульным заліку Кубка свету другое месца (1188 балаў) следам за немкай Магдаленай Нойнер (1216). Па выніках сезона Дар'я Домрачава заваявала два малыя Хрустальныя глобусы: у заліку гонак з масавым стартам і ў заліку гонак праследавання.

Напярэдадні сезона 2012/2013 Дар'я Домрачава была адной з прэтэндэнтак на медалі як на Кубку свету па біятлоне, так і сусветным першынстве ў гэтым відзе спорту. Аднак пры добрай скорасці беларуску падводзіла дакладнасць стральбы. На Кубку свету па біятлоне Дар'я Домрачава выйграла спрынт у аўстрыйскім Хохфільцэне, а таксама індывідуальную гонку ў Сочы. На чэмпіянаце свету па біятлоне ў Чэхіі лепшая беларуская біятланістка заваявала золата ў мас-старце. Па выніках сезона 2012/2013 Дар'я Домрачава стала другой пасля нарвежкі Туры Бергер, аднак не заваявала ніводнага Хрустальнага глобуса на Кубку свету.

Сезон 2013/2014 стаў для Дар'і Домрачавай сапраўды трыумфальным, аднак у агульным заліку Кубка свету, дзе не ўлічваюцца рэзультаты Алімпійскіх гульняў, Домрачава заняла трэцяе месца (793 балы). У барацьбе за вялікі Хрустальны глобус "беларуская ракета" ўступіла лідару Кайсе Мякярайнен (Фінляндыя) і Туры Бергер (Нарвегія), якая заняла другое месца. Тым не менш, па выніках Кубка свету сезона 2013/2014 Домрачава заваявала малы Хрустальны глобус у мас-старце.

Біятлонны сезон 2014/2015 Дар'я Домрачава завяршыла грандыёзнай перамогай: па выніках Кубка свету "беларуская ракета" заваявала свой доўгачаканы Вялікі хрустальны глобус. На працягу ўсіх этапаў Домрачава дзевяць разоў узнімалася на вышэйшую прыступку п'едэстала і, набраўшы 1092 ачкі, абышла бліжэйшых саперніц – фінскую біятланістку Кайсу Мякярайнен (1044) і ўкраінку Валянціну Семярэнка (865). Найбольшую колькасць перамог сезона – чатыры – Дар'я заваявала ў гонках праследавання (Паклюка, Антэрсельва, Нове-Месца, Ханты-Мансійск), двойчы выйгравала спрынт (Антэрсельва і Холменколен) і гонкі з масавага старту (Рупольдынг і Оберхоф), а таксама стала першай у індывідуальнай гонцы ў шведскім Эстэрсундзе.

Дар'я Домрачава на Алімпійскіх гульнях

У 2010 годзе ў Ванкуверы 23-гадовая Дар'я Домрачава заваявала сваю першую алімпійскую ўзнагароду –  бронзавы медаль у індывідуальнай гонцы на 15 км.

Праз чатыры гады Алімпійскія гульні ў Сочы прынеслі беларускай біятланістцы сапраўдны трыумф. На працягу 5 дзён Дар'я Домрачава выйграла тры запар гонкі  і стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай, першай жанчынай у біятлоне, якая атрымала тры вышэйшыя ўзнагароды на адной Алімпіядзе

Першае золата Дар'я заваявала ў гонцы праследавання (10 км). Стартаваўшы дзявятай, яна імкліва ляцела па дыстанцыі, дапусціўшы толькі адзін промах на апошнім рубяжы. У выніку Домрачава стала першай, апярэдзіўшы нарвежку Туру Бергер (серабро) і славенку Тэю Грэгарын (бронза).

Другое золата "беларуская ракета" Дар'я Домрачава заваявала ў індывідуальнай гонцы на 15 км. У той дзень чэмпіёнка паднялася на п'едэстал разам з другой прадстаўніцай Беларусі Надзеяй Скардзіна (бронза) і швейцарскай біятланісткай Селінай Гаспарын (серабро).

Трэцяе золата Алімпіяды ў Сочы Дар'я Домрачава заваявала ў мас-старце на 12,5 км. З адным промахам на чатырох агнявых рубяжах яна апярэдзіла чэшку Габрыэлу Саўкалаву (серабро) і нарвежку Цірыл Экхоф (бронза).

На Гульнях у Сочы Дар'я Домрачава пабіла алімпійскі рэкорд біятланісткі Каці Вільхельм. Прычым Домрачава – першая ў свеце трохразовая алімпійская чэмпіёнка, якая атрымала ўсе свае перамогі ў асабістых гонках.

Дар'я Домрачава: цікавыя факты пра спартсменку

Нягледзячы на тое, што з дзяцінства большую частку часу Дар'я Домрачава прысвячае спорту, яна паспявала і добра вучыцца. Абараніўшы дыплом Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "Эканоміка  і кіраванне турызмам" (2009 г.), праслаўленая біятланістка адразу ж паступіла атрымліваць другую вышэйшую адукацыю  ("Гаспадарчае права").

У спартсменкі ёсць фальм-відэадзённік "Дар'я Домрачава. Прадстаўляючы Беларусь" (2010 г.), дзе яна расказвае пра свет вялікага спорту, жыццё ў камандзе, свае першыя перамогі.

У 2010 годзе, пасля зімовых Гульняў у  Ванкуверы, Белпошта выпусціла маркі, прысвечаныя алімпійцам, у тым ліку і Дар'і Домрачавай.

Па выніках 2010 года Дар'я Домрачава стала "Спартсменкай года" ў Беларусі, а таксама атрымала званне заслужанага майстра спорту.

Дар'я Домрачава і француз Сімон Фуркад сыгралі галоўныя ролі ў невялікім жартаўлівым фільме "Шпіён, які любіў біятлон", выпушчаным Міжнародным саюзам біятланістаў (IBU) да заканчэння сезона 2012/2013. У здымках, праходзіўшых у Антхольцы, Осла, Сочы і Ханты-Мансійску, прынялі ўдзел зоркі біятлона Кайса Мякярайнен, Мартэн Фуркад, Б'ёрн Феры, Вольга Зайцава…

У ліку выдатных людзей Беларусі Дар'я Домрачава 2 ліпеня 2013 г. прыняла ўдзел у цырымоніі адкрыцця плошчы Дзяржаўнага сцяга Беларусі.

Перад Гульнямі ў Сочы Дар'я Домрачава кансультавалася па стральбе з алімпійскім чэмпіёнам Лондана-2012 "каралём малакалібернай вінтоўкі" Сяргеем Мартынавым і яго трэнерам Аляксандрам Івановым.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №66 ад 17 лютага 2014 года "за высокае прафесійнае майстэрства і выключныя спартыўныя дасягненні" Дар'і Домрачавай прысвоена званне "Герой Беларусі". Выдатная спартсменка стала першай у гісторыі краіны жанчынай, якая ўдастоена гэтага ганаровага тытула.

Дар'я Домрачава ўзнагароджана вышэйшым знакам прызнання ў лыжным спорце Нарвегіі  – медалём Холменколена, які ўручаецца з 1895 года. За гісторыю толькі восем біятланістаў удастойваліся гэтай узнагароды: Андрэа Хенкель, Оле-Эйнар Б'ёрндален і Міхаэль Грайс (2011), Магдалена Нойнер і Эміл-Хегле Свендсэн (2012), Тура Бергер і Мартэн Фуркад (2013), Дар'я Домрачава (2014).

V Усебеларускі народны сход
Праграма развіцця Беларусі на 2016-2020 гады (праект)
Парламенцкія выбары 2016 года ў Беларусі
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Дэнамінацыя ў Беларусі: новыя грошы
Платныя дарогі ў Беларусі