Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Поиск отеля

| Галоўная | Пра Беларусь | СМІ ў Беларусі

СМІ ў Беларусі

Штогадовая выстаўка "СМІ ў Беларусі"
Штогадовая выстаўка "СМІ ў Беларусі"

У Беларусі сёння дзейнічаюць і развіваюцца друкаваныя і электронныя СМІ розных форм уласнасці і рознай тэматыкі. Таксама ў медыйнай прасторы краіны шырока прадстаўлены замежныя СМІ.

Друкаваныя СМІ ў Беларусі

Па стану на 1 студзеня 2012 года ў Беларусі выдавалася 678 газет і 676 часопісаў. Больш за дзве трэці з іх з'яўляюцца прыватнымі.

Друкаваныя СМІ ў Беларусі выдаюцца пераважна на беларускай і рускай мовах, хоць ёсць выданні на англійскай, польскай, украінскай і нямецкай.

Найбольш уплывовымі ў краіне з'яўляюцца газеты "СБ.Беларусь сегодня" і "Рэспубліка". Таксама ў Беларусі папулярныя мясцовыя выпускі буйных расійскіх газет "Комсомольская правда" і "Аргументы и факты."

Усяго ж у Беларусі распаўсюджваецца больш за 4 тысячы замежных друкаваных СМІ, у тым ліку з Расіі, Украіны, Казахстана, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі, Нідэрландаў, Польшчы, Літвы, Латвіі.

Інфармацыйныя агенцтвы ў Беларусі

У Беларусі дзейнічае 9 інфармацыйных агенцтваў, 7 з іх - прыватныя.

Буйнейшым інфармацыйным агенцтвам Беларусі з'яўляецца Беларускае тэлеграфнае агенцтва - БелТА, якое мае карэспандэнцкую сетку ва ўсіх рэгіёнах краіны. У Мінску, нараўне з беларускімі інфармацыйнымі агенцтвамі, працуюць таксама прадстаўніцтвы расійскіх інфармагенцтваў - ІТАР-ТАСС, Прайм-ТАСС, карэспандэнты вядучых сусветных агенцтваў - "Рэйтэр" і "Асашыэйтэд Прэс".

Электронныя СМІ ў Беларусі

Па стану на 1 студзеня 2012 года ў Беларусі вяшчалі 162 радыёпраграмы і 81 тэлепраграма. З іх 23 радыёпраграмы і 50 тэлепраграм - прыватныя.

Высокая доля грамадскіх радыёпраграм тлумачыцца тым, што большая іх частка - гэта регіянальнае радыё, у якасці заснавальнікаў выступаюць мясцовыя органы ўлады.

Вяшчанне ў FM-дыяпазоне ў Беларусі ажыццяўляюць 30 радыёстанцый, у тым ліку "Радыус-FM", "Радыё "Юністар" (беларуска-германскі медыяпраект), "Еўропа плюс" і іншыя.

На замежную аўдыторыю, якая цікавіцца падзеямі ў нашай краіне, разлічаны перадачы радыёстанцыі "Беларусь", што вяшчае на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, французскай і іспанскай мовах.

У Беларусі дзейнічаюць пяць агульнанацыянальных тэлеканалаў – "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Агульнанацыянальнае тэлебачанне", "Сталічнае тэлебачанне" і міжнародны спадарожнікавы  тэлеканал "Беларусь-ТБ".

Міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь-ТБ" пачаў вяшчанне ў 2005 годзе. Праграмы канала рэтрансліруюцца з дапамогай двух спадарожнікаў – Экспрэс-АМ22 і Galaxy 19. Сёння вяшчанне тэлеканала ахоплівае каля 60 краін свету. "Беларусь-ТБ" могуць глядзець гледачы ў краінах Еўропы, Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, Афрыкі і Паўночнай Амерыкі. Вяшчанне вядзецца кругласутачна на беларускай і рускай мовах. Для карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт арганізавана анлайн-трансляцыя.

У сетках кабельных аператараў Беларусі рэтрансліруецца больш за 100 замежных тэлеканалаў, у  тым ліку "Euronews", BBC, "Eurosport".

Цяпер Беларусь пераходзіць ад аналагавага да лічбавага тэлевяшчання - пераход будзе завершаны да 2015 года. Цяпер лічбавае вяшчанне даступна 94 працэнтам насельніцтва краіны.

Заканадаўства аб СМІ ў Беларусі

Прававую аснову дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі складаюць Канстытуцыя і Закон "Аб сродках масавай інфармацыі" (новы закон прыняты ў 2008 годзе).

Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, забараняецца манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура.

Закон "Аб сродках масавай інфармацыі" замацоўвае асноўныя прынцыпы дзейнасці СМІ ў Беларусі: дакладнасць інфармацыі, роўнасць, паважанне правоў і свабод чалавека, разнастайнасць меркаванняў, абарону маральнасці, выкананне норм прафесійнай этыкі.

Закон стаў асновай для ўвядзення элементаў самарэгулявання ў медыйнай сферы Беларусі - з гэтай мэтай быў створаны Грамадскі каардынацыйны савет у сферы масавай інфармацыі, які ўключае прадстаўнікоў СМІ, журналісцкіх арганізацый, экспертнай супольнасці.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: