У розных кутках Беларусі, якая страціла ў 1941-1945 гадах кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на гэтай шматпакутнай зямлі.
Сёння ў краіне каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі, але галоўнае – з'яўляюцца святым месцам ушанавання загінулых, вечным напамінам аб тым, які бясцэнны мір...
Стэла "Мінск – горад-герой", пабудаваная ў 1985 годзе ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі, сёння ўваходзіць у грандыёзны ансамбль Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У 1974 годзе Мінск атрымаў званне Горада-героя за мужнасць і адвагу яго жыхароў у час фашысцкай акупацыі, якая прадаўжалася 1100 дзён і начэй. Вянчае 45-метровы абеліск Зорка Героя, а каля п'едэстала выгравіраваны тэкст аб прысваенні гораду ганаровага звання. Дапаўняе ансамбль бронзавая скульптура жанчыны з высока ўзнятымі фанфарамі - сімвал Радзімы-маці. У нашы дні каля стэлы "Мінск-горад-герой" праходзяць грандыёзны ваенны парад і шэсце ў галоўнае нацыянальнае свята – Дзень Незалежнасці.
г. Мінск, праспект Пераможцаў
Мінская вобласць, Лагойскі раён
Больш за 5 тысяч беларускіх вёсак было сцёрта з зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх і Дальва, якая 19 чэрвеня 1944 года паўтарыла трагічны лёс Хатыні. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца мемарыял памяці загінулых, бетонныя вянкі зрубаў хат і невялікі музей. Ініцыятарам стварэння комплексу, чалавекам, што прысвяціў яму ўсё жыццё, быў Мікалай Гірыловіч, які цудам выжыў у той трагічны дзень. Астатнія жыхары вёскі – 44 чалавекі, 29 з якіх – дзеці, былі сагнаны ў адзін дом і спалены жывымі. Бязлітасную карную аперацыю фашысты правялі ўсяго за 10 дзён да прыходу войскаў Чырвонай Арміі...
Мінская вобласць, Лагойскі раён
Мінская вобласць, Смалявіцкі раён
У сэрцы мемарыяла, прысвечанага героям-вызваліцелям Пінска – брацкая магіла, дзе знаходзіцца прах 244 салдат, помнік бранякатару БК-92 і сімвалічны знак, устаноўлены на месцы высадкі дэсанта Дняпроўскай флатыліі. Побач узноўлены знакаміты "Дот Малчанава": у 1944 годзе тут размяшчаўся камандны пункт маёра Георгія Малчанава, які камандаваў 1323-м стралковым палком. Менавіта адсюль прыйшло першае паведамленне аб вызваленні Пінска. У нашы дні ўзноўлены інтэр'ер легендарнага штаба, а ў экспазіцыі можна ўбачыць планы ваенных аперацый, карты, часопіс памяці салдат... Пасля рэканструкцыі ў мемарыяльным комплексе з'явіўся музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.
Брэсцкая вобласць, г. Пінск
Вялікая партызанская "зямлянка" з бетону, а таксама стэла з памятным надпісам з'явіліся ў 1982 годзе на 1-м кіламетры шашы Магілёў – Чавусы. У гэтых мясцінах у пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся штаб Заходняга фронту. Тут 1 ліпеня 1941-га з удзелам маршалаў Савецкага Саюза К.Варашылава і Б.Шапашнікава адбылася першая нарада па абароне Дняпроўскага рубяжа і стварэнні падпольных атрадаў у тыле ворага. А праз некалькі сутак пачалася гераічная абарона Магілёва, на подступах да якога 23 дні і ночы стаялі 172-я (генерал М.Раманаў) і 110-я (палкоўнік В.Хлебцаў) стралковыя дывізіі 61-га стралковага корпуса 13-й арміі, іншыя падраздзяленні Чырвонай Арміі, што рухаліся з захаду, і народныя апалчэнцы, якія ўсталі на абарону роднага горада.
Магілёўскі раён
Мемарыяльны ансамбль у Барках Кіраўскага раёна захоўвае памяць аб спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсках Магілёўшчыны. Так склалася, што мясцін, што падзялілі лёс сумна вядомай на ўвесь свет Хатыні, у Беларусі – сотні. Трагічныя гісторыі многіх з іх пакладзены ў аснову знакамітай дакументальнай кнігі "Я з вогненнай вёскi" беларускіх аўтараў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка, якія запісалі для нашчадкаў праўдзівае апавяданне больш як 300 сведак тых дзён... У крывавым спісе і Баркі, якія ўвайшлі ў гісторыю адной з самых масавых карных аперацый вайны. 15 чэрвеня 1942-га фашысты спалілі жыхароў вёскі і навакольных сёл – усяго больш за 2000 чалавек… Праз дзесяцігоддзі тут узведзены Сцяна памяці і шэсць пліт з назвамі знішчаных вёсак, званы і капліца ў гонар абраза Божай Маці "Спатоленне загінулых".
Магілёўская вобласць, Кіраўскі раён, в. Баркі
Сімвалічная фігура гусляра, які праслаўляе подзвігі воінаў, узвышаецца над высокім земляным курганам. Нібыта застылая ў паветры вечная песня мужнасці ўслаўляе гераізм і адвагу загінулых салдат. Ля падножжа кургана – сцяна-стэла з шасцю барэльефамі Герояў Савецкага Саюза: Уладзіміра Мартынава, Сундуткалі Іскаліева, Гуляма Якубава, якія аддалі свае жыцці пры штурме Лудчыцкай вышыні ў чэрвені 1944 года, а таксама Івана Барысевіча, Пятра Вінічэнкі і Галакціёна Размадзэ, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Быхаўскай зямлі. Сімвал памяці аб вайне – Вечны агонь – гарыць ля помніка, а імёны салдат, загінулых у баях за вышыню, напісаны на мемарыяле ля кургана воінскай славы...
Магілёўская вобласць, Быхаўскі раён
Мемарыяльны комплекс у Сычкаве прысвечаны салдатам і партызанам, якія ў чэрвені 1944-га ўдзельнічалі ў вырашальным этапе вызваленчай аперацыі "Баграціён". У "Бабруйскім катле" была разгромлена 40-тысячная нямецкая групоўка армій "Цэнтр". У 1967 годзе мясцовыя жыхары ўвекавечылі подзвіг герояў-вызваліцеляў у Кургане Славы, унутры якога закладзены капсулы з зямлёй з 70 брацкіх магіл. На 18-метровым пастаменце ўзвышаецца скульптурная кампазіцыя двух салдат, а побач – 6 стэл з выявамі загінулых Герояў Савецкага Саюза: Івана Арла, Мікалая Калодкі, Аляксандра Чарныша, Міхаіла Селязнёва, Івана Маслоўскага і Мікалая Ізюмава. У наш час мемарыял дапоўнілі Брама Славы і 13 памятных дошак у гонар Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні краю.
Магілёўская вобласць, Бабруйскі раён
Мемарыял у гонар савецкіх воінаў і партызан Віцебшчыны, які гараджане называюць "Тры штыкі", размешчаны на беразе ракі Дзвіны ў сэрцы горада. Кожны з трох 56-метровых абеліскаў-штыкоў вянчае літы рэльеф – "Воіны", "Падпольшчыкі", "Партызаны". Вечны агонь, запалены на зорцы-подыуме, асвятляе надпіс унутранага кальца манумента – "Слава героям". Акрамя галоўнага мэмарыяла, у комплекс уваходзяць 2 вялікія басейны з фантанамі, 10 пілонаў і скульптурныя кампазіцыі з выявамі савецкіх воінаў і мірных жыхароў. У парку Пераможцаў знаходзяцца таксама Алея воінскай славы і экспазіцыя баявой тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
г. Віцебск
На беразе Дняпра ў Оршы ўзвышаецца манумент легендарнай зброі Перамогі – баявой машыне рэактыўнай артылерыі БМ-13, якую савецкія воіны назвалі "Кацюшай". Яе ўстройства і ашаламляльны эфект вогненнага смерчу доўгія гады заставаліся для немцаў тайнай. І менавіта ў Оршы 14 ліпеня 1941-га прагучалі першыя баявыя залпы "Кацюшы": эксперыментальная батарэя з сямі машын пад камандаваннем капітана І.Флёрава нанесла ўдары па эшалонах ворага на чыгуначнай станцыі і пазіцыях каля рачной пераправы. Мемарыял аб'ядноўвае 6 накіраваных угару "мінамётных пускавых установак" з бетону, а ў цэнтры на п'едэстале ўстаноўлена дакладная копія "Кацюшы" ўзору 1941 года. Ля ўвахода ў комплекс – чорны куб з памятным надпісам аб першым удары знакамітай зброі.
г. Орша, вул. Магілёўская
Мемарыял "Праклён фашызму" прысвечаны трагедыі Докшыцкага раёна, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі больш за 20 тысяч чалавек, а 97 вёсак былі знішчаны. У мемарыяльным комплексе "Хатынь" на могілках 186 спаленых разам з жыхарамі сёлаў адна з "магіл" належыць Шунеўцы. Для 66 яе жыхароў апошні дзень надышоў 22 мая 1943-га: усіх дарослых карнікі спалілі жывымі, а безабаронных дзяцей кінулі паміраць у калодзеж. Памяццю аб жорстка забраных юных жыццях стаў "зруб калодзежа", унутры якога – прабіты паветраны змей з бронзы з выгравіраванымі імёнамі дзяцей. У цэнтры мемарыяла – высокая "Брама смутку", дзе жанчына-маці адчайна ўзносіць рукі да неба. Над ёй – тры званы, адзін з якіх расколаты і не звоніць як сімвал вечнай памяці аб загінулых. На зямлі, дзе калісьці стаялі дамы, цяпер толькі 22 фундаменты з прыступкамі і "застылым полымем", якое захоўвае імёны гаспадароў...
Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, в. Шунеўка
Уражальны комплекс створаны на месцы легендарнага прарыву фашысцкай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны – адной з самых буйных у акупіраванай Беларусі. Сапраўдная партызанская рэспубліка з цэнтрам ва Ушачах існавала з восені 1942 года, а вясной 1944-га немцы кінулі супраць 17 тысяч партызанаў 60 тысяч карнікаў, авіяцыю, танкі, артылерыю. І ўсё ж трагічнай ноччу з 4 на 5 мая партызаны разграмілі ворага, вывеўшы з акружэння 16 тысяч мірных жыхароў... У брацкай магіле "Прарыву" пахаваны сотні воінаў, яшчэ больш імёнаў увекавечаны на плітах. Мемарыял адкрывае бронзавая карта абароны, а далей дарога-страла праходзіць паміж вялізных глыб, паказваючы напрамак галоўнай атакі, дзе з аўтаматам у руках "бяжыць" бясстрашны воін. Побач – 16 дубоў як сімвал стойкасці 16 партызанскіх брыгад. У мемарыяльны комплекс таксама ўваходзяць "партызанская вёска" – шэраг зямлянак з прадметамі ваенных часоў – і экспазіцыя армейскай тэхнікі.
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Паперына
Гомельскі "Курган Славы" створаны ў 1967 годзе ў гонар подзвігу воінаў і партызанаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ля падножжа мемарыяла закладзены капсулы з зямлёй з больш як 200 мясцін Беларусі, Расіі і Украіны, дзе праходзілі найбуйнейшыя ваенныя бітвы, у тым ліку з праслаўленых гарадоў-герояў: Масквы, Кіева, Ленінграда, Адэсы і галоўнай цытадэлі Беларусі – Брэсцкай крэпасці. У 2013 годзе ў ходзе маштабнай рэканструкцыі да 70-годдзя вызвалення Гомеля ля Кургана Славы з'явіўся Вечны агонь. У год стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі пасланне нашчадкам, змешчанае ў "Курган" пры яго узвядзенні, было ўскрыта і закладзена новае – з тым, каб праз 50 гадоў, у 2067-м, яго прачыталі пераемнікі.
г. Гомель
Уражальны мемарыял створаны на месцы аднайменнай вёскі, спаленай нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адкрыццё гэтага новага сімвала памяці і смутку для ўсіх беларусаў адбылося ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі і дзень пачатку вайны – 21 чэрвеня 2020 г. …Вёска Ала была акупіравана ў канцы ліпеня 1941 года. Раніцай 14 студзеня 1944 года нямецкі карны атрад разам з вайсковай часцю, якая налічвала каля 1 тыс. салдат, акружыў сялібу. Людзей заганялі ў хаты, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. У той ракавы дзень было забіта 1758 мірных жыхароў, больш як палавіна з якіх – дзеці – 950 загубленых юных жыццяў. І гэта амаль дванаццаць Хатынь! Пасля вайны вёска Ала не адрадзілася. У 1958 годзе на брацкай магіле, у якой спачываюць мірныя жыхары і савецкія воіны (2253 чалавекі), быў устаноўлены помнік – скульптура салдата з вянком, які стаіць на каленях. А да 75-годдзя Перамогі пахаванне ператварылася ў маштабны мемарыяльны комплекс "Ала". Сімвалічнае месца аб’ядноўвае тры часткі – уваходную групу, мемарыяльную зону і пешаходны маршрут па былой вясковай вуліцы, што злучае іх. У цэнтры мемарыяльнай зоны ўзвышаецца сімвалічны крыж і звон. Побач – званіца ў выглядзе стылізаванага вясковага хлява з колькасцю званоў па колькасці вёсак, жыхары якіх тут загінулі.
Гомельская вобласць, Светлагорскі раён
Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Светлагорскім раёне быў заснаваны першы ў свеце мемарыяльны комплекс, прысвечаны адной з самых вялікіх ваенных аперацый у гісторыі чалавецтва. Менавіта тут, каля вёскі Раковічы на 71-м кіламетры шашы Бабруйск – Мазыр, 23 чэрвеня 1944 года пачалося маштабнае наступленне савецкіх войскаў, якое доўжылася больш за два месяцы. У выніку аперацыі, якая атрымала кодавую назву ў гонар героя Айчыннай вайны 1812 года палкаводца Пятра Баграціёна, былі вызвалены Беларусь, часткова тэрыторыі Прыбалтыкі і Польшчы, а галоўнае, нанесены сакрушальны ўдар па групе нямецкіх армій "Цэнтр", які канчаткова аслабіў Германію. ... Першым аб'ектам комплексу стаў 7-метровы мемарыял-барэльеф, у яго цэнтры – фігуры чатырох палкаводцаў, якія забяспечылі поспех аперацыі...
У мемарыяльны комплекс таксама ўключаны бліндажападобны музей, прысвечаны аперацыі "Баграціён", капліца з памінальнай кнігай, экспазіцыя баявой тэхнікі і ўзбраенняў.
Гомельская вобласць, Светлагорскі раён, в. Раковічы
Мемарыяльны комплекс у Лоеве прысвечаны героям адной з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны - аперацыі па фарсіраванні Дняпра ў кастрычніку 1943 года. Яшчэ ў 1966 годзе ў цэнтры гарадскога пасёлка быў устаноўлены 18-метровы абеліск – паменшаная копія манумента Перамогі ў Мінску. Пасля рэканструкцыі да 70-годдзя Вялікай Перамогі ўся цэнтральная плошча ператварылася ў мемарыяльны ансамбль. На адкрытай экспазіцыйнай пляцоўцы Музея бітвы за Днепр па абодва бакі ад алеі Славы ўстаноўлены ўзоры ваеннай тэхнікі, што ўдзельнічала ў бітве. На мемарыяльных плітах увекавечаны сотні імёнаў. За неверагодную мужнасць у баях на Лоеўскім плацдарме 323 воіны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза – унікальны факт у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.Гомельская вобласць, г.п. Лоеў
Добруш, жыхары якога разам з воінамі Чырвонай Арміі адважна абаранялі горад, быў вызвалены ад акупацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў 10 кастрычніка 1943 года. На месцы брацкай магілы на беразе ракі Іпуць у 2005 годзе быў узведзены мемарыяльны комплекс "Памяць", дзе ўвекавечаны імёны 700 байцоў, якія аддалі жыцці ў час абароны горада.
Гомельская вобласць, г. Добруш
Мемарыял, узведзены ў 2004 годзе ў цэнтральнай частцы Гродна, прысвечаны савецкім воінам, якія гераічна абаранялі рубяжы краіны з самых першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. На фоне пагранічных слупоў – сімвалаў 15 саюзных рэспублік – узвышаецца бронзавая скульптура трох воінаў, якія, надзейна закрываючы граніцу сваімі целамі і сціскаючы ў руках зброю, праходзяць праз вогненныя сцены абароны. Лейтматывам кампазіцыі стаў надпіс - "Загінулым, але не пераможаным воінам-пагранічнікам Беларускай пагранічнай акругі". Ансамбль дапаўняюць гранітныя пліты, што сімвалізуюць брацкія магілы тых мужных салдат, якія 21 чэрвеня 1941 года першымі ўступілі ў бой з ворагам.
г. Гродна
Мемарыял "Шавулічы" – яшчэ адзін з самых буйных помнікаў Беларусі, прысвечаны трагедыі "вогненных вёсак", знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. У час карнай аперацыі раніцай 7 ліпеня 1943 года немцы расстралялі тут 366 чалавек, у тым ліку 120 дзяцей, і спалілі 77 дамоў. Пасля гэтай крывавай расправы вёска Шавулічы, якую называюць "малодшай сястрой Хатыні", не адрадзілася, а памяць аб трагедыі была ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе. Побач з брацкімі магіламі забітых мірных жыхароў з'явіліся абеліск, скульптурная кампазіцыя "Воін і падпольшчыца", два журботныя крыжы… У час рэканструкцыі да 70-годдзя Вялікай Перамогі на месцы спаленых дамоў устанавілі 40 драўляных зрубаў-сімвалаў, гранітныя пліты і памятныя таблічкі з імёнамі загінулых. У сэрцы мемарыяла бронзавы звон нагадвае пра сотні загубленых жыццяў…
Гродзенская вобласць, Ваўкавыскі раён
Створаны фашыстамі крывавы лагер "Трасцянец" стаў самым буйным на тэрыторыі Савецкага Саюза і чацвёртым у Еўропе пасля сумна вядомых "Асвенціма", "Майданака" і "Траблінкі". Паводле афіцыйных даных, на "фабрыцы смерці" ў наваколлі Мінска загінулі 206,5 тысячы чалавек, але ёсць сведчанні, што ахвяр было значна больш. "Трасцянец" аб'ядноўваў некалькі месц жорсткай расправы: працоўны канцлагер каля вёскі Малы Трасцянец, урочышча Благаўшчына, дзе праводзіліся масавыя расстрэлы, урочышча Шашкоўка, дзе целы забітых спальвалі ў велізарнай "яме-печы"... Да 70-годдзя Вялікай Перамогі на тэрыторыі былога лагера смерці быў заснаваны грандыёзны мемарыяльны комплекс – сімвал нацыянальнай і агульначалавечай памяці аб ахвярах нацызму.
У "Трасцянцы" фашысты знішчалі мірных жыхароў і ваеннапалонных, вязняў Мінскага гета, удзельнікаў падполля і партызанаў, яўрэяў, вывезеных з Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў...
г. Мінск
Мемарыял "Яма" ў Мінску – трагічны напамін пра бесчалавечнасць нацыстаў, сімвал вечнаго болю і смутку па ахвярах генацыду. У час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраванай беларускай сталіцы было створана адно з найбуйнейшых у Еўропе гета для знішчэння яўрэяў: да канца кастрычніка 1943-га тут знішчылі больш за 100 тысяч чалавек. Сярод шматлікіх забойстваў і пагромаў у гісторыю ўвайшла крывавая бойня 2 сакавіка 1942 года, калі фашысты расстралялі больш за 5 тысяч яўрэяў, у тым ліку 200 сірот з дзіцячага дома разам з выхавальнікамі і медперсаналам... Тысячы цел людзей, забітых у Мінскім гета, звальвалі ў яму, дзе цяпер знаходзіцца ўражальны мемарыял. У яго цэнтры – памятны абеліск з чорнага мармуру, устаноўлены яшчэ ў 1947 годзе, а да выбрукаванай уручную глыбокай ямы вядзе лесвіца-кампазіцыя "Апошні шлях": 27 бронзавых фігур, нібы безаблічныя цені, спускаюцца, каб быць забітымі...
Каля "Ямы" пасаджана алея Праведнікаў народаў свету, дзе ўвекавечаны імёны беларусаў, якія пад страхам смерці ратавалі людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Усяго ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі існавала звыш 100 гета, куды для ліквідацыі прывозілі яўрэяў з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і іншых краін...
г. Мінск, вул. Мельнікайтэ
Гомельская вобласць, Жлобінскі раён, в. Чырвоны Бераг
…Жорсткі лагер смерці праіснаваў усяго два тыдні, але за гэты час фашысты паспелі знішчыць не менш як 20 тысяч чалавек. У сакавіку 1944 года яго стварылі па загадзе Гітлера ў наваколлі вёскі Азарычы на Палессі, каб не толькі закатаваць палонных, але і аслабіць надыходзячую Чырвоную Армію. Сюды – у край балот – звозілі хворых на сыпны тыф і іншыя інфекцыі, якія маглі хутка распаўсюдзіцца сярод мясцовых жыхароў і савецкіх салдат. На тэрыторыі Азарыцкай зоны смерці, якая аб'ядноўвала некалькі месц, не было пабудоў: жанчын, дзяцей і старых трымалі пад адкрытым небам, а подступы да лагера былі замініраваны. З гэтага жаху вызваліцелі выратавалі звыш 30 тысяч палонных, сярод якіх больш за палавіну – дзеці. У 1965 годзе быў створаны мемарыял, які аб'ядноўвае тры белыя стэлы – сімвал Азарыцкіх лагераў – на якіх адлюстраваны вязні і высечаны імёны.
У 2004 годзе адкрыўся музей памяці ахвяр Азарыцкай зоны смерці, дзе сабраны ўнікальныя матэрыялы: успаміны і запісы галасоў сведак, дакументы, фатаграфіі, перапіска з былымі вязнямі і вызваліцелямі...
Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён
У жніўні 1941 года на ўскраіне Магілёва ў прадмесці Лупалава фашысты стварылі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Зняволеных марылі голадам, дапытвалі і строга катавалі: штодзень за калючым дротам, праз які быў прапушчаны электрычны ток, паміралі да 250 чалавек. Усяго ў лагеры загінулі каля 80 тысяч ваеннапалонных, і толькі імёны 389 з іх вядомы. Адным з вязняў быў і генерал Міхаіл Раманаў - камандзір знакамітай 172-й стралковай дывізіі, якая гераічна абараняла горад у ліпені 1941-га. У памяць аб загінулых на месцы лагера смерці ў 1948 годзе з'явіўся першы помнік, а ў 1984-м – у гонар 40-годдзя вызвалення Магілёва – быў адкрыты мемарыяльны комплекс.
На месцы Лупалаўскага канцлагера знаходзіцца таксама брацкая магіла воінаў 238-й і 369-й стралковых дывізій 2-га Беларускага фронту, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Магілёва ў чэрвені 1944 года.
г. Магілёў
Залы і экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, адкрыты ва ўсіх гісторыка-краязнаўчых музеях Беларусі. Бясцэнныя рарытэты, ваенныя хронікі гарадоў і вёсак, трагедыі зломленых жыццяў, расказы аб подзвігу людзей, якія ўносілі свой уклад у доўгачаканую Перамогу – кожны раён краіны захоўвае памяць аб тых страшных гадах...
Рэдкія экспанаты сустракаюцца і ў школьных музеях, дзе на працягу дзесяцігоддзяў пасляваенныя пакаленні збіраюць сведчанні ліхалецця, успаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў і мірных жыхароў...
Падарожнічаючы па Беларусі, вы можаце не толькі наведаць шматлікія мясцовыя экспазіцыі, але і ўбачыць сапраўды ўнікальныя ваенныя калекцыі.
Галоўнае сховішча рарытэтаў – першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які быў заснаваны менавіта ў Мінску. Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музей адкрыўся ў новым будынку, стаў інтэрактыўным гістарычным комплексам. Сёння беларускі музей – гэта яшчэ і адзін з найбуйнейшых збораў планеты, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны.
Таксама маштабныя ваенныя калекцыі Беларусі прадстаўляюць: