Першая сусветная вайна ў Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Ваенна-гістарычны турызм | Першая сусветная вайна

Першая сусветная вайна ў Беларусі

Рэканструкцыя бою, прымеркаваная да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны, у Смаргоні (2014 г.)
Рэканструкцыя бою, прымеркаваная да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны, у Смаргоні (2014 г.)

"Вялікая вайна", у якой удзельнічалі 38 з 59 існаваўшых на той час дзяржаў свету, павярнулася яшчэ адной трагедыяй для Беларусі. На працягу трох гадоў наша зямля знаходзілася ў эпіцэнтры ваенных і палітычных падзей, была месцам бязлітасных баёў, несла вялікія страты – людзей і нацыянальнага здабытку.

Першыя баі адбыліся ў жніўні 1915 года каля фартоў Гродзенскай крэпасці, а ў верасні пасля крывавага Свянцянскага прарыву нямецкія войскі канчаткова ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі, якая ў той час была часткай Расійскай імперыі.

Доўгія гады лінія Заходняга фронту праходзіла цераз беларускія Паставы, Мядзел, Вілейку, Смаргонь, Баранавічы, Пінск. Да канца вайны праціўніку ўдалося на час прасунуцца да лініі Расоны – Полацк – Сянно – ОршаМагілёў – Жлобін.

На тэрыторыі Беларусі праходзілі буйнейшыя баі і ваенныя кампаніі, якія забралі сотні тысяч жыццяў:

  • Баі каля Гродзенскай крэпасці (восень – зіма 1915 г.)
  • Нарачанская наступальная аперацыя (сакавік1916 г.)

Навакольная мясцовасць славутага возера Нарач стала месцам гібелі тысяч салдат, калі ў сакавіку 1916 года – для "выратавання Францыі пад Вердэнам" – раней за тэрмін пачалася наступальная аперацыя рускіх войскаў.

  • Баранавіцкая аперацыя (чэрвень – ліпень 1916 г.)

Баранавічы сталі першым горадам Расійскай імперыі, дзе 8 чэрвеня 1915 г. быў устаноўлены помнік героям Першай сусветнай вайны. Тут жа знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, якая ў хуткім часе была пераведзена далей ад лініі фронту – у Магілёў.

  • абарона Смаргоні (горад не здаваўся 810 дзён!)
  • маштабныя баі пад Смаргонню і Крэвам (лета 1917 г.)

Рэканструкцыя бою, прымеркаваная да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны, у Смаргоні (2014 г.)

У гады Першай сусветнай беларуская зямля несла вялізныя страты: па лініі фронту тэрыторыя была падзелена, людзі беглі ад вайны, прадпрыемствы і ўстановы, якія ўлады не змаглі эвакуіраваць, знішчаліся ворагам. У армію было мабілізавана звыш 800 тысяч беларусаў – і прыкладна кожны восьмы загінуў… Амаль 1,5 млн жыхароў сталі бежанцамі, але ў мірны час звыш 400 тысяч з іх больш не вярнуліся ў родныя мясціны.

1917 год стаў пераломным для Расійскай дзяржавы. Востры палітычны крызіс, ваенныя страты, разруха і голад, Лютаўская рэвалюцыя, Грамадзянская вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя прывялі да пачатку сепаратных перагавораў з аўстра-германскай кааліцыяй. 4 снежня 1917-га ў вёсцы Солы (цяпер Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць) быў падпісаны Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце. Баявыя дзеянні прыпыніліся на два месяцы, агульнае перамір’е заключылі ў Брэст-Літоўску 15 снежня 1917 года.

Тым не менш, пасля заканчэння тэрміну перамір’я ў лютым 1918 г. германскія войскі разам з саюзнікамі зноў пачалі наступленне на ўсіх франтах. На беларускіх землях яны рушылі наперад да лініі Расоны – Полацк – Сянно – Орша – Магілёў – Жлобін – Гомель. Толькі ўсходнія паветы Віцебскай і Магілёўскай губерняў засталіся неакупіраванымі.

У цяжкай сітуацыі савецкі ўрад 3 сакавіка 1918 года падпісаў Брэсцкі мір на ўмовах германа-аўстрыйскай кааліцыі. Згодна з ім, Расія ўступала Германіі тэрыторыю плошчай 780 тыс. кв. км з насельніцтвам 56 млн чалавек – землі сучасных Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы, большую частку беларускай Гродзеншчыны.

Пасля паражэння германскіх войскаў на захадзе Еўропы і Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года ў Германіі Брэсцкі мірны дагавор быў ануляваны савецкім урадам.

На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці размешчаны руіны былога Белага палаца, дзе ў 1918 годзе быў падпісаны Брэсцкі мір.

Падзеі Першай сусветнай вайны ў Беларусі вывучаны не так маштабна, як Вялікая Айчынная вайна, таму нямала яшчэ трэба даследаваць. Але несумненна, што беларуская зямля стала арэнай кровапралітных баёў і ў цэлым цяжкай, доўгай пазіцыйнай вайны, цярпела разбурэнні і шмат страціла. Пры гэтым бачыла сапраўдны гераізм салдат, афіцэраў і мірных жыхароў. У гады Першай сусветнай больш за 1 млн воінаў расійскай арміі былі ўзнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі і медалямі, у тым ліку і многія тысячы ўраджэнцаў Беларусі.

Сёння памяць пра вайну захоўваюць мемарыялы і музейныя экспазіцыі ў тых мясцінах, якія некалі знаходзіліся на лініі фронту і звязаны з буйнейшымі падзеямі, якія ўвайшлі ў сусветную гісторыю.

Больш таго, у 1916-1917 гадах, калі войскі абодвух бакоў пачалі сур’ёзна ўмацоўваць свае абарончыя пазіцыі, на тэрыторыі Беларусі былі пабудаваны тысячы збудаванняў – агнявых пунктаў, сховішчаў, назіральных пунктаў, траншэй, артылерыйскіх капаніраў, а таксама дапаможная інфраструктура. Нямецка-аўстрыйскія інжынеры стваралі ўмацаванні пераважна з бетону і сталі, рускія – з зямлі і дрэва. Да гэтага часу яны, зразумела, знаходзяцца ў розным стане – ад паўразбураных да нядрэнна захаваных, пры гэтым застаюцца буйнейшым помнікам у гісторыі Першай сусветнай вайны.

Мемарыяльны комплекс памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні

У горадзе Смаргонь створаны самы вялікі ў Беларусі мемарыял памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны. Ён унікальны і тым, што ўзведзены на месцы рэальных падзей, стаўшы першым комплексам такога маштабу.

Выбар месца сімвалічны: больш за два гады – з верасня 1915 па люты 1918 гг. – тут праходзіла лінія руска-германскага фронту, а сам горад, які не здаваўся ворагу 810 дзён, быў практычна сцерты з зямлі. У крывавых баях за Смаргонь гінулі тысячы. Аб маштабах можна меркаваць толькі па тым факце, як усяго за адзін дзень 25 верасня 1915 года тут паклалі галовы 3,5 тысячы рускіх салдат і каля 5,5 тысячы немцаў. Пасля вайны разбураную і выпаленую Смаргонь сталі называць "мёртвым горадам", бо сюды вярнуліся ўсяго каля 150 жыхароў з даваенных 16 тысяч.

У памятны год 100-годдзя пачатку Першай сусветнай – 1 жніўня 2014 г. – тут адкрыўся мемарыяльны комплекс. Ён аб'ядноўвае скульптурныя кампазіцыі "Крылаты геній воінскай славы", "Салдаты Першай сусветнай вайны" і "Бежанцы". Таксама на тэрыторыі ўзведзена капліца і ўстаноўлены "Камень памяці" са зваротам да нашчадкаў. Крыху далей ад увахода, абазначанага Георгіеўскім крыжам, размешчана зона памяці і смутку – бронзавая карта ваенных падзей 1915–1917 гадоў, дзве мемарыяльныя урны з зямлёй з мясцін пахавання воінаў рускай і нямецкай армій, капліца са званом, які гучыць у памяць аб салдатах той вайны.

Трагічным падзеям на фронце каля беларускай Смаргоні прысвечаны выйшаўшы на экраны ў 2015 годзе фільм "Батальонъ". Ён расказвае аб славутым жаночым "Батальёне смерці", у якім пад камандаваннем легендарнай жанчыны-афіцэра Марыі Бачкаровай разам ваявалі прадстаўніцы самых розных слоёў грамадства – курсісткі, настаўніцы, работніцы і сялянкі, казачкі і салдаткі, дваранкі з самых знатных сем’яў імперыі.

У гады вайны недалёка ад Смаргоні – на тэрыторыі былой сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі – размяшчаўся вялікі шпіталь, якім кіравала дачка вялікага рускага пісьменніка Льва Талстога графіня Аляксандра Талстая. Яна пакінула хвалюючыя ўспаміны пра Першую сусветную, у тым ліку пра страшныя баі пад Смаргонню і страшэнную гібель людзей ад удушша пасля газавых атак. У самім сядзібным доме, дзе некалі жыў і працаваў Агінскі, знаходзіўся штаб 8-й Сібірскай пяхотнай дывізіі. …Паблізу Залесся захаваліся некалькі брацкіх магіл, пахаванні з надмагільнымі помнікамі героям вайны – загінулай ад узрыву нямецкай бомбы сястры міласэрнасці Вользе Міцюкевіч, палкоўніку Акакію Атхмезуры, які ў час газавай атакі зняў процівагаз, каб салдаты пачулі яго каманды…

Дзе: Гродзенская вобласць, г. Смаргонь
Смаргонскі раён, в. Залессе

Крэўскі замак

Сёння ў вёсцы Крэва падарожнікаў сустракаюць руіны знакамітага замка, пабудаванага тут у пачатку XIV стагоддзя. Ён не толькі адзін з найстарэйшых на беларускіх землях, але і першы, поўнасцю пабудаваны з каменю. Калісьці гэтыя сцены таўшчынёй 2,5 метра падымаліся на вышыню 12-13 метраў, па вуглах стаялі дзве вартаўнічыя вежы… На працягу некалькіх стагоддзяў замак паступова прыходзіў у заняпад, але менавіта Першая сусветная вайна фактычна завяршыла працэс яго разбурэння.

У 1915 г. мястэчка Крэва занялі немцы. Каля сцен і ва ўнутраным дворыку замка былі пабудаваны назіральныя пункты і сховішчы, на малой вежы з'явіўся бетонны дот.

Летам 1917 г. на Крэўскі замак абрушыўся артылерыйскі абстрэл – адзін з мацнейшых за ўсю гісторыю вайны. У ходзе наступлення рускія войскі выкарыстоўвалі амаль 900 гармат рознага калібру, паліваючы агнём нямецкія пазіцыі каля замка. Гэта нанесла вялікі ўрон, ператварыўшы старажытныя сцены ў руіны. У наш час вядуцца работы па аднаўленні замка.

Дзе: Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён, в. Крэва

Музей Першай сусветнай вайны і мемарыяльныя пахаванні ў вёсцы Заброддзе

У 1916 годзе ў нарачанскім краі – на паўночным захадзе сучаснай Беларусі – разгарнуўся адзін з лёсавызначальных і самых бязлітасных баёў Першай сусветнай вайны. Тут былі забіты і паранены больш за 78 тысяч расійскіх салдат і афіцэраў. Многія памерлі ў лазарэце пяхотнай дывізіі, што размяшчаўся ў наваколлі вёскі Заброддзе (цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць).

Больш чым праз паўстагоддзя – у 1974 годзе – у Заброддзе разам з сям’ёй прыехаў жыць вядомы беларускі мастак-графік Барыс Цітовіч, які стаў галоўным даследчыкам і захавальнікам памяці гэтых мясцін. Дзякуючы Цітовічам невялікая вёсачка ператварылася ў інтэрактыўнае месца, дзе можна акунуцца ў гісторыю адразу некалькіх эпох. Тут выстаўлены экспазіцыя Першай сусветнай вайны, калекцыя рэтра-аўтамабіляў, экспазіцыя СССР і калекцыя беларускага побыту. У сядзібе праводзяцца майстар-класы, этнаграфічныя вечарыны і літаратурныя праграмы, фестывалі, прысвечаныя Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая і 11 лістапада – дню заканчэння Першай сусветнай вайны.

Можна сказаць, што экспазіцыя ў Заброддзі стала першым у Беларусі музеем Першай сусветнай вайны. Пасля таго як у 1970-я Барыс Цітовіч выпадкова ўбачыў у лесе брацкія магілы, ён сур'ёзна заняўся даследаваннем гэтага перыяду гісторыі. Сёння мемарыял каля вёскі Заброддзе аб'ядноўвае некалькі адзіночных пахаванняў, 3 брацкіх могілак, памятныя камяні, парк у гонар воінаў-аднавяскоўцаў.

У 1990 годзе Барыс Цітовіч з дапамогай сяброў і салдат Смаргонскага гарнізона ўзвёў бетонны крыж у памяць аб загінулых. А ў 2004 годзе, стаўшы лаўрэатам прэміі "За духоўнае адраджэнне", усе сродкі і дапамогу спонсараў накіраваў на яшчэ адзін сімвал памяці. У Заброддзі была пабудавана капліца ў гонар першых рускіх святых Барыса і Глеба. Храм асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, з благаславення якога пазней побач з'явілася званіца. Менавіта ў капліцы размяшчаецца гэты невялікі, але вельмі інфарматыўны музей.

Дзе: Мінская вобласць, Вілейскі раён, Нарачанскі с/с, в. Заброддзе
Каардынаты GPS: 54.543246, 26.728252

Музейная экспазіцыя аб Першай сусветнай вайне ў Паставах

У горадзе Паставы, які амаль тры гады знаходзіўся на лініі фронту, у падвалах старадаўняга палаца Тызенгаўзаў адкрыта музейная экспазіцыя аб Першай сусветнай вайне. Калекцыя артэфактаў падзелена на чатыры залы: гісторыя вайны, рускі і нямецкі акопы, "Жыццё і смерць". Тут можна ўбачыць фрагменты арыгінальнага нямецкага калючага дроту, што захаваўся разам з драўлянымі слупамі, снарады, бутэльку з вадкасцю для ачысткі процівагазаў, прадметы побыту салдат, якім даводзілася доўгі час жыць у акопах. Цікава, што ў наваколлі Пастаў захавалася вялікая колькасць нямецкіх умацаванняў, дзе былі знойдзены шлемы і бронешчыты.

Цікавыя артэфакты расказваюць і пра жыццё людзей на акупіраванай тэрыторыі. Напрыклад, пашпарты, якія выдаваліся жыхарам нямецкімі ўладамі, што змяшчаюць не проста ўсе даныя пра чалавека і фота, але нават адбіткі пальцаў. Захаваліся дакументы, калі нямецкія салдаты прасілі ў камандзіраў дазволу ажаніцца на мясцовых дзяўчатах. У экспазіцыю таксама ўвайшлі самыя розныя рэчы, якія пакінулі пасля сябе салдаты – канькабежны канёк, упакоўка ад сыру, бутэлькі з-пад піва, упакоўкі ад цукерак, цыгарэты, кансервавыя бляшанкі…

Дзе: Віцебская вобласць, г. Паставы, вул. Савецкая, 75

Касцёл Раства Дзевы Марыі ў Відзах

Гэты велічны храм у азёрным краі на поўначы Беларусі паняволі стаў не проста сведкам Першай сусветнай вайны, але і яе ўдзельнікам. Будаўніцтва касцёла Святой Троіцы (сёння Раства Дзевы Марыі) у мястэчку Відзы завяршылася якраз у 1914 годзе. Ужо тады ён з'яўляўся адным з самых высокіх збудаванняў на беларускіх землях – храмавыя вежы падняліся больш як на 70 метраў над зямлёй. Цікава, што і сёння галоўная славутасць пасёлка Відзы ўваходзіць у тройку самых высокіх каталіцкіх храмаў краіны.

У 1915 годзе, апынуўшыся на лініі фронту, касцёл ператварыўся ў… наглядальны пункт нямецкіх войскаў. З яго вышыні дазорныя маглі добра бачыць пазіцыі рускіх і карэкціраваць артылерыйскі агонь. У першыя дні сакавіка 1916 года перад самым пачаткам знакамітай Нарачанскай наступальнай аперацыі рускія войскі абстралялі касцёл, каб пазбавіць немцаў магчымасці назіраць. Храм моцна пацярпеў: былі практычна знішчаны вежы, пашкоджаны дах, сцены і вокны. Толькі да 1932 года намаганнямі вернікаў храм удалося аднавіць. А ў памяць аб ваенных падзеях у яго сцены ўмуравалі некалькі рускіх артылерыйскіх снарадаў.

Таксама недалёка ад пасёлка на беразе Відзаўскага возера захаваліся бетанаваныя наглядальныя пункты нямецка-аўстрыйскай арміі.

Дзе: Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, аграгарадок Відзы

Фарты Гродзенскай крэпасці

Гродна – горад на заходняй граніцы сучаснай Беларусі – у розныя стагоддзі быў важным стратэгічным цэнтрам і меў абарончыя ўмацаванні. А пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе стаў яшчэ больш значным фарпостам каля граніц Расійскай імперыі. На мяжы XVIII-XIX стст. былі распрацаваны праекты новых фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада, але з-за недахопу фінансавання і спецыялістаў планы адклалі. Будаўніцтва пачалося ў 1887–1889 гадах, аднак фарты на берагах Нёмана ўзводзіліся з зямлі і, па сутнасці, былі слабай абаронай, асабліва ад цяжкай артылерыі.

У жніўні 1912 года Мікалай II падпісаў указ аб будаўніцтве вакол Гродна новай крэпасці, якую планавалася завяршыць у 1917 г. Праект уключаў 13 асноўных і 19 дапаможных фартоў, 23 невялікія апорныя пункты. Бетон, металічныя элементы, умацаваныя сховішчы, галерэі і падземныя пераходы, браніраваныя наглядальныя вежы, сілавыя ўстаноўкі для асвятлення і вентыляцыі і нават ліфты для падачы боепрыпасаў – па планах менавіта такой павінна была стаць апошняя крэпасць у імперскай Расіі. Але ўсё змяніла Першая сусветная вайна.

Да лета 1915 г. ніводны форт не быў завершаны ў поўнай меры – будаўнікі паспелі ўзвесці бетонныя брустверы і падбрустверныя галерэі-сховішчы. А ў жніўні з крэпасці вывозілі ўзбраенне, умацаванні ўзрывалі. Тым не менш, астатнія фарты, асабліва IV і III, усё ж сталі ўдзельнікамі бязлітасных баёў з германскай арміяй.

Самае вядомае і найбольш захаванае збудаванне Гродзенскай крэпасці – форт IV – прыняў удар 31 жніўня і 1 верасня 1915 года. У яго гарнізоне было ўсяго два крапасныя кулямёты, якія не змаглі абараніць ад цяжкіх страт. Да вечара тут засталося толькі 30 баяздольных воінаў. Адступаючы, салдаты павінны былі ўзарваць форт, але не змаглі з-за вялікай колькасці параненых у сховішчы. Гэта і захавала збудаванне да нашых дзён. Тут нават уцалеў бранявы наглядальны пост… У савецкія гады гэты форт некаторы час выкарыстоўваўся пагранічнымі войскамі. У нашы дні ёсць ідэі па стварэнні тут музея.

Форт III з самым доўгім крапасным брустверам (150 метраў) таксама прыняў свой буйнейшы бой 1 верасня 1915 года. Але адказаць на артылерыйскі агонь праціўніка абаронцы форта не маглі – пасля эвакуацыі ў іх было ўсяго некалькі гармат. Уначы 2 верасня гарнізон пакінуў умацаванне, узарваўшы яго, каб не пакінуць ворагу.

Форт I у выніку адступлення рускай арміі ў верасні 1915 года быў моцна разбураны. А праз дзесяцігоддзі – летам 1944 года – тут некалькі дзён вялі абарону савецкія салдаты. Форт II быў узарваны ўнутры, але знешне бруствер практычна не пацярпеў. У гады Другой сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі гэта месца для расстрэлу мясцовых жыхароў і ваеннапалонных. …Больш чым за стагоддзе паўразбураны форт VII ператварыўся ў падабенства пячоры. Пакрыты мохам амаль поўнасцю знішчаны форт VIII, размешчаны крыху далей у лесе форт IX таксама практычна зліўся з прыродай.

Дзе: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён

Гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў" у вёсцы Скокі

Каля ўскраіны сучаснага Брэста размешчана вёска Скокі з галоўнай яе славутасцю – былой рэзідэнцыяй роду Нямцэвічаў, пабудаванай у 1767–1777 гадах. Гісторыя сядзібы ў час Першай сусветнай вайны вельмі цікавая, паколькі яна стала сведкай падзей эпахальнага значэння.

Калі Мікалай II аб'явіў эвакуацыю і загадаў разбурыць усе дамы, каб не пакінуць ворагу, гаспадары да апошняга не пакідалі радавое гняздо. Жонка Яна Нямцэвіча – Соф'я – узяла з афіцэра казацкага разліку слова, што сядзібу не ўзарвуць. Так асабняк і ўцалеў. Але затым амаль два гады быў стаўкай камандуючага Усходнім германскім фронтам прынца Баварскага Леапольда. Менавіта тут 15 снежня 1917 года прадстаўнікі Германіі і яе саюзнікаў з аднаго боку і бальшавіцкай Расіі з другога падпісалі  ваеннае перамір'е, што спыніла баявыя дзеянні ад Балтыйскага да Чорнага мораў і ў Азіі. А праз два дні адбылося першае арганізацыйнае пасяджэнне па правядзенні перагавораў аб заключэнні міру, які ў выніку быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці.

У галодныя пасляваенныя гады Нямцэвічы дапамагалі мясцовым жыхарам, арганізоўвалі для дзяцей бясплатнае харчаванне, на вялікія святы запрашалі ў сядзібны парк, дарылі падарункі. У 1935 годзе яны пакінулі радавы маёнтак назаўсёды.

У наш час госці сядзібы могуць больш падрабязна азнаёміцца з яе мінулым. Акрамя таго, тут праводзіцца міжнародны ваенна-гістарычны фестываль "Скокі", прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны. Па традыцыі ён збірае ўдзельнікаў у снежні: арганізатары паведамляюць аб датах і праграме загадзя.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Брэсцкі раён, в. Скокі

Брацкія ваенныя могілкі ў Мінску

У беларускай сталіцы – Мінску – на Брацкіх ваенных могілках 1914–1918 гадоў спачывае прах больш як 5 тысяч воінаў, якія памерлі ў тутэйшых шпіталях.

…У 1914 г. вайна яшчэ не паспела дайсці да беларускіх зямель, а з франтоў пачалі прывозіць раненых. У Мінску стварылі каля 15 шпіталяў і лазарэтаў, дзе лячылі і аперыравалі, але не ўсім воінам было наканавана выжыць. Гарадская ўправа выкупіла ў Мінскага кафедральнага сабора зямлю паміж Старавіленскім і Даўгінаўскім трактамі. На плошчы 2 гектары стварылі вялікія брацкія – як сімвал воінскага братэрства загінулых – могілкі. На адной палове хавалі хрысціян, на другой – прадстаўнікоў іншых рэлігій.

За гады вайны тут пахавалі каля 5 тысяч воінаў. Імёны 2468 чалавек былі вядомыя са спісаў, што знаходзяцца ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве ў Маскве. Узвялі і драўляную капліцу: імператрыца Аляксандра Фёдараўна ахвяравала грошы, загадаўшы зрабіць надпіс "Героям Вялікай Еўрапейскай вайны". У 1915 г. на свабоднай тэрыторыі ўчастка сталі размяшчаць бежанцаў, тут жа з'явіўся Старажоўскі рынак, які забяспечваў людзей прадуктамі. А побач з ваеннымі ўзніклі могілкі бежанцаў, якія паміралі ад хвароб і нястачы.

На жаль, пасля рэвалюцыі пахаванні былі забыты, а ў канцы 1940-х і зусім знішчаны. У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы стварылі на тэрыторыі могілак бежанцаў і рынку канцлагер, дзе загінулі тысячы палонных…

У 1996 г. дзякуючы Беларускаму добраахвотнаму таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры было ўзнята пытанне аб увекавечанні месца могілак. Ідэю падтрымалі прэса, царква, дзяржава. Пачаліся работы па вяртанні памяці, і ў жніўні 2011 года адкрыўся мемарыял.

Тэрыторыю могілак абрамляе агароджа з цёмнага мармуру, упрыгожаная коўкай і шчытамі з выявамі ордэнаў Расійскай імперыі. Над цэнтральным уваходам створана арка, якая сімвалізуе Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Мармуровыя пліты ўвекавечылі імёны загінулых воінаў з указаннем назваў воінскіх часцей. У цэнтры размешчана каменная капліца – пераемніца першай драўлянай. Яна асвечана ў гонар абраза Божай Маці "Знаменне", якая знаходзілася на воінскіх харугвах і з'яўляецца заступніцай воінаў. Звонку капліцу ўпрыгожваюць бронзавыя барэльефы святых воінаў Аляксандра Неўскага, Дзмітрыя Данскога, Іаана-воіна, а таксама архангела Міхаіла. На глыбіні 3 метраў абсталявана крыпта, дзе пахаваны знойдзеныя астанкі.

Дзе: Мінск, вул. Старавіленскі тракт – вул. Чарвякова – вул. В. Харужай

У розных рэгіёнах Беларусі распрацаваны турыстычныя маршруты па мясцінах баёў і памятных падзей Першай сусветнай вайны:

  • "Аўгустоўскі канал у гісторыі Першай і Другой сусветных войнаў"
  • "Пад крыжам Святога Георгія: дарогамі Першай сусветнай вайны"
  • "Першая сусветная вайна вачыма нашчадкаў" (Залессе)
  • "Першая сусветная вайна на Палессі"
  • "Рэканструкцыя падзей "Дарога памяці" (па фартыфікацыйных збудаваннях Гродзенскай крэпасці)
  • "На хвалях часу" (па мясцінах баявых дзеянняў у гады Першай сусветнай вайны)
  • "Падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Вілейскага раёна і горада Вілейкі"
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі