Аўгустоўскі канал | Belarus.by
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Аўгустоўскі канал

Аўгустоўскі канал


Аўгустоўскі канал – выдатнае гідратэхнічнае збудаванне XIX стагоддзя, адзін з буйнейшых каналаў Еўропы, які ўключаны ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У свеце існуе ўсяго тры такія каналы: Каледонскі ў Вялікабрытаніі, канал Гота ў Швецыі і Аўгустоўскі, размешчаны на тэрыторыі Польшчы і Беларусі.

Водны шлях агульнай працягласцю амаль 102 км пачынаецца ад возера Сервы каля польскага Аўгустава і пралягае практычна да беларускага Гродна. Штучныя рэчышчы даўжынёй 45 км звязалі адзінаццаць рэк (35 км) і сем азёр (22 км).

Гісторыя Аўгустоўскага канала

Аўгустоўскі канал – сапраўды ўнікальны аб'ект свайго часу: па складанасці інжынерных рашэнняў, маштабах і, вядома, прыроднай прыгажосці мясцін, дзе ён праходзіць.

У ХIХ стагоддзі гэты рукатворны водны шлях злучыў басейны рэк Віслы і Нёмана, забяспечыўшы на поўначы – выхад да Балтыйскага мора, а на поўдні – да Чорнага (праз Агінскі канал, Днепр, Бярэзінскую водную сістэму і Дзвіну).

Ідэя стварэння канала з'явілася яшчэ ў 1760-70-я гады ў часы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аднак будаўніцтва пачалося толькі ў ХIХ стагоддзі пасля ўвядзення Прусіяй высокіх пошлін на перавозку грузаў у балтыйскія парты.

Ініцыятарам выступіў міністр фінансаў Францыск-Ксаверый Друцкі-Любецкі, а распрацоўкай праекта заняліся ваенныя інжынеры на чале з Ігнаціем Прандзінскім.

У 1824 годзе праект Аўгустоўскага канала адобрыў імператар Аляксандр І. Будаўніцтва заняло 15 гадоў: было пабудавана 29 водапрапускных плацін, 18 шлюзаў, 21 камера, 14 мастоў, 24 аб'екты для абслугоўвання канала.

І ўсё ж яго гісторыя як важнай транспартнай артэрыі для сплаву драўніны і тавараў была нядоўгай. У 1825 годзе пагадненне з Прусіяй урэгулявала мытныя пошліны, а ў другой палавіне ХIХ стагоддзя развіццё чыгунак зрабіла канал незапатрабаваным для перавозак.

Аднак, праходзячы па вельмі прыгожых мясцінах, Аўгустоўскі канал стаў турыстычнай меккай. У 1909 годзе ўздоўж рэчышча адбылася першая пешая экскурсія, пазней адкрыўся конны маршрут.

У час Першай сусветнай вайны канал значна пацярпеў, у тым ліку з-за абарончых збудаванняў, якія былі ўзведзены ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст.

У 1920 – 1939 гадах ён зноў прымаў падарожнікаў: тут курсіравалі два колавыя параходы, развіваўся байдарачны турызм, працавалі яхт-клубы, а ў раёне шлюза Дамброўка праходзіла грандыёзнае "Свята мора". Быў выдадзены і першы турыстычны даведнік па Аўгустоўскім канале.

У гады Вялікай Айчыннай вайны гідратэхнічныя збудаванні канала, уздоўж якога былі пабудаваны абарончыя доты, значна пацярпелі, а размеркавальны шлюз Чарток і зусім разбураны.

Рэканструкцыя Аўгустоўскага канала

У 2004 – 2006 гадах беларускі ўчастак канала (22 км) цалкам адрэстаўрыравалі. Спецыялісты аднавілі рэчышча, якое не выкарыстоўвалася з 1950-х гадоў, падмытыя і абваленыя ўчасткі, старадаўнія гідратэхнічныя збудаванні.

Многія элементы – шлюзы і мемарыяльныя таблічкі з імёнамі інжынераў-праекціроўшчыкаў, драўляныя калоны і развадныя мосцікі – рэстаўрыраваліся ўручную і захавалі аўтэнтычны выгляд.

У 2005 годзе пачаў працаваць міжнародны пункт пропуску праз беларуска-польскую граніцу "Лясная – Рудаўка" для турыстаў на лодках і байдарках (сезонны). В 2017-м плануецца яго адкрыццё для пешаходаў і веласіпедыстаў.

Аўгустоўскі канал сёння

Сёння на беларускай частцы старадаўняга канала дзейнічаюць 5 шлюзаў-рэгулятараў, 2 плаціны і 4 суднаходныя шлюзы – Нямнова, Дамброўка, Валкушак і Кужынец.

Самы вялікі шлюз Аўгустоўскага канала – чатырохкамерны Нямнова, даўжыня якога – 9,6 м. Перапад вады складае амаль 10 м, а шлюзаванне займае каля гадзіны.

Аўгустоўскі канал – цудоўнае месца для актыўнага адпачынку, воднага, пешаходнага і велатурызму. Незвычайная прыгажосць прыроды прываблівае сюды тысячы гасцей.

Канал праходзіць па тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Гродзенская пушча". Гэта не толькі адно з самых экалагічна чыстых месцаў Беларусі і кантынента, але і эталон раўніны ў Цэнтральнай Еўропе.

У сэрцы заказніка – Аўгустоўская пушча – адзін з найбуйнейшых лясных масіваў Еўропы, размешчаны на тэрыторыі трох краін (Беларусі, Польшчы і Літвы), які прэтэндуе на статус трансгранічнага біясфернага рэзервата ЮНЕСКА.

На беларускай зямлі (10 працэнтаў пушчы) налічваецца амаль 800 відаў раслін, што сувымерна з Белавежскай пушчай і Бярэзінскім біясферным запаведнікам. Узрост некаторых дрэў дасягае 250 – 300 гадоў.

У 2011 годзе на тэрыторыі, прылеглай да знакамітага воднага шляху і рэчышча Нёмана, створаны турысцка-рэкрэацыйны парк "Аўгустоўскі канал" плошчай 5 750 га.

Тут у распараджэнні аматараў актыўнага адпачынку:

  • прагулкі на цеплаходзе і катанне на катарах – са шлюзаваннем і без;
  • пракат катамаранаў і лодак;
  • cплавы на байдарках (у Гродне фарміруюцца групы, якія накіроўваюцца ў займальнае падарожжа па канале);
  • пешыя і веласіпедныя прагулкі (уздоўж рэчышча ўладкавана веладорожка ў экафармаце);
  • абсталяваныя месцы адпачынку, домікі наглядчыка і міні-гасцініца.

Цеплаход "Нёман" адпраўляецца ад прычала каля шлюза Дамброўка. Больш зручна выбраць падарожжа з экскурсійнай групай: тураператары загадзя браніруюць судна, выбіраюць маршрут з магчымасцю паназіраць за шлюзаваннем. У выхадныя дні для жадаючых праводзяцца прагулкі па раскладзе (працягласць – каля гадзіны). 

На канале і яго прытоках распрацавана больш як 10 водных маршрутаў. Адзін з самых працяглых – трансгранічны водна-веласіпедны маршрут "Аўгустоўскі канал – Белавежская пушча" (272,4 км).

У 2014 годзе пасля рэканструкцыі апошняга шлюза на польскім баку адкрыўся водны маршрут для маторных яхт Аўгустаў – Гродна – Друскінінкай.

План развіцця парку "Аўгустоўскі канал" прадугледжвае шмат цікавых праектаў. У бліжэйшы час у распараджэнні турыстаў будуць прычалы для малых суднаў, утульныя зоны адпачынку і навігацыйная GPS-карта. А для паспяховага праходжання па фарватарах ужо цяпер можна скарыстацца паслугамі лоцмана.

У наваколлі канала будуюцца турыстычны комплекс "Рынкаўцы" (кемпінгавыя месцы і стаянкі, кафэ, сцэна і пляцоўкі для забаў) і спартыўна-рэкрэацыйны комплекс "Пясчаны" (атэль, зона адпачынку, стралковы комплекс для спортынга і стральбы з лука).

Акрамя таго, на берагах суднаходнай артэрыі з'явяцца спецыяльныя зоны для адпачынку і купання ў летні сезон.

Іншаземцам для наведвання Аўгустоўскага канала ўстанаўліваецца бязвізавы ўезд у Беларусь 

Выдатныя мясціны недалёка ад Аўгустоўскага канала

У наваколлі Аўгустоўскага канала знаходзяцца цікавыя помнікі гісторыі і архітэктуры Беларусі.

У вёсцы Нямнова захаваўся арыгінальны Домік наглядчыка шлюза, пабудаваны ў 1830 годзе ў стылі рускі ампір. А музей Аўгустоўскага канала ў будынку былой карчмы дэманструе гасцям старадаўнія карты мясцовасці і схемы канала, рукапісныя дакументы, фатаграфіі і прадметы быту XIX стагоддзя.

У пасёлку Сапоцкін захаваліся планіроўка XVI стагоддзя, цудоўны касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі і Святога Іосіфа Кунцэвіча, неагатычныя капліцы і самыя старыя яўрэйскія могілкі (1278 год). Тут жа знаходзіцца адзіная ў Беларусі вуліца Іаана Паўла II.

Уздоўж канала размешчаны абарончыя доты часоў Вялікай Айчыннай вайны ("лінія Молатава") і фарты Гродзенскай крэпасці, якія ўключаны ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Палацава-паркавы ансамбль Валовічаў у вёсцы Свяцк пабудаваны па праекце італьянца Джузэпэ Сака. Таямнічая легенда расказвае аб з'яўленні тут прывіду дачкі, якую бацька жывой замураваў у адну з калон палаца.

Цудоўная сядзіба Друцкіх-Гурскіх, парк з каштоўнымі раслінамі і водная сістэма XIX стагоддзя – галоўныя выдатныя мясціны вёскі Радзівілкі.

Недалёка ад канала знаходзяцца папулярныя ў падарожнікаў агратурыстычны комплекс "Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы" і гісторыка-культурны комплекс "Партызанскі лагер".

Фестывалі і святы

Аўгустоўскі канал, размешчаны на мяжы краін-суседак – Беларусі, Польшчы і Літвы – даўно стаў месцам цікавых культурных і спартыўных падзей.

Штогод у жніўні паблізу шлюза Дамброўка праходзіць фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў", куды з'язджаюцца самабытныя фальклорныя калектывы, музыканты і майстры, якія прадстаўляюць сваё нацыянальнае мастацтва.

На свяце народнай творчасці "Аўгустоўскі канал запрашае сяброў" (у маі) можна пазнаёміцца з беларускай культурай, авалодаць рамёствамі і пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні.

З сярэдзіны 1990-х на канале штогод праводзяцца спаборніцтвы на каяках, байдарках і катамаранах "Нёманская вясна" (красавік). А ўздоўж берагоў праходзіць міжнародны веламарафон "Суседзі" (ліпень), які збірае ўдзельнікаў з Беларусі, Польшчы і Літвы.

Як дабрацца да Аўгустоўскага канала

Дабрацца да Аўгустоўскага канала можна з Гродна на аўтамабілі або на аўтобусе: маршруты Гродна – Нямнова, Гродна – Гарачкі, Гродна – Калеты (прыпынак "Сонічы" або "Аўгустоўскі канал"). Зручна ехаць у складзе экскурсійнай групы.

З Мінска можна дабірацца на аўтамабілі, папярэдне зверыўшыся з картай (напрамак Валожын – Ліда – Скідзель). Адлегласць ад Мінска да Аўгустоўскага канала – 327 км.

Турысты могуць спыніцца ў гасцініцах Гродна або аграсядзібах у наваколлі канала.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс