
Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле" – сімвал стойкасці і мужнасці абаронцаў Магілёва, знакавае гераічнае месца Беларусі, якое ўвайшло ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны нараўне з легендарнай Брэсцкай крэпасцю.
У ліпені 1941 года на подступах да горада на Дняпры вяліся кровапралітныя баі паміж савецкімі і нямецкімі войскамі. Больш як тры тыдні часці Чырвонай Арміі трымалі абарону, сарваўшы фашысцкі план бліцкрыгу – імклівага наступу на Маскву і хуткага заваявання Савецкага Саюза. Дзякуючы гэтаму пазней Магілёў назвалі "бацькам Сталінграда": атрыманы тут вопыт процітанкавай абароны быў выкарыстаны ў адной з ключавых бітваў Другой сусветнай вайны на Усходнім фронце.
Летам 1941 года, калі гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз, войскі вермахта імкліва рухаліся ўглыб краіны. Байцам Чырвонай Арміі не ўсюды ўдавалася стрымліваць націск праціўніка. Але ў ліпені 1941 года пад Магілёвам абаронцы горада змаглі абараняцца 23 дні.
Нямецкія часці спрабавалі ўвайсці ў Магілёў з боку Бабруйска. У Буйнічах праходзіла перадавая лінія абароны 172-й стралковай дывізіі і гарадскога апалчэння. Аўтамабільную дарогу і чыгунку, што вялі ў абласны цэнтр, перакрыў 388-ы стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка Сямёна Куцепава. Падтрымку аказвалі байцы апалчэння і артылерыя. Разам з салдатамі абарончыя ўмацаванні стваралі і мясцовыя жыхары. Работы вяліся і днём, і ноччу. Былі вырыты каля 20 км акопаў і хадоў, процітанкавыя равы цягнуліся да Дняпра. За тыдзень вакол і ў самім Магілёве з нуля была створана глыбока эшаланіраваная абарона.
Нямецкая танкавая дывізія 11 ліпеня зрабіла спробу прарвацца да Магілёва праз паўднёвы напрамак. Савецкія часці адбілі атаку. Пасля ўпартай 14-гадзіннай бітвы 12 ліпеня гітлераўцы з істотнымі стратамі адступілі. На полі засталіся пашкоджанымі 39 танкаў і бронемашын. Абаронцы горада таксама панеслі цяжкія страты, але ўтрымалі пазіцыі. Назаўтра атакі паўтарыліся, але зноў былі адбіты. …Пазней атрыманы пад Магілёвам вопыт процітанкавай абароны прымянілі ў Сталінградскай бітве.

Адзін з першых поспехаў савецкіх войскаў не мог застацца незаўважаным. У Буйнічы прыбылі журналісты ўсесаюзных выданняў. Сярод іх ваенны карэспандэнт Канстанцін Сіманаў і фатограф Павел Трошкін. Здымкі падбітай нямецкай тэхнікі і нарыс "Гарачы дзень" надрукавалі ў газеце "Известия" за 20 ліпеня. Людзі збіраліся ля стэндаў з выданнем, не адрываючыся чыталі пра байцоў, якія не адступалі пад націскам ворага, а давалі рашучы адпор.
Убачанае на полі бою Канстанцін Сіманаў пазней перанёс на старонкі рамана "Жывыя і мёртвыя", таксама падзеі ліпеня 1941-га ён апісаў у дзённіку і кнізе мемуараў. Пасля вайны пісьменнік не раз вяртаўся ў Буйнічы, сустракаўся з удзельнікамі абароны Магілёва.
На жаль, сіл абаронцаў не хапіла, каб цалкам спыніць рух вермахта. 26 ліпеня акружаны Магілёў быў узяты нямецкай арміяй. Аднак савецкім войскам удалося скаваць значныя сілы гітлераўцаў і затрымаць далейшы наступ, канчаткова парушыўшы план бліцкрыгу.

Увекавечыць гераізм савецкіх салдат вырашылі яшчэ ў 1962 годзе. Тады на ўскраіне Буйнічаў паставілі стэлу ў гонар байцоў 172-й стралковай дывізіі. У 1980 годзе тут з’явіўся камень Канстанціна Сіманава. Пісьменнік хацеў назаўсёды вярнуцца на Буйніцкае поле. Выконваючы апошнюю волю, родныя Канстанціна Сіманава пасля яго смерці ў 1979 годзе развеялі прах менавіта ў гэтым месцы. 15-тонны валун даставілі пад Магілёў з мінскага музея камянёў.

У 50-ю гадавіну Перамогі – 9 мая 1995 года – урачыста адкрылася першая частка мемарыяльнага комплексу "Буйніцкае поле", стварэнне якога пачалося на год раней. Аўтарамі праекта сталі архітэктары У. Чаленка і А. Бараноўскі, а таксама скульптар В. Байцун. Поўнасцю работы над мемарыялам завяршыліся ў 2003 годзе. Тады ж комплекс атрымаў дыплом на Нацыянальным фестывалі архітэктуры.
Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле" ўяўляе сабой парк плошчай каля 19 га. Цэнтральнае месца ў ансамблі займае капліца, што стаіць на рукатворным узгорку. Ад яе прамянямі адыходзяць чатыры алеі: цэнтральная (да ўваходнай аркі), "Алея памяці і славы" (або Алея Сіманава, вядзе да каменя Сіманава), "Алея абаронцаў горада Магілёва" (у яе пачатку закладзена капсула з пасланнем нашчадкам) і алея "Жывых і мёртвых". Акрамя гэтага, на тэрыторыі комплексу знаходзіцца "Возера Слёз" – сімвал мацярынскага гора – з астраўком, два гаі, выстаўка ваеннай тэхнікі, а таксама процітанкавы роў, які нядрэнна захаваўся.

Капліца з чырвонай цэглы вышынёй больш як 24,5 м пабудавана ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Васьмігранны трох’ярусны будынак накрыты шатровым дахам, які ўвенчвае купал з крыжам. Знутры капліца, аздобленая белым мармурам, распісана фрэскамі, у нішах размешчаны металічныя пліты з імёнамі абаронцаў Магілёва. У цэнтры капліцы хістаецца маятнік Фуко як сімвал вечнай памяці аб байцах, якія загінулі, абараняючы Радзіму. Пад капліцай – склеп, дзе пахаваны астанкі чырвонаармейцаў, знойдзеныя на палях былых бітваў.

Крылы ўваходнай арачнай брамы аформлены металічнымі гарэльефамі (усяго іх 6). Тут паказаны схема абароны Магілёва, спіс часцей і злучэнняў, якія абаранялі Дняпроўскі рубеж, радкі з "Балады пра Буйнiцкае поле" А. Пысіна, указ аб прысваенні абласному цэнтру ордэна Айчыннай вайны першай ступені, адрывак з мемуараў маршала СССР Г.К. Жукава. Яшчэ адно металічнае пано прысвечана магілёўскім апалчэнцам.

На выстаўцы ваеннай тэхнікі прадстаўлены баявыя машыны савецкага часу і сучасныя ўзоры: процітанкавыя і зенітныя пушкі, гаўбіцы, тяжкі танк ІС-2, танкі Т-72 і Т-80, самаходная артылерыйская ўстаноўка, дэсантная і разведвальная машыны. Экспазіцыя таксама ўключае рэдкі трафей – нямецкі танк Pz. Kpfw. III (Panzer III). Яго паднялі з ракі Друць у 1994 годзе і адрэстаўрыравалі. Спецыялісты лічаць, што з захаваных гэта лепшы ўзор такой мадыфікацыі (PanzerBefehlswagen III Ausf E). Перад пераможанай варожай машынай устаноўлены металічныя процітанкавыя "вожыкі".
У 2017 годзе на Буйніцкім полі пачалі ўзводзіць праваслаўны храм у памяць аб воінах, якія абаранялі подступы да Магілёва. У 2019 годзе царкву асвяцілі ў гонар Раства Іаана Прадцечы.

У 2021 годзе было прапанавана правесці рэканструкцыю "Буйніцкага поля" і арганізаваць на тэрыторыі мемарыяла музей. Ініцыятарамі выступілі лідары грамадскіх арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Беларусі, магілёўская грамадскасць і пошукавікі. Будаўніцтва пачалося ў 2023 годзе, а 5 ліпеня 2025-га Музей Славы Магілёўшчыны расчыніў дзверы для наведвальнікаў.
Будынак музея выкананы ў выглядзе ордэна Айчыннай вайны, якога ўдастоены абласны цэнтр. Каб лепш быў бачны стылізаваны пад гэту ўзнагароду фасад, будыніна размешчана пад нахілам 10 градусаў адносна зямлі. Гэты незвычайны праект сумяшчае ў сабе экспазіцыі, выставачныя, актавыя і канферэнц-залы, а таксама музейныя класы.
У 16 залах на двух паверхах расказваецца не толькі аб ваенным мінулым, але і аб гісторыі Магілёўскага краю, поспехах рэгіёна і жыхароў. Таксама наведвальнікі могуць азнаёміцца з дасягненнямі сучаснасці. Музей Славы – філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея.
Сярод экспанатаў – арыгінальныя рэчы, знойдзеныя пошукавікамі на Буйніцкім полі. Таксама можна ўбачыць мундзір і дакументы двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Якубоўскага, курыльную люльку Канстанціна Сіманава, экзэмпляр трылогіі "Жывыя і мёртвыя" з дароўным надпісам аўтара ўдаве палкоўніка Сямёна Куцепава. Ён, дарэчы, стаў адным з прататыпаў героя рамана – генерала-палкоўніка Сярпіліна.
Магілёўскі Музей Славы створаны як высокатэхналагічны гісторыка-культурны і адукацыйны цэнтр. Тут выкарыстоўваюцца сучасныя мультымедыйныя рашэнні, тэхналогіі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці, што робіць паглыбленне ў гісторыю інтэрактыўным і імерсіўным. Так, можна купіць білецік на кінасеанс 1939 года ў магілёўскім кінатэатры "Радзіма". А праз хвіліны стаць удзельнікам бітвы на Буйніцкім полі 12 ліпеня 1941 года: "падстрэліць" варожы танк з макета пушкі або ў віртуальнай рэальнасці дапамачы байцу перазарадзіць зброю, медсястры – перавязаць параненага салдата. VR-шлем дасць магчымасць адчуць сябе фотакорам "Известий" Паўлам Трошкіным і "падысці" да падбітай нямецкай тэхнікі, каб зрабіць легендарны здымак.

Буйніцкае поле сёння – месца памяці, смутку, мужнасці, а таксама патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Тут праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі і дню вызвалення Магілёва, тэматычныя заняткі, сустрэчы з ветэранамі, прыём у члены дзіцячай і маладзёжнай арганізацый. На тэрыторыю мемарыяла бліжэй да музея змясцілі абласную Дошку гонару.
Мемарыяльны комплекс размешчаны побач з Магілёвам у аграгарадку Буйнічы на 6-м кіламетры трасы Р93 у напрамку Бабруйска. З горада можна дабрацца як на аўтамабілі, так і на грамадскім транспарце да прыпынку "Буйнічы".
На аўтамабілі з Мінска можна даехаць па аўтамагістралі М4 у напрамку Магілёва, затым направа па кальцавой дарозе, якая акружае абласны цэнтр, на развязцы з трасай P93 павярнуць налева. Таксама можна праехаць праз абласны цэнтр па дарозе Р93 у бок Бабруйска.
Спыніцца можна ў Магілёве.
Адрас: аг. Буйнічы, Магілёўскі раён
Каардынаты: 53.867135, 30.251316

Галоўная славутасць недалёка ад "Буйніцкага поля" – вядома, Магілёў. У горадзе, які славіцца багатай гісторыяй, можна паглядзець ратушу, Свята-Мікольскі манастыр, цэрквы і касцёлы, драматычны тэатр, музеі, паркі і інш.
Адразу насупраць мемарыяла знаходзяцца Магілёўскі заасад і комплекс "Беларуская этнаграфічная вёска XIX стагоддзя". У ім госці могуць азнаёміцца з народнымі традыцыямі, рытуаламі і абрадамі, рамёствамі. Пад адкрытым небам размясціліся ветраны млын, калодзеж-"журавель", "Карчма" і горад майстроў, дзе працуюць ганчарная, ткацкая і сталярная майстэрні, пякарня, кузня, домікі самагоншчыцы і майстроў па вышыванні і пляценні.