
Адукацыйны турызм становіцца ўсё больш папулярным напрамкам індустрыі падарожжаў у Беларусі. Ён дае магчымасць бліжэй азнаёміцца з гісторыяй, культурай, прыродай, навукай краіны, дапамагае вывучаць і практыкаваць мовы, паглыбляцца ў прафесійныя галіны ведаў.
Сучасная Беларусь – краіна з высокім узроўнем адукацыйнага, навуковага і тэхналагічнага развіцця, вядомая моцнымі брэндамі і дасягненнямі сусветнага маштабу, багатая на гістарычную спадчыну – здольна зацікавіць не толькі школьнікаў, абітурыентаў і студэнтаў, але і дарослых падарожнікаў.
Вядома, адукацыйны турызм цесна звязаны з іншымі відамі турызму, насычанымі інфармацыяй і магчымасцямі атрымання новых ведаў – гісторыка-культурным, рэлігійным, дзелавым, прамысловым, экалагічным, этнаграфічным, актыўным і інш.
І ўсё ж падарожжы, дзе навучанне, прафесійнае развіццё і самаўдасканаленне – галоўная мэта, вылучаюць у асобны напрамак. У Беларусі ён актыўна развіваецца ў адказ на запыт людзей розных пакаленняў на якасную адукацыю, павышэнне кампетэнцый, вывучэнне перадавога вопыту, набыццё практычных навыкаў і г.д.

Дзякуючы адукацыйнаму турызму вучэбны працэс праходзіць за межамі асноўнай навучальнай установы, а для іншаземцаў, якія прыязджаюць у Беларусь, яшчэ і далёка ад пастаяннага месца жыхарства і роднай культуры.
Доўгатэрміновыя вучэбныя праграмы, канферэнцыі і семінары, выязныя стажыроўкі і курсы, тэматычныя фестывалі і кангрэсы, школьныя і студэнцкія экскурсіі – адукацыйны турызм аб’ядноўвае мноства цікавых фарматаў. Падарожжы ператвараюцца ў займальны працэс навучання праз непасрэднае ўзаемадзеянне з аб’ектамі і падзеямі, сустрэчы з найлепшымі, рэдкімі і нават унікальнымі спецыялістамі.
Сярод папулярных напрамкаў адукацыйнага турызму ў Беларусі:

Прывядзём толькі некаторыя прыклады, як падарожжы па Беларусі могуць пашырыць уяўленні і даць новыя веды.
З прычыны геаграфічнага становішча ў цэнтры Еўропы беларуская зямля са старажытнасці знаходзілася на скрыжаванні важных шляхоў і не аднойчы станавілася арэнай буйных канфліктаў кантынентальнай і сусветнай гісторыі. Таму сёння Беларусь з’яўляецца не толькі цікавым, але і вельмі насычаным напрамкам для больш глыбокага, прадметнага вывучэння падзей мінулага.
Першая і Другая сусветныя войны, асабліва перыяд кровапралітнай Вялікай Айчыннай вайны, Руская кампанія Напалеона і Айчынная вайна 1812 года, Паўночная вайна, сярэдневяковыя канфлікты… Па ўсёй Беларусі ёсць месцы, якія захавалі памяць аб значных падзеях і вядомых асобах. У наш час пра іх расказваюць уцалелыя помнікі архітэктуры, знакі і манументы, музейныя экспазіцыі, дзе нярэдка сабраны самыя прадстаўнічыя тэматычныя калекцыі і ёсць абсалютна ўнікальныя артэфакты.

Напрыклад, менавіта ў Мінску знаходзіцца першы ў свеце музей Вялікай Айчыннай вайны і Другой сусветнай у цэлым. Яго калекцыя была заснавана яшчэ ў 1942 годзе, калі ніхто не мог ведаць, колькі часу прадоўжыцца вайна. Будучыя экспанаты непасрэдна з фронту адпраўлялі ў спецыяльна створаную рэспубліканскую Камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны. Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося 22 кастрычніка 1944 года ў адным з уцалелых будынкаў напаўразбуранага Мінска – Доме Прафсаюзаў на плошчы Свабоды. …У наш час Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны размешчаны ў спецыяльна пабудаваным для яго комплексе на праспекце Пераможцаў у акружэнні парку Перамогі. І гэта адзін з самых наведваемых музеяў краіны.
Легендарная Брэсцкая крэпасць-герой, Буйніцкае поле пад Магілёвам, Хатынь як сведчанне-сімвал трагедыі яшчэ многіх спаленых з людзьмі населеных пунктаў і генацыду беларускага народа, Трасцянец, які стаў трэцім у свеце па колькасці ахвяр нацысцкім лагерам смерці… Беларусь нават праз многія дзесяцігоддзі пасля Вялікай Айчыннай вайны застаецца "энцыклапедыяй" гэтага страшнага перыяду ХХ стагоддзя.

Зрэшты, і іншыя адрэзкі гісторыі цікавыя. Утварэнне першых дзяржаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, эпохі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, перыяд у складзе Расійскай імперыі, стварэнне і развіццё БССР як часткі Савецкага Саюза, станаўленне і ўмацаванне суверэннай Рэспублікі Беларусь – падарожнічаючы па краіне, сапраўды можна пашырыць веды аб падзеях, значных у кантэксце сусветнай гісторыі.
У Мінску 13–15 сакавіка 1898 г. адбыўся I з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) – палітычнай арганізацыі, з якой пачаўся расійскі камуністычны рух. А ў далейшым сталі магчымы падзеі, якія змянілі ход сусветнай гісторыі. Да нашага часу гэта ўяўляе вялікую цікавасць, нават нягледзячы на тое, што ў савецкія гады кананічную храналогію станаўлення і развіцця партыі было прынята пачынаць з II з’езда РСДРП (Брусель і Лондан), які падзяліў сацыял-дэмакратаў на бальшавікоў і меншавікоў… Дом-музей I з’езда РСДРП быў адкрыты ў Мінску 14 сакавіка 1923 года. У 1950-я яго перамясцілі бліжэй да ракі Свіслач і "ўпісалі" ў архітэктурны ансамбль галоўнага праспекта сталіцы…

Яркі напрамак адукацыйнага турызму ў Беларусі – вывучэнне біяграфій і спадчыны выдатных асоб (ураджэнцаў краіны і не толькі), якія ў розныя эпохі жылі на гэтай зямлі. Сярод іх мастакі, кампазітары, пісьменнікі, вучоныя, палітыкі, грамадскія дзеячы. У спісе вядомых імёнаў – Марк Шагал, Хаім Суцін, Адам Міцкевіч, Аляксандр Сувораў, Павел Сухой…
Цікавая і разнастайная сфера адукацыйнага турызму – прыродазнаўства і экалогія. Як вядома, Беларусь славіцца багаццем прыроды, у тым ліку запаведнымі тэрыторыямі еўрапейскай і сусветнай каштоўнасці. Нацыянальныя паркі "Белавежская пушча", "Прыпяцкі", "Нарачанскі" і "Браслаўскія азёры", Бярэзінскі біясферны запаведнік, заказнікі "Ельня", "Налібоцкі", "Спораўскі" і многія іншыя з’яўляюцца цэнтрамі турызму, дзе можна вывучаць біялагічную разнастайнасць, экасістэмы, прынцыпы аховы прыроды. У рамках такіх тураў арганізуюцца экскурсіі з прафесійнымі эколагамі, лекцыі на адкрытым паветры, палявыя практыкі.

У Беларусі турысты могуць наведаць і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Гэта ўнікальная ў маштабах планеты тэрыторыя, якая з’явілася пасля ўзрыву на Чарнобыльскай АЭС – адной з буйнейшых тэхнагенных катастроф чалавецтва. Вялікая плошча ў эпіцэнтры выкіду аказалася найбольш забруджанай радыенуклідамі па саставе і колькасці. Сёння прыродная рэзервацыя, у жыццё якой практычна не ўмешваецца чалавек, захоўвае натуральную біяразнастайнасць. Гаспадарчая дзейнасць у запаведніку вядзецца выключна ў рамках навуковых даследаванняў і праектаў аднаўлення. Больш таго, гэта буйнейшая навукова-практычная пляцоўка, дзе спецыялісты вывучаюць уплыў радыяцыі на экасістэмы і праводзяць даследаванні, якія не маюць аналагаў у свеце. У рамках поўнафарматнай экскурсіі ў беларускай зоне адчужэння за адзін дзень турысты атрымліваюць дозу радыяцыйнага апрамянення прыкладна як за адну гадзіну палёту ў самалёце.

Адукацыйны турызм у Беларусі таксама ўключае навуковыя і тэхнічныя напрамкі. Для студэнтаў і спецыялістаў цікавасць уяўляюць экскурсіі і практычныя заняткі на базе вядучых універсітэтаў і навуковых цэнтраў, такіх як Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і многія іншыя. Там праходзяць майстар-класы, лекцыі, якія даюць магчымасць азнаёміцца з дасягненнямі ў галіне фізікі, хіміі, IT-тэхналогій, інжынерыі і іншых навук. У некаторыя праграмы ўключаюцца наведванні прамысловых прадпрыемстваў, навукова-даследчых інстытутаў і інавацыйных тэхнапаркаў.
Большасць існуючых універсітэтаў Беларусі заснаваны ў ХХ стагоддзі да Кастрычніцкай рэвалюцыі або ў перыяд БССР. Хоць яшчэ ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай у беларускіх гарадах было шмат навучальных устаноў з прынцыпамі акадэмічнай падрыхтоўкі (езуіцкія калегіумы), і некаторыя развіліся ў буйныя адукацыйныя цэнтры.

Першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Беларусі лічыцца Полацкая езуіцкая акадэмія, якая вырасла якраз з калегіума. Яе правапераемнікам сёння з’яўляецца Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, а адрэстаўрыраваныя старадаўнія будынкі па-ранейшаму служаць вучэбнымі карпусамі. У адным з іх адкрыта папулярная ў турыстаў экспазіцыя "Рэканструкцыя праекта Габрыэля Грубера "Механічная галава".
…Арыгінальная "Механічная галава" была вынаходніцтвам прафесара Полацкага калегіума, а пазней Акадэміі Габрыэля Грубера – матэматыка, інжынера і архітэктара, урача, тэолага, жывапісца і музыканта, лінгвіста, які свабодна валодаў 7 мовамі. Яго праект, створаны ў канцы XVIII стагоддзя, уяўляў сабой галаву старога мужчыны з доўгімі сівымі валасамі. Вынаходка рухала вачамі і адказвала на пытанні наведвальнікаў. Паглядзець на яе прыязджалі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Берліна… А сёння ў гасцей Полацка і ўніверсітэта ёсць магчымасць убачыць адроджаны варыянт. Новая "Механічная галава" паўстае ў вобразе старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата і размаўляе на 5 мовах.

У Горках знаходзіцца старэйшая ВНУ краіны – Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (БДСГА). Больш таго, заснаваная ў 1836 годзе і афіцыйна адкрытая ў 1840-м Горы-Горацкая земляробчая школа стала першай у Еўропе навучальнай установай сельскагаспадарчага профілю. Вельмі хутка яна ператварылася ў перадавы адукацыйна-навуковы цэнтр свайго часу, дзе шмат што было "ўпершыню". Акадэмія і сёння – буйнейшая шматпрофільная вышэйшая навучальная ўстанова аграпрамысловага напрамку сярод краін СНД і Еўропы.
Асноўныя вучэбныя карпусы пабудаваны ў першай палове ХIХ стагоддзя па праекце італьянца Анжэла Кампіёні. Архітэктар таксама склаў і план самога горада Горкі, каб ансамбль у стылі класіцызму гарманічна спалучаўся з навакольнай забудовай. Адметнасці БДСГА - буйны профільны музей, прысвечаны гісторыі ўстановы і пачатку аграрнай адукацыі ў Еўропе, цудоўны Батанічны сад, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў складзе комплексу акадэміі.
У Беларусі ёсць і іншыя ўніверсітэты, падобныя да музеяў, якія заслужана ўваходзяць у спісы славутасцей у тым ліку дзякуючы архітэктуры. Дарэчы, у адукацыйным турызме мастацтва праектавання і будаўніцтва (як ранейшых эпох, так і сучаснасці) з’яўляецца папулярным аб’ектам інтарэсу.

Цудоўныя будынкі ўзведзены спецыяльна для навучальных устаноў або з’яўляюцца яшчэ больш старымі збудаваннямі, што змянілі профіль. Напрыклад, кампус Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта – упрыгажэнне сталічнага праспекта Незалежнасці, які славіцца ансамблем забудовы ў стылі неакласіцызму (сталінскага ампіру). Галоўны корпус Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны размешчаны ў будынку былога Сялянскага банка пачатку ХХ стагоддзя ў неарускім стылі, што спалучае рысы мадэрну і эклектыкі. Увіты дзявочым вінаградам галоўны корпус Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – гэта ўзведзены ў 1893 годзе будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі, помнік цагельнага стылю ў архітэктуры другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Універсітэцкі гарадок БДУ – найбольш вядомага ўніверсітэта Беларусі і буйнейшага класічнага – займае квартал паміж плошчай Незалежнасці і Прывакзальнай плошчай, з’яўляючыся знакавай адметнасцю цэнтра Мінска. Акрамя гэтага, у альма-матар ёсць яшчэ шэраг будынкаў у горадзе. Папулярнымі аб’ектамі адукацыйнага турызму сталі і музеі ўніверсітэта – Музей гісторыі БДУ, Заалагічны музей, Музей землязнаўства, Музей юрыдычнага факультэта.
Заалагічны музей БДУ – не толькі адзіны ў Беларусі прыродазнаўча-гістарычны музей такога профілю, але і шмат у чым унікальны. Калекцыйны фонд з’яўляецца самым буйным у краіне зборам заалагічных аб’ектаў (чучал, кладак птушак, прэпаратаў, астэалагічнага матэрыялу і іншых як пазваночных, так і беспазваночных жывёл) – усяго больш як 102 тыс. адзінак. Тут захаваліся дарэвалюцыйныя заалагічныя аб’екты, ёсць рэдкія і ўнікальныя экспанаты, сабраныя супрацоўнікамі і выпускнікамі біялагічнага факультэта ў экспедыцыях або паездках. У складзе заалагічных калекцый знаходзіцца 260 відаў, занесеных у Чырвоныя кнігі краін СНД і свету.
Музей землязнаўства БДУ – адзіны ў Беларусі прыродазнаўчанавуковы ўніверсітэцкі музей геалагічнага профілю, які выконвае функцыі навучальнага, навукова-адукацыйнага, метадычнага і кансультацыйнага цэнтра. Яго калекцыйны фонд уключае больш за 20 тыс. мінералаў, горных парод і палеанталагічных рэдкасцей. У дэманстрацыйных залах выстаўлена 7 тыс. экспанатаў.

Пасля мадэрнізацыі будынка гістарычны факультэт БДУ стаў першым у Беларусі факультэтам-музеем. Гэты корпус для ўніверсітэта асаблівы. Будаўніцтва дома прыпадае на другую палову XIX стагоддзя, а яго перадача БДУ датуецца першым годам існавання ўніверсітэта. Менавіта тут у 1921 годзе адбылася першая ў гісторыі ВНУ лекцыя для студэнтаў. У гэтым жа будынку працаваў і некаторы час жыў першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта.
Безумоўна, сёння ўсе беларускія ўніверсітэты – адукацыйна-навуковыя цэнтры з багатымі традыцыямі і высокім узроўнем падрыхтоўкі, прадстаўленыя ў прэстыжных сусветных рэйтынгах – уключаны ў сферу адукацыйнага турызму: і ўнутранага, і міжнароднага. Для студэнтаў-іншаземцаў існуюць асаблівыя праграмы знаёмства з Беларуссю.

Адукацыйны турызм актыўна развіваецца ў сферы моўнага і культурнага абмену. У Беларусі, дзе дзяржаўнымі з’яўляюцца дзве мовы – руская і беларуская, ёсць шырокія магчымасці для іх вывучэння іншаземцамі. Руская мова папулярная як мова міжнародных зносін, неабходная для навучання ва ўніверсітэтах і камфортнага жыцця ў краіне, беларуская актуальная сярод тых, хто цікавіцца славістыкай, беларусістыкай. У міжнародных турыстаў запатрабаваны інтэнсіўныя моўныя курсы з элементамі культурнай праграмы. Удзельнікі такіх тураў не толькі вывучаюць мову, але і наведваюць тэатры, канцэрты, фестывалі, што забяспечвае глыбокае пранікненне ў культурнае асяроддзе.

Ацаніць узровень развіцця тэхналогій сучаснай Беларусі можна ў рамках не толькі адукацыйнага, але таксама дзелавога і прамысловага турызму. Адной са знакавых лакацый з’яўляецца Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) – IT-кластар, што спалучае ў сабе элементы тэхнапарка, інавацыйнага хаба і цэнтра лічбавай трансфармацыі. Ён аб’ядноўвае сотні кампаній-рэзідэнтаў, якія працуюць у розных напрамках – ад фінансавых тэхналогій і мабільнай распрацоўкі да штучнага інтэлекту і машыннага навучання. Экскурсія ў ПВТ дае магчымасць атрымаць уяўленне аб маштабах лічбавай трансфармацыі ў краіне, ацаніць інавацыйны патэнцыял беларускіх распрацоўшчыкаў, знайсці кропкі росту для ўласнага ўдасканалення і развіцця бізнесу.

Для замежных студэнтаў у Беларусі існуюць розныя праграмы, накіраваныя на азнаямленне з краінай. Гэта летнія школы, экскурсійныя туры, культурныя мерапрыемствы і навуковыя абмены, якія арганізуюць універсітэты, пасольствы і грамадскія арганізацыі.
У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь функцыянуе Цэнтр міжнародных сувязей, у ліку прыярытэтных напрамкаў якога – развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і развіццё адукацыйнага турызму. Цэнтр праводзіць экскурсійна-адукацыйныя праграмы для студэнтаў, выкладчыкаў і замежных грамадзян, накіраваныя на азнаямленне з гісторыка-культурнай спадчынай і традыцыямі беларускага народа.
Сумесна з установамі адукацыі Цэнтр штогод наладжвае міжнародныя праграмы мабільнасці студэнцкай моладзі, што становіцца важнай часткай падрыхтоўкі сучасных спецыялістаў. У рамках гэтых праграм студэнты ўдзельнічаюць у вытворчых экскурсіях, выстаўках, міжнародных канферэнцыях, семінарах і дыскусіях па пытаннях сваёй будучай прафесійнай дзейнасці. Яны вывучаюць перадавы вопыт і знаёмяцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі Беларусі, суседніх краін, што садзейнічае павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і папулярызацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі за мяжой.