Актыўны турызм у Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Актыўны турызм

Актыўны турызм у Беларусі


Хараство і разнастайнасць ландшафтаў, сезоннасць клімату, цікавыя дэстынацыі і ўнікальныя мясціны кантынента, развітая інфраструктура і бяспека – чым прываблівае Беларусь аматараў актыўнага турызму.

Падарожжы, дзякуючы якім можна даследаваць новыя тэрыторыі, зарадзіцца эмоцыямі і праводзіць час максімальна энергічна, запатрабаваны ўсё больш. І нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма высокіх гор або скал для альпінізму і звышскладанага трэкінгу, няма выхаду да мора з "вялікай хваляй" і маляўнічымі глыбінямі, краіна ў цэнтры Еўропы з’яўляецца папулярным напрамкам актыўнага турызму. Асабліва масавага і сямейнага – разнастайнага па відах і ўзроўнях складанасці, умерана экстрэмальнага і не патрабуючага працяглай спецыфічнай падрыхтоўкі.

Знакамітыя рэліктавыя пушчы і густы лес, тысячы вельмі прыгожых азёр і рэк з розным характарам плыні, масівы старажытных балот, перасечаная мясцовасць, мноства помнікаў гісторыі і архітэктуры, самабытная этнакультура ў глыбінцы – усё гэта робіць Беларусь цікавым месцам для турыстаў, якія імкнуцца знайсці для сябе нешта новае і пазнаць краіну бліжэй.

Акрамя таго, у розныя сезоны года Беларусь можа не толькі прывесці ў захапленне маляўнічымі "нясумнымі" краявідамі, але і дадаць вострых адчуванняў за кошт непрадказальнасці і зменлівасці надвор’я.

Віды актыўнага адпачынку і турызму ў Беларусі

У Беларусі даступны разнастайныя віды актыўнага турызму, якія даюць магчымасць злучыць  яркія ўражанні і фізічныя нагрузкі.  

Сярод папулярных сухапутных відаў:

  • пешаходны турызм (паходы аднаго дня і шматдзённыя, пешыя экскурсіі па экасцяжынах, прагулкі на балатаступах і снегаступах),
  • веласіпедны турызм (велапрагулкі па маршрутах, працяглыя велатуры),
  • конны турызм,
  • сафары на квадрацыклах, багі, аўтамабілях, снегаходах,
  • прыгодніцкі турызм (паркі актыўнага адпачынку з комплексамі выпрабаванняў і забаў), турыстычнае мнагабор’е,
  • гарналыжны і лыжны адпачынак, снаўбордынг,
  • язда ў сабачай запрэжцы (калі дазваляюць умовы).

Асаблівы напрамак актыўнага правядзення часу і ўзаемадзеяння з дзікай прыродай – паляўнічы турызм. Сёння Беларусь ‒ адна з найбольш прывабных для паляўнічых краін Еўропы па багацці магчымых трафеяў і ўмовах арганізацыі тураў. Аматары рыбалкі – летняй і зімовай – таксама знойдуць шмат цікавых лакацый у Беларусі, багатай азёрамі і рэкамі.

Найбольш распаўсюджанымі воднымі відамі актыўнага адпачынку і турызму ў Беларусі з’яўляюцца:

  • сплавы па рэках (на байдарках, каяках, рафтах),
  • сапсёрфінг,
  • вейкбордынг,
  • віндсёрфінг,
  • парусны турызм (яхтынг),
  • плаванне на адкрытай вадзе.

У Беларусі займаюцца і дайвінгам. У асноўным распаўсюджаны навучальныя праграмы на базе спартыўных комплексаў і басейнаў, якія даюць магчымасць атрымаць міжнародны сертыфікат. Але ў краіне ёсць азёры, дзе магчымы і практыкуюцца цікавыя апусканні пад ваду. Сярод такіх, напрыклад, Доўгае (самае глыбокае возера Беларусі), Рудакова, Нарач (самае вялікае ў краіне), Браслаўскія азёры… Дарэчы, глыбіня некаторых прыродных вадаёмаў, што з’явіліся на тэрыторыі Беларусі пасля адступлення старажытных ледавікоў, перасягае 50 м.

Папулярнымі паветранымі відамі актыўнага турызму і адпачынку ў краіне з’яўляюцца:

  • дэльтапланерызм і парапланерызм,
  • скачкі з парашутам,
  • падарожжы на паветраным шары,
  • палёты на спартыўных самалётах.

Цікавыя маршруты і мясціны Беларусі, якія варта ўбачыць

У Беларусі дзейнічаюць больш за 300 маршрутаў для пешых, веласіпедных, водных, конных і іншых падарожжаў. Многія з іх праходзяць праз ахоўныя прыродныя тэрыторыі – нацыянальныя паркі і біясферны запаведнік, заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння. І для турыстаў гэта магчымасць не толькі пабыць у гармоніі з навакольным асяроддзем і ў самай спрыяльнай экаабстаноўцы, але таксама ўбачыць сапраўды прыгожыя мясціны з багатай біяразнастайнасцю.

Раскажам толькі пра некаторыя маршруты і лакацыі, каб вы маглі пераканацца: Беларусь цікавая і разнастайная для актыўнага турызму.

Прыродная жамчужына са Спіса сусветнай спадчыны  ЮНЕСКАБелавежская пушча – самы вялікі рэліктавы лес Еўропы, які захаваўся, сумесны здабытак дзвюх дзяржаў. На тэрыторыі Беларусі нацыянальны парк "Белавежская пушча" мае разгалінаваную сетку пешаходных экасцежак і веласіпедных маршрутаў. Таксама для падарожнікаў арганізуюцца конныя прагулкі, экскурсіі на электра- і аўтатранспарце, туры па назіранні за дзікімі жывёламі.

Бярэзінскі біясферны запаведнікадзіны ў Беларусі рэзерват такога тыпу – прапануе гасцям больш за 120 відаў турыстычных паслуг, у тым ліку 6 пешаходных маршрутаў. Напрыклад, аматарам вострых адчуванняў даступны 12-кіламетровы маршрут па балоце з гідам. Для велатурыстаў распрацаваны 5 маршрутаў, сярод якіх "Сцежкамі Перамогі", што праходзіць цераз мясціны, дзе дзейнічаў партызанскі шпіталь. Запаведнік прапануе конныя маршруты працягласцю ад адной гадзіны да тыдня, а таксама сплавы на байдарках ад аднаго да сямі дзён.

Дзіўны край поўдня краіны – Беларускае Палессе, што ахоплівае даліну ракі Прыпяць са шматлікімі прытокамі. Гэтыя мясціны называлі "морам Герадота", паколькі яшчэ старажытнагрэчаскі гісторык апісваў бязмежныя водныя прасторы. А сёння нярэдка называюць "палескай/беларускай Амазоніяй" – за значныя маштабы, асабліва ў час сезонных разліваў, фантастычную прыгажосць і ўнікальныя прыродныя масівы, якія захаваліся да нашых дзён у першародным выглядзе (пойменныя дубровы, балоты). Усё гэта робіць Палессе цікавай дэстынацыяй для актыўнага турызму: водных паходаў па рэках і азёрах, дастаткова складаных пешых і веласіпедных падарожжаў, сафары-тураў. Госці рэгіёна могуць пабываць у нацыянальным парку "Прыпяцкі" і іншых прыродных скарбніцах, убачыць гісторыка-архітэктурныя славутасці і адчуць  непаўторны палескі каларыт.

У летні сезон па Прыпяці курсіруе адзіны ў краіне круізны цеплаход "Белая Русь". Гасцям прапануюцца шматдзённыя падарожжы па трох маршрутах ад Брэста да Мазыра і ў зваротным напрамку: шлях можа ўключаць 15 гарадоў і 24 аб'екты для наведвання. Яшчэ адно незвычайнае месца для воднага турызму і адпачынку – плывучая гасцініца "Палессе", размешчаная ў Тураве на Прыпяці.

Беларускае Паазер’е, што займае поўнач краіны,цудоўны прыродна-гістарычны рэгіён, ландшафт якога сфарміраваў старажытны ледавік – славіцца больш як 3 тысячамі азёр і сотнямі рэк. Сярод яго жамчужын – Браслаўскія азёры (тут створаны аднайменны нацыянальны парк), Блакітныя азёры, самае вялікае возера краіны Нарач (яго і наваколле ахоплівае нацыянальны парк "Нарачанскі"), самае глыбокае – Доўгае, самае паўночнае і другое па велічыні ў краіне – Асвейскае, легендарнае балота Ельня… І, вядома, на тэрыторыі Паазер’я распрацавана шмат цікавых маршрутаў для актыўнага турызму.

Напрыклад, у Верхнядзвінскім раёне кропкай прыцягнення для падарожнікаў з’яўляецца возера Асвейскае і на ім самы вялікі востраў БеларусіДу, або проста Востраў, як многія стагоддзі называлі яго ў тутэйшых мясцінах. Яшчэ да 1970-х ён быў населены людзьмі, але сёння тут пастаянна насяляюць толькі дзікія жывёлы. Для турыстаў адкрыта эколага-краязнаўчая сцежка "Таямнічы востраў Ду", а таксама арганізаваны стаянкі для начлегу ў палатках. Дабрацца да вострава, зразумела, можна толькі па вадзе – на катары, лодцы, сапе. Дарэчы, на "мацерыковым" беразе возера ў 2025 годзе з’явіўся круглагадовы  глэмпінг "Асвейскі", дзе можна адпачыць з камфортам у пейзажах небывалага хараства.

На тэрыторыі трох раёнаў – Мёрскага, Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага – на 200 км² распасцерлася славутае балота Ельня. Прыродны комплекс, якому ўжо больш за 9 тысяч гадоў, з’яўляецца самым вялікім вярховым балотам краіны і пятым па велічыні ў Еўропе. І шмат у чым дзякуючы яму Беларусь называюць "лёгкімі Еўропы". Створаны тут рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня" – адна з самых папулярных прыродных славутых мясцін краіны. Акрамя непасрэдна балот, на тэрыторыі знаходзіцца больш за 110 вялікіх і малых азёр, лес. Тут жывуць 130 відаў птушак, у тым ліку рэдкія чорнаваллёвая гагара, арлан-белахвост і чорны бусел. Як Рамсарскае ўгоддзе і ключавая тэрыторыя для птушак, Ельня прыцягвае бердвотчараў з усяго свету. Кожны год у верасні ў сезон міграцыі тут спыняюцца тысячы шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў… Для гасцей заказніка добраўпарадкаваны экасцежкі з драўлянымі насціламі для зручнасці перамяшчэння. Тут праходзяць арыгінальныя экскурсіі і туры. Напрыклад, толькі на Ельні арганізаваны прагулкі па гразкай мясцовасці ў балатаступах, а таксама магчыма язда на спецыяльным усюдыходзе – балатаходзе.

Ці ведаеце вы, што…

У адрозненне ад большасці краін Еўропы ў Беларусі захаваліся прыродна аднаўляльныя балотныя масівы – 1 348 балот агульнай плошчай амаль 863 тыс. га. Яны абагачаюць і ачышчаюць атмасферу гэтак жа эфектыўна, як здольны ачышчаць 20 млн га лесу.

Распаўсюджаным відам актыўнага адпачынку і відовішчным спартыўным спаборніцтвам у Беларусі стаў балотны футбол, або тарфяны футбол. У краіне праходзіць штогадовы Рэспубліканскі турнір па тарфяным футболе. А ў 2024 годзе ў пасёлку Праўдзінскі (Пухавіцкі раён) на палях торфабрыкетнага завода адкрылі першы ў свеце стадыён для тарфянога футбола. Спаборніцтвы па балотным футболе для аматараў праводзяцца ў рамках экафестываляў і свят. Сярод іх, напрыклад, "Спораўскія сенакосы", Свята мора на Аўгустоўскім канале.

Беларусь, якую рамантычна называюць Сінявокай, у цэлым багата на водныя рэсурсы.  У краіне больш за 20 тысяч рэк агульнай працягласцю 90 тыс. км, звыш 10 тыс. натуральных азёр, больш за 60 вялікіх штучных вадасховішчаў і звыш 500 параўнальна невялікіх. Таму Беларусь з’яўляецца цудоўным месцам для аматарскага і прафесійнага воднага турызму. Даступны сплавы на байдарках і каноэ, рафтах, сапах, прагулкі на катамаранах, лодках, катарах, яхтах.

З-за раўніннага рэльефу практычна ўсе рэкі Беларусі маюць першую катэгорыю складанасці (з 6), аднак гэта не азначае, што маршруты будуць занадта простыя ці аднастайныя. Напрыклад, больш спакойныя сплавы з магчымасцю атрымліваць задавальненне ад прыбярэжных пейзажаў арганізуюцца па рэках Іслач, Нёман, Пціч, Вілія, Случ, Бярэзіна, Днепр, Прыпяць, Убарць, Сож і інш. Для аматараў экстрыму даступны сплавы з парогамі па рэках з бурнай плынню – прытоках Заходняй Дзвіны, Страчы, Сцвізе.

Захапляючыя водныя падарожжы і іншыя актыўнасці арганізуюцца на азёрах і вадасховішчах па ўсёй Беларусі.

Галоўная рэкрэацыйная зона сталічнага Мінска – размешчанае ўсяго за некалькі кіламетраў ад межаў горада Заслаўскае вадасховішча, шырока вядомая пад назвай Мінскае мора. Гэта самая вялікая пляжная лакацыя краіны, папулярнае месца адпачынку і турызму. Віндсёрфінг і кайтсёрфінг, сапбордынг і вейкбордынг, катанне на катамаранах, байдарках і каноэ, катарах і яхтах – на водах Мінскага мора магчымы разнастайныя віды актыўнасцей, зразумела, з улікам кліматычнага сезона і канкрэтных умоў надвор’я. На ўзбярэжжы пракладзены пешаходныя і веласіпедныя маршруты. Напрыклад, з горада можна праехаць 28-кіламетровую дыстанцыю "Да Мінскага мора і назад".

Жамчужына Магілёўшчыны – Чыгірынскае вадасховішча, створанае на рацэ Друць. Яно прыцягвае турыстаў прыгажосцю пейзажаў і магчымасцямі разнастайнага адпачынку. На беразе штогод праходзіць унікальны па фармаце міжнародны фестываль "Вялікая бард-рыбалка", які аб’ядноўвае паклоннікаў аўтарскай музыкі, рыбнай лоўлі і актыўных відаў турызму.

Самае вялікае возера Брэсцкай вобласці – Выганашчанскае – з’яўляецца цэнтрам аднайменнага заказніка. На яго тэрыторыі ёсць рэкі, азёры, шмат вярховых, пераходных і нізінных балот, сярод водных прастораў ляжыць каля сотні некранутых астравоў. На сушы для падарожнікаў уладкавана экалагічная сцежка з чатырма пешаходнымі маршрутамі. Адзін з астравоў на экасцежцы займае незвычайны турыстычны комплекс з двума дамамі палешука. Першы – перанесены сюды аўтэнтычны вясковы дом 1921 года пабудовы (сечаны сякерай, не пілаваны) –  ператварыўся ў каларытны музей. Экспазіцыя расказвае, як жылі палешукі стагоддзе таму, якімі рамёствамі і промысламі займаліся. Гасцям прапануюць таксама пракаціцца на лодцы, зробленай з суцэльнага ствала дрэва. Другі – дом сучаснага палешука – пабудаваны, каб турысты маглі параўнаць, як змянілася жыццё ў тутэйшых краях з цягам часу.

Знакаміты Аўгустоўскі каналсумесны здабытак дзвюх дзяржаў і адно з рэдкіх гідратэхнічных збудаванняў Еўропы. Беларуская частка канала, размешчаная ў ландшафтным заказніку "Гродзенская пушча", не толькі ўваходзіць у топ самых папулярных славутых мясцін краіны, але і славіцца як тэрыторыя актыўнага адпачынку, воднага, пешаходнага і велатурызму. На працягу года тут праходзіць мноства мерапрыемстваў, у тым ліку для самых энергічных і спартыўных падарожнікаў. Сярод  буйнейшых падзей – Міжнародны фестываль воднага турызму "Нёманская вясна", веламарафон "Суседзі", Свята мора (заплывы на самабытных і самаробных плавальных сродках і чэмпіянат па балотным футболе).

Сёння кожны раён Беларусі мае цікавыя маршруты для актыўных турыстаў. І папулярны не толькі складаныя працяглыя падарожжы ў прыродных лакацыях, але і гарадскія прагулкі, якія прадугледжваюць значныя фізічныя нагрузкі. Як правіла, гэтыя маршруты звязваюць вядомыя гістарычныя славутасці, маляўнічыя паркі і зялёныя зоны.

Напрыклад, у сталіцы можна адправіцца па 25-кіламетровым маршруце "Мінск: пешшу з Чыжоўкі ў Глебкаўку". Ён пачынаецца ў парку імя Грэкавай, праходзіць праз Серабранскі парк, старадаўні Лошыцкі парк, парк "Сярэбраны Лог", парк імя Чынгіза Айтматава, парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, зону адпачынку "Ляснымі сцежкамі", лесапарк "Сцяпянка" і завяршаецца ў рэспубліканскім біялагічным заказніку "Глебкаўка".

Сталіца "Славянскага базару" Віцебск прапануе прагуляцца па маршруце "Пешшу ад Аксанаўкі да Альгова праз цэнтр". Яго працягласць 23 км. Дыстанцыя аб’ядноўвае лес Аксанаўка, лес "Шпілі", парк 1000-годдзя Віцебска, Студэнцкі сквер, парк Пераможцаў, сквер Пушкіна, парк Фрунзэ, парк імя 40-годдзя ВЛКСМ, дэкаратыўную дамбу, батанічны сад ВДУ імя П.М.Машэрава, сквер герояў Айчыннай вайны 1812 года, парк Партызанскай Славы імя Шмырова, парк імя Савецкай Арміі.

Спартыўна-масавыя мерапрыемствы і турыстычныя фестывалі ў Беларусі

Розныя віды актыўнага турызму, масавы спорт і азарт спаборніцтваў, энергію і сустрэчы аднадумцаў аб’ядноўваюць тэматычныя мерапрыемствы, якія праходзяць у розных рэгіёнах Беларусі – фестывалі і святы актыўнага адпачынку, марафоны, забегі, аматарскія турніры з маштабнымі забаўляльнымі праграмамі і інш.

Сярод найбольш значных і папулярных:

  • Мінскі паўмарафон – самая масавая бегавая падзея краіны;
  • Магілёўскі паўмарафон;
  • спартыўна-культурны фестываль "Вытокі";
  • велакарнавал "Viva Ровар";
  • праект "BISON RACE" – спаборніцтвы па экстрэмальным бегу з перашкодамі;
  • фестываль воднага турызму "Мотальская рэгата";
  • спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і ў тэхніцы воднага турызму "Нёманская вясна";
  • веламарафон "Суседзі";
  • веламарафон "Соль Палесся";
  • Нацыянальны фестываль бегу "Языльская дзясятка";
  • турніры па балотным (тарфяным) футболе і інш.
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі