Нацыянальны парк "Прыпяцкі" | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Прырода | Нацыянальны парк "Прыпяцкі"

Нацыянальны парк "Прыпяцкі"


Некранутая чалавекам прырода ў даліне ракі Прыпяць, унікальныя балоты і пойменныя дубровы, багатыя радовішчы – усё гэта дзіўны край Палесся, падобнага да якога няма ні толькі ў Еўропе, але і ў свеце.

У міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці размешчаны адзін з 4 нацыянальных паркаў Беларусі – "Прыпяцкі". Пад асаблівай аховай знаходзіцца амаль 190 тысяч гектараў тэрыторыі, і больш за трэць займае абсалютны рэзерват дзікай прыроды.

Больш падрабязна пра прыроду Беларусі

Прыпяцкае Палессе

Унікальны геаграфічны і гісторыка-культурны рэгіён на поўдні Беларусі размешчаны ў даліне сярэдняга цячэння Прыпяці.  

На вялізнай плошчы "беларускай Амазоніі" ў спрадвечным выглядзе захаваліся прыродныя сістэмы з багатым раслінным і жывёльным светам – вялікія балоты, шырокія поймы, дубровы, шыракалістыя лясы.

Прыпяцкае Палессе заслужана называюць "лёгкімі Еўропы", паколькі тут знаходзіцца буйнейшы лесабалотны комплекс кантынента, а менавіты балоты лепш за ўсё насычаюць паветра кіслародам.

Пойменныя дубровы Прыпяцкага Палесся па структуры і фларыстычным складзе ўнікальныя для ўсёй Усходнееўрапейскай раўніны.

Сёння ў Прыпяцкім Палессі створана цэлая сістэма асабліва ахоўных тэрыторый, дзе забаронена любая дзейнасць, якая можа нанесці шкоду прыродным комплексам. У яе ўваходзяць:

  • Нацыянальны парк "Прыпяцкі"
  • 25 заказнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэння
  • 24 помнікі прыроды

Палессе – скарбніца мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Яшчэ адна асаблівасць сучаснага Прыпяцкага Палесся – значная доля асушаных зямель і інтэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі.

У гэтым унікальным рэгіёне Беларусі была рэалізавана "Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага  выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 – 2015 гады".

Нараўне з некранутасцю ландшафту ў Прыпяцкім Палессі захаваліся найбагацейшыя народныя традыцыі і этнакультурная самабытнасць.

Аўтэнтычныя песні і танцы, асаблівыя палескія дыялекты, хатні ўклад і спрадвечныя рамёствы – гэта спадчына карэнных жыхароў стала адным з турыстычных брэндаў рэгіёна.

Убачыць, як жылі палешукі, можна ў аграсядзібах. Многія з іх адкрыты ў старадаўніх дамах палескай глыбінкі, ёсць нават цэлыя вёскі з дварамі і вуліцамі.

У Нацыянальным парку "Прыпяцкі" з 2010 года праводзіцца фестываль этнакультурных традыцый "Зоў Палесся". На працягу некалькіх дзён харавыя калектывы і вакалісты выконваюць палескія песні, рамеснікі прадстаўляюць спрадвечныя промыслы. Тут таксама праходзяць традыцыйныя спаборніцтвы рыбаловаў і гонкі на чаўнах, вясёлыя забавы, выстаўкі і кірмашы.

Гісторыя Нацыянальнага парку "Прыпяцкі"

Ідэя стварэння балотнага запаведніка на Палессі выказвалася вучонымі яшчэ ў 20-30-я гады XX стагоддзя. Польскі акадэмік Уладзіслаў Шафер прапанаваў для гэтай мэты буйнейшы ў Еўропе і цудоўна захаваны Альманскі балотны масіў.

Дзякуючы даследаванням унікальнай прыроды Палесся за некалькі дзесяцігоддзяў склалася навуковая база для стварэння запаведнай тэрыторыі.

У чэрвені 1969 г. быў арганізаваны Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік, які з 1996 года пераўтвораны ў Нацыянальны парк "Прыпяцкі".

У 1995 годзе пры запаведніку створана эксперыментальная лесагаспадарчая гаспадарка  "Ляскавічы". А ў 1998 годзе ў парку адкрыўся першы ў Беларусі Музей прыроды (з 2012 г. – у новым будынку).

"Прыпяцкі" сёння

Сёння Нацыянальны парк "Прыпяцкі" – адна з самых папулярных турыстычных выдатных мясцін Беларусі.

Аматары дзікай прыроды прыязджаюць на захапляючы фотасафары, тут можна ўбачыць сапраўды вялікую колькасць жывёл у прыродным асяроддзі.

У Нацыянальным парку сустракаецца 51 від млекакормячых: дзікі, алені, ласі, лані, зайцы, лісы, андатры, янотападобныя сабакі, бабры… У тым ліку і рэдкія віды: зубр, еўрапейская норка, еўрапейская рысь, барсук, садовая соня, соня-палчок, арэшнікавая соня.

Нацыянальны парк "Прыпяцкі" мае міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Яго насяляе 256 відаў птушак (79% арнітафаўны ўсёй краіны), з іх 65 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Пойма Прыпяці – буйнейшае міграцыйнае рэчышча пералётных птушак у Еўропе.

Рэкі і старадаўнія азёры парку насяляе 38 відаў рыб – судак, шчупак, мянтуз, жэрах, лешч…

Амаль 95% плошчы парку займаюць маляўнічыя лясы. У асноўным гэта хвойнікі і дубровы, ёсць таксама масівы бярозы, вольхі, ясеня, граба, асіны, сустракаюцца кляноўнікі, ліпнякі, дрэвападобныя вербнякі.

Флора прадстаўлена 929 відамі раслін, з якіх каля 45 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Для турыстаў у парку арганізуюцца:

  • фотасафары (падарожжы для назірання за жывёламі ў дзікай прыродзе)
  • экскурсіі па экалагічных маршрутах ("Зубрагадавальнік", "Палеская Амазонія")
  • прагулкі на цеплаходах і лодках
  • экалагічныя канферэнцыі, дыскусіі і сустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі
  • рыбалка і паляванне

Музей прыроды

У Нацыянальным парку "Прыпяцкі" працуе цудоўны Музей прыроды, дзе наглядна прадстаўлены ландшафты беларускага Палесся з яго жыхарамі ў розныя поры года, сабраны багатыя калекцыі экспанатаў капытных жывёл, насякомых, рэптылій і амфібій, гербарый рэдкіх раслін Беларусі.

Музей прыроды аб'ядноўвае некалькі залаў. Уводная экспазіцыя прысвечана ўнікальнасці прыродных комплексаў Палесся, гісторыі стварэння парку, асаблівасцям яго тэрыторыі.

Зала ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці прадстаўляе:

  • дыярамы "Пойменная дуброва", "Сасновы лес", "Пойма ракі Прыпяць", размалёўка "Вярховае балота"
  • наглядную і лічбавую інфармацыю пра багацце флоры і фаўны
  • гербарый раслін, занесеных у Чырвоную кнігу
  • калекцыі птушак і насякомых

У экспазіцыйнай зале створаны:

            • панарамная экспазіцыя ўсяго парку
            • дыярамы "Зубры", "Драпежнікі", "Падводны свет", "Вясна ў пойме Прыпяці"
            • экспазіцыі "Буслы", "Калонія чапляў", "У лесе", "Архаічнае пчалярства" (пра старадаўні занятак палешукоў – бортніцтва)

Таксама ў Музеі прыроды адкрыта зала этнаграфіі Палескага краю і стылізаваная хата полешука, прысвечаныя культурна-гістарычнай унікальнасці гэтага рэгіёна.

Як дабрацца і дзе спыніцца

Нацыянальны парк "Прыпяцкі" размешчаны на тэрыторыі Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці.

Адміністрацыйны цэнтр – аграгарадок Ляскавічы (Петрыкаўскі раён). Адлегласць ад Мінска – 260 км, ад Гомеля – 270 км, ад Брэста – 350 км.

Зручней за ўсё дабірацца на аўтамабілі, папярэдне зверыўшыся з картай. На маршрутным аўтобусе з Мінска можна даехаць да Турава або Жыткавіч, а потым на таксі да Ляскавіч.

З Брэста і Гомеля ў Жыткавічы штодзень ходзяць пасажырскія паязды. Адзін з найбольш прымальных варыянтаў – далучыцца да арганізаванай турыстычнай групы.

На тэрыторыі Нацыянальнага парку ёсць некалькі месц, дзе можна спыніцца:

  • гасцініца "Над Прыпяццю" (аграгарадок Ляскавічы)
  • турыстычны комплекс "Дарашэвічы"
  • турыстычны комплекс "Хлупінская Буда"
  • турыстычны аб'ект "Старушкі"
  • гасцявы домік рыбака і паляўнічага "Чарацянка"
  • катэдж "Сосны"
  • гасцінічны домік у Тураве

Выдатныя мясціны паблізу Нацыянальнага парку

На тэрыторыі і ў навакольнай мясцовасці Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" размешчаны гарады і вёскі з багатым гістарычным мінулым і культурнай спадчынай.

Напрыклад, старадаўні Тураў – другі пасля Полацка гістарычны і культурны цэнтр эпохі сярэднявечча. Тут захаваліся ўнікальныя помнікі, у тым ліку фундамент Тураўскай царквы XII стагоддзя.
 
Славутасць Жыткавіч – драўляная Свята-Троіцкая царква ў неарускім стылі (1842).

У Лельчыцкім раёне захаваліся драўляныя Пакроўская царква (XVII–XVIII стст.), Увазнясенская царква (XIX в.), царква святога Мікалая. У вёсках Восаў, Мілашавічы і Дубніцкае можна ўбачыць курганы перыяду ранняга феадалізму.

Помнік прыроды рэспубліканскага значэння – Цар-дуб – знаходзіцца ў вёсцы Данілевічы. Яго вышыня – 32 метры, дыяметр – 1,6 метра, акружнасць ствала ў абхваце – 4,5 м.

На паўднёвым усходзе ад Нацыянальнага парку размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі