Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Прырода | Браслаўскія азёры

Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры"


Сотні маляўнічых азёр, некранутая прырода і незвычайны рэльеф ледавіковага перыяду зрабілі Браслаўскі край адным з самых цудоўных куткоў Беларусі. 

У 1995 г. на ўнікальнай прыроднай тэрыторыі Беларускага Паазер'я створаны Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры".

Адміністрацыйны цэнтр парку знаходзіцца ў старадаўнім горадзе Браславе, які вырас на ўзгорыстым перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навяты.

Больш падрабязна пра прыроду Беларусі

Браслаўскае Паазер'е

Буйнейшы азёрны рэгіён Беларусі – Браслаўскае Паазер'е – вядомы ландшафтамі і рэльефам, якія пакінуў тут старажытны ледавік.

Галоўнае багацце – каля 300 азёр і вадаёмаў – розных па форме, плошчы, глыбіні, саставу і празрыстасці вады, разнастайнасці флоры і фаўны. За незвычайнае хараство іх называюць "блакітнымі каралямі" Беларусі.

Самыя глыбокія азёрыВоласа Паўднёвы (максімальная глыбіня 40,4 м), Воласа Паўночны (29,2 м), Укля (25 м) і Струста (23 м).

Самыя вялікія па плошчы – Дрывяты  (36 км², 5-е па велічыні ў Беларусі) і Снуды (22 км², 8-е ў Беларусі).

 Браслаўскія азёры насяляюць рэліктавыя беспазваночныя, што сведчыць аб чысціні вады. Тут жыве больш за 30 відаў рыб. На тэрыторыі Браслаўскага раёна сканцэнтравана каля 35% птушак, якія гняздуюцца ў Беларусі.

Дзякуючы ледавіковым працэсам, у большасці Браслаўскіх азёр складаная форма. Зрэзаная берагавая лінія ўтварае мноства паўастравоў, заліваў і бухт.

Акрамя таго, Браслаўшчына – край астравоў: на тутэйшых азёрах іх больш за 100, у тым ліку незвычайных. Напрыклад, востраў Чайчын на возеры Струста – другі па велічыні ў Беларусі (1,6 км²) – мае ўласнае ўнутранае возера.

На двух астравах азёр Іказнь і Дрысвяты ў Сярэдневякоўі былі пабудаваны замкавыя ўмацаванні. На востраве Неспіш у XVII-XIX стагоддзях існаваў манастыр.

Да 40-х гадоў ХХ стагоддзя на вялікіх астравах Браслаўскіх азёр жылі сем'і рыбакоў, але сёння тут бываюць толькі турысты.

Яшчэ адна асаблівасць браслаўскага рэльефу – характэрныя па форме ўзгоркі: акруглыя камы і падобныя на грэбень озы.

Ледавік пакінуў на тэрыторыі краю шмат камянёў, сярод якіх і валуны вельмі вялікіх памераў. Самы вялікі валун Браслаўшчыны – больш за 40 тон – знаходзіцца на заходнім беразе возера Струста.

Многім са старажытных камянёў мясцовыя жыхары далі свае назвы: Божы след, Чортаў след, Каровін камень…

Гісторыя Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры"

Рэкрэацыйныя магчымасці Браслаўскага краю сталі выкарыстоўвацца яшчэ ў XIX стагоддзі. Цэнтрамі летняга адпачынку былі сядзібы арыстакратаў, як, напрыклад, маёнтак Пляцераў Бяльмонты.

У 20-я гады XX стагоддзя ў Браслаў прыязджалі служачыя і студэнты з Вільні і Варшавы, аматары водных падарожжаў, дачнікі.

У 30-я гыды ў горадзе працавалі летнія базы адпачынку і дзіцячыя лагеры, дзейнічалі тры яхт-клубы, спартыўныя пляцоўкі. У Браславе праходзілі захапляючыя парусныя рэгаты, святы і выстаўкі.

У час Другой сусветнай вайны турыстычная інфраструктура Браслаўшчыны была знішчана і пачала аднаўляцца толькі ў канцы 1950-х гадоў.

У 1958 г. адкрылася база "Браслаўскія азёры". Пазней, у 1970 годзе, была арганізавана зона рэспубліканскага значэння "Браслаў", а ў 1995 г. створаны Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры".

"Браслаўскія азёры" сёння

Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" займае плошчу каля 70 тысяч гектараў. Яго працягласць з поўначы на поўдзень – 55 км, з захаду на ўсход – ад 9 да 29 км.

У межах Нацыянальнага парку знаходзяцца 74 возеры агульнай плошчай 12590 гектараў, што складае прыкладна 17% усёй яго тэрыторыі.

Тут расце больш за 1900 відаў раслін. Лясы займаюць каля 67% плошчы і размешчаны некалькімі буйнымі масівамі:

  • лес Багінскі
  • Відзоўская лясная дача
  • лес Бяльмонт 
  • Друйская лясная дача
  • лес Баруны

Дзякуючы разнастайнасці экасістэм (лясы, азёры, лугі, балоты), жывёльны свет парку вельмі багаты. Яго тэрыторыю насяляюць 312 відаў пазваночных жывёл, у т.л.:

  •  216 відаў птушак (лебедзь-шыпун, чорны бусел, шэры журавель, серабрыстая чайка, белая курапатка)
  • 45 відаў млекакормячых (лось, алень, казуля, дзік; унесеныя ў Чырвоную кнігу барсук, рысь, буры мядзведзь, сажалкавая начніца, паўночны кажанок)
  • 34 віды рыб (судак, лінь, лешч, сазан, язь, сом, вугор, унесеныя ў Чырвоную кнігу рапушка еўрайпеская, сняток)
  • 12 відаў земнаводных
  • 5 відаў паўзуноў

У Нацыянальным парку абсталяваны вальеры з дзікімі жывёламі, характэрнымі для Беларускага Паазер'я.

Аматары пешых прагулак могуць накіравацца ў маленькае падарожжа па экалагічных сцяжынах:

  • "Парк Бяльмонт" (помнік садова-паркавага мастацтва XVIII – XIX стст., другі па велічыні ў Беларусі пасля парку ў Нясвіжы)
  • "Слабодкаўская озавая града" (цудоўныя пейзажы і рэдкія формы ледавіковага рэльефу; гарадзішча VII стагоддзя да н.э. – VI стагоддзя н.э. і  XI – XIII стагоддзяў н.э.; ваенны палігон пагранічных польскіх войскаў 1920 – 1939 гг.)

На тэрыторыі Нацыянальнага парку працуюць 4 базы адпачынку, якія прымаюць турыстаў з розных краін:

  • "Дрывяты"
  • "Золава"
  • "Лявошкі"
  • "Слабодка"

Нацыянальны парк прапануе туры для паляўнічых і рыбаловаў, якія могуць вывезці з Браслава ўнікальныя трафеі. Тут праводзяцца міжнародныя рыбалоўныя турніры "Шчупакова ўдача" і "Браслаўскі спінінг".

У цёплы сезон па возеры Дрывяты курсіруе прагулачны цеплаход.

Як дабрацца і дзе спыніцца

Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" размешчаны на тэрыторыі Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Адлегласць ад Мінска – каля 250 км (на паўночны захад), ад Віцебска – каля 235 км.

Дабрацца можна на аўтамабілі, аўтобусе або поездзе (да станцыі Друя). У Браслаў ажыццяўляюцца рэгулярныя маршруты з Мінска, Віцебска і Полацка.

У парку можна забраніраваць нумар на адной з 4 баз адпачынку (у камфартабельным комплексе, катэджы або вясковым доміку). Таксама ў Браславе працуюць 2 гасцініцы, база адпачынку "Браслаўскія азёры" і турбаза "Браслаўскія азёры". На берагах азёр адкрыта шмат аграсядзіб.

Для аматараў актыўнага адпачынку на тэрытрыі парку абсталяваны 30 турыстычных стаянак з бяседкамі, вогнішчамі, смеццязборнікамі, туалетамі і сцежкамі да вады.

Выдатныя мясціны Браслава і ваколіцы

Прыехаўшы ў Нацыянальны парк, вы абавязкова пабываеце ў Браславе, дзе захавалася гістарычная планіроўка і традыцыйная забудова цэнтра горада XIX-XX стагоддзяў. Сярод найбольш вядомых славутасцей Браслава:

  • Замкавая гора (IX – XV стст.)
  • касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1897 г.)
  • царква Прачыстай Прасвятой Багародзіцы (1897 г.)
  • будынак Свята-Панцеляймонавага жаночага манастыра(пачатак XX стагоддзя)
  • гара Маяк – найлепшы аглядны пункт у наваколлі Браслаўскіх азёр (174 м)

Недалёка ад Браслава вы можаце наведаць:

  •  унікальныя астраўныя замчышчы ў вёсках Іказнь і Дрысвяты
  • востраў Кляштор (Манастырскі) на возеры Неспіш
  • гарадзішча Маскавічы
  • курганныя групы ў вёсках Укля і Опса

За 35 км ад Браслава ў г.п. Друя захаваўся Барысаў камень – рэдкі помнік эпіграфікі XII стагоддзя.

Адзін з самых высокіх неагатычных храмаў Беларусі – Троіцкі касцёл (59 м) – размешчаны ў г.п. Відзы.

У вёсцы Відзы-Лаўчынскія захаваліся сядзіба і парк, дзе растуць экзатычныя расліны. У канцы XIX стагоддзя тут дзейнічаў курорт "Лазенкі".

Недалёка ад Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" размешчана вёска Мосар Глыбоцкага раёна, дзе знаходзяцца касцёл Святай Ганны (1792 г.), дэндрапарк, а таксама ўстаноўлены першы ў Еўропе помнік Папу Іаану Паўлу II.

Параўнальна невялікая адлегласць (130 км) звязвае Браслаў і старажытны горад Полацк.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі