Гомельская вобласць, Беларусь | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Геаграфія | Гомельская вобласць

Гомельская вобласць

Від на вул. Савецкую ў г. Гомелі
Від на вул. Савецкую ў г. Гомелі

Гомельская вобласць – адна з шасці абласцей Беларусі. Размешчана ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны.

Гомельская вобласць – буйнейшая па тэрыторыі вобласць Беларусі (40,4 тыс.кв. км). На ўсходзе вобласць мяжуе з Расіяй, на поўдні – з Украінай. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць каля 30% тэрыторыі рэгіёну.

Насельніцтва Гомельскай вобласці:

  • 1 млн 347,5 тыс. чалавек (на 1 студзеня 2023 г.)
  • 72,93% насельніцтва жывуць у гарадах
  • 88,22% насельніцтва складаюць беларусы
  • 7,71% – рускія
  • 2,15% – украінцы

Асноўная рэлігія – праваслаўе.

Пасёлкі і гарады Гомельскай вобласці

Гомель – абласны адміністрацыйны цэнтр. Тэрыторыя вобласці падзелена на 21 раён. У склад вобласці ўваходзяць 17 гарадоў, 18 пасёлкаў гарадскога тыпу і 2608 сельскіх населеных пунктаў.

Транспартныя зносіны Гомельскай вобласці

Гомельская вобласць мае развітую дарожную інфраструктуру. Праз вобласць праходзяць буйныя міжнародныя аўтамагістралі, якія злучаюць краіны Еўропы з Расіяй і Украінай.

Гомельская вобласць мае шырокую чыгуначную сетку. 90% чыгуначных грузаў краіны і амаль палавіна пасажырскіх паяздоў праходзяць праз рэгіён.

Галоўная рака вобласці – Днепр. Яго працягласць – 420 км. Днепр перасякае тэрыторыю рэгіёну з поўначы на поўдзень. Прытокі Дняпра і ракі Прыпяць маюць суднаходнае і сплаўное значэнне, а таксама служаць водапрыёмнікамі для меліярацыйных каналаў, што асушаюць забалочаныя землі.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці шырокая сетка каналаў. Акрамя таго, тут шмат азёр. Самае вялікае з іх – Чырвонае  (плошча 43,6 кв. км).

У Гомелі і Мазыры размешчаны аэрапорты.

Прамысловасць Гомельскай вобласці

Гомельская вобласць з’яўляецца адным з высокаразвітых індустрыяльных рэгіёнаў Беларусі. На яго тэрыторыі размешчана болей за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, доля якіх у аб’ёме прамысловай вытворчасці рэспублікі складае 22%. Каля 70% вырабленай прадукцыі ідзе на экспарт. Знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляюцца больш як са 100 краінамі. Аб’ём выпускаемай прадукцыі Гомельскай вобласці ў разліку на 1 жыхара большы, чым у Мінску.

Вядучыя галіны прамысловасці:

  • паліўная 
  • хімічная 
  • лясная
  • лёгкая 
  • харчовая
  • вытворчасць сталі і металапракату
  • машынабудаванне (асабліва развіта сельскагаспадарчае машынабудаванне)

Асноўны прамысловы патэнцыял сканцэнтраваны ў гарадах Гомель, Мазыр, Жлобін, Светлагорск, Рэчыца, Добруш.

Створаны свабодная эканамічная зона "Гомель-Ратон" і Гомельскі навукова-тэхналагічны парк.

Прыродныя рэсурсы Гомельскай вобласці

Сярод карысных выкапняў, якія маюць асаблівую значнасць для народнай гаспадаркі вобласці, - паліўна-энергетычная сыравіна.

Разведана амаль 1500 радовішчаў торфу.

У 1964 годзе паблізу г. Рэчыца была здабыта першая прамысловая нафта. Сёння яе атрымана больш як 100 млн. тон. Штогод здабываецца 1,8 млн. тон.

Трэць тэрыторыі вобласці пакрыта лясамі. Па запасах лесу Гомельская вобласць займае першае месца ў Беларусі.

У паўднёва-ўсходняй частцы Прыпяцкай упадзіны разведаны паклады каменнага вугалю.

У Ельскім раёне выяўлена радовішча гаручых сланцаў.

У 100 млн. тон ацэньваюцца запасы бурага вугалю ў Жыткавіцкім і Брынёўскім радовішчах.

Разведаныя запасы каменнай солі перасягаюць 22 млрд. тон. На базе Мазырскага радовішча створана буйнейшая ў рэспубліцы вытворчасць па выпуску солі (ААТ «Мазырсоль»).

У вобласці ёсць перадумовы для выяўлення і падрыхтоўкі да прамысловага асваення новых відаў сыравіны – гіпсу, базальтавых валокнаў, мінеральных сарбентаў, ёдабромных расолаў.

На Гомельшчыне функцыянуе Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – адзіны такі ў свеце – у якім вывучаюцца і захоўваюцца ў прыродным стане тэрыторыі, якія зведалі радыеактыўнае ўздзеянне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці размешчаны Нацыянальны парк "Прыпяцкі", дзе практычна ў некранутым стане захаваліся унікальныя ландшафты беларускага Палесся. Гэта адзіная мясціна на планеце, дзе ёсць першабытныя пойменныя дубровы.

Сельская гаспадарка ў Гомельскай вобласці

Аграпрамысловы комплекс вобласці здольны задаволіць патрэбнасці насельніцтва ў асноўных прадуктах харчавання і забяспечыць сыравінай перапрацоўчую галіну. Асноўныя сельскагаспадарчыя галіны: мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва і бульбаводства, а таксама льнаводства (ва ўсходняй частцы вобласці). Сельскагаспадарчыя ўгоддзі складаюць 1,4 млн. га.

Амаль 50% вырабленых у вобласці прадуктаў харчавання экспартуецца ў розныя краіны свету.

Культура і сродкі масавай інфармацыі Гомельскай вобласці

У Гомельскай вобласці знаходзіцца мноства помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры і архітэктуры. У вобласці 26 музеяў, 4 тэатраў і 2 мастацкія галерэі.

Адзін з найстарэйшых і аўтарытэтных музеяў – Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, цэнтрам якога з'яўляецца Палац Румянцавых і Паскевічаў (помнік архітэктуры канца XVIII - сярэдзіны XIX стст).

У рэгіёне праходзяць розныя фестывалі мастацтваў – рэгіянальнага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Прысваенне Гомелю статусу культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2011 года з'яўляецца сведчаннем высокіх дасягненняў Гомеля ў сферы культуры.

У Гомельскай вобласці выдаецца больш за 70 газет і часопісаў, працуюць рэгіянальныя тэле- і радыёстанцыі.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі