Падзейны турызм у Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Падзейны турызм

Падзейны турызм у Беларусі


Падарожжа ў Беларусь – гэта не толькі магчымасць азнаёміцца з багатай  гістарычнай і культурнай спадчынай краіны ў цэнтры Еўропы, наведаць унікальныя прыродныя тэрыторыі або адпачыць на курорце ва ўмерана кантынентальным клімаце. У Беларусь едуць таксама і па ўражанні ад яркіх падзей.

Музыка, спорт, аўтэнтычная і сучасная святочная культура актыўна фарміруюць напрамкі турызму ў Беларусі.

Штогод у краіне праходзіць мноства мерапрыемстваў, якія збіраюць тысячы ўдзельнікаў і гасцей. Фестывалі, канцэрты, Дні гарадоў і брэндавыя святы рэгіёнаў, гістарычныя рэканструкцыі, маштабныя спартыўныя турніры і матчавыя сустрэчы, тэматычныя выставы – кожны госць Беларусі можа выбраць падзею, якая стане галоўнай мэтай паездкі або дапаўненнем да асноўнай праграмы падарожжа. У тым ліку ў Беларусі нярэдка праходзяць мегамерапрыемствы – буйныя спартыўныя чэмпіянаты і гульні, прэстыжныя канцэрты, маштабныя фестывалі.

Падзейны турызм, арыентаваны і на нацыянальную аўдыторыю, і на гасцей з розных краін, усё больш папулярны ў Беларусі. Гэтаму садзейнічаюць:

• зручнае геаграфічнае становішча і транспартная даступнасць;
• прывабныя бязвізавыя рэжымы для грамадзян дзясяткаў дзяржаў;
• вялікая колькасць мерапрыемстваў у сталіцы і рэгіёнах;
• высокія стандарты забеспячэння бяспекі пры правядзенні мерапрыемстваў;
• развітая турыстычная інфраструктура.

Якія мерапрыемствы наведаць у Беларусі

Падзейны каляндар Беларусі напоўнены мерапрыемствамі рознай тэматыкі і фармату. Турыстам асабліва цікавы буйныя музычныя фестывалі, каларытныя святы, незвычайныя традыцыі, якіх няма больш нідзе ў свеце, канцэрты папулярных артыстаў, маштабныя спартыўныя турніры, якія збіраюць балельшчыкаў з розных краін.

Унікальным культурным брэндам і мегападзеяй, вядомай далёка за межамі Беларусі, з’яўляецца Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Кожны год на тыдзень ліпеня ён ператварае "паўночную сталіцу" ў горад, які практычна не спіць. Праграма ўключае дзясяткі мерапрыемстваў – канцэрты на сцэне знакамітага Летняга амфітэатра, у залах для гледачоў і пад адкрытым небам, папулярныя міжнародныя конкурсы маладых і юных выканаўцаў, тэатральныя сустрэчы і спектаклі, кубак гумару, тэматычныя фестывалі ўнутры галоўнага фестывалю, кірмаш рамёстваў "Горад майстроў", выставы, вернісажы і майстар-класы, рандэву і аўтограф-сесіі з зоркамі…

За дзесяцігоддзі "Славянскі базар у Віцебску", заснаваны ў 1992-м, стаў адным з буйнейшых фестываляў у Еўропе і, без перабольшання, шоу сусветнага ўзроўню. У 2000 годзе ён устанавіў рэкорд, сабраўшы на сцэне прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў, якія жывуць на зямлі. Штогод форум прываблівае тысячы ўдзельнікаў і гасцей з дзясяткаў дзяржаў. Мабыць, па колькасці прадстаўленых відаў мастацтва і жанраў віцебскаму "Славянскаму базару" няма аналагаў у свеце.

Буйнейшая падзея беларускай культурнай восені – Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", які захапляе магіяй кіно не толькі сталіцу, але і рэгіёны краіны. На працягу больш як тыдня гледачы могуць глядзець карціны з усяго свету – навінкі арт-хауса, фільмы, якія атрымалі прызнанне на прэстыжных замежных фестывалях, паспяховыя праекты сусветнага пракату, рэтраспектыўныя паказы беларускай класікі, анімацыю, дзіцяча-юнацкае і сямейнае кіно і інш. Зразумела, самымі інтрыгуючымі і зорнымі вечарамі па традыцыі з’яўляюцца адкрыццё і закрыццё фестывалю.

Цікавымі для іншаземцаў могуць быць мерапрыемствы, прысвечаныя нацыянальным святам беларусаў – дзяржаўным і народным. Найбольш маштабна Беларусь адзначае Дзень Перамогі (9 мая) і Дзень Незалежнасці (3 ліпеня): праходзяць вялікія канцэрты, ваенныя парады або шэсці, народныя гулянні, выставы пад адкрытым небам і інш.

Зімой папулярны шумныя навагоднія і ўтульныя калядныя святы з кірмашамі, канцэртамі, вулічнымі паказамі. У розных кутках Беларусі праводзяцца аўтэнтычныя калядныя абрады, сярод якіх, напрыклад, "Калядныя цары" ў Семежаве са Спіса нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

З набліжэннем цяпла ў Беларусі весела святкуюць Масленіцу і праводзяць "Гуканне вясны". Вялікія хрысціянскія (велікодныя, траецкія) урачыстасці вясной і летам пераплятаюцца з народнымі традыцыямі, і ў гэты час таксама можна ўбачыць цікавыя аўтэнтычныя абрады, у тым ліку "Юраўскі карагод" са Спіса нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Лета ў Беларусі – час фестываляў пад адкрытым небам: музычных, гастранамічных, этнакультурных, гістарычных, спартыўна-масавых, мотафестываляў і інш.

Сёння практычна ў кожнага раёна краіны ёсць свой брэндавы фестываль, прысвечаны мясцовым культурным традыцыям, лакальным прадуктам, мінуламу краю і вядомым славутасцям. Сярод папулярных:

• "Вішнёвы фестываль" у Глыбокім;
• "Мотальскiя прысмакi" ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна;
• "Іўеўскі памідор" у Іўі;
• "Бацькава булка" ў Свіслачы;
• "Ганненскі кірмаш" у Зэльве;
• Рэспубліканскі фестываль народнага гумару "Аўцюкi" (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць) і інш.

Самыя маштабныя фестывалі – з акцэнтам на багатай культуры беларусаў, а таксама добрасуседстве і дружбе з іншымі народамі – перараслі ў міжнародны фармат. Яны вядомы далёка за межамі краіны і аб’ядноўваюць тысячы гасцей:

• Рэспубліканскае свята Купалле "Александрыя збірае сяброў" (аграгарадок Александрыя, Шклоўскі раён);
• Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" (нацыянальны парк "Прыпяцкі", Петрыкаўскі раён);
• Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (Гродна, раз у два гады).

Ці ведаеце вы, што…

Самае прыгожае і містычнае народнае свята ў летнім календары беларусаў – Купалле. Старадаўнія традыцыі не згасаюць, і сёння яго шырока адзначаюць па краіне – у гарадах і вёсках на берагах рэк і азёр, этнаграфічных комплексах і музеях, нацыянальных парках.

Папулярны ў Беларусі гучныя музычныя опэн-эйры, якія збіраюць паклоннікаў з усёй краіны і замежжа. Вядомыя хэдлайнеры і трэндавыя выканаўцы ў лайн-ап, жывая музыка да світання, моц гуку і святла, феерверкі, забавы і кемпінгі – усе праекты праводзяцца на ўзроўні сусветных стандартаў. І часцей за ўсё ў месцах, здольных узмацніць уражанні яшчэ больш.

Буйнейшыя музычныя фестывалі пад адкрытым небам у Беларусі:

• Viva Braslav на цэнтральным пляжы ў курортным Браславе (Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры", Віцебская вобласць);
• рок-фестываль "Сонцастаянне" (Пружаны, Брэсцкая вобласць);
• Wostrau Nesvizh Fest у парку каля знакамітай рэзідэнцыі са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (Нясвіж, Мінская вобласць);
• фестываль музыкі і ежы LIDBEER недалёка ад сцен сярэдневяковага замка (Ліда, Гродзенская вобласць).

У Мінску галоўная пляцоўка музычнага лета – стадыён "Дынама" ў самым сэрцы сталіцы. Тут праходзяць гучныя праекты belbet fest, гарадскі музычны фестываль FESTIWOW і інш. Папулярным опэн-эйрам Мінска стаў таксама Stereo Weekend, які праводзіцца ў маляўнічых лакацыях горада – Батанічным садзе, старадаўнім Лошыцкім парку.

Ва ўсе сезоны года знакамітыя славутасці Беларусізамкі, палацы і сядзібы, мемарыяльныя комплексы і музеі – прыцягваюць гасцей не толькі багатай гісторыяй, архітэктурнай і музейнай спадчынай, але і буйнымі мерапрыемствамі рознага фармату. Сярод іх як уласныя праекты, так і яркія калабарацыі з іншымі творчымі калектывамі.

Напрыклад, вельмі актыўнымі цэнтрамі падзейнага турызму з’яўляюцца жамчужыны Беларусі са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Мірскі замак і Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль.

У Мірскім замку, які ўключаюць у рэйтынгі самых прыгожых у Еўропе, праходзяць:

• "Музычны тэатр у Мірскім замку" – закрыццё сезона Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра ў антуражы архітэктурнай жамчужыны;
• велікасвецкія балі для дарослых і дзяцей;
• сезоны канцэртаў Белдзяржфілармоніі.

Брэндавымі падзеямі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", часткай якога з’яўляецца цудоўны палацава-паркавы ансамбль, сталі:

• штогадовы фінальны акорд тэатральнага сезона беларускага Вялікага "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў";
• летні джазавы фестываль "Джаз у горадзе N";
• фестываль мастацтваў "Музы Нясвіжа";
• "Гранд кірмаш у палацы "Кветкі Нясвіжа";
• палацавыя балі ў розныя сезоны года;
• гастрольныя канцэрты і тэматычныя мерапрыемствы ў гонар свят і канікулаў.

Гальшанскі замак – "герой" такіх папулярных праектаў, як фестываль сярэдневяковай культуры "Гальшанскі замак", "Ноч музеяў каля сцен Гальшанскага замка", летнія "Вечары ў Соф’і Гальшанскай".

Каля старадаўніх сцен Крэўскага замка праходзяць фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Крэва на скрыжалях часу", брэндавае свята "Керамiка Крэва", "Ноч музеяў".

Яркія падзеі музея-сядзібы М.К. Агінскага – свята "Вяртанне "Паўночных Афін", фестываль "Вяргіні да дня нараджэння Міхала", дарослыя і дзіцячыя святочныя балі…

Музей-сядзіба Ільі Рэпіна "Здраўнёва" рэгулярна арганізуе для наведвальнікаў захапляючыя тэматычныя святы. А ў 2025 годзе ўпершыню прыняў праект, які абяцае стаць яшчэ адным з яркіх фестываляў беларускага лета – начны open air "Купала-Фэст".

Гістарычная, інжынерна-гідратэхнічная і рэкрэацыйная славутасць Беларусі – Аўгустоўскі канал – у розныя сезоны года збірае гасцей на буйныя мерапрыемствы: адкрытае рэгіянальнае свята народнай творчасці "Аўгустоўскі канал запрашае сяброў", фестываль народнай творчасці "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў", "Свята мора", свята "Аўгустоўскі фрэш", марафон "Суседзі" і інш.

Беларусь – краіна з багатымі рэлігійнымі традыцыямі і мноствам храмаў розных канфесій. У дні вялікіх урачыстасцей яны прымаюць тысячы вернікаў. Пры гэтым акрамя традыцыйных богаслужэнняў ёсць і рэдкія, незвычайныя, унікальныя мерапрыемствы.

Напрыклад, у Будславе (Мінская вобласць) каля сцен старадаўняга каталіцкага касцёла ў ліпені праходзіць прыгожае духоўнае свята Будслаўскі фэст, уключаны ЮНЕСКА ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Старажытны горад Беларусі Полацк, дзе 900 гадоў таму заснавала праваслаўны манастыр нябесная заступніца зямлі беларускай прападобная Ефрасіння Полацкая, праводзіць штогадовыя ўрачыстасці ў яе гонар, аб’ядноўваючы традыцыйныя і новыя мерапрыемствы.

У Жыровіцкім манастыры, акрамя асноўных богаслужэнняў і ўрачыстасцей у дні свят, праходзіць штогадовае ўшаноўванне старадаўняга цудатворнага абраза, а таксама захапляючы "Манастырскі забег".

Ці ведаеце вы, што… 

У Беларусі вызначаны духоўныя цэнтры асноўных канфесій. Для праваслаўных гэта Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр і Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр у Полацку, для католікаўкасцёл у Будславе, які з’яўляецца  Нацыянальным санктуарыем каранаванага папскімі каронамі Будслаўскага абраза Божай Маці. Цэнтрам ісламу ў Беларусі з’яўляецца старадаўняя Іўеўская мячэць. Для іўдзеяў знакавым месцам стала сінагога ў Бабруйску, дзе створаны таксама яўрэйскі дворык са сцяной плачу.

Прыехаўшы ў Беларусь нават на кароткія канікулы, турысты могуць скласці насычаную праграму і паспець наведаць адразу некалькі мерапрыемстваў і мясцін. У Мінску, сталіцах рэгіёнаў і іншых гарадах праходзяць буйныя падзеі, якія сталі іх візіткамі – праекты са шматгадовай гісторыяй і традыцыямі, вядомыя ў Беларусі і за мяжой.

У Брэсце: Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", Міжнародны фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары", маштабныя мерапрыемствы ў Брэсцкай крэпасці-героі ў Дзень Перамогі 9 мая і дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня (Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа), Brest Motor Music Weekend…

У Віцебску: акрамя знакамітага "Славянскага базару", праходзяць Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салярцінскага, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC)…

У Гродне: Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, Фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест", Міжнародны фестываль лялечнага мастацтва "Лялькі над Нёманам"…

У Гомелі: Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Славянскія тэатральныя сустрэчы", Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод"...

У Магілёве: Міжнародны тэатральны форум "М.@rt.кантакт", Міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер", Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка"…

У Маладзечне: Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Мала93ечна"…

У Полацку: Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі", Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі…

• Аб самых смачных фестывалях Беларусі, прысвечаных каларытнай народнай, папулярнай вулічнай або вытанчанай высокай кухні – у раздзеле ГАСТРАНАМІЧНЫ ТУРЫЗМ.

• Аб яркіх святах і фестывалях, якія прадстаўляюць багатую культуру беларусаў – у раздзеле ЭТНАГРАФІЧНЫ ТУРЫЗМ.

• Аб мерапрыемствах, прысвечаных прыроднаму багаццю Беларусі – у раздзеле ЭКАЛАГІЧНЫ ТУРЫЗМ.

• Аб падзеях дзелавога і выставачнага жыцця краіны – у раздзеле ДЗЕЛАВЫ ТУРЫЗМ.

Яркі напрамак падзейнага турызму – спорт і актыўны адпачынак. У Беларусі, жыхары якой захоплены масавымі відамі спорту, праводзіцца шмат аматарскіх турніраў і мерапрыемстваў, у тым ліку міжнароднага фармату – забегі і марафоны, спартыўна-масавыя фестывалі і святы, велапрабегі

У той жа час Беларусь – вядомая спартыўная дзяржава з моцнымі атлетамі і актыўнымі балельшчыкамі. Краіна мае буйныя пляцоўкі сусветнага ўзроўню, прызначаныя для спаборніцтваў па многіх відах спорту, і не аднойчы станавілася месцам правядзення прэстыжных спаборніцтваў еўрапейскага і сусветнага маштабу. Цяпер таксама праходзіць мноства турніраў, нягледзячы на санкцыі МАК і абмежаванні іншых міжнародных структур у дачыненні да Беларусі і яе спартсменаў.

Сярод найбольш буйных і папулярных спартыўна-масавых мерапрыемстваў Беларусі:

• Мінскі паўмарафон – самая масавая бегавая падзея краіны;
• Магілёўскі паўмарафон;
• спартыўна-культурны фестываль "Вытокі";
• велакарнавал "Viva Ровар";
праект "BISON RACE" – спаборніцтвы па экстрэмальным бегу з перашкодамі;
• фестываль воднага турызму "Мотальская рэгата";
• спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і ў тэхніцы воднага турызму "Нёманская вясна";
• веламарафон "Суседзі";
• веламарафон "Соль Палесся";
• Нацыянальны фестываль бегу "Языльская дзясятка";
• турніры па балотным (тарфяным) футболе і інш.

Што адбываецца ў Беларусі ў 2025 годзе

Плануючы падарожжа ў Беларусь, вы можаце даведацца аб маючых адбыцца мерапрыемствах у:

штомесячным календары падзей Belarus.by;
календары мерапрыемстваў па сезонах года ад Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Падзейныя пляцоўкі Беларусі

Бязвізавыя рэжымы для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемстваў у Беларусі

Акрамя працяглых бязвізавых рэжымаў, якімі пры арганізацыі падарожжа ў Беларусь могуць скарыстацца грамадзяне дзясяткаў дзяржаў свету, у краіне існуе практыка ўвядзення бязвізу на перыяд асабліва значных, буйных падзей.

Сярод іх, напрыклад, былі чэмпіянат свету па хакеі-2014, Еўрапейскія гульні-2019, Гульні краін СНД-2023. Штогод такі фармат выкарыстоўваецца для ўдзельнікаў і гасцей Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Асноўнымі ўмовамі падзейнага бязвізу з’яўляюцца набыццё білетаў на мерапрыемства, а таксама захаванне тэрмінаў уезду і выезду. Пры гэтым важна прытрымлівацца і іншых правіл, каб падарожжа атрымалася максімальна камфортным.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі