Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Бабруйску: дзекабрысцкая цытадэль і непаўторны шарм "яўрэйскай сталіцы" Беларусі

Што паглядзець у Бабруйску: дзекабрысцкая цытадэль і непаўторны шарм

Не сакрэт, што Бабруйск стаў шырока вядомы далёка за межамі Беларусі дзякуючы сатырычнаму раману Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова "Залатое цяля". Літаратурныя "дзеці лейтэнанта Шміта" пагаджаліся ехаць хоць зараз у горад, які "лічыўся цудоўным, высокакультурным месцам". А ў нашы дні яго гасцей сустракае  бронзавая скульптура Шуры Балаганава – аднаго з герояў твора, самазванца і "малочнага брата" "вялікага камбінатара" Астапа Бендэра…

І ўсё ж яшчэ задоўга да з'яўлення літаратурнай славы горад з багатым мінулым заваяваў рэпутацыю сапраўды ўнікальнага месца не толькі ў Беларусі, але і ўсёй Усходняй Еўропе.

Горад Бабруйск, першае згадванне пра які адносіцца да 1387 года, размешчаны на месцы ўпадзення ракі Бабруйкі ў Бярэзіну. І згодна з адной з версій, назва паходзіць ад балцкага наймення ракі, звязанага з яе насельнікамі – бабрамі. Археолагі сцвярджаюць, што старажытныя людзі пражывалі тут яшчэ ў бронзавым веку (канец ІІІ – пачатак ІІ тыс. да н. э.), а з сярэдзіны І тыс. н. э. сваё паселішча ў гэтых краях заснавалі дрыгавічы.

У яўрэйскіх крыніцах месца ўпершыню згадваецца ў другой чвэрці XVI стагоддзя. У 1795 г. Бабруйск набыў статус горада і стаў часткай "мяжы яўрэйскай аселасці", што садзейнічала росту насельніцтва. Згодна з перапісам 1897 года, тут жылі 20 760 яўрэяў – 60% ад агульнай колькасці гараджан. Росквіт яўрэйскага жыцця ў Бабруйску прыпаў на канец XIX – пачатак XX стагоддзяў. Сярод самых запатрабаваных заняткаў у яўрэяў былі выраб адзення, гандаль прадуктамі сельскай гаспадаркі, нарыхтоўка і продаж лесу.

Да Другой сусветнай вайны – у 1932 годзе – з 62 тысяч жыхароў горада 40 тысяч складала яўрэйскае насельніцтва. У ваенны час з-за бесчалавечнай палітыкі акупацыйных улад 25 тысяч яўрэяў былі забіты ў Бабруйскім гета, што існавала з 1 жніўня да 30 снежня 1941 года. Эміграцыя канца 1980-х – пачатку 1990-х у ЗША, Канаду, Аўстралію і Ізраіль таксама паўплывала на склад яўрэйскай абшчыны горада. Аднак і сёння Бабруйск лічыцца гістарычным, культурным і рэлігійным цэнтрам беларускіх яўрэяў.

Лёс горада звязаны з імёнамі выдатных бабруйчан яўрэйскага паходжання. Сярод іх – Паліна Венгерава, аўтар мемуараў "Успаміны бабулі" пра жыццё яўрэйскай сям'і ў другой палове XIX стагоддзя, пісьменнік і журналіст Міхаіл Герчык, геолаг і першаадкрывальнік радовішчаў калійнай і каменнай солі, нафты ў Прыпяцкім прагіне Залман Гарэлік, кіраўнік і ідэолаг рабочага руху ў сіянізме Берл Кацнэльсан, гісторык Самуіл Лазінскі, ізраільскі палітычны дзеяч, старшыня Кнесета (1959–1969 гг.) Кадзіш Луз, аўтар гумарыстычных апавяданняў, карыкатурыст Іосіф Тункель, паэт, лаўрэат Дзяржпрэміі Ізраіля Давід Шымоні, рэлігійны дзеяч, кадыфікатар яўрэйскага звычайнага права Ехіэль Міхель Эпштэйн, кнігавыдавец рэлігійнай літаратуры Яакаў Кохен Гінзбург

Сёння Бабруйск – гэта буйнейшы пасля абласных цэнтраў горад Беларусі з насельніцтвам большым за 200 тысяч чалавек. "Горад шыннікаў", тут працуе адзін з вядучых вытворцаў аўтамабільных шын у Еўропе – ААТ "Белшына". Знакамітым смачным брэндам Бабруйска з'яўляецца зефір (у тым ліку і кашэрны) кандытарскай фабрыкі "Чырвоны харчавік". І, вядома, яўрэйская культура аказала ўплыў на архітэктурнае аблічча Бабруйска, сфарміраваўшы дзіўную атмасферу яўрэйскага мястэчка ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў.

Пешаходная вуліца Сацыялістычная

У самым сэрцы гістарычнага цэнтра знаходзіцца "бабруйскі Арбат" – пешаходная вуліца Сацыялістычная, якую ў народзе называюць "Сацыялкай". У пачатку ХХ стагоддзя гэта была адна з першых брукаваных вуліц горада, таму ідэальна падыходзіла для знаёмстваў і працяглых прагулак. У 1876-м яна называлася Мураўёўскай – у гонар генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, які задушыў паўстанне 1863-1864 гадоў. Самі гараджане называлі яе "Неўскім праспектам", бо тут жылі самыя забяспечаныя сем'і, а ў канцы XIX стагоддзя знаходзіліся магазіны і крамы, дзе можна было набыць кнігі, галантарэю, ювелірныя вырабы, тэкстыль, шпалеры, прадукты, віно і нават колы.

Пасля рэстаўрацыі забудовы старога горада ў 1990-я вуліца канчаткова стала пешаходнай на радасць жыхарам і гасцям Бабруйска. Як і 200 гадоў таму, днём тут кіпіць жыццё і бойка ідзе гандаль, таму што зусім побач размешчаны Цэнтральны гарадскі рынак, а ўвечары настае час для рамантычных прагулак у святле вулічных ліхтароў. Тут жа прахожых вітае бронзавая скульптура бабра – сімвала горада на Бярэзіне, устаноўленая ў 2006-м перад рэспубліканскім святам ураджаю "Дажынкі". Дабрадушны персанаж, якога гараджане ласкава называюць Бабром Самуілавічам, апрануты ў франтаваты касцюм гэткага буржуа – тыповага жыхара Бабруйска пачатку ХХ стагоддзя.

Адрас: вуліца Сацыялістычная

Бабруйская сінагога

У XIX стагоддзі Бабруйск стаў адным з цэнтраў духоўнага жыцця беларускіх яўрэяў. Мясцовыя рабіны былі вядомы далёка за межамі краіны. У розныя часы тут жылі кіраўнік хабадскага хасідызму Мардэхай Барух Этынгер, Хілел з Парыч, Шмарыя Ноах Шнэерсан, Яакаў Давід Вайлоўскі (Рыдбаз) і Рафаэль Шапіра, які пазней стаў кіраўніком знакамітай Валожынскай іешывы. У ХХ стагоддзі ў горадзе налічвалася 42 сінагогі, таму Бабруйск часта называлі "горадам 40 сінагог", а на бабруйскіх вуліцах яшчэ і ў пасляваенныя гады гучаў ідыш.

Цяпер адзіным дзеючым іўдзейскім храмам Бабруйска з'яўляецца сінагога, створаная больш як 100 гадоў таму. Так склалася, што пасля Вялікай Айчыннай вайны аж да канца ХХ стагоддзя ў яўрэйскай абшчыны не было будынка для богаслужэнняў. Адкрылася для вернікаў адроджаная сінагога толькі ў 2002 годзе, калі ў горад з Ізраіля прыехаў рабін Шауль Хабаба. У храме з'явіліся свяшчэнная кніга іўдзеяў – Тора і спецыяльны каўчэг для яе, а пры сінагозе пачалі праводзіць урокі, дзе вывучалі Тору, яўрэйскія традыцыі і законы.

Адрас: вул. Сацыялістычная, 36

Яўрэйскі дворык

Яўрэйскі дворык у Бабруйску ўяўляе сабой гарадскі сквер, размешчаны каля дзвюх адрэстаўрыраваных сцен старадаўняй сінагогі. Ідэя аб такой турыстычнай лакацыі ўзнікла ў рабіна Шауля Хабаба ў 2015 годзе, і ад задумы да рэалізацыі прайшло каля 4 гадоў. У жніўні 2019 года адбылося ўрачыстае адкрыццё дворыка-музея пры ўдзеле лідараў абшчыны, спонсараў і вернікаў. Тут пануе атмасфера супакаення: пешаходныя дарожкі, клумбы, альтанка для ўтульных сустрэч. А самі сцены ўпрыгожваюць карціны Ехіэля Офнера "пра будні і святы яўрэйскага жыцця". Чакаецца, што дворык увойдзе ў турыстычныя маршруты як асаблівы комплекс, што ўключае музей, сінагогу і кафэ.

У чэрвені 2022 года ў дворыку адкрылі памятны знак "Ад жыцця да жыцця", прысвечаны ахвярам Халакосту і абнаўленню яўрэйскіх абшчын. Кожная дэталь мае свой сэнс: на сцяне з выразамі, што сімвалізуюць разбурэнні ад абстрэлаў, апісана кароткая гісторыя існавання і знішчэння яўрэйскіх абшчын Беларусі, чорныя бэлькі – сімвал згарэлых дамоў і жыццяў, а зорка Давіда – адраджэння яўрэйскага жыцця.

Адрас: перакрыжаванне вуліц Чангарская і Бахарава

Друкарня імя А.Ц. Непагодзіна

Бабруйская друкарня з'яўляецца адной з самых старых у Беларусі. Вядома, што ў канцы XIX стагоддзя ў горадзе на Бярэзіне налічвалася 6 друкарань, буйнейшай з якіх, заснаванай у 1888 годзе, валодаў купец Кулд Фрыдлянд. У 1913-м у ёй працавалі 19 чалавек, "прадукцыі выраблялі на 12 тысяч рублёў".

Другое дыханне друкарня атрымала ў 1918 годзе. Выдавецкая справа прадаўжалася і ў трагічныя дні Вялікай Айчыннай вайны, калі тут разгарнула работу падпольная групоўка. У 1968–1972 гг. друкарня перажыла рэканструкцыю і будаўніцтва новага корпуса. У савецкі час ёй было прысвоена імя друкара Аляксандра Непагодзіна – удзельніка камуністычнага падполля Бабруйска ў гады Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі. Сёння гэта сучасная паліграфічная вытворчасць, што выпускае вялікі асартымент ад упакоўкі і этыкетак да высокатэхналагічных бланкаў і каштоўных папер.

Двухпавярховы цагляны будынак друкарні ў стылі мадэрн быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Яго ўпрыгожваюць пілястры і паўкалоны, вокны з лучковымі перамычкамі, дэкарыраваныя падаконнымі нішамі. І гэта сапраўды выдатная спадчына Бабруйска.

Адрас: вул. Сацыялістычная, 103

Будынак былой Аляксееўскай жаночай гімназіі

У спіс найстарэйшых навучальных устаноў Бабруйска ўваходзіць Славянская гімназія (сёння – гімназія №3). Адзін з яе вучэбных карпусоў размешчаны ў будынку былой Аляксееўскай жаночай гімназіі, заснаванай у 1906 годзе і названай у гонар імператарскага сына – Цэсарэвіча Аляксея. У той час адукацыйны курс складаў 8 класаў, дзе дзяўчынкі вывучалі Закон Божы, геаграфію, гісторыю, рускую, нямецкую, французскую і лацінскую мовы, рукадзелле. Выкладалі дысцыпліны выпускнікі Пецярбургскага ўніверсітэта і Віленскага вышэйшага вучылішча. Пазней частка памяшканняў была перададзена першай у горадзе грамадскай бібліятэцы, кніжны фонд якой папаўняла ўнучка знакамітага рускага паэта А.С. Пушкіна Наталля Варанцова-Вельямінава. Яе маёнтак знаходзіўся насупраць гімназіі (цяпер – Палац грамадзянскіх абрадаў).

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў будынку Аляксееўскай гімназіі размясцілася Бабруйскае педагагічнае вучылішча (1944), а ў 1949 годзе – Бабруйскі настаўніцкі інстытут. У 1965-м каля сцен гімназіі ўстанавілі помнік вайсковым часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні Бабруйска ад фашыстаў. Летам 2005 г. побач была закладзена першая ў Беларусі Алея праведнікаў у гонар бабруйчан, якія ратавалі яўрэйскія сем'і ў гады Другой сусветнай.

Адрас: вул. Сацыялістычная, 119

Свята-Нікольскі кафедральны сабор

Пабудаваны ў рэтраспектыўна-рускім стылі Свята-Нікольскі сабор – найстарэйшы храм Бабруйска. Яго пачалі ўзводзіць у 1892 годзе на сродкі, выдзеленыя з дзяржаўнай казны, і ахвяраванні вернікаў. Асвячэнне сабора адбылося ў 1894 годзе. На жаль, у савецкі час яго напаткаў лёс шматлікіх культавых збудаванняў краіны. У 1930-я са званіцы храма скінулі цяжкі медны звон і разам з крыжамі адправілі на пераплаўку. А ў 1965 годзе ў перабудаваным да непазнавальнасці саборы адкрыўся… басейн. Тут на абліцаваных кафляй калонах і ўкрытых тынкоўкай сценах доўгія гады былі схаваны фрэскі ХIХ стагоддзя.

Толькі ў 2002 годзе храм вярнулі вернікам, пасля чаго пачалася рэканструкцыя з вяртаннем святыні гістарычнага аблічча па старых чарцяжах. У 2007 годзе тут зноў падняўся на 32 метры шпіль царкоўнай званіцы. Другое асвячэнне сабора адбылося 22 мая 2007 года – у дзень памяці свяціцеля Мікалая Цудатворца. Сёння гэта адзін з самых вялікіх храмаў Магілёўскай вобласці, цэнтр Бабруйскай праваслаўнай епархіі. Таксама пры саборы створана сястрыцтва ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны, якое аказвае дапамогу інвалідам і адзінокім састарэлым людзям.

Адрас: вул. Савецкая, 76

Гасцініца "Бабруйск"

Прыгожы від на гасцініцу "Бабруйск" з'яўляецца адным з самых запамінальных для гасцей горада. Пабудаваная ў пасляваенны час (1958), яна кампазіцыйна падкрэслівае выгіб вуліцы Савецкай, якая вядзе да цэнтральнай плошчы Леніна. Пры гэтым размяшчэнне гасцініцы ўнікальна: будынак знаходзіцца на скрыжаванні адразу трох вуліц старога горада – Раманаўскай, Баравой і Мікалаеўскай. Сёння можна зайсці і прагуляцца па калідорах гэтага будынка. На першым паверсе размешчаны вестыбюль, адміністрацыйныя і бытавыя памяшканні, у цэнтральнай частцы – парадная лесвіца. Кожны паверх упрыгожваюць скульптуры савецкай эпохі. Раней тут размяшчаліся толькі жылыя нумары, а цяпер памяшканні здаюцца пад офісы, і пастаяльцаў прымае будынак, прыбудаваны з боку вуліцы Савецкай.

Адрас: вул. Савецкая, 97/26

Касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Будаўніцтва храма рымска-каталіцкай канфесіі пачалося ў 1901 г. пад кіраўніцтвам ксяндза Яна Красоўскага. І 9 верасня 1912 г. мітрапаліт архібіскуп Магілёўскі Вінцэнт Ключынскі асвяціў галоўны алтар касцёла. Мураваны храм у неагатычным стылі вылучаўся ў архітэктурным ансамблі горада. Увянчаная шпілем чатырохгранная вежа накіравалася ў неба, узвышаючыся над упрыгожаным зубчастым шчытом і вострымі вежкамі фасадам. Унутранае ўбранне злучыла разьбу па дрэве, мазаіку, ляпніну, каляровае шкло, вырабы з металу... Жамчужынай храма лічыўся вобраз "Маці Божая" – копія карціны іспанскага жывапісца XVII стагоддзя Барталамэ Эстэбана Мурыльё.

Двойчы ў гісторыі – на працягу 1935–1941 і 1946–1955 гадоў – храм закрывалі. А ў 1968 г. ён страціў сваё архітэктурнае багацце – высокую ажурную званіцу. У розныя перыяды будынак служыў абласным музеем, адміністрацыйным корпусам будтрэста. Толькі ў сакавіку 1996 г. вернікам аддалі алтарную частку храма, а пасля рэканструкцыі вярнулі гістарычную назву – касцёл Беззаганнага зачацця Найвяцейшай Дзевы Марыі. У нашы дні яго ўпрыгожваюць 14 бронзавых скульптур мінскага майстра Яўгена Дабравольскага, якія адлюстроўваюць хрэсны шлях Хрыста на Галгофу.

Адрас: вул. Кастрычніцкая, 121

Дом купчыхі Кацнэльсан

Бясспрэчна, самы прыкметны будынак у гарадскім ансамблі Бабруйска – ярка-бірузовы драўляны дом купчыхі Кацнэльсан, пабудаваны ў 1912 годзе ў стылі мадэрн. Яго гаспадыня – Пая-Брайна Кацнэльсан – у першай палове ХХ стагоддзя была вядома тым, што займалася гандлем лесам. Паводле адной з версій, жанчыне спадабаўся асабняк у Прыбалтыцы, і яна купіла яго, распарадзіўшыся разабраць на часткі і перавезці ў Бабруйск. Аднак у доме купчыха доўга не пражыла, пераехаўшы перад рэвалюцыяй да сына ў Пецярбург. Асабняк перажыў ваенны час, а з 1970-х да 2014 года ў яго будынку знаходзілася гарадская бібліятэка імя М. Горкага. Чакаецца, што новы ўласнік правядзе рамонт будынка, дзе будзе размяшчацца офіс, асвяжыць гістарычнае аблічча фасада і зробіць падсветку, а ў дворыку адкрые вулічны музей.

Адрас: вул. Інтэрнацыянальная, 25

Воданапорная вежа-рэстаран з назіральнай пляцоўкай

Помнік прамысловай архітэктуры – вежа з чырвонай цэглы, якая пачала забяспечваць вадой увесь горад – з'явілася ў Бабруйску ў 1927 г. У час Вялікай Айчыннай вайны яна моцна пацярпела, але зноў была адбудавана і да 1960 года выконвала свае функцыі. Пазней тут размясцілася лабараторыя па кантролі якасці гарадской вады. А з 2003 года адрэстаўрыраваная вежа ператворана ў рэстаран пад назвай "Чырвоная вежа". На кожным яе ярусе створана свая атмасферная зона – кафэ-бар, більярдная, кальянная. Пяты паверх пад шкляным купалам-пірамідай заняла зала рэстарана, якая стала да таго ж назіральнай пляцоўкай, адкуль адкрываецца прыгожы від на горад. Падняцца сюды можна не толькі па вітай лесвіцы, але і на ліфце. Унутры вежы захаваўся аўтэнтычны воданапорны механізм – стальны бак, які стаў элементам інтэр'ера.

Звонку на верхнім ярусе вісіць вялікі гадзіннік, што адбівае час кожную гадзіну, а ў 19:40 выконвае знакамітую мелодыю "Сем сорак". Флюгер упрыгожвае вясёлы бабёр, які трымае герб горада.

Побач з вежай-рэстаранам размешчаны паказальнік гарадоў і помнік літаратурнаму Шуру Балаганаву.

Адрас: вул. Пушкіна, 194

Былы гарадскі асабняк Мірэнбурга

Вялікі гарадскі асабняк – помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя ў стылі эклектыкі – быў пабудаваны ў 1912 годзе для бабруйскага прадпрымальніка Мірэнбурга, які займаўся лясной прамысловасцю. Рысы класіцызму, мадэрну і ампіру злучыліся ў моцным аднапавярховым будынку пад чатырохсхільным металічным дахам. Фасад упрыгожваюць масіўныя калоны з канелюрамі, ляпнінай і карнізамі, а таксама раслінныя ўзоры і выявы гарпій.

Усярэдзіне дома захавалася па-свойму рэдкая калекцыя – шэсць кафельных камінаў-печаў часоў пабудовы дома. Усе яны розныя: тры – чырвона-зялёныя, два – белыя з залатым, адзін – цёмна-кафейны, дэкарыраваны расліннымі ўзорамі і матылькамі. Камінныя праёмы быццам ахоўваюць жаночыя фігуры – статуі карыятыд – багінь лесу і палявання Артэміды.

Адрас: вул. Пушкіна, 211

Мемарыял у гонар воінаў-вызваліцеляў Бабруйска

У сімвалічны дзень 3 ліпеня 1999 г. у Бабруйску адкрыўся мемарыял у гонар воінаў, якія загінулі пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944 года. Мастацкую канцэпцыю маштабнага праекта стварыў вядомы беларускі мастак Эдуард Агуновіч.

Яшчэ ў 1965 г. на брацкай магіле воінаў, якія загінулі ў ходзе Бабруйскай наступальнай аперацыі, былі ўстаноўлены абеліск і стэлы з імёнамі герояў. У 1974-м да іх дадалі дзве нахіленыя пліты, а ў 1994-м – яшчэ чатыры. У 1998 годзе пачалася рэканструкцыя існуючых памятных кампазіцый і стварэнне адзінага комплексу.

Мемарыял нагадвае адкрытую кнігу, на старонках якой увекавечаны імёны 938 загінулых воінаў. Верхняя частка кампазіцыі – пантэон у выглядзе паўсферы з арачным уваходам-брамай. 10 апор вышынёй 21 метр трымаюць конны помнік (5,5 м) – першы ў Беларусі. Паводле задумы скульптара Генадзя Буралкіна, святы Георгій Перамаганосец у форме савецкага салдата, які сядзіць на кані, пранізвае кап'ём змея-аспіда – фашысцкую свастыку.

Побач з мемарыялам стаіць таксама пабудаваная ў 1999 г. капліца абраза Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць".

Адрас: скрыжаванне вуліц Мінскай і Крылова

Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасць – легендарная славутая мясціна не толькі ў маштабах Беларусі, але і ўсёй Еўропы. Яе гісторыя звязана з падзеямі вайны 1812 года, дзекабрысцкага руху і Вялікай Айчыннай вайны. "Старэйшая сястра" Брэсцкай крэпасці, у другой палове XIX стагоддзя яна ўяўляла сабой унікальнае абарончае збудаванне з прадуманай структурай і лепшым ваенным аснашчэннем на кантыненце.

У ходзе вайны 1812 года гарнізон Бабруйскай крэпасці прыняў асноўны ўдар арміі Напалеона, а пасля адступлення рускіх войскаў яшчэ 4 месяцы стрымліваў аблогу французаў... Менавіта ў гэтых сценах члены Паўднёвай тайнай супольнасці распрацавалі адзін з першых планаў паўстання – знакаміты "Бабруйскі план" – па захопе крэпасці і звяржэнні імператара Аляксандра I. І згодна з рашэннем Вярхоўнага крымінальнага суда з 1823 года 16 дзекабрыстаў з 121 знаходзіліся на катаржных работах у цытадэлі. Сярод іх былі Сяргей Мураўёў-Апостал, Іван Павала-Швяйкоўскі, Васіль Нораў, Міхаіл Бястужаў-Румін, Васіль Тызенгаўзен...

Сёння на тэрыторыі былой крэпасці размешчана і галоўная падзейная пляцоўка горада – лядовы палац "Бабруйск-Арэна". Ён прымае хакейныя турніры і іншыя спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты і шоу, а таксама адкрыты для аматараў актыўнага адпачынку.

Адрас: вул. Карбышава, 11

Свята-Георгіеўскі храм (Белая царква)

Цудоўную мураваную царкву пабудавалі ў 1905–1907 гг. як гарнізонны храм для ваеннаслужачых Бабруйскай крэпасці. Сцены былі пафарбаваны ў белы колер – сімвал чысціні і беззаганнасці. Менавіта таму яе і сталі называць Белай царквой.

З прыходам савецкай улады ў 1924 г. Свята-Георгіеўскі храм закрылі. Пазней былі разбураны званіца і купалы, а сам будынак доўгія гады выкарыстоўваўся не па прызначэнні – як швейный цэх, склад, аўтамайстэрня ў час нямецкай акупацыі, сталовая, бібліятэка. Толькі ў 1990 годзе Белая царква была вернута вернікам і зноў стала дзеючым храмам. Да 1995 г. тут завяршылася рэстаўрацыя з аднаўленнем гістарычнай званіцы.

І сёння гэта цудоўнае ўпрыгажэнне горада – трохнефавая базіліка ў старажытнарускім стылі. Унутры знаходзіцца разны іканастас з абразамі святых – работа майстроў маскоўскай іканапіснай школы.

Адрас: вул. Карбышава, 4

Ландшафтны заказнік "Лукавая гара"

Маляўнічы прыродны куток пад назвай Лукавая гара размешчаны каля паўночнай ускраіны горада на правым беразе ракі Бярэзіны. Гэта любімае месца адпачынку бабруйчан, а з 1994 годаландшафтны заказнік мясцовага значэння. Працягласць тэрыторыі – 1000 м, плошча – 30,5 га. Рэчышча ракі недалёка ад старадаўняй вёскі Лукі (сёння гэта пасёлак Бярэзіна) падыходзіць да стромкага схілу, вышыня якога складае каля 30 м. Рэльеф мясцовасці сфарміраваўся 300-250 тысяч гадоў таму пад уплывам водна-ледавіковых адкладаў Дняпроўскага і Сожскага абледзяненняў, калі ледзяное покрыва распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю Беларусі, дасягаючы поўдня краіны.

Адрас: Першамайскі раён, паміж 6-м мікрараёнам Бабруйска і пасёлкам Бярэзіна

Храм святога прарока Ільі (Свята-Ільінская царква)

На тэрыторыі ландшафтнага заказніка знаходзіцца царква ў гонар святога прарока Ільі – помнік драўлянага дойлідства ХIХ стагоддзя. Храм быў перанесены ў Бабруйск з вёскі Куляшоўка Клімавіцкага раёна ў 2004 годзе, але пабудаваны ён у далёкім 1893-м. 

Зрэшты, і новае месца для яго было выбрана не выпадкова: яшчэ з пачатку XVII стагоддзя ля Лукавай гары існавала царква прарока Ільі. Як сведчаць гісторыкі, каля 1811 года яна была разабрана для будаўніцтва іншага – Сафійскага – храма на мясцовых могілках.

Драўлянае збудаванне складаецца з кубічнага асноўнага зруба, пяціграннай апсіды з невялікімі гранёнымі рызніцамі, дадатковага аб'ёму і бабінца. Над галоўнай часткай узвышаецца светлавы васьмігранны барабан, над бабінцам – васьмярык званіцы, які завяршаецца вастраверхімі шатрамі з галоўкамі... Здабытак храма – часцінкі мошчаў прападобных старцаў Опцінскіх і мошчы святога праведнага Іаана Кармянскага.

Адрас: вул. Сікорскага, 38

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: