Брэнды Беларусі: вядучыя прадпрыемствы, кампаніі з сусветным імем | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Брэнды Беларусі

Брэнды Беларусі


Сярод знакамітых брэндаў Беларусі – машынабудаўнічыя гіганты і буйныя вытворцы тэхнікі, сучасныя хімічныя прадпрыемствы і інавацыйныя ІТ-кампаніі з сусветным імем, папулярныя маркі адзення і абутку, якасныя прадуктовыя брэнды...

Вы даведаецеся пра самыя значныя і паспяховыя беларускія кампаніі, вядомыя ў Еўропе і свеце.

БелАЗ

БелАЗКожны трэці кар'ерны самазвал у свеце выпускаецца на Беларускім аўтамабільным заводзе, які ўваходзіць у топ вядучых канцэрнаў па вытворчасці тэхнікі для горнай здабычы адкрытым спосабам і будаўніцтва. У 2013 годзе тут стварылі самы вялікі самазвал у свеце, на якім устаноўлены грандыёзны рэкорд грузападымальнасці – звыш 503 тон. За гісторыю БелАЗа распрацавана больш за 550 мадыфікацый і выпушчана больш за 135 тысяч вялізных машын, якія працуюць у розных кропках планеты. Прадпрыемства таксама актыўна развівае напрамак беспілотных машын і самазвалаў на электрычных батарэях.

Беларуськалій

БеларуськалійАдзін з буйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. Гісторыя кампаніі пачалася ў 1958 годзе, калі на беларускім Палессі пачалі асваенне Старобінскага радовішча калійных солей. Тут таксама пабудаваны адзіны ў Беларусі "горад шахцёраў" Салігорск і знаходзіцца адзіны спелярый у СНД. Паводле даных Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, "Беларуськалій" выпускае пятую частку сусветнага аб'ёму калійных угнаенняў, экспартуючы прадукцыю ў больш як 140 краін.

МАЗ

МАЗТэхніка беларускага брэнда МАЗ – гэта высакакласныя бартавыя аўтамабілі, цягачы, шасі, вядомыя далёка за межамі краіны. Магутныя грузавікі МАЗ можна ўбачыць на прэстыжных аўтагонках, у тым ліку і знакамітым ралі "Дакар", дзе яны не раз падымаліся на п’едэстал. З 1995 года Мінскі аўтамабільны завод выпускае пасажырскую тэхніку, адзначаную высокімі ўзнагародамі міжнародных аўтасалонаў. Гарадскія і міжгароднія, турыстычныя і спецыяльныя аўтобусы МАЗ ездзяць па дарогах Беларусі і замежжа (Масква, Санкт-Пецярбург, алімпійскі Сочы, Кіеў)…

МТЗ ("Беларус")

МТЗ ("Беларус")Мінскі трактарны завод уваходзіць у дзясятку вядучых прадпрыемстваў па выпуску колавых трактароў, вырабляючы амаль 8-10% ад сусветнага рынку. З канвеера прадпрыемства выходзіць больш за 60 мадэлей у больш як 100 выкананнях для ўсіх кліматычных умоў. Многія дзесяцігоддзі трактары "Беларус" паспяхова працуюць у розных кутках планеты. Пастаўкі беларускіх трактароў ажыццяўляюцца ў больш як 80 дзяржаў. Зборачныя вытворчасці МТЗ дзейнічаюць у Расіі, Казахстане, Кітаі, Алжыры, Венесуэле і іншых краінах.

БМЗ

БМЗБеларускі металургічны завод – не толькі адзін з важнейшых экспарцёраў краіны, але і ўнікальнае прадпрыемства ў сусветнай металургіі, якое мае ўсе тэхналагічныя этапы ад вытворчасці сталі да выпуску гатовай прадукцыі. У беларускім Жлобіне робяць металапракат, трубы, дрот, стальную фібру… Брэнд БМЗ пастаўляецца ў больш як 100 краін планеты: беларускі металакорд закупляюць вядучыя сусветныя вытворцы аўтамабільных шын (Michelin, Goodyear, Continental, Pirelli, "Ніжнякамскшына", Bridgestone), прадукцыя БМЗ выкарыстоўвалася на будаўніцтве алімпійскіх аб'ектаў Лондана-2012 і Сочы-2014, Нацыянальнага стадыёна ў Варшаве, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адноўленага храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве…

Белшына

Белшына"Белшына" – адна з самых вялікіх кампаній Еўропы па выпуску аўтамабільных шын. У беларускім Бабруйску вырабляюць больш за 300 тыпапамераў для легкавых, грузавых і велікагрузных аўтамабіляў, электратранспарту, аўтобусаў, трактароў, самазвалаў… Брэнд "Белшына" прысутнічае на рынках больш як 50 краін. У 1999 г. "Белшына" стала чацвёртым у свеце вытворцам звышбуйнагабарытных ЦМК-шын. Беларуская кампанія – пастаўшчык КАМАЗ, ГАЗ, Caterpillar Inc і іншых сусветных брэндаў, у тым ліку айчынных аўтагігантаў: БелАЗ, МАЗ, МТЗ, МЗКЦ…

Нафтан

НафтанНаваполацкае прадпрыемства "Нафтан" – флагман беларускай нафтахіміі: менавіта тут у лютым 1963 года быў атрыманы першы беларускі бензін. Сёння "Нафтан" – адзін з буйнейшых хімічных комплексаў краіны, які выпускае больш за 100 найменняў прадуктаў нафтаперапрацоўкі: аўтамабільныя бензіны і дызельнае паліва, паліва для рэактыўных рухавікоў, араматычныя вуглевадароды, бітумы, змазачныя маслы. Больш за 60% прадукцыі экспартуецца ў больш як 40 краін свету: дзяржавы Балтыі, Украіну, Польшчу, Расію, Нарвегію, Вялікабрытанію, Нідэрланды... Са стварэннем вялікага комплексу на карце Беларусі з'явіўся горад Наваполацк.

МЗКЦ (Volat)

МЗКЦ (Volat)Трывалую тэхніку для перавозкі цяжкіх грузаў ужо больш як паўстагоддзя стварае Мінскі завод колавых цягачоў (таварны знак Volat). Гэта шасі, цягачы, самазвалы, платформы для буравых установак, аўтапаязды, прыдатныя для ўмоў вечнай мерзлаты і пяскоў пустыні, нафтагазавых распрацовак і будаўніцтва… Тэхніку Volat можна бачыць амаль у двух дзясятках краін. На базе ўнікальных шасі МЗКЦ манціруецца мноства розных відаў узбраення, сярод якіх комплексы "Іскандэр", С-400, "Таполя-М", "Бастыён", "Тор-М2", "Бал", "Тарнада", "Паланэз"…

Белкамунмаш

Белкамунмаш"Белкамунмаш" – адзін з вядучых вытворцаў электратранспарту ў СНД. Тралейбусы, электробусы і трамваі беларускай кампаніі, якая прапануе экалагічныя і зручныя рашэнні для мегаполісаў, усё больш запатрабаваны ў гарадах свету. Напрыклад, тралейбусы брэнда аснашчаны дызель-генератарам для магчымасці руху без сеткі, сістэмамі глабальнага пазіцыянавання, нахілу кузава, USB-портамі і раздымамі для ноўтбукаў. "Белкамунмаш" рэалізуе сумесныя праекты з замежнымі партнёрамі: швейцарскай кампаніяй Stadler Rail AG (пачнецца вытворчасць двухпавярховых паяздоў для расійскага "Аэраэкспрэса"), польскай PESA Bydgoszcz SA (рэйкавыя аўтобусы).

ATLANT

Беларускі ATLANT вядомы як вытворца папулярных халадзільнікаў, маразільнікаў, пральных машын. Гісторыя Мінскага завода халадзільнікаў пачалася больш за паўстагоддзе таму: у 1962 годзе з канвеера сышоў першы халадзільнік "Мінск-1". З цягам часу прадпрыемства вырасла ў буйнейшы брэнд Беларусі – ATLANT. І сёння надзейная, зручная, энергаэканамічная тэхніка для кухні беларускай вытворчасці актыўна рэалізуецца як на ўнутраным рынку, так і ў замежных краінах. Акрамя таго, ATLANT выпускае халадзільныя кампрэсары і электрарухавікі, абсталяванне для перапрацоўкі пластмас, зварныя металічныя канструкцыі, абсталяванне для раскрою металу, мае вытворчыя магчымасці ў галіне станкабудавання і ліцейнай  вытворчасці. Больш за 86% прадукцыі ATLANT адпраўляе на экспарт.

Гефест

ГефестСучасная бытавая тэхніка для кухні пад брэндам GEFEST выпускаецца ў беларускім горадзе Брэсце. У асартыменце – газавыя і электрычныя пліты, варачныя панэлі і духавыя шафы, паветраачышчальнікі. Галаўное прадпрыемства групы кампаній GEFEST – СП ААТ "Брэстгазаапарат" – вядзе адлік сваёй гісторыі яшчэ з 1951 года, і за больш як 65 гадоў работы тут вырабілі каля 30 000 000 кухонных пліт. А сёння GEFEST – адзін з буйнейшых вытворцаў кухоннага абсталявання ў СНД: штогод прадпрыемства выпускае 900 000 стацыянарных пліт. Амаль 80% прадукцыі брэнда экспартуецца за мяжу.

Парк высокіх тэхналогій

Парк высокіх тэхналогійЗаснаваны ў 2005 годзе беларускі Парк высокіх тэхналогій стаў адным з вядучых цэнтраў свету ў сферы распрацоўкі праграмных прадуктаў і развіцця IT. Прававы рэжым ПВТ дзейнічае па ўсёй тэрыторыі Беларусі, і рэзідэнты карыстаюцца перавагамі незалежна ад размяшчэння офіса. Кампаніі з 67 краін свету з'яўляюцца заказчыкамі беларускага Парка высокіх тэхналогій: больш за 90% вырабленага тут праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт – у ЗША, Канаду, краіны Еўропы, СНД. Сёння ў ПВТ амаль 900 рэзідэнтаў, сярод якіх еўрапейскія і сусветныя лідары: EPAM Systems, распрацоўшчык ММА-гульні "Свет танкаў" кампанія "Гейм Стрым" (цэнтр распрацоўкі Wargaming), IBA IT Park, Itransition, Viber Media… Мабільнымі дадаткамі, распрацаванымі кампаніямі-рэзідэнтамі ПВТ, карыстаецца больш за 1 мільярд чалавек у больш як 190 краінах свету.

АДАНІ (ADANI)

АДАНІ (ADANI)Унікальная для Беларусі кампанія “АДАНІ” – прыклад прыватнага бінесу, пабудаванага на самых перадавых навуковых дасягненнях. У 1991 годзе яе заснаваў прафесар Уладзімір Лінёў – вучоны ў галіне ядзернай фізікі, вынаходца, аўтар больш як сотні патэнтаў. Разам з аднадумцамі ён ператварыў сваё дзецішча ў інавацыйнае прадпрыемства сусветнага ўзроўню. Сёння “АДАНІ” – адзін з лідараў на рынку рэнтгенаўскага абсталявання ў сферы бяспекі, аховы здароўя, навуковага прыборабудавання. Большасць сістэм “АДАНІ” заснавана на арыгінальнай сканіруючай тэхналогіі атрымання высакаякаснай лічбавай карцінкі пры нізкай дозе апрамянення. Прадпрыемства выпускае суперсучаснае надгляднае абсталявання (транспартнае, багажнае, сканеры чалавека ў поўны рост і да т.п.), медыцынскае абсталяванне (пульмасканы, тамографы…), настольныя аналітычныя прыборы і абсталяванне неразбуральнага кантролю. Штогод кампанія пастаўляе прадукцыю на дзясяткі мільёнаў долараў у больш як 80 краін.

Аршанскі льнокамбінат

Аршанскі льнокамбінатАршанскі льнокамбінат – адзінае ў Беларусі і адно з буйнейшых у СНД і Еўропе прадпрыемстваў па вытворчасці льняных тканін. Пачыналася яго гісторыя з невялікай ільночасальнай фабрыкі, адкрытай у снежні 1930 года. Сёння камбінат выпускае тканіны і разнастайны тэкстыль для дома з “паўночнага шоўку”… У Беларусі і свеце прадукцыя з Оршы пазіцыянуецца пад брэндам “Беларускі лён”. Таксама ў прадпрыемства ёсць свая марка моднага адзення. Каля 70% прадукцыі льнокамбіната ідзе на экспарт у амаль 50 краін: доля Беларусі на сусветным рынку льняных вырабаў – 3,5%. Фірменная сетка аршанскага брэнда аб’ядноўвае больш за 20 гандлёвых дамоў у Беларусі, Расіі, Украіне, краінах Заходняй Еўропы.

Мілавіца

МілавіцаЗнакаміты беларускі брэнд жаночай бялізны. На працягу дзесяцігоддзяў "Мілавіца" – адна з буйнейшых кампаній гэтага профілю ва Усходняй Еўропе – стварае гарсэтную і карэкціруючую бялізну, купальнікі, бялізну для сну і адпачынку. Кіруючыся моднымі тэндэнцыямі ў дызайне, матэрыялах і аксесуарах, Milavitsa распрацоўвае калекцыі для кожнага сезона, удзяляючы асаблівую ўвагу канструктарскім рашэнням для камфорту і здароўя жанчыны. У кампаніі больш за 640 фірменных магазінаў у больш як 25 краінах свету.

Mark Formelle

Mark FormelleГісторыя групы кампаній Mark Formelle пачалася ў 1994 годзе, калі невялікае прадпрыемства ў Беларусі пачало выпуск жаночай бялізны і купальнікаў для нямецкага Triumph AG. Уласны брэнд Mark Formelle з’явіўся ў 2009 годзе. І сёння пад ім выпускаюцца ніжняя бялізна, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, адзенне для адпачынку і сну, адзенне для работы і адпачынку, адзенне для спорту… Прадпрыемства мае каля 170 фірменных магазінаў у Беларусі, Расіі, Казахстане і Узбекістане, вырабляе больш за 12 мільёнаў вырабаў і выпускае больш за 150 капсульных калекцый у год. У кампаніі 12 уласных фабрык у гарадах Беларусі.

Conte

ConteКампанія СТАА “Контэ Спа” заснавана ў 1997 годзе ў Гродне. Цяпер гэта адзін з лідараў у вытворчасці панчошна-шкарпэтачных вырабаў, адзення і бялізны ва Усходняй Еўропе: брэнд выпускае больш за 100 млн вырабаў у год. Больш за 70% прадукцыі "Контэ“Спа” ідзе на экспарт. Геаграфія паставак налічвае больш за 30 краін – суседнія Расію і Украіну, Францыю, Новую Зеландыю і інш.

Палессе

ПалессеГісторыя фабрыкі “Палессе” з Кобрына пачалася ў 1998 г. з адзінага станка, на якім калектыў з 10 чалавек пачаў выпускаць першую прадукцыю – каляровыя пірамідкі. А сёння гэта буйнейшы брэнд пластмасавых цацак у краіне: самае сучаснае абсталяванне і экаматэрыялы, больш за 2900 супрацоўнікаў, больш за 4000 найменняў прадукцыі. Цацкі фабрыкі можна ўбачыць у больш як 70 краінах Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі. Прадпрыемства выпускае значны асартымент не толькі пад уласнай маркай “Палессе”, але і па ліцэнзіі вядучых еўрапейскіх вытворцаў – Wader Quality Toys, Molto, Palau, Coloma Y Pastor. Таксама кампанія вырабляе цацкі для сусветных і рэгіянальных брэндаў – Disney, Marvel, “Саюзмультфільм” і г.д. А гэта больш за 10 гандлёвых марак, прысвечаных персанажам анімацыі, героям коміксаў, аўтамабілям, у тым ліку беларускаму гіганту БЕЛАЗ.

БЕЛІТА-ВІТЭКС

БЕЛІТА-ВІТЭКСКампаніі “БЕЛІТА” і “ВІТЭКС” – буйнейшы касметычны “тандэм” Беларусі і першыя ў краіне прадпрыемствы гэтага профілю. Гісторыя ЗАТ “ВІТЭКС” (да канца 1990-х – “Белбыткамплект”) пачалася ў 1988 г., а ў 1989-м з яго ўдзелам было заснавана сумеснае беларуска-італьянскае прадпрыемства ”БЕЛІТА”. У многім гэта былі піянеры індустрыі дэкаратыўнай касметыкі ў Беларусі. Сёння два брэнды – лідары па вытворчасці айчыннай касметыкі, у тым ліку прафесійных сродкаў для салонаў, тавараў бытавой хіміі. У кампаній ёсць уласны навукова-каардынацыйны цэнтр, выпрабавальная і хіміка-біялагічная лабараторыі. Прадукцыя пастаўляецца ў больш як 30 краін. Пад брэндамі “БЕЛІТА-ВІТЭКС” працуе звыш 700 магазінаў, больш як палавіна – па франшызе. Прадпрыемствы прапануюць каля 2,5 тыс. відаў прадукцыі і кожны год укараняюць 100-120 найменняў.

Санта Брэмар

Санта БрэмарЗаснаваная ў 1998 годзе кампанія "Санта Брэмар" – рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны "Брэст" – стала адным з лідараў на рынку прадуктаў харчавання не толькі Беларусі, але і ўсёй Усходняй Еўропы. У асартыменце – больш за 1000 найменняў прадуктаў харчавання, галоўнымі з якіх з'яўляюцца рыба і морапрадукты. Сёння кампанія з Беларусі, якая не мае выхаду да мора, пастаўляе высакаякасныя рыбныя прэсервы ў амаль 40 краін свету (Расія, ЕС, ЗША, Канада, Ізраль, Ліван, Аўстралія, Новая Зеландыя і інш.). Акрамя таго, вялікую папулярнасць заваявалі брэнды марожанага і кулінарных паўфабрыкатаў ад “Санта Брэмар”. Штодзень кампанія вырабляе каля 1 млн упаковак гатовых прадуктаў, а гэта больш за 100 000 т у год.

Камунарка

КамунаркаГісторыя кандытарскай фабрыкі "Камунарка" налічвае ўжо больш за сто гадоў. Прадукцыя знакамітага брэнда – шакалад і цукеркі, у рэцэптах якіх выкарыстоўваюцца толькі натуральныя какава-прадукты (апрацоўка бабоў ажыццяўляецца непасрэдна на фабрыцы), парашок какавы і шакалад ручной работы, карамель і дражэ… Штогод "Камунарка" выпускае больш за 27 тысяч тон ласункаў больш як 350 найменняў. Шакалад і цукеркі мінскай фабрыкі любяць у розных краінах свету (Расія, ЗША, Ізраіль, Германія, ААЭ і інш.) – прадпрыемства экспартуе амаль пятую частку выпускаемай прадукцыі.

Чырвоны харчавік

Чырвоны харчавік"Чырвоны харчавік” – старэйшае і адно з буйнейшых прадпрыемстваў кандытарскай галіны Беларусі. Яшчэ ў 1870 г. у горадзе Бабруйску быў заснаваны дражджавы завод, які пазней ператварыўся ў легендарны брэнд салодкіх ласункаў. "Флагманскую" прадукцыю – зефір – тут вырабляюць з 1934 года. Сёння фабрыка выпускае больш за 250 найменняў вырабаў каля 40 гандлёвых марак. Акрамя фірменнага яблычнага зефіру, гэта халва, мармелад, пасціла, дражэ, казінакі, цукеркі, ірыс, мёд, марожанае, салодкая паста… Прадукцыю фабрыкі добра ведаюць пакупнікі ў Расіі, Польшчы, Кітаі, Чэхіі, Украіне, Канадзе, ЗША і многіх іншых краінах.

Спартак

СпартакГомельскі “Спартак” таксама ўваходзіць у тройку буйнейшых вытворцаў кандытарскіх вырабаў Беларусі. Фабрыка пад назвай “Прасвет” адкрылася ў чэрвені 1924 года. Тут пачалі выпускаць карамель, цукеркі, ірыс і мармелад. У 1931 г. прадпрыемства перайменавалі ў “Спартак”, і пад гэтай гучнай назвай яно ператварылася ў любімы беларусамі і вядомы далёка за межамі краіны брэнд. Сёння фабрыка выпускае каля 350 найменняў прадукцыі: карамель, цукеркі, шакалад, пячэнне і вафельныя вырабы, торты і пірожныя… Салодкія ласункі з Гомеля прадаюцца ў амаль 30 краінах свету: Расіі і іншых дзяржавах СНД, Аўстраліі, Канадзе, ЗША, Кітаі…

Савушкін прадукт

Савушкін прадукт"Савушкін прадукт" – адна з найбуйнейшых малочных і сокавых кампаній Беларусі. Знакаміты брэнд з Брэста прадстаўляюць некалькі гандлёвых марак, а ў асартыменце прадпрыемства – больш за 200 найменняў прадуктаў: малако і сметанковае масла, смятана і тварог, разнастайныя сыры, ёгурты і кісламалочныя напіткі, дэсерты, сокі і нектары. "Савушкін прадукт" любяць не толькі ў Беларусі: кампанія экспартуе каля 60% выпускаемай прадукцыі ў больш як 20 краін свету (Расія, Украіна, Казахстан, ЕС, ААЭ, Іарданія, Кітай, ЗША, Ізраіль і інш.).

Бабуліна крынка

Бабуліна крынкаСёння "Магілёўская малочная кампанія "Бабуліна крынка" – самы вялікі ў Беларусі вытворца малочнай прадукцыі: за суткі прадпрыемствы гэтага холдынга могуць перапрацаваць да 1700 тон малака. Кампанія выпускае больш за 250 найменняў прадуктаў пад некалькімі гандлёвымі маркамі. Гэта малако і малочныя напіткі, смятана і вяршкі, прадукты для дзіцячага харчавання, ёгурты, тварог і сыры, марожанае... Брэнд "Бабуліна крынка" пастаўляецца ў больш як 35 краін свету: Расію, Украіну, Казахстан, Кітай, Германію, Іран і інш...

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі