Бабруйская крэпасць | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасць


Бабруйская крэпасць увайшла ў гісторыю Беларусі як выдатнае абарончае збудаванне, помнік архітэктуры першай палавіны XIX стагоддзя.

У пачатку 1840-х гадоў Бабруйская цытадэль – "старэйшая сястра" Брэсцкай крэпасці – была не толькі самай непрыступнай у Расійскай імперыі, але і адной з лепшых у Еўропе па ўзроўні ваеннага аснашчэння.

З крэпасцю звязаны падзеі вайны 1812 года, дзекабрысцкага руху, Вялікай Айчыннай вайны…

Гісторыя Бабруйскай крэпасці

Бабруйская крэпасць у п. ХХ ст., Галоўныя варотыУ 1810 годзе імператар Аляксандр I зацвердзіў Бабруйск месцам узвядзення адной з цытадэлей у лініі абароны заходніх межаў Расійскай імперыі.

Першапачатковы план умацаванняў на месцы старадаўняга замка ХIV-ХVII стагоддзяў у Бабруйску прапанаваў беларускі ваенны інжынер Тэадор Нарбут.

Аўтарам генеральнога плана і кіраўніком узвядзення грандыёзнай крэпасці стаў граф Карл Оперман – вядомы інжынер-фартыфікатар, баявы афіцэр. Работы пачаліся 4 чэрвеня 1810 года.

У будаўніцтве ўдзельнічалі тысячы салдатаў і сялян, выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні еўрапейскага ваеннага майстэрства. Цытадэль была прылічана да першага класа абарончых збудаванняў імперыі, яе тэрыторыя складала амаль 120 гектараў.

Макет Бабруйскай крэпасці генерала Карла ОперманаКрэпасць акружалі валы вышынёй да 10 метраў і  равы, запоўненыя вадой з Бярэзіны і Бабруйкі. На ўмацаваннях размяшчалася больш за 300 гармат розных калібраў, запасы боепрыпасаў былі разлічаны на год, харчавання – на паўгода.

У 1812 годзе Бабруйская цытадэль прыняла асноўны ўдар арміі Напалеона, а пасля адыходу рускага войска генерала Баграціёна гарнізон 4 месяцы стрымліваў аблогу французаў.

На другім этапе будаўніцтва (1812-1855) Бабруйская крепасць ператварылася ва ўнікальны комплекс, вядомы не толькі ўмацаваннямі, але і цудоўнай архітэктурай  у стылі класіцызм.

Пабудова войскаў у Бабруйскай крэпасціГэта быў сапраўдны горад з жылымі дамамі і адміністрацыйнымі будынкамі, брукаванымі вуліцамі, батанічным садам і скверам, саборам Аляксандра Неўскага. На эспланадзе перад крэпасцю праходзілі ваенныя парады, кірмашы.

У 1820-23 гадах у крэпасці служылі арганізатары дзекабрысцкага руху, сярод якіх кіраўнікі Паўднёвага таварыства. Менавіта тут быў распрацаваны легендарны "Бабруйскі план" захопу Аляксандра I, які не ажыццявіўся.

А ў 1825 годзе крэпасць ператварылася ў казематы для палітычных вязняў і дзекабрыстаў, якія адбывалі пакаранне пасля паўстання на Сенацкай плошчы.

У калідорах Бабруйскай крэпасціУ 1868 годзе Бабруйскую цытадэль перавялі ў другі клас (яна ўжо знаходзілася ўдалечыні ад межаў), у 1886-м – ператварылі ў крепасць-склад… Але гісторыя цытадэлі, якая перастала быць стратэгічным аб’ектам, прадаўжалася.

У час Вялікай Айчыннай вайны тут існаваў нямецкі канцлагер для савецкіх ваеннапалонных, дзе загінулі амаль 40 тысяч салдат і 40 тысяч мірных жыхароў. Пазней тут размяшчаліся воінскія казармы, склады.

Многія збудаванні легендарнага бастыёна ў 50-80-я гады ХХ стагоддзя былі разбураны, але частка захавалася да нашых дзён.

Бабруйская крэпасць сёння

У 2002 годзе помнік гісторыі і архітэктуры "Бабруйская крэпасць" унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Бабруйская крэпасць сёння, бастыёныЗ бастыёнаў цытадэлі захавалася менш за палавіну, каля 50 аб’ектаў – вежа, "рэдуты", казармы – значна пашкоджаны.

У бліжэйшыя гады плануецца аднаўленне агляднага моста, Мінскіх варотаў і іншых збудаванняў. Згодна з праектам, крэпасць павінна ператварыцца ў гісторыка-культурны комплекс з музеямі, экскурсійным бюро, сувенірнымі крамамі, кафэ.

Сёння на тэрыторыі крэпасці праводзяцца экскурсіі, здымкі фільмаў, археалагічныя даследаванні.

У 2008 годзе тут адкрыўся лядовы палац "Бабруйск-Арэна". Цяпер гэта трэцяя па ўмяшчальнасці пляцоўка пасля "Мінск-Арэны" і "Чыжоўка-Арэны".

Як дабрацца і дзе спыніцца

Атэль "Турыст"Бабруйская крэпасць размешчана за 145 км ад Мінска. Дабрацца да Бабруйска (Магілёўская вобласць) можна на аўтамабілі, поездзе, аўтобусе або маршрутным таксі ў напрамку Мінск – Бабруйск, Мінск – Гомель.

Да паслуг пастаяльцаў – гасцініцы Бабруйска:

            • "Бабруйск"
  • "Юбілейная"
  • трохзоркавы атэль "Турыст"

Выдатныя мясціны непадалёк ад Бабруйскай крэпасці

У ходзе экскурсіі можна наведаць выдатныя мясціны Бабруйска і наваколля:

  • Белая царква (Свята-Георгіеўскі храм) каля сцен Бабруйскай крэпасці
  • Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор
  • Дом купчыхі Кацнельсон (драўляны асабняк у стылі мадэрн)
  • помнік Бабру – сімвалу горада Бабруйска (у даўнія часы паляванне на баброў было галоўнай справай мясцовых жыхароў: бабровае футра ішло на пашыў шапак рускім баярам, каштоўныя шкуркі вывозілі ў Еўропу)
  • Свята-Нікольскі храм, які заснавала ўнучка А.С. Пушкіна графіня Наталля Варанцова-Вельямінава (в. Цялуша)
  • мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 1-га Беларускага фронту і партызанаў, якія загінулі пры вызваленні Бабруйскага раёна (в. Сычкава)
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі