Сядзіба Козел-Паклеўскіх у вёсцы Чырвоны Бераг | Belarus.by | Забавы ў Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Сядзіба Козел-Паклеўскіх

Сядзіба Козел-Паклеўскіх у вёсцы Чырвоны Бераг


У маляўнічых мясцінах недалёка ад Жлобіна знаходзіцца, бадай, самая незвычайная сядзіба Беларусі. Акружаны англійскім паркам дваранскі дом з гаргуллямі-хімерамі над уваходам выглядае як дэкарацыя да фэнтэзійнага фільма. Незвычайны палац можа ўвесці ў зман, што гэта зусім і не ва Усходняй Еўропе.

Гісторыя сядзібы Козел-Паклеўскіх

За 25 км на паўночны захад ад Жлобіна знаходзіцца Чырвоны Бераг. Само паселішча вядома з 1528 года, калі землеўладальнік Аляксей Зяньковіч прадаў сваю маёмасць іншаму памешчыку. Вёска пераходзіла ад аднаго гаспадара да другога, пакуль у 1877 годзе не аказалася ўласнасцю ваеннага інжынера Міхаіла Гатоўскага. За чатыры гады да гэтага праз чыгуначную станцыю Чырвоны Бераг прайшоў першы поезд з Бабруйска ў Гомель.

Хоць сям'я Гатоўскіх амаль пастаянна жыла ў Санкт-Пецярбургу, у маёнтку ў Бабруйскім павеце на той момант ужо генерал-лейтэнанту хацелася пабудаваць нешта незвычайнае. На беразе прытока Дняпра Дабасны ў 1890 годзе пачалося ўзвядзенне сядзібы. Праект маёнтка распрацаваў сталічны архітэктар Віктар Шротэр. Паводле задумы заказчыка, палац быў пабудаваны ў форме літары "Г" – у гонар Гатоўскага.

Для фінансавання будаўніцтва ў банку ўзялі пазыку, якая была пагашана праз тры гады, магчыма, з удзелам капіталу зяця Міхаіла Гатоўскага Вікенція Козел-Паклеўскага. Па яго жаданні над галоўным уваходам сядзібнага дома быў змешчаны фамільны герб. Паралельна з будаўніцтвам палаца быў разбіты пейзажны парк у англійскім стылі па праекце галоўнага садоўніка Варшавы Францішака Шаніёра.

Пасля смерці Міхаіла Гатоўскага ў 1904 годзе маёнтак Чырвоны Бераг упершыню ў сваёй гісторыі не быў прададзены – уладанні былі перапісаны на дачку Марыю. Цяпер сядзібай цалкам заняўся яе муж Вікенцій Козел-Паклеўскі.

Сядзібны дом – цэнтральны элемент сядзібнага комплексу – гэта Г-падобны двухпавярховы будынак. Па яго абліччы складана адназначна вызначыць архітэктурны стыль. Выглядае будынак так, быццам сышоў са старонак фэнтэзі. У ім злучыліся амаль дзясятак розных напрамкаў – готыка і раманскі стыль, ракако і маньерызм, барока і класіцызм… Больш таго, сядзіба ў Чырвоным Берагу – адзіная ў Беларусі, дзе прысутнічаюць рысы неамаўрытанскага стылю. Сцены з чырвонай цэглы, вітражы, скляпеністыя вокны, гаргуллі, зялёныя дахоўкавыя вежкі, мансардныя дахі, ляпніна, размаляваная столь – усё гэта можна ўбачыць у адным будынку. Цікава, што і інтэр'еры ўсіх 36 пакояў будынка былі створаны ў розных стылях.

Акрамя палаца ў комплекс уваходзілі флігель для слуг, вінакурня, лесапільня, бровар, стайні, лядоўня, склады. Іх таксама аформілі з выкарыстаннем элементаў розных стыляў.

Побач з домам быў разбіты цудоўны англійскі парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі. З двух бакоў ён абгароджаны аўтэнтычнай сцяной, з трэцяй цячэ рака. У парку растуць не самыя тыповыя для Беларусі дрэвы: піхта, елка чырвоная, ліпа буйналістая, граб, лістоўніца, аксаміцісты клён і інш.

Пасля падзей 1917 года маёнтак у Чырвоным Беразе нацыяналізавалі. Праз тры гады сядзібу прыстасавалі пад сельскагаспадарчае вучылішча, куда пераехалі навучэнцы Азарыцкай і Бабруйскай сельгасшкол. У апартаментах праходзілі заняткі, гаспадарчыя пабудовы перапрафілявалі пад інтэрнат, майстэрні і склад. Ранейшыя гаспадары з'ехалі – і больш Козел-Паклеўскія ў Чырвоны Бераг не вярталіся.

Чорныя дні для вёскі насталі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут у час акупацыі знаходзіўся вялікі перасыльны пункт вобласці і дзіцячы донарскі канцлагер. Сядзібны дом жа выкарыстоўвалі як шпіталь – спачатку нямецкі, потым савецкі. Дзякуючы гэтаму будынак і яго інтэр'еры ўцалелі ў тыя страшныя гады.

Сядзіба Козел-Паклеўскіх сёння

На тэрыторыі былой памешчыцкай сядзібы і сёння размешчаны аграрны каледж, пра што сведчыць надпіс на ўязной браме пазамінулага стагоддзя. Праўда, у канцы XX стагоддзя там для навучэнцаў пабудавалі асобныя карпусы. Да нашых дзён захаваліся, акрамя брамы з васьміграннымі невялікімі вежамі, сядзібны дом, флігель, стайня, бровар, цагляная агароджа і англійскі парк.

У 1996 годзе былі пачаты рэстаўрацыйныя работы, якія доўжыліся да 2015 года. Цяпер у палацы размешчаны філіял Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея. У пастаяннай экспазіцыі прадстаўлены прадметы і дакументы, што раскрываюць гісторыю сям'і ўладальнікаў і стварэння сядзібы, яе архітэктурныя асаблівасці, а таксама побыт і традыцыі дваран пазамінулага стагоддзя.

Сядзіба і парк вакол яе ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Гэта славутасць Чырвонага Берага ўваходзіць у турыстычны маршрут "Залатое кальцо Гомельшчыны".

Як дабрацца і дзе спыніцца

Аграгарадок Чырвоны Бераг размешчаны ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Ад Мінска да Чырвонага Берага можна дабрацца на аўтамабілі па трасе М5. Са Жлобіна ў аграгарадок можна прыехаць на электрычцы, маршрутных аўтобусах або аўтамабілі.

Адрас: вул. Ісаева, 14, аграгарадок Чырвоны Бераг, Жлобінскі раён, Гомельская вобласць
Каардынаты: 52.965341, 29.784220

Спыніцца можна ў Жлобіне або Мінску і прыехаць на дзень у Чырвоны Бераг.

Славутыя мясціны паблізу сядзібы Козел-Паклеўскіх

Усяго за 1 км ад сядзібы пасярод яблыневага саду размешчаны ўнікальны помнік-мемарыял, прысвечаны дзецям, якія сталі ахвярамі вайны. У яго аснове – жудасныя падзеі, што адбываліся ў Чырвоным Берагу амаль 80 гадоў таму. Практычна на тым самым месцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў створаны дзіцячы канцлагер. Туды сілком звозіліся дзяўчынкі і хлопчыкі ад васьмі да чатырнаццаці гадоў, якія станавіліся вымушанымі донарамі крыві для раненых салдат вермахта. Тых, хто выжыў пасля варварскай працэдуры, вывозілі ў Германію. Праз гэта пекла прайшлі амаль дзве тысячы дзяцей…

Мемарыял адкрыўся ў 2007 годзе. Аўтарам праекта выступіў архітэктар Леанід Левін – адзін са стваральнікаў знакамітага комплексу ў Хатыні.
 
Кампазіцыю адкрывае бронзавая скульптура дзяўчынкі, якая падняла рукі ў марнай спробе абараніцца. За яе спінай – пусты школьны клас з 21 беласнежнай парты і чорнай дошкі, на якой размешчана пісьмо вязніцы лагера бацьку. З адваротнага боку – карта Беларусі з адзначанымі 16 канцлагерамі, дзе ўтрымліваліся дзеці. Далей "выплывае" белы Караблік Надзеі – на яго парусах з абодвух бакоў напісаны імёны дзяцей з лагерных дакументаў. Завяршаюць кампазіцыю больш за два дзясяткі "мальбертаў" з дзіцячымі малюнкамі і пластылінавымі фігуркамі, выкананымі ў выглядзе вітражоў і бронзавых скульптур, – гэта работы вучняў студыі выяўленчага мастацтва Мінскага палаца піянераў і выхаванцаў Чырвонабярэжскага дзіцячага дома...

На беразе ракі Дабасна за 30 км на поўнач ад Чырвонага Берага размешчаны аграгарадок Жылічы. Там знаходзіцца адна з буйнейшых сядзіб Беларусі – палац Булгакаў, пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі