Мемарыяльны комплекс "Трасцянец" у Мінску | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Мемарыял "Трасцянец"

Мемарыяльны комплекс "Трасцянец"


Трасцянец – самы буйны фашысцкі лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і ўсяго Савецкага Саюза. У нашы дні тут знаходзіцца мемарыяльны комплекс, прысвечаны памяці больш як паўмільёна чалавек, знішчаных нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны.

У гады акупацыі Мінска побач з горадам існавала сапраўдная "фабрыка смерці". Многія пасляваенныя дзесяцігоддзі лічылася, што гэта быў чацвёрты па колькасці ахвяр канцлагер у Еўропе і свеце пасля Асвенціма, Траблінкі і Майданака. Афіцыйна загінулымі ў Трасцянцы называліся 206,5 тыс. чалавек. Аднак згодна з апошнімі данымі, юрыдычна пацверджаны факт, што ў Трасцянцы фашысты знішчылі – закатавалі, расстралялі і спалілі – не менш як 546 тыс. чалавек. Гэта робіць статыстыку яшчэ больш жахлівай, а лагер смерці пад Мінскам – трэцім па колькасці ахвяр.

Назва Трасцянец аб’ядноўвала некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: непасрэдна канцлагер, які існаваў побач з вёскай Малы Трасцянец за 12 км ад цэнтра Мінска па Магілёўскай шашы, урочышча Благаўшчына – месца масавых расстрэлаў, і ўрочышча Шашкоўка – месца масавага спальвання ахвяр. У перыяд з восені 1941-га па чэрвень 1944-га тут забівалі мірных жыхароў акупіраванай Беларусі, удзельнікаў антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, вязняў Мінскага гета, савецкіх ваеннапалонных, а таксама яўрэяў, дэпартаваных з шэрага краін Еўропы – Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі, Польшчы.

Гісторыя, якую не забыць: "фабрыка смерці" Трасцянец 

Усяго праз некалькі месяцаў пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны і акупацыі Мінска нацысты арганізавалі свой жудасны канвеер забойстваў. Месцам знішчэння людзей выбралі ўрочышча Благаўшчына на 11-м км Магілёўскай шашы недалёка ад вёскі Малы Трасцянец. Ужо з 10 лістапада 1941 г. у Мінск сталі прыбываць эшалоны з яўрэямі з Германіі, Чэхіі, Аўстрыі. І да вясны 1942-га ўрочышча ператварылася ў сапраўднае пекла. У фільтрацыйным пункце ў дэпартаваных забіралі рэчы "на захоўванне", потым людзей везлі ў Благаўшчыну і расстрэльвалі. Трупы скідвалі ў ямы, утрамбоўвалі, засыпалі… Найбольшая адначасовая колькасць забітых за час 4-дзённай аперацыі ліпеня 1942 года склала 18 тысяч чалавек – беларускіх і замежных яўрэяў.

Тэрыторыя смерці пад Мінскам пашыралася. Для прыёму транспарту з Еўропы быў пабудаваны вакзал (перон), куды да восені 1942-га двойчы на тыдзень прывозілі па тысячы і больш чалавек. Ад 20 да 80 чалавек – электрыкаў, слесараў, сталяроў, краўцоў, шаўцоў і іншых спецыялістаў – старанна адбіралі на работу ў маёнтак у Трасцянцы і Мінскае гета, астатніх – знішчалі.

"Фабрыка забойстваў" працавала не спыняючыся… Да восені 1943-га тут канчаткова знішчылі вязняў Мінскага гета, прывезеных з пагромаў, прадаўжалі метадычна расстрэльваць партызан і падпольшчыкаў, ваеннапалонных…

Калі пачалося наступленне Чырвонай Арміі, у перыяд з кастрычніка 1943 г. па сакавік 1944 г. гітлераўцы разгарнулі ў Трасцянцы маштабныя работы па знішчэнні слядоў злачынстваў.

Ці ведаеце вы, што…

За гады фашысцкай акупацыі Беларусь была ўсеяна сотнямі тысяч трупаў па-зверску закатаваных і забітых людзей. Ужо 6 студзеня 1942-га наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў распаўсюдзіў па дыпламатычных каналах краін-саюзніц даныя аб сапраўдных маштабах масавых расстрэлаў. Тады нямецкае кіраўніцтва пачало імкліва знішчаць сляды. "Аперацыя 1005", асноўным месцам правядзення якой у СССР і была тэрыторыя Беларусі, стала адной з самых бесчалавечных за ўсю сусветную гісторыю. Удзельнікі аперацыі пад грыфам "зусім сакрэтна" давалі падпіску аб невыдаванні: каманды смертнікаў, якія займаліся эксгумацыяй і спальваннем трупаў, пасля выканання работ ліквідаваліся.

У Трасцянцы каманды "1005" пачалі дзейнічаць восенню 1943 года. Ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе ў 34 вялізных ямах-магілах знаходзілася каля 150 тысяч астанкаў, раскопкі доўжыліся шэсць тыдняў. Паводле падлікаў немцаў, для знішчэння такой колькасці неабходна было раскласці 750 вогнішчаў на 200 трупаў кожнае… З бярвёнаў, жэрдак і астанкаў людзей будавалі канструкцыі, палівалі бензінам, запальвалі. Калі вогнішча згарала дашчэнту, рабочыя павінны былі перамолваць уцалелыя косці, прасейваць попел, аддзяляць залатыя зубы і ўпрыгажэнні… Для выканання гэтых жудасных функцый у першую "каманду смертнікаў" увайшлі 100 вязняў лагера на вул. Шырокай у Мінску. У склад другой каманды былі ўключаны прадстаўнікі "рускіх" яўрэяў (у тым ліку беларускія), а таксама мясцовыя жыхары, якія змяшчаліся ў турме СД. Усіх іх потым ліквідавалі.

Жахлівы канвеер працаваў і ў Шашкоўцы. Яшчэ восенню 1943 года тут пабудавалі печ для спальвання (вялікую яму з перакінутымі над ёй рэйкамі і жалезнай сеткай), якая "загружалася" штодзённа. Асуджаных дастаўлялі ў "газвагенах" ("душагубках") або адкрытых машынах, расстрэльвалі побач або проста ўнутры печы, групы людзей узрывалі гранатамі… У крэматорыі Шашкоўкі палілі падпольшчыкаў, партызан, мірных жыхароў Мінска і бліжэйшых населеных пунктаў, захопленых у час карных аперацый. Попел з крэмацыйнай печы выкарыстоўваўся як угнаенне на палях дапаможнай гаспадаркі нацыстаў…

Канцлагер для абслугоўвання дапаможнай гаспадаркі быў створаны Мінскай паліцыяй бяспекі і СД яшчэ ў пачатку 1942-га ў наваколлях Малога Трасцянца на угоддзях былога саўгаса Карла Маркса. Раней у гэтых месцах на беразе ракі Трасцянкі знаходзіўся фальварак памешчыка Юрлова з садам і млыном. З прыходам фашыстаў былы сядзібны дом стаў складам і бамбасховішчам для адміністрацыі лагера. Новы дом для каменданта, памяшканні аховы, гараж былі пабудаваны ўжо вязнямі канцлагера.

Нацысты разгарнулі пад Мінскам вялікую гаспадарку, дзе вырабляліся прадукты харчавання, працавалі майстэрні. На тэрыторыі канцлагера "чысцілі" машыны-"душагубкі" (выхлапная труба была выведзена ў грузавы адсек, дзе ахвяры паміралі ад удушша яшчэ па дарозе да месца знішчэння), сартавалі маёмасць забітых. У гады акупацыі колькасць зняволеных у канцлагеры складала ад 200 да 900 чалавек.

У канцы чэрвеня 1944 года, калі савецкія войскі знаходзіліся на подступах да Мінска, нацысты пачалі экстранную ліквідацыю Трасцянца. Каля 6,5 тыс. чалавек расстралялі і спалілі на тэрыторыі лагера. За тры дні да ўступлення часцей Чырвонай Арміі – 29-30 чэрвеня 1944-га – была праведзена апошняя масавая ліквідацыя, у час якой немцы знішчылі зняволеных мінскай турмы па вул. Валадарскага і лагера па вул. Шырокай. Тады выратаваліся толькі двое – Сцепаніда Савінская і Мікалай Валахановіч. Пазней яны апісалі зверствы, якія адбываліся ў Трасцянцы.

Застацца жывымі за ўвесь перыяд існавання лагера змаглі не больш за некалькі дзясяткаў чалавек.

Ахвярамі фашысцкага канвеера смерці ў Трасцянцы сталі звыш паўмільёна чалавек – дарослых і дзяцей, людзей розных прафесій, веравызнанняў і нацыянальнасцей. У вялікім спісе забітых было нямала вядомых асоб. Сярод іх, напрыклад, Яўген Клумаў – выдатны хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, а ў гады акупацыі адважны мінскі падпольшчык (Самарын), якому пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Разам з жонкай Яўген Клумаў, які адмовіўся супрацоўнічаць з немцамі, загінуў у машыне-"душагубцы" пры перавозцы ў Трасцянец. У нашы дні яго імя маюць вуліца і завулак у Мінску, а таксама 3-я клінічная бальніца горада. Такі ж страшны лёс напаткаў Уладзіміра Анісімава – прафесара-метэаролага, саратніка Яўгена Клумава па падпольнай дзейнасці.

…Праз два месяцы пасля вызвалення Мінска – 3 верасня 1944 года – у Трасцянцы адбыўся першы жалобны мітынг у памяць аб многіх тысячах ахвяр. У дзень пахавання астанкаў спаленых людзей тут сабраліся каля 10 тысяч жыхароў сталіцы і наваколля.

Мемарыял "Трасцянец": хроніка стварэння сімвала смутку і памяці

Першы знак у памяць аб ахвярах буйнейшага на тэрыторыі СССР фашысцкага лагера смерці – абеліск з вечным агнём – быў устаноўлены ў 1960-я гады ў вёсцы Вялікі Трасцянец, якая знаходзіцца на аддаленні ад месцаў знішчэння і канцлагера.

У 2002 г. было прынята рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". У 2014 г. па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачалося будаўніцтва, і папярэднічала яму сімвалічная цырымонія закладкі памятнай капсулы са зваротам да нашчадкаў.

Першы комплекс мемарыяла адкрыўся ў 2015 г. у памятны дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны – 22 чэрвеня. Над зямлёй, дзе некалі адбываліся страшэнныя злачынствы, узнялася самая вялікая ў краіне бронзавая скульптура – "Брама памяці" – вышынёй 10 метраў і вагой 35 тон. Аўтар – Канстанцін Касцючэнка. Увасабленнем трагічных лёсаў соцень тысяч людзей, якім не ўдалося вырвацца са смяротнага палону, сталі 29 фігур знясіленых вязняў, быццам пераплеценых з калючым дротам і "ўціснутых" у створкі варот.

Работы па мемарыялізацыі прадаўжаліся. У чэрвені 2018-га ў магільны роў Трасцянца пахавалі астанкі забітых вязняў, знойдзеныя ў ходзе раскопак і будаўніцтва паблізу 34 ям. Спецыялістам удалося ўстанавіць астанкі 41 чалавека: 24 дарослых, 5 падлеткаў і 12 дзяцей. Самаму малодшаму было каля 4-5 гадоў…

Адкрыццё другой чаргі мемарыяльнага комплексу ва ўрочышчы Благаўшчына адбылося 29 чэрвеня 2018 года. У маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел прэзідэнты трох краінАляксандр Лукашэнка (Беларусь), Франк-Вальтэр Штайнмаер (Германія) і Аляксандр Ван дэр Белен (Аўстрыя). Таксама на цырымоніі прысутнічалі экс-прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр, прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі, яўрэйскіх арганізацый.

28 сакавіка 2019 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і федэральнага канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца быў адкрыты манумент "Масіў імёнаў" у памяць аб аўстрыйскіх грамадзянах, загінулых у Трасцянцы. Гэты знак уяўляе сабой устаноўленыя на пастамент 10 калон, якія сімвалізуюць 10 эшалонаў з аўстрыйскімі яўрэямі, дэпартаванымі з Вены ў Трасцянец. На калонах адлюстраваны імёны ахвяр (без прозвішчаў) – часткова размытыя і паўсцёртыя.

Напярэдадні Дня народнага адзінства 16 верасня 2025 года на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец адбылося адкрыццё мемарыяльнага знака ў памяць аб ахвярах генацыду. Гэта падзея стала працягам вялікай работы па расследаванні злачынстваў, якія прывялі да самага маштабнага ў гісторыі знішчэння беларускага народа. У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх саўдзельнікамі, злачыннымі фарміраваннямі ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945 гг.) і пасляваенны перыяд на тэрыторыі БССР і іншых дзяржаў генацыду беларускага народа.

У ходзе расследавання і раскрыцця сапраўдных маштабаў трагедыі Генеральнай пракуратурай на ўзроўні Прэзідэнта і Урада была ініцыявана прапанова ўвекавечыць памяць ахвяр генацыду ў кожным рэгіёне краіны. Адзіны памятны знак "Дрэва жыцця" ўстанавілі ва ўсіх абласных цэнтрах. І кульмінацыяй гэтай эстафеты памяці стаў Трасцянец – самае значнае па колькасці ахвяр месца масавага знішчэння людзей у Беларусі і СССР, тэрыторыя вялікай трагедыі ў маштабах усёй Еўропы. Аўтарам памятнага знака "Дрэва жыцця" стаў віцебскі скульптар Іван Казак, работа якога была выбрана па выніках конкурсу.

Страшэнная праўда, увекавечаная ў мемарыяле "Трасцянец": знакі-сімвалы, памятныя мясціны, кампазіцыі ў адзінстве з прыродай

Падзеі ў Трасцянцы немагчыма даследаваць і апісаць у падрабязнасцях з пазначэннем дакладных дат смерці і нават імёнаў многіх ахвяр. Гітлераўцы зрабілі вельмі шмат, каб скрыць сляды злачынстваў, знішчыць дакументы, ліквідаваць удзельнікаў "Аперацыі 1005"…На працягу дзесяцігоддзяў месца гэтай страшэннай трагедыі заставалася без належнай увагі і шанавання, а для многіх еўрапейцаў і зусім было невядома. Таму сёння створаны мемарыяльны комплекс "Трасцянец" прадаўжае развівацца і дапаўняцца, прымаючы наведвальнікаў з усяго свету.

Гэта сімвал памяці аб тысячах забітых людзей розных нацыянальнасцей, веравызнанняў і ўзростаў, сведчанне жорсткіх злачынстваў, аб якіх нельга забыць, каб падобнае не магло паўтарыцца. Цяпер тут пануюць цішыня і супакаенне, але пахаванні, таблічкі з захаванымі імёнамі забітых, фрагменты лагерных збудаванняў, памятныя знакі, красамоўныя скульптурныя і ландшафтныя кампазіцыі – усё сведчыць аб самым бесчалавечным і страшным праяўленні нацызму.

Мемарыяльны комплекс "Трасцянец" плошчай 112 га знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне сучаснага Мінска і аб’ядноўвае дзве часткі, размешчаныя па розныя бакі шашы М4 (Мінск – Магілёў):

  • мемарыяльны парк "Трасцянец" (60 га), дзе знаходзіліся канцлагер і ўрочышча Шашкоўка з ямай-печчу (побач з цяперашняй вуліцай Сяліцкага і Магілёўскай шашой);
  • мемарыяльныя могілкі "Благаўшчына" (52 га) – месца масавых расстрэлаў і пахавання ахвяр у 34 траншэях-магілах.

Дамінанта мемарыяльнага парку "Трасцянец" – 10-метровая кампазіцыя "Брама памяці" (скульптар К.А. Касцючэнка, архітэктар Г.А. Аксёнава), якая з’яўляецца самай вялікай бронзавай скульптурай у Беларусі. Знясіленыя фігуры зняволеных, быццам пераплеценыя з калючым дротам і ўціснутыя ў вароты, сталі ўвасабленнем трагедыі, якая доўжылася ў Трасцянцы амаль тры гады.

Ад 9-га км Магілёўскай шашы – месца высадкі і "сартавання" вязняў – углыб мемарыяла пракладзена "Дарога смерці", якая нагадвае аб гаротным шляху ахвяр. А далей да галоўнай плошчы і маштабнай скульптуры "Брама памяці" вядзе "Дарога памяці". Гэта сімвалічная алея ўвекавечыла памяць аб загінулых і месцах масавага знішчэння людзей на ўсёй тэрыторыі акупіраванай Беларусі ў 1941–1944 гг. Гранітныя пліты нагадваюць прыўзнятыя пласты зямлі – як сімвал таго, што ў гады вайны зямля Беларусі была паліта крывёй мільёнаў ахвяр. Дарога вымашчана шэрай пліткай з украпінамі чорных "слядоў зняволеных", асуджаных на смерць.

У канцы "Дарогі памяці" размешчаны манумент "Масіў імёнаў", прысвечаны памяці больш як 10 тысяч грамадзян Аўстрыі яўрэйскай нацыянальнасці. Аўтарам канцэпцыі стаў аўстрыйскі архітэктар Даніэль Занвальд, а ўвасобіў яго ідэю беларускі скульптар Канстанцін Касцючэнка (ён жа з’яўляецца аўтарам цэнтральнай кампазіцыі мемарыяла "Брама памяці"). Манумент уяўляе сабой каменную глыбу, якая раскалолася на часткі-калоны вышынёй 3,5 метра. Іх колькасць сімвалізуе 10 чыгуначных саставаў, на якіх людзей прывезлі ў Трасцянец. На калонах адлюстраваны імёны ахвяр.

Побач знаходзіцца балота, з якога тырчаць карчы. Сухія і сагнутыя, яны – быццам "рукі" самой смерці – цягнуцца за ахвярамі. Крыху далей знаходзіцца "Поле пахавання", дзе нацысты развейвалі попел спаленых людзей…

У гэтай частцы комплексу на аснове археалагічных пошукаў абазначаны месцы лагерных пабудоў часоў акупацыі: фрагменты баракаў, складоў, лесапілкі, цяпліцы, дзе вырошчвалі кветкі, воданапорнай вежы, паста аховы. Таксама ўстаноўлены макет вышкі варты. Наведвальнікі могуць убачыць і чыгуначныя вагоны – у такіх у Трасцянец былі дастаўлены многія тысячы асуджаных.

Важным месцам мемарыяла стаў знак "Дрэва жыцця", устаноўлены ў памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа, ён аб’яднаў Трасцянец з усімі рэгіёнамі Беларусі ў адзіны сімвалічны ланцуг.

На процілеглым баку шашы Мінск – Магілёў знаходзіцца другая частка комплексу – мемарыяльныя могілкі "Благаўшчына". Іх складаюць два сімвалічныя экскурсійныя аб’екты:

  • "Апошні шлях" – дарога ад Магілёўскай шашы да мемарыяльных могілак (праект Творчай майстэрні Л.М. Левіна, галоўны архітэктар – Галіна Левіна);
  • мемарыяльныя могілкі (праект майстэрні ландшафтнай архітэктуры УП "Мінскпраект", галоўны архітэктар – Ганна Аксёнава).

Пасля вызвалення Беларусі следчыя выявілі ва ўрочышчы Благаўшчына 34 ямы-магілы: кожная больш за 30 метраў даўжынёй, 5 метраў шырынёй і 3 – глыбінёй. Цел там ужо не было – толькі маса з попелам і касцямі. Гэта ўсё, што засталося пасля нямецкай аперацыі па скрыванні слядоў злачынстваў…

Сёння мемарыяльны "Апошні шлях" Благаўшчыны праходзіць праз тры сімвалічныя плошчы: белую – плошчу Жыцця (кола надзей на мір і будучыню, на якую спадзяваліся і вязні), чырвоную, ломаную – плошчу Парадоксу, чорную – плошчу Смерці. Пры гэтым частка дарогі да месцаў пахавання створана ў выглядзе бетоннага "чыгуначнага саставу": кожны наведвальнік быццам сам праходзіць праз "вагоны", у якіх у гады вайны ў Трасцянец везлі людзей на смерць. У цёмны час сутак пунсовая падсветка ўнутры гэтых канструкцый робіць яшчэ больш моцнае ўражанне, нагадваючы аб страшэнным жаху крывавай трагедыі.

Гэтая частка комплексу стваралася архітэктарамі Творчай майстэрні Л.М. Левіна пад кіраўніцтвам дачкі знакамітага майстра – Галіны Левінай. Задума мэтра беларускай архітэктуры Леаніда Мендэлевіча Левіна, які з’яўляўся адным з аўтараў мемарыялаў у Хатыні, Чырвоным Беразе і іншых знакавых мясцінах краіны, таксама была ператворана ў жыццё ва ўрочышчы Благаўшчына.

Асноўная частка "Благаўшчыны" – непасрэдна мемарыяльныя могілкі – месца жудасных падзей, дзе людзей расстрэльвалі, трамбавалі ў магільныя равы, пазней раскопвалі астанкі і спальвалі, ператвараючы ў попельную масу і сціраючы сляды злачынстваў… Сёння прах забітых спачывае ў вялікіх магілах і ўкрыты мемарыяльнымі плітамі.

На мемарыяльных могілках архітэктары пад кіраўніцтвам Ганны Аксёнавай стварылі суцэльную кампазіцыю з сімвалічных элементаў, ландшафту, асаблівых відаў дрэў і іншых раслін, каб кожная дэталь рабіла моцнае ўздзеянне на наведвальнікаў.

…Букі сорту "Чорны лебедзь" з ніцымі галінамі і пурпурна-чорным лісцем, падобным да запечанай крыві, сумна схіляюцца да зямлі. Каля 34 магіл – рабіны з буйнымі пунсовымі ягадамі. Ландшафтная кампазіцыя "Яблыневы лес" у час цвіцення ўзмацняе трагічны кантраст з цёмнымі соснамі, якія выраслі за пасляваенныя гады: белы яблыневы цвет сімвалізуе дзяцей, чые жыцці загубілі нацысты. Кампазіцыя "Страчаны час" з 12 ніцых дрэў увасабляе час, патрачаны чалавецтвам на войны і разбурэнні…

У склад мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" таксама ўваходзяць помнік-абеліск і вечны агонь, устаноўленыя ў 1963 г. у вёсцы Вялікі Трасцянец (53.85234, 27.70651).

Інфармацыйны цэнтр і выставачная экспазіцыя мемарыяла "Трасцянец"

Работа па аднаўленні імёнаў ахвяр лагера смерці Трасцянец прадаўжаецца: пошук звестак вядуць гісторыкі і краязнаўцы, студэнты і школьнікі, грамадскія арганізацыі. Каардынатарам гэтай вялікай справы з’яўляецца "Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння".

Плануецца, што на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу недалёка ад "Брамы памяці" будзе створаны інфармацыйны цэнтр з пастаяннай выставачнай экспазіцыяй. А адноўленыя імёны вязняў будуць уносіцца ў электронную кнігу памяці.

Наведвальнікам мемарыяла "Трасцянец" прадставяць прадметы, знойдзеныя ў час раскопак пры будаўніцтве комплексу, асабістыя рэчы вязняў, якія захаваліся. Згодна з канцэпцыяй, пастаянна дзеючая мультымедыйная экспазіцыя "Гісторыя лагера смерці Трасцянец. 1941–1944 гг." стане прасторай, якая максімальна рэалістычнымі мастацкімі і мультымедыйнымі сродкамі будзе паглыбляць у трагічныя падзеі, што тут адбываліся.

Трасцянец: дзе знаходзіцца, як дабрацца

Мемарыяльны комплекс размешчаны прыкладна за 15 км ад цэнтра Мінска на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада. Даехаць можна на аўтамабілі, таксі.

Зручна дабірацца таксама на гарадскім грамадскім транспарце. Бліжэйшая станцыя метро – Магілёўская – знаходзіцца за 4,5 км ад мемарыяльнага комплексу. Далей ад метро можна даехаць на аўтобусах:

  • да мемарыяльнага парку "Трасцянец": № 9, 9д, 72 – да прыпынку Алеся Бачылы, № 93 – да прыпынку Малы Трасцянец;
  • да мемарыяльных могілак "Благаўшчына": № 110, 110а, 160, 160a, 161, 161a, 168, 168a – да прыпынку Смілавіцкі тракт.
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі