Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" - найбуйнейшы кінафорум, на які кожны год у Беларусі збіраюцца вядомыя рэжысёры, акцёры, аматары мастацтва cinema.
Праграма Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" - багатая і ўнікальная. Секцыі гульнявога і дакументальнага кіно прадстаўляюцца ў рамках асноўнага конкурсу і конкурсу маладога кіно, праходзіць конкурс дзіцячага і юнацкага кіно "Лістападзік". Таксама ММКФ дорыць шырокую праграму пазаконкурсных і рэтраспектыўных паказаў, сустрэчы, майстар-класы, выставы і вернісажы.
На кінафестывалі ў Мінску можна ўбачыць толькі лепшае кіно! У асноўны конкурс ММКФ "Лістапад" запрашаюцца фільмы-ўдзельнікі і прызёры самых прэстыжных кінафестываляў свету. Конкурс маладога кіно прадстаўляе калекцыю дэбютных работ аўтараў, якія ўжо заваявалі прызнанне прафесіяналаў і гледачоў.
Першы кінафорум "Лістапад" прайшоў у Мінску ў 1994 годзе, і да 2002 года насіў назву Міжнародны кінафестываль краін СНД і краін Балтыі. Свой вердыкт выносілі тры журы: кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў. Самую высокую ацэнку на дэбютным фестывалі ў 1994 годзе атрымаў фільм "Ганна. З 6 да 18" Мікіты Міхалкова.
У 1996 годзе галоўнай узнагародай кінафестывалю стаў прыз глядацкіх сімпатый, але з 2010 года пераможцаў зноў вызначае прафесійнае журы.
У 2001 годзе ўпершыню ўрачыстае адкрыццё "Лістапада" прайшло на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны - у Палацы Рэспублікі, што пасля стала добрай традыцыяй.
У 2009 годзе ўпершыню на адкрыццё і закрыццё фестывалю прадаваліся квіткі.
У 2011 годзе ММКФ упершыню прайшоў у новым статусе. Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсераў FIAPF прадаставіла "Лістападу" часовую акрэдытацыю FIAPF.
У 2013 годзе пасля заканчэння выпрабавальнага тэрміну Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" атрымаў пастаянную акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) у знак прызнання высокай якасці арганізацыі. "Лістапад" папоўніў спіс самых прэстыжных кінафорумаў свету, у ліку якіх – сусветна вядомыя Берлінскі, Венецыянскі, Канскі, Манрэальскі і Маскоўскі фестывалі. З 2017 года на мінскім фестывалі з'явілася новая намінацыя, пераможца якой атрымлівае прыз Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (FIPRESCI).
Штогадова кінафорум наведваюць больш за 40 000 гледачоў і мноства зорных гасцей з усяго свету. Сярод іх былі Фані Ардан, Клер Дэні, Андрэй Звягінцаў, Эмір Кустурыца, Кшыштаф Занусі, Брыянтэ Мендоса, Дэні Катэ, Сяргей Лазніца...
На ММКФ "Лістапад" працуе шэсць саставаў міжнароднага журы, кожны з якіх вызначае пераможцаў і ўручае прызы ў намінацыях. Самыя ганаровыя ўзнагароды фестывалю - гран-пры "Золата Лістапада" ("За лепшы фільм"), "Серабро Лiстапада" ("Фільм як з'ява мастацтва", прысуджае Міжнароднае журы кінапрэсы), "Бронза Лiстапада" (прыз глядацкіх сімпатый за лепшы гульнявы фільм ).
Прэстыжныя ўзнагароды ўручаюцца ў конкурсах дакументальнага кіно, конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік".
Заснаваны таксама Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка "За гуманізм і духоўнасць у кіно".
Свой чвэрцьвекавы юбілей "Лістапад" прысвяціў вядомаму рэжысёру і аднаму з самых любімых аўтараў кінафестывалю Кіры Муратавай. За аснову лозунга "Лістапада-2018" узяты яе аднайменны фільм "Пазнаючы белы свет".
У XXV Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад" прынялі ўдзел 167 карцін з 48 краін, у тым ліку дэбютантаў – ПАР і Кеніі. Галоўны прыз кінафоруму – "Золата Лiстапада" – атрымала стужка "Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары" рэжысёра Раду Жудэ (Румынія, Чэхія, Францыя, Балгарыя, Германія).
"Да радасці" заклікалі ўсіх аматараў кіно, якія былі з 1 па 8 лістапада ў Мінску, арганізатары ММКФ-2019. Менавіта пад такім слоганам – адсылкай да аднайменнага фільма шведскага рэжысёра Інгмара Бергмана – у беларускай сталіцы прайшоў ужо 26-ы "Лістапад". У аснове візуальнага афармлення сёлетняга форуму – дарога, як увасабленне "падарожжа ў свет нашых пачуццяў, нашага розуму, што дае магчымасць нам крыху больш зразумець сябе" і тым самым адчуць радасць.
Афіша "Лістапада"-2019 – гэта пярэсты калейдаскоп кінастужак і жанраў: драмы, камедыі, меладрамы, баевікі, нацыянальныя блокбастары…
У асноўным конкурсе ігравога кіно былі паказаны 12 фільмаў, і кожны, паводле слоў праграмнага дырэктара фестывалю вядомага кінакрытыка Ігара Сукманава, заклікае да радасці: яны аб тым, як зразумець гэту вышэйшую радасць і прыйсці да катарсісу.
Конкурс дакументальнага кіно сабраў 13 работ. Конкурс "Маладосць на маршы" аб’яднаў работы аўтараў-дэбютантаў маладога кіно з розных краін: гэта 12 карцін, "якія паказваюць суровую рэальнасць і спробы выйсця з яе".
Нацыянальны конкурс, які адбыўся шосты раз, прадставіў 5 работ ігравога кіно, 9 дакументальных фільмаў і 6 анімацыйных стужак. Многія з іх ужо адзначаны іншымі міжнароднымі фестывалямі, напрыклад, "Трэнер" рэжысёра Вольгі Абрамчык, "Гульня ў класікі" Дар’і Дзямура, "Адна сям’я" Наталлі Жамойдзік, "Хронікі ртуці" Сашы Кулака і Бена Геза, Summa Андрэя Куцілы, "Перазімаваць" Евы-Кацярыны Махавай, "Мая бабуля з Марса" Аляксандра Міхалковіча, "Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі" Юрыя Цімафеева, "Чыстае мастацтва" Максіма Шведа.
У праграме фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік", паказы якіх прайшлі з 2 па 5 лістапада, прадставілі 8 карцін.
Акрамя таго, фестывальны тыдзень падарыў вялікую колькасць кінастужак, якія спаборнічалі не за ўзнагароды, а за сэрцы гледачоў. На шасці секцыях пазаконкурснай праграмы ігравога кіно – "Спецыяльныя паказы", "Майстар-клас", "Ільвы, мядзведзі, пальмавыя галінкі", "Палкасць ночы", "Аднойчы на Усходзе", "Расійскія прэм’еры" – паказалі 20 фільмаў. Яны створаны ў Канадзе, Беларусі, Філіпінах, Францыі, Кітаі, Японіі, Бельгіі, Нарвегіі, Германіі, Мексіцы, Іспаніі, Расіі і іншых краінах. Дакументальнае кіно па-за конкурсу было прадстаўлена 26 стужкамі, якія падзялілі на 8 секцый. Упершыню з’явілася праграма "Кінамова. Іншы сінтаксіс", якая аб’яднала дакументальныя і ігравыя карціны, прысвечаныя такім тэмам як развіццё кінамовы, пошук рэжысёраў, а таксама драматургія і праблематыка кіно.
XXVII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 6 па 13 лістапада пад слоганам "Магія вобраза", які звяртаецца да ўнікальнай прыроды кіно. Аднак форум адменены. "У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй аргкамітэтам прынята рашэнне аб адмене ў 2020 годзе ўсіх мерапрыемстваў XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю" Лістапад ", – гаворыцца ў паведамленні.
"Беларусьфільм" будзе арганізатарам маючага адбыцца кінафестывалю "Лістапад"
Фестываль "Лістапад" пройдзе пад слоганам "Сапраўдныя каштоўнасці"
Стаў вядомы склад членаў журы XXVIII кінафестывалю "Лістапад"
"З акцэнтам на глыбінную псіхалогію". Якім будзе асноўны конкурс ігравога кіно "Лістапада"