Будслаўскі фэст – свята ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Спадчына ЮНЕСКА | Будслаўскі фэст

Будслаўскі фэст


Больш за чатыры стагоддзі паломнікі з розных гарадоў і краін прыходзяць у Будслаў, каб пакланіцца цудатворнай святыні – абразу Маці Божай Будслаўскай. Штогадовая ўрачыстасць шанавання ператварылася ў прыгожае духоўнае свята, якое збірае тысячы пілігрымаў.

У лістападзе 2018 года на сесіі ў Порт-Луі Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА аб’явіў рашэнне ўключыць Будслаўскі фэст у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай

Абраз невядомага аўтара XVI стагоддзя меў доўгі шлях, перш чым трапіць у манастырскі касцёл Будслава і стаць сапраўды нацыянальным скарбам Беларусі.

Першы ўладальнік – мінскі ваявода Ян Пац – атрымаў яго ад Папы Рымскага Клімента VIII у час паломніцтва ў Ватыкан у 1598 г. І на працягу ўсяго жыцця шанаваў рэліквію, захоўваючы ў сваім палацы.

Пасля смерці Яна Паца абраз апынуўся ў капелана Ісаака Салакая, які перавёз яе ў мястэчка Даўгінава недалёка ад Будслава. У 1613 годзе ў перадвелікодную пятніцу Салакай прыехаў на набажэнства ў Будслаўскі касцёл бернардзінцаў (тады яшчэ драўляны), і ў адказ на ўгаворы манахаў паднёс абраз у дар храму.

На палатне 72 на 65 см, напісаным алеем, – Маці Божая з Дзіцяткам Ісусам. Абраз створаны па заходне-еўрапейскім тыпе Адзігітрыі. Багародзіца трымае дзіця на левай руцэ, яе погляд накіраваны да гледача. Немаўля працягвае ручкі да Маці: левай яно нібы падае плод граната (біблейскі сімвал, што азначае ўваскрэсенне), а правая паднята ў благаслаўляючым жэсце. Галаву Божай Маці вянчае карона, інкруставаная каштоўнымі камянямі. Абрамляюць абраз сярэбраны абклад і сярэбраная рама з арнаментам у стылі позняга рэнесансу, якія былі падораны абразу ў першай палове XVII стагоддзя.

Будслаўскую святыню, якая вядома як цудатворная, у 1635 годзе перанеслі ў галоўны алтар. Да 1643 года пад кіраўніцтвам дойліда з Полацка Андрэя Кромера Будслаўскі касцёл быў перабудаваны ў камені. Для яго майстар Пётр Грамель вырабіў унікальны драўляны алтар, у які і быў змешчаны абраз.

У 1650 годзе ў сваёй кнізе "Задыяк на зямлі..." цуды Будслаўскага абраза Маці Божай апісаў настаяцель касцёла Э.Зеляевіч. Паводле слоў аўтара, запісы сведчанняў аб Божай ласцы людзі прымацоўвалі да сцен яшчэ драўлянага храма. Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 годзе, – вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку Іасафату Тышкевічу. У падзяку за цуд вылечвання пасля цяжкай хваробы ён застаўся служыць у храме і праз гады стаў вядомым святаром. Зеляевіч расказаў 42 гісторыі выздараўлення ад хвароб: "…вылечваліся хворыя, кульгавыя, эпілептыкі, нямыя, зачараваныя, скалечаныя маланкамі і ад іншых непрыемнасцей".

У ліпені 1767 г. у Будславе пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла – грандыёзнай базілікі ў гонар Успення Божай Маці. Першы мураваны храм стаў яго бакавой капліцай імя Святой Варвары. І сёння гэты велічны касцёл у стылі позняга барока – адзін з трох у Беларусі, які мае тытул малой базілікі – уражвае прыхаджан і пілігрымаў.

У 1941 годзе пры адступленні савецкія войскі мелі намер узарваць яго. Аднак мясцовыя жыхары сабраліся каля храма і правялі ноч перад намечаным узрывам у малітве і просьбах да цудатворнага абраза. Раніцай войскі пакінулі Будслаў, а касцёл застаўся некранутым.

Абраз Маці Божай Будслаўскай стаў для беларусаў нацыянальным здабыткам. Больш таго, святыняй яе лічаць не толькі католікі: у шматканфесійнай Беларусі Будслаў наведваюць людзі ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў.

У 1998 годзе 2 ліпеня адбылася каранацыя абраза-легенды. Кардынал Казімір Свёнтак прымацаваў на абраз папскія кароны. Гэта падзея надала Будслаўскаму касцёлу Успення Божай Маці новы пачэсны статус Нацыянальнага санктуарыя – сховішча святыні-патронкі краіны.

Цудам вернікі лічаць і тое, што праз 400 гадоў фарбы на абразе не пацмянелі, а паток паломнікаў да яго з кожным годам расце.

Будслаўскі фэст – урачыстасць у гонар абраза Маці Божай

Традыцыя рабіць падарожжа да Будслаўскай святыні перадаецца ўжо многія пакаленні: з XVII стагоддзя пілігрымы прыходзяць пакланіцца абразу. Нават у гады, калі ў касцёле не было настаяцеля, людзі самі збіраліся, запрашалі паломнікаў, дзялілі з гасцямі хлеб і дах над галавой.

У сучаснай Беларусі вялікія арганізаваныя пілігрымкі да абраза Маці Божай праводзяцца з 1992 года. У Будслаў збіраюцца паломнікі з усіх рэгіёнаў краіны, суседніх Расіі, Польшчы, Літвы, далёкага замежжа. Каб разам пакланіцца святыні, людзі пераадольваюць дзясяткі і нават сотні кіламетраў, удзельнічаюць у малебнах. І гэты няпросты шлях, кажуць многія, дапамагае ачысціцца, знайсці параду і суцяшэнне, зразумець нешта важнае.

Паломнікі жывуць у лагерах, якія разбіваюць па дарозе. Па добрай традыцыі і жыхары прылеглых да Будслава вёсак сустракаюць пілігрымаў, прапаноўваючы сняданак і начлег. Ужо ў Будславе, калі да абраза застаюцца апошнія метры, людзі становяцца на калені і так пераадольваюць астатнюю адлегласць.

Разам з традыцыйнымі паломніцтвамі праводзяцца посныя (на хлебе і вадзе), пілігрымкі для людзей, залежных ад наркотыкаў і алкаголю (у дарозе праходзяць не толькі малебны, але і асаблівыя гутаркі).

Стала папулярнай і велапілігрымка ў Будслаў: за некалькі дзён да ўрачыстасці ад знакамітага Чырвонага касцёла з Мінска ў Будслаў паломнікі адпраўляюцца на веласіпедах. Разам з удзельнікамі праязджае і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У галоўны дзень Будслаўскага фэсту2 ліпеня – адзначаецца свята абраза Маці Божай. Самыя ўражальныя моманты свята – вячэрняя служба і працэсія ў цемры. Тысячы вернікаў запальваюць свечкі і, робячы хрэсны ход следам за абразом, рухаюцца да цэнтра Будслава і вяртаюцца да касцёла. Здаецца, нібыта вялізная вогненная рака плыве перад велічнай базілікай.

Летні каталіцкі фэст у гонар абраза Маці Божай стаў сапраўдным здабыткам нацыі.

У 2013 годзе ў Будславе адбылася вялікая юбілейная ўрачыстасць, прысвечаная 400-годдзю аднойдзення Абраза Маці Божай. Сабраліся тысячы пілігрымаў-католікаў, былі запрошаны праваслаўныя, пратэстанты, мусульмане, яўрэі, прадстаўнікі ўлады і дыпламаты.

У 2014 годзе Будслаўскі фэст папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Цікава, для гэтага сваю пісьмовую згоду далі самі носьбіты традыцыі – жыхары Будслава.

І на працягу некалькіх гадоў да лістапада 2018-га вялася работа па ўключэнні Будслаўскага фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс ЮНЕСКА, каб аб гэтай старадаўняй духоўнай традыцыі даведаўся ўвесь свет.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі