
Сучасная Беларусь актыўна развівае інфраструктуру для зручнасці жыхароў краіны і гасцей з усяго свету, у тым ліку асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню і своечасоваму абнаўленню event-пляцовак.
Больш таго, калі Беларусь выступае ў статусе краіны – гаспадыні буйных міжнародных мерапрыемстваў, арганізатары робяць максімум, каб госці – удзельнікі, гледачы, балельшчыкі – атрымалі самыя прывабныя ўмовы: бязвіз, разнастайнасць варыянтаў размяшчэння ад недарагіх да люксавых, фан-зоны, шматлікія забавы, даступныя цэны.
Сярод яркіх падзей, якія прайшлі ў Беларусі і заваявалі высокую ацэнку, былі: дзіцячае "Еўрабачанне" (2010, 2018), чэмпіянат свету па хакеі (2014), II Еўрапейскія гульні (2019), II Гульні краін СНД (2023).
У Беларусі пабудаваны маштабныя арэны і іншыя аб’екты, здольныя прымаць адначасова тысячы гасцей і аснашчаныя самым перадавым абсталяваннем. Многія з іх займаюць высокія пазіцыі ў рэйтынгах event-пляцовак Усходняй Еўропы і кантынента ў цэлым.
Сёння Мінск уваходзіць у топ-10 буйнейшых сталіц у Еўропе і, безумоўна, з’яўляецца камфортным месцам правядзення мерапрыемстваў міжнароднага, рэгіянальнага і нацыянальнага ўзроўняў. У тым ліку за кошт геаграфічнага становішча, высокіх стандартаў забеспячэння бяспекі і інфраструктуры сусветнага ўзроўню.

Мінск-Арэна – адзін з буйнейшых у Еўропе спартыўных аб’ектаў – мае ўсё неабходнае для мерапрыемстваў па больш як 30 відах спорту, уключае мультыфункцыянальную галоўную арэну ўмяшчальнасцю да 15 тыс. чалавек, канькабежны стадыён з трыбунамі на 3 тыс. гледачоў, а таксама веладром на 2 тыс. чалавек. Гэта самая вялікая крытая пляцоўка Мінска, якая прымае буйнейшыя спартыўныя турніры, сольныя і зборныя канцэрты зорак, маштабныя шоу і праекты дзяржаўнага ўзроўню. Мінск-Арэна з’яўляецца дамашняй для ХК "Дынама-Мінск" і другой па ўмяшчальнасці пляцоўкай КХЛ (пасля СКА Арэны ў Санкт-Пецярбургу).

Чыжоўка-Арэна, пабудаваная ў паўднёва-ўсходняй частцы Мінска на беразе вадасховішча, сваёй архітэктурай нагадвае перацякаючыя адна ў адну кроплі вады. Гэта другая па велічыні пасля Мінск-Арэны крытая пляцоўка беларускай сталіцы з’яўляецца дамашняй для ХК "Юнацтва". Маштабны комплекс плошчай амаль 70 тыс. кв. м уключае вялікую арэну (для турніраў і мерапрыемстваў) і малую (для трэніровак і размінак), злучальная частка паміж імі – зона бізнес-пляцовак, прэс-залаў, аб’ектаў забаў. Умяшчальнасць трыбун вялікай арэны складае каля 9 тыс. чалавек.

Знакамітая гістарычная і спартыўная славутасць Мінска – Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама". Адкрыты ў 1934 годзе, за многія дзесяцігоддзі ён не аднойчы мяняўся, а ў 2012-2018 гг. прайшоў праз самую маштабную рэканструкцыю. Архітэктурнае аблічча стадыёна-легенды значна трансфармавалася, аднак усе гістарычныя элементы былі беражліва захаваны. Дзякуючы глыбокай мадэрнізацыі "Дынама" ператварылася ў высакакласны лёгкаатлетычны аб’ект сусветнага ўзроўню. Умяшчальнасць стадыёна – 22 246 гледачоў. Тут – у самым цэнтры Мінска – праходзяць буйнейшыя спартыўныя спаборніцтвы (лёгкая атлетыка, футбол), канцэрты і яркія музычныя фестывалі пад адкрытым небам.

Мінскі Палац спорту, пабудаваны ў 1966 годзе ў цэнтры горада на беразе Свіслачы, застаецца адным з самых папулярных спартыўна-відовішчных збудаванняў і пазнаваемым архітэктурным сімвалам сталіцы. Цяпер у комплекс, акрамя асноўнай арэны, уваходзяць таксама крыты каток і мабільны сезонны каток. Галоўная пляцоўка Палаца спорту ўмяшчае ад 3 да 4,5 тыс. (з партэрам) гледачоў і ўсяго за некалькі гадзін можа трансфармавацца для правядзення шоу або спартыўнага мерапрыемства (па 22 відах спорту).

Нацыянальны футбольны стадыён, адкрыты ў Мінску ў чэрвені 2025 года, атрымаў статус самай умяшчальнай арэны Беларусі. Маштабы і аснашчэнне ўражваюць: 33 145 пасадачных месцаў, VIP-ложы, месцы для работы СМІ на трыбуне і буйны прэс-цэнтр, трэнажорная зала, раздзявалкі, дзіцячы цэнтр, памяшканні для камерцыйнага выкарыстання, падземныя і наземная паркоўкі, паркавая зона і інш. У якасці футбольнай пляцоўкі гэта арэна сусветнага ўзроўню і адпавядае чацвёртай катэгорыі УЕФА, што дае магчымасць праводзіць матчы фінальных стадый чэмпіянатаў свету і Еўропы, Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы, Суперкубка УЕФА. Тут ёсць усё, што неабходна: падагрэў поля, сістэма паліву, два вялікія экраны ўнутры чашы, першакласная інфраструктура.

Знакавым спартыўным аб’ектам Мінска стаў адкрыты ў 2024 г. басейн міжнароднага класа – унікальны для Беларусі і адзін з лепшых у Еўропе. Маштабны комплекс падзелены на дзве прасторы (спаборніцкую і грамадскую). Для спартсменаў функцыянуюць 50-метровыя плавальны і скачковы басейны, спецыялізаваны гідраканал для трэніровак, у грамадскай зоне – два 25-метровыя басейны і чаша "Малютка" для самых юных аматараў плавання. Трыбуны комплексу разлічаны больш як на 6 тыс. гледачоў. Басейн стаў першым у Беларусі, які адпавядае вышэйшаму класу Міжнароднай федэрацыі плавання (AC-5), што дае магчымасць праводзіць чэмпіянаты і пяршынствы свету і Еўропы па водных відах спорту.

Галоўная пляцоўка Беларусі для правядзення маштабных выстаў, кангрэсна-дзелавых мерапрыемстваў, форумаў, канферэнцый, з’ездаў – Мінскі міжнародны выставачны цэнтр. Ён пачаў работу ў канцы 2024 года і афіцыйна адкрыты з удзелам кіраўніка дзяржавы ў маі 2025-га. Гэты сучасны комплекс не мае аналагаў у краіне па магчымасцях трансфармацыі, інавацыйнасці, гібкасці і мабільнасці. Мінскі міжнародны выставачны цэнтр займае тэрыторыю 22 га, агульная плошча будынка – 37 тыс. кв. м. Унутры знаходзяцца дзве вялікія залы плошчай 6 тыс. кв. м і 8,6 тыс. кв. м і вышынёй столі 14 м, што дае магчымасць праводзіць як невялікія прэзентацыі, так і маштабныя мерапрыемствы. Акрамя шматфункцыянальных памяшканняў прадугледжаны кангрэс-хол, канферэнц-залы, абсталяваныя па сучасных стандартах выставачных комплексаў, вялікі рэстаран, VIP-зона для прыёму гасцей высокага рангу. Мінскі міжнародны выставачны цэнтр можа прыняць да 15 тысяч чалавек у дзень.

Адна з прэстыжных лакацый для мерапрыемстваў у Мінску – Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта буйнейшы інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр краіны, статусны кангрэсна-выставачны аб’ект і, вядома ж, арыгінальны архітэктурны сімвал сучаснага Мінска. Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўваходзіць у спісы самых незвычайных збудаванняў у свеце.
Сучасны Мінск – камфортны для падзейных турыстаў горад. Інтуітыўна зразумелая навігацыя, якасная транспартная інфраструктура, даступнасць варыянтаў размяшчэння і разнастайнасць падзей – аргументы на карысць беларускай сталіцы. Акрамя таго, у час буйных міжнародных мерапрыемстваў Мінск становіцца яшчэ больш арыентаваным на гасцей: з’яўляюцца дадатковыя транспартныя маршруты, аб’екты сэрвісу, зоны забаў. У самую маштабную тэрыторыю гасціннасці і даступнага размяшчэння трансфармуецца Студэнцкая вёска Мінска – унікальны для СНД жылы комплекс з усёй спадарожнай інфраструктурай, здольны прыняць каля 10 тыс. чалавек.
Таксама сярод буйных падзейных пляцовак Беларусі:
• Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" (комплекс сусветнага ўзроўню для біятлона, лыжных гонак, фрыстайла);
• Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі";
• Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы;
• Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы";
• Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту (Вяслярны канал у Заслаўі);
• Барысаў-Арэна;
• Бабруйск-Арэна і інш.