Як атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Адукацыя | Навучанне ў Беларусі

Вышэйшая адукацыя ў Беларусі


Як атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі? Колькі каштуе навучанне ў ВНУ краіны? Якія магчымасці ёсць для замежных студэнтаў?

Якасная вышэйшая адукацыя – візітная картка Беларусі. Сярод краін СНД Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі па ўзроўні адукаванасці і якасці атрыманай адукацыі: аб'ём ведаў адпавядае еўрапейскім стандартам, беларускія дыпломы бакалаўра прызнаюцца ў 18 краінах.

У Беларусі працуе 50 устаноў вышэйшай адукацыі – 42 дзяржаўныя і 8 прыватных. Сярод іх:

  • 33 універсітэты
  • 9 акадэмій
  • 8 інстытутаў

Агульная колькасць студэнтаў у Беларусі складае каля 228,0 тыс. чалавек, з іх 94% вучацца ў дзяржаўных ВНУ (даныя на 2022/2023 навучальны год). Згодна са статыстыкай, больш за 40% студэнтаў сумяшчаюць вучобу з работай.

Сёння ў краіне спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй рыхтуюць па 15 профілях, што ўключаюць больш за 400 спецыяльнасцей і напрамкаў спецыяльнасцей:

  • Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці – 29,2%
  • Тэхніка і тэхналогіі. Архітэктура і будаўніцтва – 25,8%
  • Ахова здароўя. Сацыяльная абарона. Фізічная культура. Турызм і гасціннасць – 11,5%
  • Мастацтва і дызайн. Гуманітарныя навукі. Прыродазнаўчыя навукі – 11%
  • Педагогіка. Прафесійная адукацыя – 9,9%
  • Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва – 8,7%
  • Іншыя – 3,9%

Цяпер у Беларусі рэалізуецца праект "Універсітэт 3.0", які прадугледжвае інфраструктурныя змяненні ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У ім удзельнічае 18 універсітэтаў краіны, якія паспяхова вырашаюць не толькі навуковыя і адукацыйныя, але і камерцыйныя задачы. У Беларусі працуюць сем універсітэцкіх тэхнапаркаў, мэта якіх – паставіць на бізнес-рэйкі навуковыя распрацоўкі студэнтаў, магістрантаў, вядучых вучоных і стварыць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Наступны крок – пераход да мадэлі "Універсітэт 4.0", якая прадуглежвае новую місію ВНУ: фарміраванне інавацыйных галін і тэхналогій для мэт устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і краіны.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў расце цікавасць замежных грамадзян да вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Сёння (2022/2023) у ВНУ краіны навучаецца каля 27 тысяч замежных грамадзян – гэта студэнты, аспіранты, а таксама тыя, хто навучаецца на падрыхтоўчых факультэтах. Найбольшая колькасць – грамадзяне Кітая, Туркменістана,  Узбекістана, Расіі, Шры-Ланкі, Таджыкістана, Лівана, Індыі, Ірана, Казахстана, Азербайджана. Традыцыйна ў іншаземцаў запатрабаваны медыцынскія, тэхнічныя, педагагічныя спецыяльнасці, прафесійныя напрамкі ў галіне культуры і мастацтваў. І вядома, многія абітурыенты выбіраюць спецыяльнасці сферы інфармацыйных тэхналогій. У Беларусі, дзе дзякуючы першакласным спецыялістам створаны адзін з буйнейшых IT-кластараў Усходняй Еўропы, яны выкладаюцца на высокім узроўні.

Беларускія ВНУ паказваюць добрыя вынікі ў міжнародных рейтынгах. Напрыклад, лідар беларускай вышэйшай адукацыі – БДУ – уваходзіць у топ-300 сярод 30 тысяч універсітэтаў, дзеючых па ўсім свеце.

У рэйтынгу Webometrics (ад Сybermetrics Lab – даследчай групы іспанскага Нацыянальнага даследчага савета (CSIC) на 1 ліпеня 2023 года сярод 5 тысяч лепшых універсітэтаў свету прадстаўлены наступныя беларускія ВНУ (пазіцыя):

  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1050)
  • Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (3291)
  • Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (3428)
  • Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (3507)
  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (3904)
  • Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (4256)
  • Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (4759)
  • Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (4821)

У рэйтынгу QS (ад англійскай кампаніі Quacquarelli Symonds), які на 2024 г. вызначыў 1500 лепшых універсітэтаў свету, знаходзяцца: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (387-я пазіцыя), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (801-850), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (1201-1400).

У рэйтынгу SIR (ад групы Scimago – навукова-даследчай арганізацыі, якая аб'ядноўвае членаў Вышэйшага савета па навуковых даследаваннях з шэрага буйнейшых універсітэтаў Іспаніі) за 2023 г. прадстаўлены Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (5501), Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (7680), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (8098), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (8165), Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (8320), Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (8381), Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (8396).

У прэстыжны сусветны рэйтынг універсітэтаў Times Higher Education (THE), які на 2024 г. уключае больш за 1900 універсітэтаў 108 краін і тэрыторый, уваходзіць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У спісе прэтэндэнтаў – шэсць універсітэтаў: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Топ-5 буйнейшых ВНУ Беларусі

  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) – 22,9 тыс. студэнтаў
  • Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ) – 21,1 тыс. студэнтаў
  • Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (БДЭУ) – 14,4 тыс. студэнтаў
  • Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) – 12,6 тыс. студэнтаў
  • Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы (ГрДУ імя Я.Купалы) – 10,6 тыс. студэнтаў

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэтГалоўная ВНУ краіны – БДУ – уваходзіць у 1% лепшых універсітэтаў свету. Ён уключаны ў 9 глабальных і 13 прадметных рэйтынгаў, у тым ліку "вялікай тройкі", што аб'ядноўвае самыя аўтарытэтныя рэйтынгі з 1000 лепшых універсітэтаў планеты. БДУ, які адзначыў у 2021-м 100-годдзе, сёння з'яўляецца маштабным комплексам, што аб'ядноўвае: 27 факультэтаў, інстытутаў і ўстаноў, 177 кафедр, 100 навукова-даследчых лабараторый (у тым ліку 60 студэнцкіх), 4 навукова-даследчыя інстытуты, 2 навуковыя цэнтры і 1 стартап-цэнтр, 6 інавацыйных вытворчых  прадпрыемстваў, 3 вучэбна-доследныя станцыі, 6 музеяў, 1 навукова-тэхналагічны парк. Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у пяцёрку лепшых універсітэцкіх рэпазіторыяў свету (The Ranking Web of World repositories).

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэтЛідар інжынернай адукацыі ў Беларусі – БНТУ – адлічвае сваю гісторыю з 1920 года, калі быў створаны Беларускі політэхнічны інстытут. А сёння гэта адзіная ВНУ краіны са статусам нацыянальнай. Больш за 30 тысяч яе студэнтаў атрымліваюць адукацыю, што ахоплівае амаль усе магчымыя тэхнічныя напрамкі. Універсітэт аб'ядноўвае 16 факультэтаў, 9 каледжаў і 6 інстытутаў, 32 навукова-даследчыя лабараторыі, Навукова-тэхналагічны парк, 20 інавацыйных прадпрыемстваў, стартап-школу і FABLAB, доследны завод. Таксама ёсць свае інтэрнаты, спартыўныя збудаванні і санаторый-прафілакторый. У БНТУ функцыянуе першы ў свеце Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы.

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэтБДЭУ – флагман эканамічнай адукацыі Беларусі, і, зразумела, тут прадстаўлены самы шырокі дыяпазон спецыяльнасцей у галіне эканомікі, фінансаў, менеджменту, маркетынгу. Вялікі ўпор у навучанні студэнтаў робіцца на валоданні сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і замежнымі мовамі. Напрыклад, самы малады факультэт – лічбавай эканомікі – рыхтуе прафесіяналаў на стыку эканомікі і IT, рэдкіх спецыялістаў у сферы аналітыкі вялікіх даных. У складзе ўніверсітэта – 11 факультэтаў, Інстытут сацыяльна-гуманітарнай адукацыі, Інстытут магістарскай падрыхтоўкі і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў, тры каледжы, навучальныя і навуковыя лабараторыі, студэнцкі гарадок.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікіБДУІР – галоўная ВНУ па падрыхтоўцы спецыялістаў сферы інфармацыйных тэхналогій – уваходзіць у топ самых запатрабаваных універсітэтаў Беларусі. Сёння гэта вялікі навучальна-навукова-інавацыйны комплекс, які аб'ядноўвае 8 факультэтаў, 32 кафедры, навукова-даследчую частку, Інстытут інфармацыйных тэхналогій (2 факультэты і 4 кафедры). Акрамя таго, ва ўніверсітэце працуюць 12 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній: Адукацыйны цэнтр National Instruments, Цэнтр кампетэнцый тэхналогій IBM, Філіял сеткавай Акадэміі Cisco, Акадэмічны цэнтр SAP па праграмах супрацоўніцтва SAP з ВНУ "Універсітэцкі альянс", Android Software Center, INTES, A1QA, Huawei…

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі КупалыГрДУ імя Янкі Купалы не толькі самы вялікі з рэгіянальных універсітэтаў Беларусі, але і адзін з нямногіх шматпрофільных, вядучых падрыхтоўку па шырокім спектры спецыяльнасцей і хутка рэагуючых на запатрабаванні рынку. У незалежных міжнародных рэйтынгах ён таксама традыцыйна ўваходзіць у лік лепшых беларускіх ВНУ. У яго складзе – 15 факультэтаў, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 4 каледжы, РУП УНПЦ "Тэхналаб" у статусе навукова-тэхналагічнага парка, Цэнтр трансферу тэхналогій. ГрДУ стаў першым несталічным універсітэтам, які ўвайшоў у праект укаранення модэлі "Універсітэт 3.0". Ён цесна супрацоўнічае з кампаніямі рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку ў сферы распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных прадуктаў і тэхналогій, падтрымлівае сувязі з больш як 150 замежнымі ўніверсітэтамі.

Ужо многія дзесяцігоддзі ў спіс самых запатрабаваных ВНУ як для беларускіх абітурыентаў, так і замежных уваходзяць медыцынскія ўніверсітэты. Іх у Беларусі чатыры:

  • Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт
  • Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт
  • Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт
  • Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт

Поўны спіс вышэйшых навучальных устаноў Беларусі з кантактнай інфармацыяй – тут.

Як замежныя студэнты паступаюць ва ўніверсітэты Беларусі?

Пасля таго, як абітурыент выбраў спецыяльнасць і вышэйшую навучальную ўстанову, яму трэба  звярнуцца ў ВНУ для атрымання запрашэння на вучобу. Для гэтага ў навучальную ўстанову адпраўляюцца наступныя дакументы:

  1. заява-анкета замежнага грамадзяніна (узоры размяшчаюцца на сайтах ВНУ);
  2. натарыяльна засведчаная копія дакумента аб адукацыі з пазначэннем вывучаных прадметаў і атрыманых па іх на экзаменах ацэнак (балаў);
  3. натарыяльна засведчаная копія пасведчання аб нараджэнні;
  4. копія старонак нацыянальнага (або  загранічнага) пашпарта з фатаграфіяй, прозвішчам;
  5. натарыяльна засведчаная копія медыцынскага заключэння аб стане здароўя, што пацвярджае  магчымасць навучання ў кліматычных умовах Рэспублікі Беларусь, засведчанага афіцыйнымі органамі аховы здароўя краіны, якая накіроўвае  кандыдата на вучобу.

Потым неабходна аформіць візу, якая дазваляе ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Для замежных грамадзян бяззвізавага рэжыму ўезду ў Беларусь запрашэнне на навучанне і вучэбную візу атрымліваць не трэба.

Пасля прыбыцця ў Беларусь на разгляд прыёмнай камісіі ВНУ прадастаўляецца наступны пакет дакументаў:

  1. заява-анкета ўстаноўленага ўзору аб прыёме на навучанне;
  2. арыгіналы дакументаў аб адукацыі з пазначэннем вывучаных прадметаў і атрыманых па іх на экзаменах ацэнак (балаў);
  3. арыгінал медыцынскага заключэння аб  стане  здароўя, што пацвярджае магчымасць навучання замежнага грамадзяніна ў кліматычных умовах Рэспублікі Беларусь, засведчанага  афіцыйнымі органамі аховы здароўя краіны, якая накіроўвае  кандыдата на вучобу;
  4. медыцынскі сертыфікат аб адсутнасці ВІЧ-інфекцыі, выдадзены афіцыйным органам аховы здароўя краіны прыбыцця кандыдата на вучобу (дзейны на працягу 6 месяцаў);
  5. засведчаная ва ўстаноўленым парадку копія пасведчання аб нараджэнні;
  6. 6 або 8 фатаграфій памерам 4х6 см.

Нацыянальны пашпарт з візай на ўезд у Рэспубліку Беларусь прад’яўляецца замежным грамадзянінам асабіста.

Дакументы можна прадастаўляць як на беларускай або  рускай мовах, так і на англійскай, французскай, іспанскай, нямецкай. У такім выпадку неабходна прыкласці іх пераклад на беларускую або рускую мову, засведчаны натарыяльна.

Мова навучання ў ВНУ рэспублікі – руская ці беларуская. Большасці замежных студэнтаў да пачатку навучання трэба прайсці ў Беларусі гадавы моўны курс на факультэце давузаўскай падрыхтоўкі навучальнай установы.

Колькі каштуе навучанне ў Беларусі?

Для грамадзян Беларусі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю платна, кошт навучання складае (у эквіваленце) ад 1000-1200 да 1500-1600 долараў ЗША ў год – у залежнасці ад ВНУ і выбранай спецыяльнасці.

Кошт навучання ў ВНУ Беларусі для замежных грамадзян у сярэднім у 2-2,5 раза вышэйшы, чым для студэнтаў з нашай краіны. Традыцыйна самы высокі кошт – у медыцынскіх ВНУ і на шэрагу спецыяльнасцей БДУ. 

Жыллё для замежных студэнтаў

Усе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі маюць аддзелы па забеспячэнні жыллём, якія аказваюць дапамогу ў атрыманні дазволу на часовае пражыванне, дапамагаюць знайсці месца жыхарства. Большасць студэнтаў пражываюць у студэнцкіх інтэрнатах. Гэта камфортна і даволі танна.

У Мінску пабудавана Студэнцкая вёска – маштабны сучасны комплекс, дзе жывуць студэнты дзевяці сталічных ВНУ, у тым ліку іншаземцы. Акрамя васьмі вялікіх інтэрнатаў, на тэрыторыі гарадка размешчаны дзіцячы сад, паліклініка, гандлёвы цэнтр, лядовая арэна. У кожным інтэрнаце працуюць трэнажорныя залы, сталовыя, кафэ, медыцынскія пункты.

 


 

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі