Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Спорт | Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску

Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску


Еўрапейскія гульні праходзілі з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў сталіцы Беларусі – Мінску. У буйнейшым спартыўным форуме кантынента прынялі ўдзел больш як 3500 спартсменаў з 50 краін: яны разыгралі 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах), а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіа.

Правядзенне гэтага маштабнага турніру стала першым такім вопытам у гісторыі суверэннай Беларусі. Эксперты з розных краін адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі Мінска, прадуманую арганізацыю Гульняў і гасціннасць Беларусі, здольнай прымаць мерапрыемствы і больш шырокага фармату.

Каманда Беларусі на дамашніх Гульнях стала другой у агульным медальным заліку, заваяваўшы 68 медалёў – 23 залатыя, 16 сярэбраных і 29 бронзавых.

Нагадаем, на першых Еўрапейскіх гульнях-2015 у Баку зборная Беларусі заняла сёмае месца: нашы спартсмены заваявалі 43 узнагароды – 10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя.

II Еўрапейскія гульні – у лічбах

  • 3604 спартсмены з усіх 50 краін Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў прынялі ўдзел у Гульнях;
  • прадстаўнікі 43 краін атрымалі медалі, больш за ўсё на рахунку каманды Расіі – 109 медалёў;
  • 8700 чалавек сталі валанцёрамі II Еўрапейскіх гульняў у Мінску;
  • на спаборніцтвы II Еўрапейскіх гульняў у Мінску было рэалізавана 213 тысяч білетаў;
  • больш за 1200 прадстаўнікоў СМІ з розных краін атрымалі акрэдытацыю для асвятлення II Еўрапейскіх гульняў у Мінску;
  • 196 краін свету набылі правы на трансляцыю Гульняў, агульны аб’ём прамых эфіраў склаў 521 гадзіну.

Мінск – сталіца ІІ Еўрапейскіх гульняў

Рашэнне аб перадачы Беларусі права на правядзенне другіх Еўрапейскіх гульняў было прынята 21 кастрычніка 2016 года па выніках галасавання дэлегатаў з 50 краін на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) у Мінску.

Важкімі аргументамі на карысць беларускай сталіцы сталі развітая спартыўная інфраструктура, унушальны вопыт правядзення міжнародных спаборніцтваў высокага ўзроўню, кваліфікаваныя спецыялісты і, вядома, падтрымка кіраўніка НАК – Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Як адзначыў прэзідэнт ЕАК Янез Качыянчыч, які адразу пасля афіцыйнага назначэння кіраўніком гэтай уплывовай спартыўнай арганізацыі наведаў Беларусь, Еўрапейскія гульні-2019 паслужаць "добрай падрыхтоўкай да летняй Алімпіяды ў Токіа і дадуць магчымасць з’яднаць дух еўрапейскіх спартсменаў".
 
Кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў, у якім былі абазначаны асноўныя прынцыпы форуму, падпісаны 1 верасня 2017 года прадстаўнікамі мэрыі Мінска і выканкама ЕАК. У ім зацверджана інфармацыя аб продажы білетаў, акрэдытацыі, прыёме і размяшчэнні гасцей, правядзенні цырымоній адкрыцця і закрыцця...

Праграма Еўрапейскіх гульняў-2019

Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў атрымала ад спартыўных федэрацый рэкордную колькасць заявак на ўдзел у форуме – па 43 відах спорту. Аднак арганізатары прынялі рашэнне максімальна выкарыстоўваць ужо існуючую інфраструктуру і праводзіць спаборніцтвы па найбольш масавых і папулярных дысцыплінах.

У праграму Еўрапейскіх гульняў-2019 увайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шасэ), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс і пляжны футбол.

Кваліфікацыйнымі на Алімпійскія гульні ў Токіа-2020 сталі спаборніцтвы ў 8 відах спорту: веласіпедным спорце, веславанні на байдарках і каноэ, каратэ, лёгкай атлетыцы, стральбе з лука, кулявой і стэндавай стральбе, настольным тэнісе, баскетболе 3х3. Спаборніцтвы па боксе і дзюдо прайшлі ў  рангу чэмпіянатаў Еўропы.

Адзін з самых відовішчных відаў спорту – лёгкая атлетыкаупершыню быў прадстаўлены на Еўрапейскіх гульнях у новым фармаце, які атрымаў назву "Дынамічная новая лёгкая атлетыка" (DNA).  У спаборніцтвах прымалі ўдзел 24 каманды (у складзе кожнай – больш як 20 чалавек, мужчын і жанчын), якія выступілі ў 9 дысцыплінах, найбольш папулярных у гледачоў (бег, скачкі і кіданні). Спаборніцтвы праходзілі па накаўт-сістэме на працягу некалькіх  дзён.

Убачыць лепшыя моманты II Еўрапейскіх гульняў можна ў нашай спартыўнай хроніцы:

Арэны Еўрапейскіх гульняў-2019

У студзені 2017-га ў Мінску пабывала інспекцыйная камісія на чале са спартыўным дырэктарам ЕАК Пірсам О`Калаганам, якая вывучыла гатоўнасць сталіцы Беларусі да Еўрапейскіх гульняў-2019. Пасля праверкі ўсіх арэн, наведвання атэляў і Студэнцкай вёскі спецыялісты адзначылі 100-працэнтную гатоўнасць да маючага адбыцца форуму.

Ва ўрачыстых мерапрыемствах і спаборніцтвах Еўрапейскіх гульняў-2019 былі задзейнічаны:

  • стадыён "Дынама" (лёгкая атлетыка; цырымоніі адкрыцця і закрыцця; тут жа працаваў і галоўны прэс-цэнтр Гульняў)
    спарткомплекс "Мінск-Арэна" (спартыўная і мастацкая гімнастыка, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце; веласпорт на трэку)
  • спарткомплекс "Чыжоўка-Арэна" (дзюдо, каратэ)
  • Палац спорту (самба, грэка-рымская, вольная і жаночая барацьба)
  • спартыўна-аздараўленчы комплекс "Алімпійскі" (пляжны футбол, стральба з лука)
  • спартыўна-забаўляльны комплекс Falcon Сlub (бадмінтон)
  • спартыўна-стралковы комплекс Sporting Club (стэндавая стральба)
  • спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.Цімашэнкі (стральба кулявая)
  • Palova Arena (спаборніцтвы па баскетболе 3х3)
  • Палац тэніса (настольны тэніс)
  • спарткомплекс "Уручча" (бокс)
  • вяслярны канал у Заслаўі (веславанне на байдарках і каноэ) 

Сімволіка і талісман Еўрапейскіх гульняў-2019

Афіцыйны дэвіз Еўрапейскіх гульняў-2019 – Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). Менавіта такі варыянт прадставіла беларуская дэлегацыя 21 мая 2017 года на пасяджэнні выканкама ЕАК у Скоп’і. У рускай версіі таксама выкарыстоўваўся дэвіз "Время ярких побед", а ў беларускай – "Час яскравых перамог".

Ідэяй для стварэння лагатыпа II Еўрапейскіх гульняў стаў лозунг "Ідзі за марай". У яго вобразе ўвасоблена легенда аб пошуку ў летнюю ноч на Івана Купалу папараць-кветкі, што сімвалізуе ажыццяўленне самых запаветных жаданняў. І гэта заклік удзельнікам гульняў-2019 наперакор цяжкасцям ісці за сваёй марай – да запаветнай узнагароды.

Талісманам галоўнай спартыўнай падзеі ў Беларусі ў 2019 годзе стала лісяня Лесік.

Зорныя паслы II Еўрапейскіх гульняў-2019

На зорных паслоў была ўскладзена пачэсная місія – прыцягваць увагу грамадскасці, папулярызаваць і фарміраваць станоўчы імідж мультыспартыўнай падзеі ў Беларусі і за яе межамі, папулярызаваць віды спорту, уключаныя ў праграму Еўрапейскіх гульняў-2019. Імі сталі выдатныя асобы ў галіне спорту, мастацтва і культуры.

Тытула зорнага пасла II Еўрапейскіх гульняў-2019 былі ўдастоены:

  • чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка – Герой Беларусі Дар'я Домрачава
  • вядомыя цыркавыя дрэсіроўшчыкі браты Аскольд і Эдгард Запашныя
  • алімпійскі чэмпіён 2008 года па веславанні на байдарках і каноэ Аляксандр Багдановіч
  • чэмпіёнка Еўропы 2018 года ў бегу на марафонскай дыстанцыі Вольга Мазуронак
  • трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь
  • блогер і тэлевядучая Ганна Бонд
  • піяніст і дырыжор, мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Расціслаў Крымер
  • прадстаўнік Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар
  • спявачка Ані Лорак
  • "Міс Беларусь-2018", "Міс свету Еўропа-2018" Марыя Васілевіч
  • заслужаны майстар спорту, ўладальнік 5 алімпійскіх медалёў па фехтаванні Аляксандр Раманькоў
  • беларускі эстрадны спявак і кампазітар Руслан Аляхно
  • алімпійскі чэмпіён па фігурным катанні Аляксей Ягудзін
  • пяціразовая алімпійская чэмпіёнка Нэлі Кім

Бязвізавы рэжым у час Еўрапейскіх гульняў-2019

Бязвізавы рэжым з рознымі тэрмінамі знаходжання дзейнічае для грамадзян шэрага краін, якія могуць уязджаць у Беларусь праз любыя пункты пропуску. Акрамя таго, для жыхароў дзяржаў, якія не ўваходзяць у гэты спіс, ёсць магчымасць знаходзіцца ў Беларусі без візы на працягу 30 дзён пры ўмове ўезду і далейшага выезду праз Дзяржаўную граніцу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Аднак на час Еўрапейскіх гульняў арганізатары прапанавалі яшчэ больш зручныя ўмовы, падобныя да бязвізавага рэжыму ў дні мінскага чэмпіянату свету па хакеі-2014. Удзельнікі, афіцыйныя прадстаўнікі, арганізатары Гульняў і іншыя спецыялісты маглі скарыстацца правам уезду ў Беларусь без візы пачынаючы з 20 мая 2019 года, а замежныя балельшчыкі – з 10 чэрвеня.

Па працягласці Еўрапейскія гульні ахапілі практычна два тыдні, і спецыяльна для ўдзельнікаў і гасцей спартыўнага форуму тэрмін бязвізавага знаходжання прадоўжыўся да 10 ліпеня 2019 года. Пры гэтым замежныя турысты змаглі не толькі падтрымаць сваіх спартсменаў, але і наведаць знакавыя выдатныя мясціны Беларусі.

Для ўсіх турыстаў, якія прыязджаюць у беларускую сталіцу, распрацавана "Картка госця Мінска", якая дае магчымасць наведваць значныя мерапрыемствы і выдатныя мясціны, карыстацца сістэмай скідак і бонусаў у сталічных музеях, гандлёвых цэнтрах, рэстаранах і кафэ. Спецыяльна да Еўрапейскіх гульняў быў выпушчаны тэматычны варыянт карткі госця з прапановамі, асабліва цікавымі спартсменам і балельшчыкам.

Таксама гасцям быў прапанаваны вялікі выбар выданняў – тэматычныя карты-схемы, даведнікі, энцыклапедыі ў кішэнным варыянце. Беларускія тураператары распрацавалі новыя экскурсійныя маршруты з нацыянальным каларытам, разлічаныя на любы густ і бюджэт.

Транспартная інфраструктура Мінска да Еўрапейскіх гульняў-2019

Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў у Мінску былі абноўлены аўтобусны і тралейбусны паркі, створана сістэма выдзеленых палос для грамадскага транспарту. У 2018-2019 гг. на сталічных вуліцах з’явілася каля 80 электробусаў, якія зараджаюцца за пяць мінут і дазваляюць праехаць 13 км (пры гэтым эканомія электраэнергіі складае 14%).

Распрацаваны комплексны план транспартнага забеспячэння II Еўрапейскіх гульняў, у стварэнні якога ўлічаны вопыт сталіц папярэдніх Алімпіяд і I Еўрапейскіх гульняў – Пекіна, Лондана, Баку. Згодна з задумай, госці маглі дабрацца да любога спартыўнага аб’екта за 30 мінут.

Як выглядаў сталічны транспарт з сімволікай II Еўрапейскіх гульняў – глядзіце тут!

Размяшчэнне ўдзельнікаў і гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў: атэлі і Вёска спартсменаў 

Беларусь у час у Еўрапейскіх гульняў наведалі каля каля 37,5 тыс. турыстаў.

Мемарандум аб стрымліванні цэн у атэлях у час правядзення Еўрапейскіх гульняў-2019 даў магчымасць забяспечыць камфортныя ўмовы для гасцей. Бюджэтныя гасцініцы прадугледзелі комплексны пакет паслуг, што ўключаў пражыванне, трансфер, арганізацыю харчавання, арэнду футбольных палёў, канькабежнага стадыёна, лядовага катка і веласіпеднага трэка.

У 2014-м годзе многія балельшчыкі чэмпіянату свету па хакеі размясціліся ў фан-вёсцы на праспекце Дзяржынскага. Мінскія ўлады задзейнічалі яе і ў час Еўрапейскіх гульняў-2019. Аднак на гэты раз Студэнцкая вёска выкарыстоўвалася як Вёска спартсменаў. Тут размясціліся больш за 6,5 тыс. членаў афіцыйных дэлегацый, удзельнікаў гульняў.

Спецыяльна для гасцей гульняў да снежня 2018 года ў Cтудэнцкай вёсцы з’явіўся самы вялікі ў горадзе і краіне – 25-павярховы – інтэрнат, у якім размяшчаюцца 1800 чалавек (для параўнання – увесь студэнцкі комплекс разлічаны на 8740 чалавек).

На час Гульняў тут таксама быў пабудаваны спецыяльны павільён для харчавання афіцыйных удзельнікаў спаборніцтваў. Будынак плошчай 5,5 тыс.кв.м разлічаны на 2 тыс. пасадачных месцаў і падзелены на два блокі. У адным з іх размясціліся абедзенная зала і лінія раздачы харчавання, даўжыня якой каля 60 метраў. Тут былі прадстаўлены стравы грыль, еўрапейская кухня, піца, паста, нацыянальная беларуская кухня, канфесійнае харчаванне (халяльныя і кашэрныя стравы), дыетычныя і вегетарыянскія стравы. Другі блок – "станцыя 24 гадзіны", дзе ў кругласутачным рэжыме ажыццяўлялася выдача халодных і гарачых напіткаў, закусак. Прадугледзелі і меню са страў азіяцкай кухні: міса-суп, локшыны і г.д.

Валанцёры на Еўрапейскіх гульнях-2019

У 2017 годзе стартаваў прыём анкет ад жадаючых стаць валанцёрамі II Еўрапейскіх гульняў. Сярод асноўных патрабаванняў да кандыдатаў – веданне замежных моў і спецыфікі розных відаў спорту. На момант завяршэння кампаніі – да 1 красавіка 2019 года – заяўкі на ўдзел падалі 24168 чалавек са 106 краін свету.  Згодна з падлікамі арганізатараў, для работы на Гульнях патрабавалася 8700 валанцёраў: у выніку конкурс склаў 3 чалавекі на месца. У гэту вялікую каманду ўвайшлі беларусы і амаль 300 замежных грамадзян. Сярод іх былі студэнты, для якіх такі вопыт стаў першым у жыцці, дарослыя валанцёры, якія ўжо ўдзельнічалі ў вялікіх спартыўных мерапрыемствах, і "сярэбраныя валанцёры". Напрыклад, самым вопытным памочнікам на Гульнях у Мінску стала 81-гадовая прадстаўніца Вялікабрытаніі.

Пасля конкурснага адбору дабравольцы праходзілі навучальныя трэнінгі, у час якіх асвойвалі тонкасці будучай работы, знаёміліся са спартыўнымі аб’ектамі. У рамках супрацоўніцтва Дырэкцыі гульняў з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа 300 валанцёраў прайшлі навучанне навыкам аказання першай дапамогі па міжнародным стандарце.

 

На II Еўрапейскіх гульнях валанцёры працавалі ў 34 функцыянальных напрамках. Яны былі задзейнічаны не толькі ў Мінску на спартыўных аб'ектах, але і па ўсёй Беларусі: у рэгіянальных фан-зонах, пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу. Валанцёры прымалі актыўны ўдзел у цырымоніі адкрыцця Гульняў, а на закрыцці разам са спартсменамі сталі галоўнымі героямі святочнага вечара, запоўніўшы ўсю пляцоўку стадыёна "Дынама".

Аб тым, што вопыт валанцёраў не павінен быць страчаны, на ўрачыстай цырымоніі закрыцця сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў ураду стварыць банк даных валанцёрскага руху і выкарыстоўваць для развіцця краіны веды і таленты добраахвотных памочнікаў. "Мы не можам страціць восем тысяч чалавек, якія два гады рыхтаваліся да гэтай падзеі, якія навучыліся аказваць першую дапамогу і падтрымку, якія ведаюць шмат моў", – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі