Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Чароўныя, рэдкія, унікальныя: 10 экаславутасцей Беларусі, якія варта ўбачыць

Чароўныя, рэдкія, унікальныя: 10 экаславутасцей Беларусі, якія варта ўбачыць

Дзіўнай прыгажосці і чысціні прырода – багацце Беларусі! Так, у краіне няма высокіх гор і марскога ўзбярэжжа, якія традыцыйна захапляюць падарожнікаў. Але ёсць іншыя сапраўды рэдкія цудоўныя мясціны, якія можна назваць адзінымі не толькі ў маштабах Еўропы, але і ўсяго свету. Даведайцеся пра іх больш – і, упэўнены, вам захочацца ўбачыць усё на ўласныя вочы.

Белавежская пушча

Белавежская пушчаСамы вялікі з захаваных рэліктавых масіваў і адзін з самых старажытных лясоў Еўропы, здабытак са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, мясціна, якую насяляе самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў – усё гэта легендарная Белавежская пушча. Сёння яна распасціраецца на тэрыторыі дзвюх дзяржаў – Беларусі і Польшчы – і мае самы высокі ахоўны статус.

У Беларусі нацыянальны парк "Белавежская пушча" займае плошчу 150083 га. Тут сустракаецца звыш 1000 відаў раслін, насяляе тэрыторыю 59 відаў млекакормячых і больш за 250 відаў птушак. І вядома, гонар Белавежжа – еўрапейскія зубры – апошнія прадстаўнікі дзікіх быкоў на кантыненце, якіх у пачатку ХХ стагоддзя заставалася ўсяго… 12 асобін. Дзесяцігоддзямі папуляцыя адраджалася, і ў 2018 годзе Беларусь выйшла на першае месца ў свеце па колькасці еўрапейскіх зуброў, якія насяляюць тэрыторыю ў стане свабоды – 40% папуляцыі. Больш за ўсё іх менавіта ў Белавежскай пушчы.

У старажытным лесе шмат дзіўнага і акрамя прыродных славутасцей. Тут, напрыклад, знаходзіцца самая казачная мясціна краіны – рэзідэнцыя галоўнага Дзеда Мароза Беларусі, які прымае гасцей круглы год.

Белавежская пушча ўваходзіць у турыстычную зону "Брэст – Гродна", куды жыхары больш як 70 краін свету могуць прыехаць без візы на 15 дзён.

Браслаўскія азёры

Браслаўскія азёрыПаўночны захад Беларусі – гэта чароўнае Браслаўскае Паазер’е, дзе раскіданы сотні азёр, пакінутых тут старажытнымі ледавікамі. Розныя па форме, плошчы, глыбіні, саставе і празрыстасці вады, флоры і фаўне, яны прыводзяць у захапленне і беларусаў, і замежных грамадзян.

На тэрыторыі ахоўнага нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" знаходзіцца 276 (!) вялікіх і малых азёр: кожнае мае свае прыродныя асаблівасці і вельмі многія звязаны з незвычайнымі гістарычнымі фактамі або загадкавымі паданнямі.

Самае вядомае і вялікае – Дрывяты, на беразе якога стаіць старадаўні горад Браслаў, які даў назву ўсяму азёрнаму краю. Гэта пятае па велічыні і трэцяе па запасах вады возера Беларусі. Яшчэ адно падобнае гучаннем – Дрысвяты. Па яго акваторыі праходзіць граніца паміж Беларуссю і Літвой, і да нядаўняга часу яно было вадаёмам-ахаладжальнікам для Ігналінскай АЭС. Возера Воласа Паўднёвы – адзінае месца ў Беларусі, дзе можна знайсці ўсіх прадстаўнікоў рэліктавых ракападобных, што сведчыць пра рэдкую чысціню вадаёма. Возера Струста славіцца сваім востравам Чайчын, дзе жыве вялікая калонія чаек і іншых птушак, а таксама ёсць яшчэ адно… унутранае возера. Прадаўжаць апісваць Браслаўскія азёры можна доўга, але лепш іх проста ўбачыць!

Напрыклад, зірнуць на прасторы з самай высокай кропкі Браслаўшчыны – гары Маяк, якая падымаецца на 174 м над узроўнем мора і амаль 45 м адносна бліжэйшых азёр – Струста і Снуды. З агляднай вышкі адсюль адкрываецца азёрны краявід, які заварожвае. Да канца 2020 года вышку плануюць кардынальна рэканструяваць: вышыня новай агляднай пляцоўкі будзе прыкладна роўная чатырохпавярховаму дому.

Прыпяцкае Палессе

Прыпяцкае ПалессеУ старадаўнія часы ў гэтых мясцінах распасціралася Герадотава (або Палескае) мора – вялізны басейн, запоўнены расталымі ледавіковымі водамі. А сёння поўдзень Беларусі займае даліна ракі Прыпяць. Гэта буйнейшы па даўжыні, воднасці і плошчы басейна прыток Дняпра. Маляўнічы геаграфічны рэгіён, які атрымаў назву Прыпяцкае Палессе, цікавы не толькі сваімі прыроднымі асаблівасцямі, але і культурна-гістарычнымі, фальклорнымі. Нават мова ў яго жыхароў – палешукоў – асаблівая!

Нярэдка Прыпяць называюць Палескай Амазонкай, Амазонкай Еўропы: за прыгажосць і некранутыя, захаваныя ў першапачатковым выглядзе велізарныя прасторы. У час веснавой паводкі рака і яе шматлікія прытокі могуць ператварацца калі не ў мора, як тысячагоддзі таму, то ў сапраўдную ўражальную водную роўнядзь. Працягласць рэгіёна з захаду на ўсход ад 175 да 280 км, з поўначы на поўдзень ад 83 да 140 км. На тэрыторыі Прыпяцкага Палесся знаходзяцца знакавыя прыродныя рэзерваты – нацыянальны парк "Прыпяцкі", больш за два дзясяткі заказнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэнняў, помнікі прыроды.

Каб убачыць незвычайнае хараство гэтай зямлі, абавязкова варта пабываць у парку "Прыпяцкі". У свеце такія рэзерваты – вялікая рэдкасць, паколькі ў адным месцы цяжка сабраць такі аб’ём выключнай разнастайнасці звяроў, птушак, раслін лугоў, лясоў, балот і вадаёмаў. А ў "Прыпяцкім" гэта ёсць! Тут сустракаецца больш за тысячу відаў раслін (амаль 50 занесены ў Чырвоную кнігу), мноства відаў жывёл, у тым ліку рэдкіх – зубр, еўрапейская рысь, арэшнікавая соня. На тэрыторыі нацпарку гняздуецца 256 відаў птушак. Сюды кожны год прыязджаюць арнітолагі і фотапаляўнічыя з усяго свету. Для гасцей парку працуе Музей прыроды, сафары-парк, створаны шматлікія экамаршруты.

Возера Нарач і Блакітныя азёры

Возера НарачСамае вялікае возера Беларусі – Нарач – называюць Беларускі морам, жамчужынай Беларусі. Гэта сапраўды найбуйнейшы прыродны вадаём (79,6 кв. км), які захапляе прыгажосцю, біяразнастайнасцю, і, вядома, багатай гісторыяй галоўнага курорта краіны. Невялікая глыбіня дазваляе водам Нарачы добра прагравацца, і купальны сезон тут доўжыцца каля 100 дзён на год. Зрэшты, ва ўсе поры года Нарач па-свойму прыгожая. Пакатыя пясчасныя берагі, сасновыя бары, чыстае паветра і цудоўныя краявіды прыцягваюць гасцей з розных краін: штогод тут адпачываюць больш за 100 тысяч чалавек. Больш таго, беларуская Нарач нярэдка ўзначальвае рэйтынгі самых папулярных для аздараўленчага адпачынку і лячэння курортаў краін СНД.

Само возера і яго наваколле маюць высокі ахоўны статус. Нацыянальны парк "Нарачанскі" – гэта не толькі Нарач, але вялікі азёрны край, які ўключае ў сябе дзясяткі помнікаў прыроды мясцовага і рэспубліканскага значэння. У водах Нарачы жыве 25 відаў рыб, сярод якіх вугор, мянтуз, сіг… Возера мае вялікае значэнне для вадаплаўных птушак. Напрыклад, гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе гняздуецца  рэліктавы від качак – сярэдні крахаль.

Дзіўнае і, несумненна, унікальнае для Беларусі месца – перашыек паміж азёрамі Нарач і Мястра. Тут цячэ самая маленькая рака краіны, якая злучае два вадаёмы, – Скема. Вясной, праязджаючы па перашыйку, госці нацыянальнага парку могуць назіраць незвычайную карціну: лядовы панцыр Нарачы трэскаецца, выходзіць адразу на дарогу, а таросы могуць падняцца да 2,5 метра!

Яшчэ адзін цуд Беларусі – прыродны комплекс "Блакітныя азёры" – таксама частка нацыянальнага парку "Нарачанскі". Ён аб’ядноўвае 13 азёр, і кожнае вылучаецца нечым асаблівым. Напрыклад, глыбіня возера Глубелька, якое знаходзіцца ў катлаване і з усіх бакоў акружана густым лесам, – 17 метраў. Тут не бывае хваль, таму ніжнія пласты вадаёма ніколі ў жыцці не перамешваліся. Вучоныя высветлілі, што ўжо на адзнацы 9 метраў там няма кіслароду, няма ніякіх водарасцей і жывуць толькі серныя бактэрыі. Возера Мёртвае – вугальна-чорнага колеру з-за глеістага дна – унікальнае тым, што пад 24-метровай тоўшчай вады ёсць яшчэ 300-метровая поласць, у якой знаходзіцца серавадарод…

Блакітныя азёры – рэдкае месца для тых, хто гатовы адарвацца ад мітусні, адключыць усе сродкі сувязі і атрымаць асалоду ад адпачынку сярод дзікай прыроды.  Азёры па-свойму каварныя, таму купацца рэкамендуюць толькі ў чатырох. Гэта Глубля, Балдук, Вялікі і Малы Болцікі.

Бярэзінскі біясферны запаведнік

Бярэзінскі біясферны запаведнікГэты цудоўны куток – эталон чыстай, рэдкай па разнастайнасці некранутай прыроды – атрымаў вядомасць далёка за межамі Беларусі. Бярэзінскі біясферны запаведнік увахордзіць у спісы рэзерватаў самага высокага міжнароднага ўзроўню. І, зразумела, не выпадкова! На тэрыторыі, што сфарміравалася пасля адыходу ледавікоў, суседнічаюць адразу 4 тыпы экасістэм: густыя лясы, рэкі і азёры, лугі і багна. Пры гэтым балоты пакрываюць каля 60% запаведніка, з’яўляючыся часткай бясцэннага багацця Беларусі, дзякуючы якому краіну называюць "лёгкімі Еўропы".

Сёння гэта адзінае месца не толькі ў Беларусі, але і ў маштабах кантынента, якое насяляе знакамітая Вялікая еўрапейская пяцёрка вялікіх млекакормячых – зубр, мядзведзь, лось, воўк і рысь: толькі тут можна ўбачыць усіх іх адначасова. На тэрыторыі запаведніка жыве амаль трэць усёй беларускай папуляцыі бурага мядзведзя.

І пачынаўся запаведнік з вельмі паказальнай гісторыі аднаўлення практычна знішчанага віду – баброў. Да ХХ стагоддзя іх амаль знішчылі ў еўрапейскай частцы Расійскай імперыі. У 1920-я гады вучоныя выявілі ў вярхоўях Бярэзіны пяць бабровых сем’яў, дзякуючы якім і адрадзілася папуляцыя ва Усходняй Еўропе і за Уралам.

Бярэзінскі запаведнік не перастае здзіўляць гасцей не толькі прыроднымі цудамі. Сёння гэта яшчэ і самае "міфічнае месца" Беларусі. У запаведніку працуе Цэнтр міфалагічнага турызму, які ўключае Музей міфалогіі і экалагічную сцяжыну "У краі міфаў". Любімымі сталі фестываль "Міфы на балоце", гулянні з заступнікам-сімвалам запаведніка Балотнікам, таямнічыя ночы з іншымі незвычайнымі персанажамі. У 2019 г. тут прайшоў першы міжнародны фестываль славянскай міфалогіі "Шлях Цмока".

Налібоцкая пушча

Налібоцкая пушчаСтаражытная Налібоцкая пушча – адзін з самых вялікіх лясных масіваў сучаснай Беларусі і Усходняй Еўропы. Яго памеры спецыялісты ацэньваюць па розных крытэрыях, таму плошча вар’іруецца ад 1400 км² да 2400 км². Гэта не толькі ўнікальны прыродны, але і гістарычны, культурны рэгіён краіны, дзе спляліся славянскія, балцкія, еўрапейскія традыцыі.

Пушча захавалася практычна ў спрадвечным стане. Сельская гаспадарка тут была нявыгаднай, і многія стагоддзі жыхары займаліся паляваннем, лоўляй рыбы, нарыхтоўкай лесу, збіраннем грыбоў і ягад, рамёствамі. У 1803 годзе Налібоцкая пушча перайшла ва ўладанні графскага роду Тышкевічаў. Гаспадары захапляліся паляваннем, таму былі зацікаўлены, каб звяроў у лясах было шмат. У пачатку ХХ стагоддзя па ініцыятыве Бенядзікта Яна Тышкевіча быў створаны запаведнік, пазней лясы станавіліся дзяржаўным запаведнікам, паляўнічым заказнікам.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі пушчы дзейнічала вялікае партызанскае злучэнне – больш за 20 тысяч чалавек. Таксама існаваў асобны яўрэйскі партызанскі атрад, які аб’ядноўваў больш за 3 тысячы чалавек. У густых цяжкапраходных лясах ім удавалася хавацца, рыхтавацца да баявых заданняў, распрацоўваць аперацыі "рэйкавай вайны". І выжываць дзякуючы шчодрасці лесу!

З 2005 года Налібоцкая пушча аб’яўлена рэспубліканскім ландшафтным заказнікам, і сёння ён адзін з буйнейшых па плошчы ў Беларусі – 86 892 га. Акрамя таго, "Налібоцкі" мае міжнародны статус ключавой батанічнай тэрыторыі. Цікава, што амаль чвэрць раслін пушчы – лекавыя.

Тут жа знаходзіцца першы і пакуль адзіны ў Беларусі гадавальнік па вырошчванні глушцоў знікаючага заходнееўрапейскага падвіду Маера. А ў 2019 г. стартаваў сумесны праект з Дзяржаўнай службай лясоў Нідэрландаў па аднаўленні элемента, якога не хапае беларускім экасістэмам, – вялікіх траваедных групы Grazers. У Налібокі прывезлі 150 тарпанападобных дзікіх коней. І праз кароткі час на лугі, дзе пасвяцца табуны, вярнуўся вялікі падворлік – глабальна пагражальны від…

Балота Ельня

Балота ЕльняІх называюць "лёгкімі Еўропы", "космасам на зямлі", нават "машынай часу", здольнай за імгненне перанесці на тысячы гадоў назад… Балоты займаюць вялізныя тэрыторыі і захапляюць сваім асаблівым характарам – пейзажамі, гукамі, пахамі, разнастайнасцю фаўны і флоры. Яны прыцягваюць і адначасова палохаюць непрадказальнасцю. Але, галоўнае, балоты выпрацоўваюць значна больш кіслароду, чым лясы, што вельмі важна для экалагічнага балансу на планеце. У нашай краіне балотамі пакрыты значныя тэрыторыі. І, несумненна, у спісе такіх унікальных прыродных комплексаў кантынента – Ельня – самае вялікае вярховае балота Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе. Яму ўжо больш за 9 тысяч гадоў!

Створаны тут рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня" – адна з самых наведвальных прыродных выдатных мясцін краіны. Акрамя саміх балот, на тэрыторыі размешчана больш за 100 вялікіх і малых азёр, лясы. Тут жывуць 130 відаў птушак, у тым ліку такія рэдкія, як чорнаваллёвая гагара, арлан-белахвост і чорны бусел.

Кожную восень у верасні на Ельні можна ўбачыць цудоўную карціну, якая ўражвае, – тысячы шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў, якія збіраюцца тут перад сезонам міграцыі. У той жа час на балоце настае і самая смачная пара года – збор ураджаю журавін. Па яе запасах Ельня займае першае месца ў Беларусі. Грацыёзным птушкам і пунсоваму россыпу лекавых дзікіх ягад прысвечаны каларытны мясцовы фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю", які збірае гасцей з Беларусі і замежжа.

І ёсць яшчэ шмат прычын, каб прыехаць сюды: экстрэмальныя адчуванні, нетрывіяльная – нібыта незямная! – прыгажосць ландшафтаў, п’янлівы кісларод у паветры, які ў спалучэнні з водарам раслін становіцца ароматэрапіяй. Містыка таксама прысутнічае: ёсць на Ельні кропкі, дзе збіваюцца компасы і адхіляюцца ад маршрутаў дроны.

Для гасцей Ельні добраўпарадкаваны экасцежкі з драўлянымі насціламі для зручнасці перамяшчэння. Тут праходзяць арыгінальныя экскурсіі і туры (экстрэмальныя, расслабляючыя, экспедыцыі). Як Рамсарскае ўгоддзе і ключавая тэрыторыя для птушак, Ельня прыцягвае мноства бердвотчараў з усяго свету.     

Альманскія балоты

Альманскія балотыЯшчэ адна ўнікальная мясціна Беларусі – Альманскія балоты, тэрыторыя якіх пачала фарміравацца 12 тысяч гадоў таму. Задоўга да з’яўлення, напрыклад, егіпецкіх пірамід або ўзнікнення Рыма. Згодна з адной з версій, назва Альманы паходзіць ад імя Альман, або Саламон. А мясцовая легенда расказвае пра часы, калі ўсе мужчыны вёскі ва ўладаннях Радзівілаў пайшлі ваяваць. Засталіся адны жанчыны, і, як пажартаваў нетутэйшы весялун, з аднолькавымі імёнамі – "адны Волі і Мані". Так, гавораць, і павялося – Альманы.

Гэты грандыёзнага памеру балотны масіў – плошчай каля 100 тысяч гектараў! – захаваўся ў прыродным стане да нашых дзён. Больш таго, другога такога маштабнага прыроднага комплексу, які спалучае ў сабеўсе тыпы балот, у Еўропе сёння няма. І біяразнастайнасць сапраўды ўражвае! Толькі з Чырвонай кнігі тут жывуць 22 віды птушак, 2 віды паўзуноў, 3 віды млекакормячых, 6 відаў насякомых, 12 відаў раслін. Альманскія балоты насяляе буйнейшая ў Беларусі папуляцыя вялікага падворліка, які знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Беларусь – адна з нямногіх краін, дзе гэты від захаваўся.

Альманскія балоты – заказнік рэспубліканскага значэння, прыродная скарбніца, якая славіцца вялікімі ўраджаямі дзікарослых журавін. І, несумненна, загадкавае месца: ва ўсе часы яно магло і адарыць, і уратаваць ад непрыяцеля, але і забраць жыццё.
 
Турыстаў на Альманскіх балотах прымаюць. На экскурсію можна адправіцца па добраўпарадкаванай экасцяжыне (драўляным насціле з поручнямі, або старадаўняй гаці) з некалькімі прыпынкамі, па вадзе – на лодках, байдарках або на плыце.

Аўгустоўскі канал

Аўгустоўскі каналАўгустоўскі канал, без перабольшання, таксама рэдкае месца ў Еўропе. І ёсць адразу некалькі прычын вылучаць яго сярод іншых.

Па-першае, вельмі высокі ўзровень інжынернай думкі і будаўнічых тэхналогій ХIХ стагоддзя, дзякуючы якім рукатворны водны шлях стаў ключавым звяном, што злучае басейны Балтыйскага і Чорнага мораў. У свеце існуе ўсяго тры такія па складанасці і часе будаўніцтва каналы: Каледонскі ў Вялікабрытаніі, канал Гёта ў Швецыі і Аўгустоўскі, размешчаны на тэрыторыі сучасных Польшчы і Беларусі. Па-другое, ён праходзіць па надзвычай прыгожых мясцінах. І сёння, калі канал з’яўляецца турыстычным аб’ектам, прырода не перастае захапляць гасцей. У нашай краіне створаны аднайменны турысцка-рэкрэацыйны парк, які госці з дзясяткаў дзяржаў могуць наведаць без візы.

Тут ёсць усё для актыўнага адпачынку. У парку распрацавана мноства водных, веласіпедных і пешаходных маршрутаў, якія раскрываюць усё хараство гэтага ўнікальнага краю.

Прывабны Аўгустоўскі канал і тым, што круглы год тут праходзіць мноства культурных і спартыўных мерапрыемстваў для гасцей. Сярод іх фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў", Свята мора з заплывамі на самых неверагодных рукатворных суднах, веламарафон "Суседзі", водны марафон "Аўгустоўскі канал", калядныя і навагоднія святы з Аўгустоўскім Дзедам Марозам, свята беларускай кухні "Пікнік па-беларуску", свята народнай творчасці "Аўгустоўскі канал запрашае сяброў", свята народных казак і легенд "У госці да Аўгустоўскага цмока"...

Мінскае мора

Мінскае мораАфіцыйна гэта водная роўнядзь у бліжэйшым прыгарадзе Мінска называецца Заслаўскае вадасховішча. Але беларусы і многія госці ўжо даўно ведаюць яго пад больш рамантычным імем – Мінскае мора.

Гэта другі па велічыні і значнасці штучны вадаём краіны, які быў створаны ў 1956 годзе. Галоўныя прычыны ператварыць балоцістыя нізіны і поймы некалькіх рэк у вадаём – барацьба з паводкамі ў Мінску і стварэнне санаторна-курортнай зоны паблізу сталіцы. А сёння Мінскае мора аказвае вялікі ўплыў на водна-прыродны баланс тэрыторыі.

Але ў першую чаргу яго любяць як цудоўнае месца адпачынку. На ўзбярэжжы працуюць санаторыі і аздараўленчыя цэнтры, спартыўныя комплексы, яхт-клуб, рэстараны і кафэ, пункты пракату рознага інвентару. Каля Мінскага мора абсталявана 6 пляжаў з пяском або травой.

Чароўныя світанні і захады, зацішныя прагулкі каля краю вады і заплывы па люстраной роўнядзі, шумныя пляжныя забавы і ціхая рыбалка – кожны тут знойдзе для сябе тое, што трапіць у самае сэрца. Дарэчы, адзін з адзінаццаці астравоў у акваторыі Мінскага мора мае назву Востраў кахання, таму закаханым таксама варта пабываць у гэтых мясцінах.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: