
Прыязджаючы ў Беларусь, паляўнічыя могуць пабываць у надзвычай прыгожых і цікавых мясцінах. Сярод іх ёсць як рэдкія, так і абсалютна ўнікальныя прыродныя тэрыторыі ў маштабах Еўропы і ўсёй планеты.
Белавежская пушча – самы старадаўні захаваны лес і найстарэйшы запаведнік у Еўропе, прыродны аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, сумесны здабытак Беларусі і Польшчы. На тэрыторыі краіны працягласць нацыянальнага парку "Белавежская пушча" з поўначы на поўдзень складае больш за 70 км, з захаду на ўсход – ад 20 да 50 км. Плошча паляўнічых угоддзяў парку – 157 тыс. га.

У Белавежскай пушчы сустракаецца 59 відаў млекакормячых, сярод якіх, зразумела, самы буйны прадстаўнік сучаснай еўрапейскай фаўны – зубр. Стагоддзі таму паляванне ва ўгоддзях пушчы было прывілеяй манархаў і багатых вяльможаў. Сёння тут ёсць магчымасць паляваць усім, хто атрымаў дазвол на здабычу. Праводзяцца паляванні на дзіка, аленя, казулю і іншыя віды дзічыны.

Жамчужына Палесся – нацыянальны парк "Прыпяцкі" – мае паляўнічыя ўгоддзі плошчай каля 244 тыс. га: лясныя, водна-балотныя, палявыя. Дзякуючы іх чаргаванню тут сфарміраваліся незвычайна прадукцыйныя біятопы з папуляцыямі розных відаў жывёл. У парку можна паляваць на баравую, вадаплаўную і балотную дзічыну, капытных і пушных жывёл.
Бярэзінскі біясферны запаведнік – адзіны ў Беларусі рэзерват такога статусу – ствараўся больш як 100 гадоў таму (студзень 1925 г.) як дзяржаўны паляўнічы запаведнік. Аднак насуперак назве паляванне на гэтай цудоўнай лясной і балотнай прасторы было забаронена, спыняліся таксама рыбная лоўля, высечка і сплаў лесу. Сёння паляўнічы турызм магчымы выключна на базе паляўнічых гаспадарак "Барсукі" і "Бярэзіна", якія размешчаны па-за межамі запаведніка, аднак валодаюць не менш багатай фаўнай і маляўнічымі краявідамі.
Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – унікальная ў маштабах планеты тэрыторыя, створаная ў выніку адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф чалавецтва і самай сур’ёзнай у гісторыі атамнай энергетыкі. Яна знаходзілася ў эпіцэнтры выкіду і аказалася найбольш забруджанай радыенуклідамі па саставе і колькасці: тут сканцэнтравана каля трэці радыеактыўнага цэзію, які выпаў на тэрыторыю Беларусі, больш за 70 працэнтаў стронцыю і 97 працэнтаў плутонію – асноўных дозаўтваральных элементаў. За дзесяцігоддзі постчарнобыльскага перыяду сфарміраваліся асаблівыя прыродна-экалагічныя ўмовы. Прыпяцкае Палессе, якое і раней з’яўлялася адным з самых некранутых куткоў Беларусі, на гэтай плошчы (216 093 га) ператварылася ў яшчэ больш "першабытны" край, калі б, зразумела, не радыяцыйны фон.
Прыродная рэзервацыя, у жыццё якой практычна не ўмешваецца чалавек, захоўвае натуральную біяразнастайнасць. Гаспадарчая дзейнасць у запаведніку вядзецца выключна ў рамках навуковых даследаванняў і праектаў аднаўлення. Дарэчы, гэта найбуйнейшая навукова-практычная пляцоўка, дзе спецыялісты вывучаюць уплыў радыяцыі на экасістэмы, праводзяць унікальныя даследаванні, якія не маюць аналагаў у свеце… Тым не менш, для рэгуляцыі папуляцый тут дазволена паляванне па асаблівых правілах, а здабыча абавязкова правяраецца на забруджанасць.

Легендарны паляўнічы і партызанскі край Беларусі – Налібоцкая пушча – адзін з самых вялікіх лясных масіваў краіны і ўсёй Усходняй Еўропы. Сёння гэтыя тэрыторыі ахоплівае рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Налібоцкі". Паляўнічыя ўгоддзі займаюць каля 27 тыс. га – крыху менш за трэць ад агульнай плошчы заказніка. На працягу года тут праводзяць індывідуальныя і загонныя паляванні. У спісе здабычы – ласі, алені, казулі, зубры. Акрамя таго, у заказніку "Налібоцкі" турысты могуць убачыць нашчадкаў прадстаўнікоў фаўны, якія "вярнуліся" ў Беларусь амаль праз паўтара стагоддзя.
Дзікія коні тарпаны некалі былі спрадвечнымі жыхарамі Налібоцкай пушчы і іншых беларускіх лясоў. Але да канца XIX стагоддзя гэты падвід знішчылі ва ўсім свеце: засталіся толькі змешаныя нашчадкі. У пачатку XX стагоддзя па падобным фенатыпе папуляцыю дзікіх коней адрадзілі ў Еўропе, хоць генетычна гэта ўжо былі не першабытныя тарпаны… У 2019 годзе тарпанападобныя коні пароды конік былі прывезены з Нідэрландаў у Беларусь – менавіта ў заказнік "Налібоцкі". Папуляцыя пачала павялічвацца і рассяляцца па краіне: тарпанападобныя коні ўжо жывуць у заказніку "Спораўскі", Белавежскай пушчы. Таму ў "Налібоцкі" сёння прыязджаюць не толькі ў спецыялізаваныя паляўнічыя туры, але і на займальны сямейны або сяброўскі экаадпачынак. Гасцям прапануюць экскурсіі па экасцежках, веласіпедныя прагулкі або сафары-туры на квадрацыклах, у рамках якіх можна ўбачыць найбуйнейшы ў краіне табун дзікіх коней і гадавальнік цецеруковых птушак.

Беларусь уваходзіць у дзясятку самых лясных дзяржаў Еўропы: за апошнія 60 гадоў лясістасць краіны павялічылася амаль у два разы і дасягнула максімальнага значэння за больш як стагадовы перыяд. Плошча лясоў Беларусі складае 9,7 млн га, або 40,2 працэнта тэрыторыі краіны. На аднаго жыхара Беларусі прыпадае 1 га пакрытых лесам зямель, на аднаго жыхара планеты – 0,5 га.
Беларусь з’яўляецца адзінай дзяржавай у Еўропе, 100 працэнтаў ляснога фонду якой пакрыта аўтаматызаванай сістэмай відэанагляду. Гэта дае магчымасць зніжаць рызыку лясных пажараў, захоўваць экасістэмы і, адпаведна, мінімізаваць абмежаванні ў тым ліку для паляўнічых.