Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Чэр 2025

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIПЕНЬ 2025

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIПЕНЬ 2025

Прэм'ера фільма "Чорны замак" па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча

"Чорны замак" – гэта сучасная экранізацыя гістарычнага дэтэктыўнага рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі". Пры гэтым з моманту яго першай экранізацыі мінула ўжо 40 гадоў: у 1984-м на экранах прэзентавалі аднайменны фільм кінарэжысёра Міхаіла Пташука, зняты ў жанры гістарычнага дэтэктыва. На гэты раз за пераасэнсаванне рамана ўзяліся сцэнарыст Глеб Шпрыгаў і рэжысёр Кірыл Кузін. Яшчэ да афіцыйнай прэм'еры ў Мінску фільм "Чорны замак" быў удастоены спецпрыза журы конкурсу ігравых фільмаў і спецпрыза Выканкама СНД "Кіно без меж" на ММКФ "Лістапад-2024". Згодна з сюжэтам гістарычнай драмы, малады прафесар Антон Косміч (Яўген Шварц) аказваецца ў бядзе пасля таго, як старадаўняе Евангелле, якое належала роду Альшанскіх, трапляе ў яго антыкварны магазін. Каб выратаваць сябе і разгадаць тайны мінулага, ён адпраўляецца ў Альшаны... У экранізацыі аднаго з самых вядомых твораў беларускай літаратуры прынялі ўдзел Настасся Красоўская, Яўген Стычкін, Яўген Шварц і Віталь Кішчанка.

Калі: 12 снежня 2024 – 2 снежня 2025
Дзе: кінатэатры гарадоў Беларусі

Выставачны праект "За мірнае неба!" у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Выставачны праект, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, аб'яднаў на адной пляцоўцы экспанаты з 14 музеяў краіны. Наведвальнікі азнаёмяцца з гісторыяй у адваротным храналагічным парадку – ад Парада Перамогі да пачатку вайны. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы акопнай творчасці, асабістыя рэчы герояў, самаробная зброя партызан, рэчы вязняў канцлагераў, самаробныя кнігі і дзённікі, медалі, архіўныя дакументы, артыкулы і нарысы пра подзвігі на палях бітваў. Сярод самых яркіх экспанатаў – арыгінал уваходнага білета на парад 1945 года, фатаграфіі салдат ля купала Рэйхстага і каля Брандэнбургскіх варот…

Калі: 27 лютага – 21 верасня
Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр. Незалежнасці, 116, Мінск

Выстава "Космас наш!" у НЦСМ

Выстава, прысвечаная Міжнароднаму дню касманаўтыкі і першаму ў гісторыі суверэннай рэспублікі палёту жанчыны-касманаўта – Героя Беларусі Марыны Васілеўскай, з'яўляецца працягам міжнароднага праекта "Сто ўсмешак Гагарына", створанага да 90-годдзя Юрыя Гагарына. У экспазіцыі прадстаўлены некалькі соцень фатаграфій з 30 краін і творы беларускіх мастакоў на тэму космасу з "яго здольнасцю змяшчаць бясконцы сусвет і адначасова пранізваць унутраны свет кожнага з нас". Сярод аўтараў работ – Галіна Васільева, Аляксандр Забаўчык, Сяргей Крыштаповіч, Анатоль Кузняцоў, Леанід Хобатаў...

Калі: 12 красавіка – 21 верасня
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, вул. Някрасава, 3, Мінск

Выстава "Кожная роля – галоўная" да 120-годдзя з дня нараджэння Стэфаніі Станюты

Выстава, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі і СССР Стэфаніі Станюты, раскрывае яе жыццёвы і творчы шлях. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі, тэксты роляў, рукапісы, малюнкі, перапіскі з роднымі і знаёмымі, водгукі крытыкаў і паклоннікаў, дакументы. Наведвальнікі музея могуць убачыць фатаграфіі выдатнай артысткі з сынам-пісьменнікам Аляксандрам, які прысвяціў ёй кнігу, дакументы, звязаныя з Другім беларускім драматычным тэатрам у Віцебску, дзе многія беларускія артысты пачыналі свой шлях пасля навучання ў 1920-я ў вялікіх майстроў у Маскве. Стэфанія Станюта ў 1931-м пасля вяртання са студыі ММТ паступіла ў трупу Першага драматычнага тэатра (цяпер – Купалаўскага), дзе праслужыла 70 гадоў, выканаўшы каля 200 роляў і стаўшы сапраўднай легендай!

Калі: з 13 мая 2025 года
Дзе: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, вул. Кірыла і Мяфодзія, 4, Мінск
Даведацца больш

Летні музычна-турыстычны сезон у Мінску

У гістарычным цэнтры Мінска – Верхнім горадзе, Траецкім і Ракаўскім прадмесцях – 24 мая стартаваў летні музычна-турыстычны сезон, які прадоўжыцца да верасня. Мерапрыемствы будучых месяцаў будуць аб'яднаны тэмай "Мы светлай памяццю адзіныя" і прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Ва ўжо любімым праекце публікі "Класіка каля Ратушы" прагучаць выключна творы вялікіх кампазітараў, якія ўвайшлі ў залаты фонд музычнай культуры. Яркім завяршэннем мая для жыхароў і гасцей сталіцы стане свята кітайскай культуры "Чай для гармоніі свету" (31 мая), 7 чэрвеня адбудзецца фінал музычнага праекта "Мары дзяцінства". На 21 чэрвеня запланаваны канцэрт у суправаджэнні Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі і спектакль-канцэрт "Мы за цаной не пастаім" у Ракаўскім дворыку.

Калі: 24 мая – 13 верасня
Дзе: гістарычны цэнтр Мінска, гарадская Ратуша

Фестываль духоўнай і акадэмічнай арганнай музыкі ARS MAGNA ORGANI 2025

Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2025 "Вялікае мастацтва аргана" праводзіцца пяты раз ужо. У новым сезоне ён аб'яднае 68 канцэртаў, якія будуць выкананы на 5 гістарычных арганах Беларусі, адным сучасным і адным электрааргане. Першы канцэрт і ўрачыстае адкрыццё адбыліся ў пінскім кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дзе адзначаецца 100-годдзе Пінскай епархіі. Тут пасля рэстаўрацыі зноў загучаў другі па гістарычнай значнасці арган Беларусі. Кожны тыдзень на працягу трох месяцаў лепшыя музыканты з Беларусі, Расіі, Венгрыі будуць выступаць з канцэртамі ў каталіцкіх храмах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Калі: 25 мая – 28 верасня
Дзе: Пінск, Мядзведзічы, Ружаны, Лагішын, Іванава, Навагрудак, Іўе

Прэм'ера аперэты "Марыца" ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры

Любоўныя інтрыгі, яркія характары, тонкі гумар і мудрагелісты сюжэт – "Марыца" лічыцца адным з лепшых твораў венгерскага кампазітара Імрэ Кальмана. Гісторыя аперэты, створанай у 1924-м і ўпершыню прадстаўленай на сцэне венскага тэатра "Ан дэр Він", перасягнула векавы рубеж. Паводле слоў рэжысёра-пастаноўшчыка – народнага артыста Расіі Юрыя Лапцева – над новай інтэрпрэтацыяй аперэты творчая група Музычнага тэатра ў Мінску працавала з асаблівай стараннасцю. "Наша галоўная задача была быць дастойнымі Імрэ Кальмана. Гэты спектакль вельмі адказны, таму што мае папулярнасць і доўгае жыццё. Да гэтага спектакля звярталіся выдатныя майстры, выканаўцы, пастаноўшчыкі, знакамітыя тэатры". Рэжысёр падкрэсліў, што каманда, якая працуе над аперэтай, хацела перадаць тую ўнікальную атмасферу, якая пераносіць нас у эпоху, калі былі іншыя стандарты адносін паміж людзьмі.

Калі: 20 чэрвеня, 20 ліпеня
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск

Праграма "БРАВА, ЦЫРК!": "Белдзяржцырк" на гастролях па Беларусі

Белдзяржцырк адкрыў летні сезон гастролямі ў Гродне, а далей адправіцца з новай праграмай "БРАВА, ЦЫРК!" па гарадах заходніх рэгіёнаў краіны. Гледачоў чакае шоу, у якім будуць эквілібрысты на пераходных лесвіцах, акрабаты на батуце і падкідной дошцы, сілавы атлет, здольны падымаць зубамі цяжар і гнуць цвікі, гімнастка з хула-хупамі і, вядома, клоўнскі гумар! Разам з артыстамі на манеж выйдуць дрэсіраваныя сабачкі, японскія хіны, якія выконваюць акрабатычныя трукі і танцуюць, велічныя і наравістыя мэйн-куны, а таксама любімцы публікі – малпачкі-капуцыны, якія па-майстэрску іграюць на музычных інструментах, дэманструюць вакальныя здольнасці, ездзяць на веласіпедзе і нават лятаюць на дырыжаблі!

Дзе, калі:
Брэст: 21 чэрвеня – 20 ліпеня
Пінск: 26 ліпеня – 10 жніўня
Баранавічы: 16 – 24 жніўня
Ліда: 30 жніўня – 7 верасня

Культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец" у Лідзе

Правесці выхадныя на "Замкавым гасцiнцы" запрашае жыхароў і гасцей Ліды культурна-турыстычны праект, які разгортваецца на пешаходнай вуліцы Замкавай і ў двары знакамітай славутасці. Кожны ўік-энд летняга сезона-2025 тут праходзяць фестывалі, канцэрты выканаўцаў розных жанраў, выставы, рамесныя кірмашы, працуюць дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Адкрыў праект маштабны ў пачатку чэрвеня фестываль агню і святла, але наперадзе яшчэ шмат цікавага!

Калі: кожную суботу і нядзелю з 10.00 да 19.00
Дзе: Лідскі замак, вул. Замкавая, 1, Ліда
Даведацца больш

Праект "Музыка і зоркі" ў Мінску: канцэрт "Неакласіка ў Планетарыі"

Рамантычная музыка ў выкананні вядомага беларускага піяніста і кампазітара Піліпа Шпартава ў спалучэнні з касмічнай атмасферай падорыць слухачам незабыўныя ўражанні. Пад купалам Мінскага планетарыя прагучаць творы вядомых кампазітараў ХХ і ХХI стагоддзяў – Філіпа Гласа, якога называюць "голасам планеты Зямля", Ханса Цымера, Людавіка Эйнаўдзі і інш. Іх мелодыі, адначасова ўзнёслыя і пранікнёныя, настрояць слухачоў на разважанні пра вечнае.

Калі: 2 ліпеня, 19.00
Дзе: Мінскі планетарый, вул. Фрунзэ, 2, Мінск

3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі)

У 2025-м Беларусь адзначае знакавую дату – 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Напярэдадні Дня Перамогі ў красавіку бягучага года ўказам кіраўніка дзяржавы яшчэ шэсць населеных пунктаў – Кобрын, Рэчыца, Слонім, Сянно, Слаўгарад і Смалявічы – былі ўдастоены вымпела "За мужнасць i стойкасць у гады Вялiкай Айчыннай вайны". Галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці – заснаваны ў гонар вызвалення сталіцы 3 ліпеня 1944 г. ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ходзе буйнейшай стратэгічнай наступальнай аперацыі ''Баграціён''. А праз амаль месяц уся тэрыторыя рэспублікі была ачышчана ад ворага...

Мінск рыхтуецца адсвяткаваць Дзень Незалежнасці з размахам: на розных пляцоўках запланавана больш за 150 мерапрыемстваў, якія стартавалі яшчэ 22 чэрвеня адкрыццём культурна-патрыятычнай акцыі "Каляндар Памяці. Кніга Памяці".

Дзень Незалежнасці ў Мінску: праграма мерапрыемстваў-2025

12.00–23.00 – канцэрт "Магістраль нашай Незалежнасці", пляцоўка каля Палаца спорту;
святочны канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, Вялікі тэатр Беларусі
21.00–23.00 – гала-канцэрт каля стэлы "Мінск – горад-герой" і акцыя "Спяём гімн разам"

Святочны феерверк у гонар Дня Незалежнасці ў 23.00 расквеціць неба ў шасці  лакацыях – парку Перамогі, каля "Чыжоўка-Арэны", у парку імя М.Паўлава, парку імя Уга Чавеса, на набярэжнай у парку "Дразды" і каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Канцэрты, акцыі, феерверк. Больш за 150 мерапрыемстваў пройдзе ў Мінску да Дня Незалежнасці

Калі: 3 ліпеня
Дзе: Мінск, стэла "Мінск – горад-герой"; гарады краіны, музеі, турыстычныя комплексы

Будслаўскі фэст-2025

Кожны год 2 ліпеня беларускія католікі адзначаюць свята ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай – аднаго з самых шануемых абразоў Багародзіцы. Яна славіцца шматлікімі цудамі і вылечваннем. Прымеркаваныя да гэтай падзеі паломніцкі тур і ўрачыстае богаслужэнне ў старажытным касцёле Ушэсця Маці Божай збірае тысячы вернікаў з розных куткоў не толькі нашай краіны, але і замежжа. Чакаецца, што ў першы дзень Будслаўскага фэсту-2025 адбудуцца сустрэча і прывітанне паломнікаў, святая імша, выкананне акафіста хорам грэка-каталіцкай царквы, хрэсны ход, маладзёжная праграма, працэсія з копіяй Будслаўскага абраза Маці Божай. Апоўначы гасцей фестывалю чакае імша, якую адслужыць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі, уначы адбудзецца пакланенне Святым Дарам, а раніцай – боская літургія грэка-каталіцкай царквы.

Калі: 5-6 ліпеня
Дзе: касцёл Ушэсця Маці Божай, Чырвоная плошча, 8, Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Даведацца больш

Рэспубліканскае свята "Александрыя збірае сяброў"-2025

Культура і багатыя народныя традыцыі беларусаў зноў стануць лейтматывам Рэспубліканскага свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое разгорнецца на пляцоўцы памерам 10 га і збярэ тысячы гасцей. Дарэчы, у 2024-м фестываль устанавіў рэкорд: "Купалле" наведала больш за 96 тыс. чалавек! Асноўныя тэмы бягучага года ‒ 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адзінства народаў Беларусі і Расіі, традыцыйныя сямейныя і агульначалавечыя каштоўнасці. Праграма свята пачнецца ўжо ў 11.00, а афіцыйнае адкрыццё запланавана на 13.00. Далей гледачоў чакае вялікі канцэрт "Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі" з удзелам беларускіх і запрошаных расійскіх выканаўцаў. Па традыцыі яго эфектным элементам будуць дэманстрацыйныя палёты Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А.М.Кулагіна, якія пройдуць з 16.30 да 17.00. Кульмінацыя свята – маштабны вячэрні канцэрт "Кінатэатр "Александрыя", у якім прагучаць любімыя мелодыі з савецкага кінематографа ў сучаснай інтэрпрэтацыі. У фінале неба расквеціць маляўнічы феерверк, а на беразе Дняпра запаліцца вялікае купальскае вогнішча.

Калі: 5-6 ліпеня
Дзе: аг. Александрыя, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць
Даведацца больш

"Чайкоўскі PAS": гала-канцэрт балета Вялікага тэатра Беларусі

Вялікі тэатр Беларусі завершыць 92-і сезон гала-канцэртам балетнай трупы ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Рэспублікі Башкортастан Арцёма Макарава. Артысты прадставяць "Уверцюру вечара", сцэны са спектакляў "Ганна Карэніна", "Спячая прыгажуня", "Лебядзінае возера", "Тры карткі", "Роздум", "Gula", "Класічнае па-дэ-дэ", "Прадчуваючы вясну", "Фінальны рэверанс"… Сярод выканаўцаў – народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна і Антон Краўчанка, заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Людміла Хітрова і Марына Вежнавец, ўладальніца медаля Францыска Скарыны Аляксандра Чыжык, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Настасся Ярмаш, Марыта Шыбанава, Дзмітрый Уксуснікаў, а таксама артысты балета і навучэнцы Балетнай школы Вежнавец.

Калі: 6 ліпеня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Свята Купалле ў Белавежскай пушчы

Народнае гулянне "Вечар на Івана Купалу" адбудзецца на тэрыторыі археалагічнага музея пад адкрытым небам у нацыянальным парку "Белавежская пушча". Гасцей запрашаюць акунуцца ў містычную атмасферу традыцыйнага і аднаго з самых любімых народных свят беларусаў – Купалля – у запаведным лесе. У праграме вечара – пляценне вянкоў і пусканне іх па вадзе, майстар-класы па вырабе лялек-матанак, спевы народных песень ля вогнішча, карагоды, тэматычныя гульні і конкурсы. Акрамя таго, удзельнікі змогуць прадэгуставаць пушчанскія пачастункі, у тым ліку беларускія бліны з травяной гарбатай.

Калі: 6 ліпеня, 18.00
Дзе: нацыянальны парк "Белавежская пушча", Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Даведацца больш

XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

Самая маштабная культурная падзея краіны – "Славянскі базар у Віцебску" – аб'яднае музычную, тэатральную і маладзёжную праграмы. Галоўныя інтрыгі форуму – дзіцячы і дарослы конкурсы выканаўцаў, прычым юныя артысты ўпершыню ў гісторыі акрамя сусветных хітоў будуць выконваць саўндтрэкі да мультфільмаў і песні на адной са славянскіх моў у суправаджэнні аркестра. Беларусь на конкурсе эстрадных выканаўцаў прадставіць 19-гадовая навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Валерыя Бернатовіч, а ў дзіцячым конкурсе за Гран-пры будзе змагацца 12-гадовая спявачка з Мінска Амалія Сухан. Галоўная сцэнічная пляцоўка – Летні амфітэатр – прыме цырымоніі ўрачыстага адкрыцця і закрыцця, а таксама канцэрты "Гэта наша Перамога!", "Залаты хіт", "Кубак гумару", "ШАНСОН ТБ – усе зоркі".

Віцебская абласная філармонія прыме канцэрт-спектакль "Майстар і мандаліна", выступленне грузінскай групы "Bravo Metehi", спектакль паводле матываў рамана Шалом-Алейхема "Блукаючыя зоркі", сольны канцэрт Этэры Берыяшвілі "Моцная жанчына", канцэрт маскоўскага ансамбля танца "Аланія".

Упершыню музычную "нагрузку" возьме на сябе цэнтральны спартыўны комплекс, які змяшчае 6 тысяч гледачоў. На гэтай пляцоўцы адбудзецца сольнік Стаса Міхайлава, "дзявочнік" пад адкрытым небам, зборныя канцэрты зорак сучаснай эстрады і Tik-Tok.

Калі: 9–14 ліпеня
Дзе: Летні амфітэатр (пр. Фрунзэ, 13а), Віцебскі цэнтральны спартыўны комплекс (ВЦСК), тэатральныя і канцэртныя пляцоўкі, вуліцы Віцебска
Даведацца больш

Фестываль "Археалагічнае сафары" ў нацыянальным парку "Прыпяцкі"

Адчуць сябе даследчыкамі змогуць удзельнікі "Археалагічнага сафары" ў "Прыпяцкім": яны азнаёмяцца з калекцыяй унікальных гістарычных артэфактаў, сабраных на запаведных тэрыторыях. Наведвальнікаў чакае насычаная праграма: лекцыя "Археалагічны кактэйль" аб жыцці і абрадах старажытных палешукоў, выстава знойдзенных на Палессі артэфактаў, экскурсія па "Згубленым гарадзішчы", пабудаваным да нашай эры, а таксама квест "У пошуках скарбаў", майстар-клас "Старажытны майстар", грыль-вячэра, вячоркі ля вогнішча.

Калі: 12-13 ліпеня
Дзе: нацыянальны парк "Прыпяцкі", Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
Даведацца больш

V Міждународны фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Легендарныя эпохі"

Пяты фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Легендарныя эпохі" прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Лакацыя застанецца ранейшай – поле каля старога млына ў Зэльве, і здзіўляць будуць пяццю гістарычнымі эпохамі. Для гасцей разгорнуцца рыцарскія бітвы і захапляючыя баі шатландскай пяхоты, эпізоды Айчыннай вайны 1812 года і Першай сусветнай, а кульмінацыяй стане відовішчная рэканструкцыя гераічных падзей Вялікай Айчыннай, у якой прымуць удзел больш за 200 рэканструктараў з Беларусі і Расіі. За  межамі галоўнай пляцоўкі гледачы азнаёмяцца з побытам паходных лагераў, наведаюць майстар-класы, выставу рэтра-тэхнікі.

Калі: 12-13 ліпеня
Дзе: г.п. Зэльва, Гродзенская вобласць

Прэм’ера спектакля "Хутар" у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек

У год 80-годдзя Перамогі Беларускі дзяржаўны тэатр лялек прадстаўляе знакавую прэм'еру па творы выдатнага класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава "Знак бяды". Лёсы герояў – Сцепаніды і Петрака Багацькаў – у цэнтры новага спектакля "Хутар", над якім працавала вядомае трыа: рэжысёр Яўген Карняг, мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян і кампазітар Кацярына Аверкава. Згодна з сюжэтам, пажылая сямейная пара змагаецца за выжыванне ў няпростых умовах нямецка-фашысцкай акупацыі, робячы складаны маральны выбар на мяжы жыцця і смерці. Менавіта ў гэтым выбары праяўляюцца розныя адценні чалавечай душы, а па ходу дзейства ўзнікаюць карціны з мінулага, дзе героі павінны былі прымаць такія рашэнні ў складаных абставінах. Тым часам хутар, дзе жывуць Сцепаніда і Пятрок, становіцца адзіным маўклівым сведкам невыносных выпрабаванняў і сімвалам няскоранасці чалавечага духу.

Калі: 14 і 16 ліпеня
Дзе: Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, вул. Энгельса, 20, Мінск
Даведацца больш

Гастролі Тэатра Барыса Эйфмана ў Мінску

Вядомы савецкі і расійскі харэограф, балетмайстар, народны артыст Расіі Барыс Эйфман, ствараючы псіхалагічны тэатр у балеце, імкнецца раскрыць унутраны свет чалавека праз мову харэаграфіі. У рамках летніх гастроляў у Мінску Санкт-Пецярбургскі акадэмічны тэатр балета Барыса Эйфмана прадставіць два спектаклі – "Злачынства і кара" і "Ганна Карэніна", створаныя паводле класічных твораў рускай літаратуры ХIХ стагоддзя. Паводле слоў харэографа, звяртаючыся да літаратурных шэдэўраў, ён імкнецца ўзбагаціць пастаноўку філасофскімі і інтэлектуальнымі ідэямі, прычым тымі, што не ляжаць на паверхні тэксту, а выяўляюцца пры паглыбленні ў твор.

Калі:
15 і 16 ліпеня – балет "Злачынства і кара"
18 і 19 ліпеня – балет "Ганна Карэніна"
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Вішнёвы фестываль у Глыбокім

Старажытны горад у цэнтры беларускага Паазер'я, "вішнёвая сталіца Беларусі" – Глыбокае – запрашае на традыцыйны ліпеньскі фестываль. За больш як дзесяць гадоў гэта смачнае свята стала культурным і гастранамічным брэндам Віцебскага рэгіёна. Кожны год вясной край літаральна патанае ў вішнёвым цвеце, а летам атрымлівае асалоду ад водарных ягад. І ўсё дзякуючы мясцоваму аграному і садаводу-селекцыянеру Баляславу Лапыру, які больш за 100 гадоў таму вывеў прыстасаваны да суровых зім паўночнага рэгіёна краіны сорт вішні і дзеліцца ім з жыхарамі акругі. Госці прымуць удзел у тэатралізаваным шэсці і шматлікіх "вішнёвых" забавах (конкурсах песень і танцаў, фота і малюнкаў, прычосак), выберуць "вішнёвую прынцэсу" і, вядома, ацэняць смак глыбоцкіх ягад на вішнёвым кірмашы.

Калі: 18-19 ліпеня
Дзе: Глыбокае, Віцебская вобласць

Міжнародны фестываль сярэдневяковай культуры "Наш Грунвальд"-2025

Найбуйнейшы фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі адзначыць 615-годдзе легендарнай Грунвальдскай бітвы. Госці ўбачаць захапляючую рэканструкцыю самай маштабнай бітвы з Тэўтонскім ордэнам, перамога над якім зрабіла Вялікае Княства Літоўскае адной з самых магутных і ўплывовых дзяржаў сярэдневяковай Еўропы. Гледачоў чакае насычаная праграма: рыцарскія конныя і пешыя бітвы, прафесійныя баі, тактычныя і спартыўныя бугурты, турніры лучнікаў і кап’ёўшчыкаў, open air пасля бітвы, а таксама інтэрактыўныя пляцоўкі, горад майстроў, сярэдневяковы кірмаш і майстар-класы ад народных умельцаў…

Калі: 19-20 ліпеня
Дзе: музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі", Пухавіцкі раён, Мінская вобласць

Vulitsa Ezha: летні сезон-2025 у Мінску

Летні фестываль Vulitsa Ezha з’яўляецца 28-м па ліку за 10 гадоў і ў гэтым сезоне прадстаўляе тры гарадскія пікнікі. У праграме фэсту-2025 – фотавыстава з гістарычнай рэтраспектывай, уручэнне прэміі Ezha Awards, вулічны кінатэатр для прагляду  любімых фільмаў пад адкрытым небам, лекторый, кулінарная школа са смачнымі і карыснымі майстар-класамі ад топавых шэфаў і зорных гасцей, крафтавыя маркеты, фестывальны мерч-шоп, дзе можна набыць брэндзіраванае адзенне. Цэнтрам прыцягнення стане фуд-корт з алеяй фуд-тракаў, дзе звыш 40 устаноў прадставяць свае меню, а таксама барныя лакацыі ARARAT, Lillet, Havana Club і Ready to Drink з тэматычнымі фотазонамі, майстар-класамі і летнімі напіткамі.

Калі: 19-20 ліпеня, 30-31 жніўня, 12.00–22.00
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

XIV Міжнароднае музычна-спартыўнае свята "Вялікая бард-рыбалка"

"Вялікая бард-рыбалка" ў гэтым годзе аб’яднае больш за 500 удзельнікаў – артыстаў, музыкантаў, повараў, народных майстроў, рыбакоў, лазеншчыкаў, мастакоў, спартсменаў, а таксама тысячы аматараў актыўнага адпачынку. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця стартуюць свята кулінарыі "Кірмаш смаку", адборачны тур конкурсу аўтарскай песні і паэзіі "Свой круг", праект "Кіно пад адкрытым небам", кастынг конкурсу "Каралева бард-рыбалкі". Кульмінацыяй першага вечара стане канцэрт-прысвячэнне Юрыю Візбару "Вяршыні Візбара", а таксама свае аўтарскія праграмы прадставяць квартэт "Шанц", Аляксей Нежавец-Прывалаў, дуэт "Во" пры ўдзеле Вольгі Кузняцовай і Уладзіміра Палякова, група "MOJO BLUES".

На другі дзень гасцей чакаюць традыцыйныя мерапрыемствы: рыбалоўныя спаборніцтвы, турнір па пляжным валейболе, конкурс па гатаванні юшкі і рыбных страў і самы прыгожы фестывальны праект – "Каралева бард-рыбалкі". Вячэрняя праграма абяцае быць насычанай: дзіцячы мюзікл "Брэменскія музыканты", канцэрт Ігара Пералыгіна "Гэта добра, што мы спяваем!", узнагароджванне пераможцаў конкурсу "Свой круг", аўтарскія праграмы Вольгі Кузняцовай "Па вечных матывах…", Аляксея Вітакова і Уладзіміра Палякова "Не закранаючы зямлі…", групы "Green Band" Мікалая Грынько. 

Калі: 25–27 ліпеня
Дзе: Чыгірынскае вадасховішча, в. Чачэвічы, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць

Міжнародны фестываль VIVA BRASLAV 2025

Адзін з найбуйнейшых open air фестываляў Viva Braslav запрашае наведаць край маляўнічых азёр, які за незвычайную прыгажосць называюць "блакітнымі каралямі" Беларусі. У гэтым годзе фестываль зведае змены: пашырыцца агульная плошча, кемпінгі пераедуць на новую лакацыю, а гітарнай музыкі ў праграме стане больш. Сярод удзельнікаў будуць прадстаўнікі розных напрамкаў – новай хвалі, рока і поп-музыкі: "Тры дні дажджу", "Брава", MONA, Люся Чабоціна і Нюша, 10AGE, Элджэй… Поўны спіс артыстаў арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце. У мінулым сезоне летні музычны фестываль наведалі каля 35 тысяч чалавек, і гэта далёка не мяжа!

Калі: 25–27 ліпеня
Дзе: Цэнтральны пляж, Браслаў, Віцебская вобласць

"Вяртанне да тэатральных вытокаў": спектаклі ў Нясвіжскім замку

Летнія тэатральныя вечары каля сцен старажытнай рэзідэнцыі Радзівілаў аб'яднаюць аматараў мастацтва Мельпамены і нацыянальнай культурнай спадчыны. Гасцей чакае два драматычныя спектаклі – "Верная жонка" і "Вып’ем за каханне!" – у выкананні заслужанага аматарскага калектыву Беларусі Тэатра імя Уршулі Радзівіл. Першы вечар на сцэне разгорнецца камедыя класіка ХХ стагоддзя Сомерсета Моэма, на другі – публіка акунецца ў рэаліі сучаснай сям’і. Аднак у абедзвюх п’есах гучаць актуальныя для кожнага чалавека сёння тэмы – самавызначэнне, пошук шчасця перш за ўсё ўнутры сябе, выбудоўванне ўзаемаадносін з іншымі, каханне і вернасць...

Калі: 25-26 ліпеня, 20.00
Дзе: Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, вул. Замкавая, 2, Нясвіж

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі