"Рэха мадэрнізму" прагучыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праз творы беларускіх аўтараў. Натхненнем да стварэння праекта паслужылі знакавыя працэсы ў еўрапейскім мастацтве канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, сярод якіх – новы погляд імпрэсіяністаў на пейзаж, унутраны свет чалавека і яго страхі, пераасэнсаванне канонаў цялеснай прыгажосці, авангардныя ідэі Грыса, Клее і Кандзінскага. Наведвальнікі змогуць убачыць імерсіўны фільм-падарожжа ў свет мастацтва канца XIX – пачатку XX стст., а таксама прайсці тэматычны квест для блізкага знаёмства з экспазіцыяй. Таксама гасцей НЦСМ чакаюць інсталяцыі, спецыяльная тэматычная фотазона і інфармацыйныя стэнды з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці.
Калі: 25 кастрычніка 2024 – 7 лютага 2025
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, пр. Незалежнасці, 47, Мінск
Калекцыя з 26 веераў сярэдзіны XVIII – пачатку ХХ стагоддзя з Мірскага замка прадстаўлена ў будынку былой гарадской сядзібы, дзе ў мінулыя стагоддзі праходзілі свецкія вечары і прыёмы. Самым старадаўнім у экспазіцыі з'яўляецца французскі веер 1760-х, дэкарыраваны ручным роспісам, разьбой і пазалотай. Наведвальнікі выставы змогуць прасачыць гісторыю гэтага элегантнага жаночага аксесуара, а таксама модныя трэнды XIX стагоддзя, што адлюстраваліся ў зменлівасці дэкору, канструкцыі, матэрыялах і тыпах веераў. Таксама экспазіцыя знаёміць з яго асноўнымі функцыямі: акрамя махала, якое стварае патокі паветра для абвеву твару, веер таксама з'яўляўся статусным прадметам раскошы, што падкрэслівае высокае становішча ў грамадстве і багацце сваёй уладальніцы.
Калі: 13 лістапада 2024 – 9 сакавіка 2025
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск
Адным з памятных атрыбутаў зімовых свят з'яўляюцца паштоўкі. У нашы дні ім на змену прыйшлі электронныя паведамленні і стыкер-пакі, але многія дзесяцігоддзі менавіта паштоўкі былі самым душэўным прывітаннем і часта захоўваліся на працягу ўсяго жыцця. Гісторыя расказвае, што першую калядную паштоўку стварыў англійскі мастак Добсан у 1794 годзе. А масавая вытворчасць паштовак пачалася ў Англіі ў 1843-м, калі сэр Генры Коўл прыдумаў разаслаць віншаванні ўзамен асабістых візітаў. На выставе ў Мінску прадстаўлены павялічаныя копіі навагодніх паштовак пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі даследчыка, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне", аўтара праекта "У пошуках страчанага" Уладзіміра Ліхадзедава.
Калі: 2 снежня 2024 – 3 лютага 2025
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, вул. К. Маркса, 12, Мінск
Ёлачныя цацкі з прыватнай калекцыі Наталлі Кавалёвай, прадстаўленыя на выставе ў Нясвіжскім замку, уражваюць уяўленне: антыкварныя, вінтажныя ёлачныя ўпрыгажэнні са шкла, пластыку, ваты, паперы, апілачнага кампазіту, пап'е-машэ і кардону... Сярод іх – і сучасныя, і савецкія (1930–1990-х гадоў), створаныя ў розных тэхніках і падзеленыя на тэматычныя блокі. Наведвальнікі выставы змогуць убачыць "Навагоднія ўпрыгажэнні ваеннага часу" і "Цацкі вытворчасці ГДР", "Ватныя навагоднія ўпрыгажэнні", "Ёлачныя цацкі свабоднага выдзімання" і створаныя ў тэхніцы "Глінка". Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены тэмы "Паветраплаванне і космас", "Агародніна і фрукты", "Асваенне Поўначы", "Цырк", "Шчаслівае дзяцінства"...
Калі: 6 снежня 2024 – 9 лютага 2025
Дзе: Нясвіжскі замак, малая выставачная зала палацава-паркавага ансамбля
Новы выставачны праект у галерэі FARBA дорыць не толькі святочны настрой, але і знаёміць гасцей з традыцыямі і звычаямі беларускага народа. Наведвальнікі даведаюцца аб некалі папулярных старадаўніх рамёствах нашых продкаў, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, фальклоры, батлейцы... Адметнасцю праекта "Зімовая казка" з'яўляецца злучэнне традыцый і інавацый: напрыклад, спектакль батлейкі праецыруецца на сцены імерсіўнай залы, а ў яго стварэнні быў задзейнічаны штучны інтэлект.
Калі: 13 снежня 2024 – 2 сакавіка 2025
Дзе: галерэя FARBA, пл. Свабоды, 8, Мінск
"Чорны замак" – гэта сучасная экранізацыя гістарычнага дэтэктыўнага рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі". Пры гэтым з моманту яго першай экранізацыі мінула ўжо 40 гадоў: у 1984-м на экранах прэзентавалі аднайменны фільм кінарэжысёра Міхаіла Пташука, зняты ў жанры гістарычнага дэтэктыва. На гэты раз за пераасэнсаванне рамана ўзяліся сцэнарыст Глеб Шпрыгаў і рэжысёр Кірыл Кузін. Яшчэ да афіцыйнай прэм'еры ў Мінску фільм "Чорны замак" быў удастоены спецпрыза журы конкурсу ігравых фільмаў і спецпрыза Выканкама СНД "Кіно без меж" на ММКФ "Лістапад-2024". Згодна з сюжэтам гістарычнай драмы, малады прафесар Антон Косміч (Яўген Шварц) аказваецца ў бядзе пасля таго, як старадаўняе Евангелле, якое належала роду Альшанскіх, трапляе ў яго антыкварны магазін. Каб выратаваць сябе і разгадаць тайны мінулага, ён адпраўляецца ў Альшаны... У экранізацыі аднаго з самых вядомых твораў беларускай літаратуры прынялі ўдзел Настасся Красоўская, Яўген Стычкін, Яўген Шварц і Віталь Кішчанка.
Калі: 12 снежня 2024 – 2 снежня 2025
Дзе: кінатэатры гарадоў Беларусі
Выстава да 150-годдзя з дня нараджэння выдатнага жывапісца Льва (Лейбы) Альпяровіча прадстаўляе творчую спадчыну адзінага працаваўшага ў Беларусі вучня рускага жывапісца Ільі Рэпіна, мастака-прафесіянала, выпускніка Вышэйшага мастацкага вучылішча пры Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу. Яго мастацтва – гэта тонкія карункі з розных мастацкіх ніцей: рамантызму, жывапіснага рэалізму позняга перадзвіжніцтва, імпрэсіянізму, вытанчанага мадэрну, сімвалізму і інтуітыўна злоўленага экспрэсіяністычнага хвалявання. У экспазіцыі прадстаўлены творы майстра, а таксама фатаграфічныя работы пачатку XX стагоддзя.
Калі: 30 снежня 2024 – 17 сакавіка 2025
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск
"Белавежская пушча" – першы ў свеце поўнаметражны мультфільм, створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту. Праект анімацыйнай студыі Arteki даказаў, што з дапамогай нейрасетак можна ствараць мультыплікацыю ў 5-7-10 разоў хутчэй, чым гэта робіць любая сусветная студыя анімацыйнай вытворчасці. Паводле слоў прадзюсара Дзмітрыя Саксонава, "у стварэнні мультфільма было выкарыстана каля 100 нейрасетак", аднак музыка сапраўдная, а герояў агучвалі жывыя людзі. Гэта гісторыя пра каштоўнасць сяброўства, сям'і і сілу прыроды, яна нагадвае, што самыя неверагодныя мары могуць стаць рэальнасцю, калі ў іх верыць... У мінскім кінатэатры "Беларусь" 1 лютага адбудзецца сумесны прагляд навінкі разам з анімацыйнай студыяй Arteki. Пасля яго гледачы змогуць паразмаўляць са стваральнікамі, задаць пытанні і падзяліцца ўражаннямі.
Калі: з 30 студзеня – у пракаце па ўсёй краіне, сумесны прагляд – 1 лютага, 11.00
Дзе: кінатэатр "Беларусь", вул. Раманаўская Слабада, 28, Мінск
Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць і тэатральнае мастацтва злучыліся ва ўнікальным феномене беларускай культуры – батлейцы. Зараджэнне такога тэатра лялек адносіцца да XVI стагоддзя і цесна звязана з каляднымі святамі – адсюль і назва: Віфлеем – месца нараджэння Хрыста, і тэматыка інсцэніровак першапачаткова была рэлігійнай. Першы і самы маштабны з музеяў-скансэнаў Беларусі запрашае на паказ тэатра лялек "Батлейка". Гледачоў чакаюць народны спектакль на рэлігійную тэму "Цар Ірад", а таксама бытавыя сатырычныя інтэрмедыі. Акрамя таго, госці змогуць набыць сувеніры ад народных майстроў і наведаць "Беларускую карчму" на тэрыторыі музея.
Калі: 1 лютага, 13.00
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён
Наведаць асаблівую планету ў сусвеце пад назвай "Цырк" запрашаюць артысты Белдзяржцырка. Гледачоў чакае эфектны паказ: у новую праграму ўвайшлі захапляльныя трукі акрабатаў у коле смеласці і на рускай палцы, нумар паветраных гімнастаў на мачце і ў скрыпічным ключы! На галоўным манежы краіны выступяць вальтыжоры, жанглёр, майстры трансфармацыі, клоўны, а таксама дрэсіраваныя мядзведзі, сабачкі і каты. "Планета "Цырк" абяцае стаць незабыўным шоу, у якім аб'ядноўваюцца фантазія і рэальнасць, а кожны нумар напоўніць сэрцы гледачоў захапленнем.
Калі: 1 лютага – 11 мая
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
"Гэта быў сапраўды "Ветрык", які паступова пераходзіў у буру, і вось ужо толькі круціўся ў паветры вэлюм, мільгацелі ногі...", – расказваў у сваёй гістарычнай аповесці Уладзімір Караткевіч. У першую суботу лютага ўдзельнікам танцавальнага майстар-класа і квеста па экспазіцыі "Як здымалі кінафільм "Дзікае паляванне караля Стаха" трэба будзе аднавіць тыя самыя па, аб якіх пісаў класік. Госці даведаюцца, як звязаны аповесць Караткевіча, аднайменны фільм з гісторыяй мінскай Лошыцкай сядзібы. Дарэчы, прататыпам караля Стаха стаў прадстаўнік знатнага роду Горскіх, якія валодалі рознымі маёнткамі ў Беларусі, у тым ліку Лошыцай з 1560 па 1719 гады. А ў час квеста ўдзельнікі вызначаць вобразы герояў аповесці – Надзеі Яноўскай, Андрэя Беларэцкага, Грыня Дубатоўка, караля Стаха, якія стварыла мастачка Элеанора Сямёнава.
Калі: 1 лютага, 12.00
Дзе: Лошыцкая сядзіба, праезд Чыжэўскіх 8/2, 10, Мінск
Праект "Жыццё ў прафесіі" запрашае знатакоў мастацтва не толькі ўбачыць лепшыя спектаклі з рэпертуару беларускага Вялікага, але і пазнаёміцца з выдатнымі артыстамі, якія служаць у галоўным тэатры краіны. У цэнтры ўвагі – тры прымы-балерыны: народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна, заслужаная артыстка Беларусі Людміла Хітрова, заслужаная артыстка Беларусі Марына Вежнавец. Гледачоў чакаюць тры балетныя вечары – "Ганна Карэніна", "Рамэа і Джульета", "Ілюзіі кахання", а таксама фотавыставы, сустрэчы і аўтограф-сесіі з галоўнымі гераінямі дэбютнага праекта Вялікага тэатра.
Калі:
5 лютага – балет "Ганна Карэніна" ў пастаноўцы Вольгі Касцель, сустрэча і аўтограф-сесія з народнай артысткай Беларусі Ірынай Яромкінай;
14 лютага – балет "Рамэа і Джульета" ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева, сустрэча і аўтограф-сесія з заслужанай артысткай Беларусі Людмілай Хітровай;
23 лютага – балет Ігара Колба "Ілюзіі кахання", сустрэча з заслужанай артысткай Беларусі Марынай Вежнавец.
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Лепшыя ўзоры з сусветнага рэпертуару вакальнай і арганнай музыкі будуць прадстаўлены ў канцэрце "Авэ Марыя ў люстэрку стагоддзяў" у Гомелі. Пад купалам касцёла Нараджэння Божай Маці прагучаць кампазіцыі такіх выдатных кампазітараў, як Бах, Карг-Элерт, Беліні, П'яцола, Шуберт, Бём, Гендэль, Пергалезі, Франк, Дзюпрэ, Вівальдзі... Выканаўцы – уладальнік Гран-пры і лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Брэсцкай абласной філармоніі Людміла Карпук (сапрана) і лаўрэат міжнародных конкурсаў, арганістка, клавесіністка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Варвара Царук (арган).
Калі: 9 лютага, 13.30
Дзе: Касцёл Нараджэння Божай Маці, вул. Савецкая, 118, Гомель
Візітная картка сімфанічнага аркестра "Чырвоная капэла" – зорны склад музыкантаў з усёй краіны, аўтарскія аранжыроўкі, прадуманая візуалізацыя і сцэнаграфія. Рэпертуар калектыву разлічаны як на дарослых, так і юных слухачоў, таму ў яго ўключаны музычныя творы з самых знакамітых стужак: "Гары Потэр", "Аватар", "Шэрлак Холмс", "Тытанік", "Спіс Шындлера", "Гульня прастолаў", "Вялікія гонкі", "Мсціўцы", "Піраты Карыбскага мора", а таксама анімацыйных фільмаў "Шрэк", "Рататуй" і многіх іншых.
Калі, дзе:
9 лютага – КЗ "Віцебск", вул. Маякоўскага, 1, Віцебск
25 лютага – Гродзенская абласная філармонія, вул. Гарнавых, 17, Гродна
"Я бязмежна люблю свой родны Віцебск не проста таму, што я там нарадзіўся, але і, перш за ўсё, за тое, што там я на ўсё жыццё атрымаў фарбу свайго мастацтва...", – так гаварыў адзін з самых яскравых прадстаўнікоў сусветнага авангарда XX стагоддзя Марк Шагал. Гісторыя, увасобленая драматычным акцёрам дзякуючы пісьмам, паэзіі і кнігам вялікага майстра, дазволіць даведацца падрабязней пра жыццё, творчасць і каханне мастака, "які нарадзіўся паміж небам і зямлёй". А дзякуючы гучанню хору, струнных, духавых інструментаў і тэрменвокса ў спалучэнні з праекцыямі карцін, гледачы спачатку акунуцца ў дзіўную атмасферу родных сэрцу майстра гарадоў – Віцебска, Санкт-Пецярбурга, Парыжа, а потым наогул трапяць у шагалаўскую прастору паміж рэальнасцю і фантастыкай!
Калі: 13 лютага
Дзе: арт-прастора D-HUB, вул. Куйбышава, 22, Мінск
Напярэдадні Дня ўсіх закаханых унікальны вакаліст, інструменталіст і шоўмен з Балтымора (ЗША) Вінсэнт Грос сумесна з міжнародным квартэтам Арка Аўруцкага прадставіць праграму рамантычных хітоў з рэпертуару Луі Армстранга. У канцэрце прагучаць такія кампазіцыі, як My Funny Valentine, What a Wonderful World, When You Smiling, Cheek To Cheek, The Nearness Of You, St James Infirmary, You Don’t Know What it Means To Miss New Orleans, Hello Dolly. Вінсэнт Грос вядомы музычнай шматграннасцю: яго авангардныя джазавыя вакалізы, напевы і скэт-імправізацыі ў спалучэнні з праніклівымі сола на трубе, карнэце і флюгельгорне дазваляюць гледачам атрымаць асалоду ад віртуознага майстэрства. Упрыгожаць вечар не менш таленавітыя Арк Аўруцкі (кантрабас), Уладзімір Несцярэнка (фартэпіяна) і Алесандра Д'Анна (барабаны).
Калі, дзе:
13 лютага – Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск
14 лютага – Віцебская абласная філармонія, вул. Леніна, 69, Віцебск
"Кубак мацнейшых" збярэ на трасах знакамітага спарткомплексу "Раўбічы" каля 80 біятланістаў з Беларусі і Расіі. Чакаецца, што для ўдзелу ў зімовым турніры высокага ўзроўню прыедуць і нацыянальная зборная Расіі, і рэгіянальныя каманды страляючых лыжнікаў. Лепшыя спартсмены дзвюх краін разыграюць дзесяць камплектаў узнагарод у такіх дысцыплінах, як індывідуальная гонка, спрынт, гонка праследавання, мас-старт, змешаныя эстафеты. Фармат амаль аналагічны чэмпіянату свету, але на "Кубку мацнейшых" не будзе класічных эстафет. Для гледачоў прадугледжаны бясплатны ўваход, насычаная культурная праграма і шмат актыўнасцей, каб можна было добра правесці час з сям'ёй і, вядома, атрымаць асалоду ад свята біятлона.
Калі: 15–23 лютага
Дзе: Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Раўбічы", Мінскі раён
Даведацца падрабязней
Зімовы сезон у маёнтку беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы завершыцца традыцыйным відовішчным святам – праводзінамі ўнучкі Снягурачкі і сям'і беларускага чарадзея ў Антарктыду. Аднак гэта падзея зусім не сумная! Госці ўбачаць шэсце казачных персанажаў у суправаджэнні духавога аркестра, прымуць удзел у цікавых экскурсіях па рэзідэнцыі Дзеда Мароза, а таксама змогуць паўдзельнічаць у конкурсах і гульнях, паспяваць песні, павадзіць карагоды, наведаць майстар-класы ад мясцовых рамеснікаў і, вядома, паласавацца пушчанскімі пачастункамі. Пасля ад'езду сям'і – унучкі Снягурачкі, жонкі Матухны-Зімы і дачок Завірухі, Сцюжы і Мяцеліцы – "уладар холаду" на працягу дзевяці месяцаў сам будзе спраўляцца з клопатамі ў маёнтку. А іх у бліжэйшы час павінна прыбавіцца: беларускаму Дзеду Марозу абяцаюць пабудаваць новы дом – больш прасторны для прыёму гасцей.
Калі: 15 лютага
Дзе: маёнтак беларускага Дзеда Мароза, Белавежская пушча
У барацьбе за першы трафей новага сезона сыдуцца чэмпіёны краіны – футбалісты мінскага "Дынама" і ўладальнік Кубка гродзенскі "Нёман". Для дынамаўцаў гэта будзе другі запар паядынак за Суперкубак: год таму яны ўступілі футбалістам жодзінскага "Тарпеда-БелАЗа" ў серыі пасляматчавых пенальці. Гродзенская каманда ўпершыню будзе змагацца за гэты трафей. Розыгрыш Суперкубка праводзіцца з 2010 года. Барысаўскі БАТЭ станавіўся яго ўладальнікам восем разоў, тры перамогі ў брэсцкага "Дынама", дзве – у салігорскага "Шахцёра", па адным разе трафей выйгравалі футбалісты "Гомеля" і "Тарпеда-БелАЗа".
Калі: 22 лютага
Дзе: Гродна
Даведацца падрабязней
Традыцыйна з нагоды 23 лютага – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна" адбудуцца святочныя мерапрыемствы, у тым ліку ваенна-гістарычныя рэканструкцыі "1942 год – Бітва за Маскву" і "Афганская вайна" пры ўдзеле баявой тэхнікі тых часоў. Дадаткова да асноўнай праграмы запланаваны паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў, выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь узорна-паказальнага аркестра ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Для гледачоў арганізуюць інтэрактыўныя зоны: кожны зможа паспрабаваць сілы ў гістарычнай віктарыне, стральбе з пнеўматыкі, зборцы і разборцы зброі, іншых майстар-класах, а самыя актыўныя атрымаюць памятныя ўзнагароды.
Калі: 22 лютага
Дзе: гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", каля аграгарадка Лашаны Мінскага раёна за 20 км ад МКАД, каардынаты: 54.058008, 27.297148
Гісторыя "Каложскага Дабравеста" налічвае ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час з мясцовага фестывалю праваслаўных песнапенняў, створанага да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі, ён вырас да мерапрыемства з міжнародным статусам. Згодна з рэгламентам, удзельнікі праходзяць строгі адбор, а адной з галоўных асаблівасцей з'яўляецца вялікая колькасць мужчынскіх калектываў. Акрамя конкурсных праслухоўванняў у благачыннях гродзенскага рэгіёна, адбудуцца вячэрнія канцэрты харавых калектываў, а таксама вялікі гала-канцэрт і ўзнагароджванне пераможцаў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна. Традыцыйна для гасцей у час фестывалю арганізаваны прагляды фільмаў праваслаўнай тэматыкі, выставы, вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, экскурсійная праграма па горадзе.
Калі: 23 лютага
Дзе: Свята-Пакроўскі кафедральны сабор, вул. Элізы Ажэшкі, 23, Гродна
Адно з самых вясёлых і любімых свят у народным календары – Масленіца – здаўна сімвалізуе развітанне з доўгай халоднай зімой і сустрэчу звонкай, спяваючай вясны. Традыцыйна кожны дзень Сытнага тыдня (Сырная сядміца), што папярэднічае самаму строгаму – Вялікаму – посту, мае сваю назву і напоўнены самабытнымі абрадамі: "Сустрэча" Масленіцы, "Зайгрыш", калі пачынаюць віншаваць адзін аднаго, "Ласуха", калі пачастункаў і гасцей становіцца ўсё больш, "Шырокі чацвер", "Цешчыны вечары" і "Залоўкіны вячоркі", "Даравальная нядзеля"... Святочны стол на Масленіцу традыцыйна ўпрыгожваюць дамашнія бліны і аладкі, сыр і масла. Нашы продкі верылі, што бліны сімвалізуюць сонца і набліжэнне вясны, а сыр і масла "прыцягваюць" багацце.
У 2025 годзе Масленіца ў Беларусі прыпадае на перыяд з 24 лютага па 2 сакавіка.
Дзе адсвяткаваць Масленіцу-2025 у Беларусі?
Калі: 19 лютага – 9 сакавіка
Дзе: парк гісторыі "Вялікае княства Сула", в. Сула, Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць
Калі: 22 лютага – 9 сакавіка
Дзе: Бярэзінскі біясферны запаведнік, вул. Цэнтральная, 3, в. Домжарыцы, Лепельскі раён, Віцебская вобласць
Калі: 1 сакавіка, 11.00
Дзе: Нацыянальны парк "Прыпяцкі", Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
Калі: 1 і 2 сакавіка
Дзе: Белавежская пушча, археалагічны музей пад адкрытым небам
Вядомы італьянскі тэнар Алесандра Сафіна не ўпершыню прыедзе ў Мінск: яго канцэрты жыхары і госці беларускай сталіцы памятаюць з 2012-га. Тады любімец публікі і выканаўца чароўнай Luna Tu выступіў у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. У рэпертуары Алесандра Сафіна ўдаецца сумяшчаць два жанры – класічны і эстрадны, што дае магчымасць наблізіць опернае мастацтва да шырокай аўдыторыі слухачоў. Сам тэнар свой стыль характарызуе як "оперны рок", які ўключае элементы поп-музыкі, акадэмічнага вакалу, соўла і нават мелодый мюзіклаў. На гэты раз Алесандра Сафіна выступіць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Калі: 27 лютага
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск