Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Палац Румянцавых і Паскевічаў

Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі

Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі
Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – адзін з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры Беларусі. Сёння ўнікальны музейны комплекс у цэнтры Гомеля аб'ядноўвае палац Румянцавых і Паскевічаў, капліцу-пахавальню, зімовы сад, аглядную вежу, цудоўны старадаўні парк.

Гісторыя палаца Румянцавых і Паскевічаў

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.Літаграфія Напалеона ОрдыУ канцы ХVІІІ стагоддзя беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі, а Гомель імператрыца Кацярына II падарыла свайму фаварыту – генералу-фельдмаршалу Пятру Аляксандравічу Румянцаву-Задунайскаму за выдатныя перамогі ў вайне з Турцыяй.

На беразе ракі Сож ужо стаяў драўляны замак, што некалі належаў канцлеру ВКЛ Міхаілу Чартарыйскаму, які палкаводзец Румянцаў загадаў знесці, а на яго месцы пабудаваць новы.  

У 1777 годзе пры ўдзеле знакамітых архітэктараў таго часу Аляксеева, Бланка, Фельтэна, Масцяпанава пачалося будаўніцтва палаца ў стылі ранняга класіцызму.

Імя аўтара праекта гомельскага палаца дакладна не ўстаноўлена, аднак вучоныя лічаць, што ім мог быць таленавіты архітэктар Іван Староў, па праектах якога пабудаваны многія вядомыя будынкі Санкт-Пецярбурга.

Мікалай Пятровіч РумянцаўУ спадчыну ад Пятра Румянцава палац атрымаў яго старэйшы сын Мікалай Пятровіч Румянцаў – канцлер Расійскай дзяржавы, мецэнат, апякун навукі і мастацтва.

У 1834  годзе новым уладальнікам маёнтка стаў выдатны ваеначальнік – генерал-фельдмаршал Іван Фёдаравіч Паскевіч, які прадоўжыў фарміраванне палацава-паркавага ансамбля.

У XIX – пачатку XX стст. у багата прыбраных парадных залах палаца гаспадары праводзілі пышныя прыёмы, балі, урачыстыя мерапрыемствы.

Маёнтак Румянцавых і Паскевічаў Неаднаразова ў маёнтак Румянцавых і Паскевічаў прыязджалі члены імператарскай сям'і Раманавых.

Апошнім уладальнікам гомельскага маёнтка была княгіня Ірына Паскевіч – дабрачынны мецэнат, перакладчык. Менавіта яна – аўтар першага перакладу рамана Л.Талстога "Вайна і мір" на французскую мову.

 Пазней рэзідэнцыя, багатыя зборы і рэдкія калекцыі князёў сталі асновай для стварэння Мастацка-гістарычнага музея, адкрытага ў 1919 годзе.

Палац некалькі разоў быў разбураны і адноўлены: асабліва моцна пацярпеў у час мяцяжу (1919) і ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На працягу гісторыі памяшканні ансамбля выкарыстоўваліся для розных патрэб. Тут знаходзіліся тэлефонная станцыя, бібліятэка, лялечны тэатр, Палац піянераў, музей.

Палац Румянцавых і Паскевічаў сёння

Палац Румянцавых і Паскевічаў сённяУ наш час былая рэзідэнцыя арыстакратаў у Гомелі – адзін з найцікавейшых і найбольш наведвальных музеяў Беларусі, буйны гісторыка-культурны і асветніцкі цэнтр.

Першы паверх цэнтральнай часткі палаца – гістарычная рэканструкцыя памяшканняў дваранскага маёнтка. Як і раней, тут размешчаны Калонная зала, Белая гасціная, Чырвоная гасціная, зала ўрачыстых прыёмаў (былая "залатая сталовая").

Канцэрт у палацы Румянцавых і Паскевічаў Сёння гэтыя залы – не толькі частка экспазіцыі, але і месца правядзення баляў і канцэртаў, сустрэч і перагавораў з удзелам першых асоб дзяржаў. У Гомельскім палацы часта праходзяць выстаўкі (карцін і іншых прадметаў мастацтва, фатаграфій), цікавыя адукацыйныя праекты.

Збор музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля – адзін з найбагацейшых у Беларусі: археалагічная, этнаграфічная, нумізматычная калекцыі, зборы карцін, рукапісных і старадрукаваных кніг, абразоў і культавых прадметаў, марскіх арганізмаў, мемарыяльныя комплексы выдатных людзей (авіяканструктара Паўла Сухога, міністра замежных спраў Андрэя Грамыкі)…

Вежа палаца Румянцавых і Паскевічаў У вежы, перабудаванай па задуме Івана Фёдаравіча Паскевіча, размешчана экспазіцыя "Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы". У ёй прадстаўлены арыгінальныя карціны, скульптуры, зброя і асабістыя рэчы князёў.

У 2012 годзе Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў атрымаў Гран-пры праведзенага ўпершыню конкурсу "Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю".

Як дабрацца і дзе спыніцца

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль знаходзіцца ў цэнтры горада (пл. Леніна, 4) на беразе ракі Сож.

Дабрацца ў Гомель, размешчаны за 300 км ад Мінска, можна на аўтамабілі, аўтобусе або поездзе.

У Гомелі гасцей прымаюць больш за 10 гасцініц.

Выдатныя мясціны Гомеля і наваколля

Прыехаўшы ў Гомель, абавязкова варта наведаць:Свята-Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор

"Жамчужына" Гомеля – палацава-паркавы ансамбль – уключана ў турыстычны маршрут "Залатое кальцо Гомельшчыны", што аб'ядноўвае таксама ўнікальныя гістарычныя аб'екты Веткі, Чачэрска, Чырвонага Берага, Рэчыцы, Лоева, Мазыра, Юравіч і Турава.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі