Каложская царква | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Каложская царква

Каложская царква


Барысаглебская (Каложская) царква – архітэктурная жамчужына старадаўняга Гродна, унікальны помнік старажытнага праваслаўнага дойлідства XII стагоддзя ў Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропе.

Пабудаваная на паўночным захадзе Старажытнай Русі, Каложская царква не падобная ні на адзін храм у свеце. Праваслаўная святыня, гісторыя якой налічвае ўжо дзевяць стагоддзяў, уключана ў папярэдні спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гісторыя Каложскай царквы 

Дакладная дата пачатку будаўніцтва невядома, але мяркуюць, што мураваная царква на крутым беразе ракі Нёман у Гродне была ўзведзена ў 1140-1170 гады. Сыны Гродзенскага князя Усевалада заснавалі храм у гонар першых старажытнарускіх святых – князёў Барыса і Глеба.

Яшчэ адну назву царквы, якая стала больш знакамітай – Каложская – звязваюць з урочышчам Калажань у Гродне, на якім і быў пабудаваны храм. Слова "калажань" у старажытнарускай мове азначала месца, дзе б’юць крыніцы.

Каложская царква, ХII ст.Другая версія з’яўлення гэтай назвы звязана з перасяленнем у 1409 годзе пасля пераможнага паходу князя Вітаўта на Пскоў жыхароў пагранічнай крэпасці Каложа.

Вялікі пажар 1184 года ў Гродне знішчыў Ніжнюю замкавую царкву, і хутка менавіта Барысаглебская стала галоўным храмам горада.

На працягу XIV стагоддзя ў выніку шматлікіх нападаў крыжаносцаў царква прыйшла да заняпаду, а ў час войнаў з Маскоўскім княствам была значна пашкоджана войскамі Івана III.

І ўсё ж галоўнай небяспекай для адрэстаўрыраванага ў XVI стагоддзі храма стала прыродная стыхія. Не аднойчы царква на высокім беразе Нёмана цярпела ад размываў і апоўзняў.

У ноч на 2 красавіка 1853 года паўднёвая і частка заходняй сцяны разам са столевым перекрыццем абваліліся ў раку: 40 гадоў царква была закінутай. Новыя пашкоджанні прынеслі апоўзні 1864 і 1889 гадоў.

Барыса-Глебская царква, 1915 годАднак нягледзячы ні на што ўнікальны храм у Гродне не знік. У 1894-1906 гадах быў умацаваны бераг, замест абваленых мураваных сцен пабудавалі больш лёгкія драўляныя, а на новым даху зрабілі купал з ажурным пазалочаным крыжам. У такім выглядзе храм захаваўся да нашых дзён.

Да пачатку ХХ стагоддзя быў распрацаваны і праект аднаўлення, але яго ажыццяўленню перашкодзіла Першая сусветная вайна.

У савецкі час Каложская царква была закрыта для богаслужэнняў: у 1948 годзе перададзена гісторыка-археалагічнаму музею, а ў 1967-м разам з Замкавай гарой увайшла ў склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка.

Толькі ў пачатку 1990-х Каложу вярнулі Беларускай праваслаўнай царкве: знакамітая святыня зноў стала дзеючым храмам.

Архітэктура Каложскай царквы

Барыса-Глебская царква сённяБарысаглебская царква – унікальны ўзор старажытнага мураванага дойлідства, узведзены майстрамі гродзенскай архітэктурнай школы.

Праект царквы належыць да традыцый візантыйскай храмавой архітэктуры, але пры  гэтым не мае прамых аналагаў ні ў старажытнарускім, ні ў балканскім дойлідстве.

Па плане Каложа – гэта шасціслупавы, трохапсідны храм з дадатковай прасторай у перадалтарнай частцы.

Яго ўнікальная асаблівасць – мноства керамічных гаршкоў-галаснікоў, якія ўбудаваны ў скляпенні сцен і выходзяць наверх рыльцамі, дзякуючы чаму многія стагоддзі тут захоўваецца добрая акустыка і так цудоўна гучаць царкоўныя песнапенні.  

Упрыгажэнне сцен Каложскай царквыАкрамя таго, апорныя слупы маюць рэдкае для праваслаўных храмаў круглае сячэнне, і пры невялікіх памерах будынка (даўжыня – 21,5 м, шырыня – 13,5 м) унутры царква  здаецца прасторнай. Гэта дасягаецца і за кошт сцен (таўшчыня – каля 1,2 м), у кладцы якіх выкарыстоўвалася вельмі тонкая і пляскатая цэгла-плінфа.

Яшчэ адна знакамітая асаблівасць Каложы – аздабленне фасадаў і сцен устаўкамі з вялікіх паліраваных валуноў і шматкаляровых маёлікавых пліт у форме крыжоў.

Унутранае ўбранне Каложскай царквы ўпрыгожвалі ўнікальныя фрэскі, фрагменты якіх былі знойдзены ў 1970-х на алтарным скляпенні і ў нішах.

Каложская царква сёння

Сёння Каложская царква – адзін з самых старажытных дзеючых храмаў у Беларусі, дзе праводзяцца богаслужэнні і таінствы. Таксама пры Барысаглебскай царкве дзейнічаюць нядзельная школа і дамавы храм у гонар абраза Божай Маці Каложскай.

У 1990-я гады з-за пагрозы новых апоўзняў пры ўдзеле замежных спецыялістаў былі праведзены работы па ўмацаванні берага ракі. У той жа час вучоныя прапанавалі праекты рэканструкцыі Каложскай царквы – па вобразе XII стагоддзя і да катастрофы 1853 года.

Каложская царква сённяАднак складаныя геалагічныя ўмовы мясцовасці і недахоп дакладных звестак аб першапачатковым абліччы храма запавольвалі ход работ. Пазней у архівах былі знойдзены чарцяжы заходняй і паўднёвай сцен Каложы, зробленыя за год да вялікага абрушэння.

Архітэктарамі быў абгрунтаваны праект рэканструкцыі Каложскай царквы ў абліччы да 1853 года. Дакументаў аб храме ХII стагоддзя, які на працягу стагоддзяў змяняўся, мала, аднак новыя звесткі могуць быць улічаны ў праекце.

У 2010 годзе ў Беларусі пачалася грамадская акцыя "Адновім Каложу разам!", з дапамогай якой збіраюцца сродкі на рэстаўрацыю старажытнейшай святыні.

Акрамя таго, ёсць ідэя пабудаваць побач з храмам зменшаную копію-муляж Каложы XII стагоддзя. Адноўленая з дапамогай найноўшых тэхналогій і матэрыялаў, яна магла б стаць цікавым аб'ектам для турыстаў.

Цудатворны абраз Божай Маці Каложскай

Са старадаўніх часоў у Барысаглебскім храме знаходзілася праваслаўная святыня – цудатворны абраз Божай маці, які быў копіяй Віленскага абраза Адзігітрыі.

Цудатворны абраз Божай Маці КаложскайПа легендзе, абраз Прасвятой Багародзіцы царкве завяшчаў жабрак, які па абяцанні насіў цудатворную святыню на грудзях. Расказваюць, што на працягу стагоддзяў, пачынаючы з XVII стагоддзя, дзякуючы абразу шмат разоў адбывалася вылечванне людзей ад хвароб.

У 1915 годзе абраз пры эвакуацыі быў вывезены ў Расію і згублены. Сёння ў царкве захоўваецца копія, а пошукі сапраўднага абраза працягваюцца.

Днём шанавання абраза і прастольным святам храма ў гонар абраза Божай Маці Каложскай лічыцца 25 мая. У гэты дзень праводзіцца літургія, ажыццяўляецца хрэсны ход і ўрачысты малебен.

Дзе знаходзіцца Каложская царква

Каложская царква размешчана непадалёку ад Старога замка Гродна, які шмат стагоддзяў таму быў рэзідэнцыяй вялікага князя Вітаўта.

Адрас храма: вуліца Каложа, 8.

Цікавыя факты

Фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест"У гонар Каложскай царквы названы адзін з буйнейшых міжнародных фестываляў праваслаўных песнапенняў у Беларусі – "Каложскі благавест", які штогод (у лютым) збірае ў Гродне лепшыя царкоўныя і свецкія калектывы.

У маі 2014 года ў мінскім парку Чалюскінцаў адкрылася мастацкая выстаўка пад адкрытым небам "Спадчына Беларусі", дзе сярод здымкаў архітэктурных помнікаў Беларусі можна ўбачыць павялічаную выяву Каложскай царквы.

У час Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур каля храма ў Каложскім парку з'явілася незвычайная Алея Дружбы народаў, дзе высадзілі 35 рэдкіх дрэў па колькасці нацыянальных дыяспар - удзельнікаў форуму.

Выдатныя мясціны каля Каложскай царквы

Гродна – адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, дзе захавалася большая частка старажытнай забудовы, а дзякуючы змяшэнню розных культур і канфесій ён вылучаецца асаблівай чароўнасцю.

Цэнтр Гродна з'яўляецца архітэктурным запаведнікам: на плошчы звыш 300 гектараў размешчана больш як 400 будынкаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць.

Акрамя ўнікальнай Каложскай царквы, тут можна ўбачыць каралеўскія Стары і Новы замкі XVI і XVIII стагоддзяў, палацы магнатаў, цудоўныя цэрквы, касцёлы і манастыры, гарадскія кварталы канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Сярод знакамітых выдатных мясцін Гродна:

  • Свята-Ражджаства-Багародзічны жаночы манастыр
  • Кафедральны сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы
  • Кафедральны касцёл Францішка Ксаверыя (Фарны касцёл) і былы кляштар езуітаў
  • Касцёл Адшукання Святога Крыжа і кляштар бернардзінцаў
  • Гродзенскі касцёл і кляштар францысканцаў 
  • Благавешчанскі Касцёл і кляштар Святой Брыгіты
  • парк Жылібера (Жан Эмануэль Жылібер узначальваў у Гродне першую ўрачэбную акадэмію, пры якой былі створаны шпіталь і буйнейшы ў Еўропе батанічны сад)
  • Тэатр лялек (самая старая тэатральная сцэна Беларусі)

Драўляны алтар у Фарным касцёле (Гродна)Асаблівасць Фарнага касцёла – высокі драўляны алтар, які ўпрыгожваюць больш як 20 фігур апосталаў і святых. На адной з вежаў храма ўстаноўлены старэйшы ў Еўропе гадзіннікавы механізм (гадзіннік у Гродне нават старэйшы за пражскі).

Побач з Фарным касцёлам размешчана дзеючая аптэка-музей – першая ў Еўропе, заснаваная ў асобным будынку.

Самы вялікі храм у ГроднеФара князя Вітаўта, пабудаваная ў 1389 годзе па загадзе вялікага князя, перажыла некалькі пажараў, а ў 1961 годзе каталіцкая святыня была ўзарвана. У 2014 годзе на месцы храма з'явілася скульптурная кампазіцыя ў выглядзе паўразбуранай аркі з памятным надпісам.

Акрамя таго, на месцы каталіцкага кляштара бернардзінак ХVII-ХХ стагоддзяў (Свята-Барысаглебскага) можна ўбачыць незвычайную скульптуру ў памяць аб страчаных храмах Гродна – "Паклонныя крыжы".

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі