Экатурызм у Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Экатурызм

Экатурызм у Беларусі


Дзякуючы ўнікальнай прыродзе са старадаўнімі лясамі і балотамі, чыстымі азёрамі і рэкамі, а таксама дзіўнай разнастайнасцю флоры і фаўны Беларусь – асаблівая краіна для аматараў экалагічнага турызму.

Яшчэ ў XVI стагоддзі Статут Вялікага Княства Літоўскага замацаваў прыродаахоўныя нормы закона, дзякуючы чаму ўнікальныя тэрыторыі захоўваліся ў непарушным стане. Дарэчы, Белавежскую пушчу – самы вялікі старадаўні лес Еўропы – вялікі князь Ягайла абвясціў запаведным больш як 600 гадоў таму.

І ў ХХI стагоддзі прырода – адно з галоўных багаццяў Беларусі. Экатурысты могуць наведаць знакамітыя нацыянальныя паркі і запаведнікі, заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння, помнікі прыроды і проста маляўнічыя куткі па ўсёй краіне. А галоўнае – убачыць шмат цікавага і незвычайнага.  

Напрыклад, у Беларусі знаходзяцца адны з самых вялікіх і глыбокіх азёр Еўропы, якія з’явіліся дзякуючы старажытным ледавікам. Беларускія балоты, многія з якіх абсалютна ўнікальныя, заслужана лічацца "лёгкімі" кантынента

Сімвал краіны – зубр – самае цяжкае і вялікае наземнае млекакормячае Еўропы. І цяпер Беларусь займае другое месца ў свеце па колькасці папуляцыі зуброў. З 1946 года гэтыя велічныя жывёлы знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Арнітолагі з усяго свету прыязджаюць у Беларусь назіраць за птушкамі: у нацыянальным парку "Прыпяцкі" і Бярэзінскім біясферным запаведніку ў адзін час можна ўбачыць тысячы разнастайных птушак. Дарэчы, Беларусь насяляе 60% сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі.

Адна з самых любімых птушак, што шануюцца ў нашай краіне, – белы бусел – сімвал шчасця, дабрабыту, здароўя і вясенняга адраджэння. За іх цудоўным палётам у небе, няспешнымі прагулкамі па палях і клопатам аб птушанятах у гняздзе можна назіраць гадзінамі…

У Беларусі аматары прыроды знойдуць разнастайныя варыянты адпачынку. Можна зрабіць пешую, веласіпедную або конную прагулку па экасцяжыне, накіравацца ў міні-тур на цеплаходзе або лодцы, стаць удзельнікамі экасафары з назіраннем за дзікімі жывёламі і птушкамі ў прыродным асяроддзі. А можна проста адпачыць у цішыні, сузіраючы хараство прыроды.  

Добры экалагічны адпачынак прапануюць многія аграсядзібы Беларусі, якія зрабілі сваім брэндам утульныя домікі з экаматэрыялаў у зацішных мясцінах, прагулкі і адпачынак на прыродзе,  экалагічна чыстыя і свежыя вясковыя прадукты.

Нацыянальныя паркі і запаведнікі

У Беларусі – 4 нацыянальныя паркі і 2 запаведнікі, дзе захаваны ўнікальныя ландшафты і існуюць абсалютныя рэзерваты дзікай прыроды:

Нацыянальныя паркі і біясферны запаведнік запрашаюць гасцей у экападарожжы, якія спалучаюць пазнавальны адпачынак і актыўныя забавы.

Напрыклад, у нацпарку "Нарачанскі", акрамя азнаямлення з цудоўнымі ландшафтамі, можна заняцца дайвінгам або зрабіць паветраную экскурсію на верталёце. У нацпарку "Прыпяцкі" – адправіцца на сафары па тэрыторыі некранутай "беларускай Амазоніі".

У Белавежскай пушчы турысты могуць зазірнуць у "Свет дзікай прыроды" на досвітку або перад захадам сонца, прайсціся па ўнікальным пешым маршруце "Пушчанскія рабінзоны". А ў наваколлі Браслава – бясконца любавацца "каралямі" з вялікіх і маленькіх ледавіковых азёраў…

Акрамя вялікіх нацыянальных паркаў і запаведнікаў, у Беларусі яшчэ больш як тысяча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый:

  • 85 заказнікаў рэспубліканскага і 248 мясцовага значэння;
  • 306 помнікаў прыроды дзяржаўнага і 576 рэгіянальнага ўзроўняў.

Таму паклоннікі экатурызму знойдуць нямала цікавых аб’ектаў для вывучэння і адпачынку. Сярод іх, напрыклад:

  • біялагічны заказнік "Спораўскі" – першае ў Беларусі Рамсарскае ўгоддзе (тут праходзіць нацыянальны чэмпіянат па ручной касьбе нізінных балот);
  • ландшафтны заказнік "Альманскія балоты" – самы вялікі ў Еўропе цэльны лесабалотны комплекс, уключаны ў Рамсарскі спіс (восенню ў заказніку адзначаюць свята журавін);
  • біялагічны заказнік "Званец" – буйнейшае нізіннае балота з мінеральнымі астравамі, дзе гняздуецца 125 відаў птушак (21 – з Чырвонай кнігі);
  • заказнік "Ельня" – адзін з самых вялікіх у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе масіваў старажытных вярховых балот і ледавіковых азёраў (яго турыстычны брэнд – фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю");
  • заказнік "Сярэдняя Прыпяць" (пойму знакамітай палескай ракі нярэдка называюць еўрапейскай Амазонкай).

Дарэчы, міжнародны статус аховы Рамсарскага ўгоддзя маюць 26 асабліва ахоўных тэрыторый Беларусі: "Альманскія балоты", "Спораўскі", "Сярэдняя Прыпяць", "Званец", "Простыр", "Котра", "Асвейскі", "Ельня", "Выдрыца", "Казьянскі", "Выганашчанскае", "Марочна", "Стары Жадзен", "Астравы Дулебы – Заазер'е", "Пойма ракі Днепр", "Палеская даліна ракі Буг", "Сэрвач", "Вілейты – Адуцішкіс", "Іпуць", "Дражбітка-Свіна", "Дзікае", "Галубіцкая пушча", "Падвялікі Мох" ,"Свіслацка-Бярэзінскі", Бярэзінскі біясферны запаведнік і нацыянальны парк "Прыпяцкі".

Экасцежкі і сафары-паркі

У Беларусі для турыстаў добраўпарадкаваны дзясяткі цікавых экалагічных сцяжын і маршрутаў працягласцю ад 1 да 250 км. Адны з іх можна прайсці пехатой, другія  – пераадолець на веласіпедзе, конях або аўтамабілі, трэція – праплыць на маторным катэры, вёславай лодцы або байдарцы.

Акрамя таго, папулярны камбінаваныя маршруты, якія спалучаюць розныя віды перамяшчэння, але перш за ўсё – цікавыя выдатныя мясціны на шляху турыстаў: унікальныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, помнікі гісторыі і архітэктуры, музеі і радавыя маёнткі славутых асоб.

Вось толькі некаторыя з захапляючых экамаршрутаў Беларусі:

  • "Таямніцы Убарцкага Палесся"
  • "Прырода і гісторыя Гомельскага краю" (175 км)
  • "Водная экскурсія па рацэ Пціч"
  • "Чэрыкаўскі" (экатур разлічаны на тры дні)
  • "Лясная запаведная сцежка" і незвычайны эколага-міфалагічны маршрут "У краі міфаў" у Бярэзінскім біясферным запаведніку
  • "Зубрагадавальнік" у нацпарку "Прыпяцкі" (4 км)
  • "Валожынскія гасцінцы" (150 км)
  • турыстычны маршрут па аптэкарскім садзе ў нацпарку "Нарачанскі"
  • "Міфы і легенды Краю жыватворных крыніц" (250 км)

Беларусь – краіна лясоў, балот і рэк з багатым жывёльным светам – цікавая і аматарам сафары, фотапалявання. На працягу аднаго тура тут цалкам рэальна ўбачыць не толькі ўсіх жывёл вялікай "беларускай пяцёркі" (зубра, дзіка, лася, высакароднага аленя і воўка), але і мноства іншых прадстаўнікоў еўрапейскай фаўны.

Захапляючыя сафары-туры праводзяцца на вялікіх тэрыторыях у нацыянальных парках "Белавежская пушча" і "Прыпяцкі". У будучым яны з’явяцца ва ўсіх нацпарках Беларусі. Дарэчы, цяпер у рамках дзяржаўнай праграмы ў нацыянальным парку "Нарачанскі" вядзецца стварэнне сафары-парку.

Недалёка ад Мінска ў цэнтры экалагічнага турызму "Станькава" (Дзяржынскі раён) таксама адкрыецца сафары-парк: на плошчы больш як 300 гектараў будуць жыць жывёлы і птушкі, якіх можна ўбачыць на вельмі блізкай адлегласці.
 
Незвычайны сафары-парк дзейнічае ў Магілёве, дзе знаходзіцца адзіны ў Беларусі вучэбны заасад. Тэрыторыю 120 гектараў з палямі і лясамі, ледавіковымі каньёнамі і вадаёмамі насяляюць амаль 200 дзікіх жывёл. Па парку пракладзена міні-чыгунка і курсіруе адкрыты прагулачны поезд, з якога можна назіраць за жывёламі.

Дарэчы, у 2015 годзе ў Магілёўскай вобласці створаны першы ў Беларусі цэнтр экалогіі крынічнай вады "Блакітная крыніца".

Экалагічныя фестывалі і святы

Усё больш папулярнымі ў Беларусі становяцца экалагічныя фестывалі, дзе спалучаюцца хараство прыроды, багатая гістарычная спадчына і самабытныя народныя традыцыі. Сярод іх:

  • Экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"

Кожны год у канцы верасня на вярховым балоце Ельня ў Міёрскім раёне (Віцебская вобласць) – адным з самых вялікіх у Еўропе – збіраюцца ад 5 да 7 тысяч шэрых жураўлёў, якія ляцяць на зімоўку ў цёплыя краіны. Акрамя таго, балота здаўна славіцца багатымі ўраджаямі лекавых ягад – журавін. Госці фестывалю "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" могуць паназіраць за цудоўнымі птушкамі і зрабіць фота, даведацца шмат цікавага аб прыродным асяроддзі і жыхарах тутэйшых мясцін, пакаштаваць незвычайныя стравы з журавінамі. У візіт-цэнтры заказніка "Ельня" да паслуг турыстаў – біноклі і падзорныя трубы, веласіпеды, лыжы, усюдыход, інтэрактыўныя стэнды і гульні. На балоце ствараецца экалагічная сцяжына (1,5 км), а цяпер ужо даступны эксклюзіўны атракцыён – хаджэнне па дрыгве на "снегаступах".

  • Фестываль "Міфы на балоце" ў Бярэзінскім біясферным запаведніку

Штогод у лістападзе ў адной з самых знакамітых мясцін Беларусі – Бярэзінскім запаведніку – праходзіць фестываль, які здзіўляе не толькі прыгажосцю і ўнікальнасцю тутэйшай прыроды, але і таямнічай атмасферай беларускай міфалогіі. Гасцей сустракаюць сам Балотнік – сімвал запаведніка, а таксама іншыя істоты і духі – Цмок, Пушчавік, Багнік, Палявік, Аржавенік, русалкі... У час фестывалю праходзяць цікавыя дзённыя і начныя (!) экскурсіі, выставы, майстар-класы па традыцыйных рамёствах, народныя гулянні з міфалагічнымі анімацыйнымі праграмамі...

  • Фестываль кулікоў у Тураве

Біялагічны заказнік "Тураўскі луг" (Жыткавіцкі раён) – унікальная мясціна па колькасці і відах птушак (у тым ліку рэдкіх з Чырвонай кнігі), якія гняздуюцца або спыняюцца ў сезон міграцый на Прыпяці. Асабліва шмат на мясцовых астравах кулікоў, у гонар якіх заснаваны фестываль і ўстаноўлены бронзавы помнік у Тураве.

  • Фестываль сельскага турызму "Заборскі фэст"

Аграэкатурыстычны фестываль – брэнд Расонскага раёна Віцебскай вобласці, дзе, паводле статыстыкі, на кожныя сто жыхароў прыпадае адно возера. У рамках фестывалю праходзяць прэзентацыі сядзіб, выстаўкі кветак і ландшафтнага дызайну, экскурсіі ў заказнік "Красны Бор", лодачныя прагулкі па мясцовых азёрах, сплавы на байдарках і плытах.

  • Фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся"

Арыгінальны фестываль праходзіць раз у два гады ў аграгарадку Ляскавічы на тэрыторыі нацыянальнага парку "Прыпяцкі". На фоне цудоўнай прыроды яго ўдзельнікі прадстаўляюць гасцям самабытную культуру беларускага Палесся. Аднак акрамя канцэртаў, у праграме фестывалю – спаборніцтвы рыбаловаў, гонкі па рацэ на традыцыйных палескіх лодках – чоўнах, цікавыя выстаўкі, у тым ліку і ў Музеі прыроды.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі