Шопінг у Мінску, папулярныя гандлёвыя цэнтры | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Шопінг | Шопінг у Мінску

Шопінг у Мінску

Galleria Minsk
Galleria Minsk

У Мінску можна не толькі зрабіць удалыя пакупкі для сябе, але і набыць выдатныя падарункі і сувеніры сябрам і сваякам. Наш гід дапаможа вам распланаваць свой мінскі шопінг.

ГУМ

Мінскі ГУМ – адзін з найбуйнейшых універмагаў сталіцы, адкрыты ў 1951 годзе (першы ГУМ, пабудаваны ў 1934-м, быў разбураны ў час вайны). Сёння гэта гандлёвая і турыстычная славутасць Мінска: будынак ГУМа – помнік архітэктуры і горадабудаўніцтва ХХ стагоддзя, таму ў яго інтэр'ерах нярэдка здымаюцца фільмы. На 4 паверхах універмага можна набыць адзенне, абутак, дзіцячыя тавары, касметыку, тканіны, беларускія сувеніры, бытавую тэхніку і многае іншае...

Адрас: праспект Незалежнасці, 21
Станцыі метро: Кастрычніцкая, Купалаўская
Час работы: штодзень з 9.00 да 21.00, нядзеля – з 10.00 да 20.00

ЦУМ

Вялікі гандлёвы комплекс на галоўным праспекце Мінска працуе з 1964 года. На 5 паверхах у ЦУМе можна знайсці ўсё ад адзення і абутку да эксклюзіўных прадметаў дызайну. Вялікая рэканструкцыя апошніх гадоў дала магчымасць магазіну пашырыць гандлёвыя плошчы і стварыць яшчэ больш камфортную атмасферу для шопінгу.

Адрас: праспект Незалежнасці, 54
Станцыя метро: плошча Якуба Коласа
Час работы: штодзень з 9.00 да 21.00, нядзеля – з 10.00 да 21.00

Універмаг "Беларусь"

Вялікі ўніверсальны магазін з сімвалічнай назвай быў адкрыты ў Мінску ў 1978 годзе. На пяці паверхах сучаснага гандлёвага комплексу можна знайсці разнастайныя тавары вядучых беларускіх брэндаў. Візітка ўнівермага "Беларусь" – вялікае пейзажнае пано на фасадзе, памеры якога складаюць амаль 1,5 тысячы м². Тут адлюстраваны маляўнічы куток беларускай прыроды.
 
Адрас: вул. Жылуновіча, 4 (скрыжаванне з Партызанскім праспектам)
Станцыя метро: Партызанская
Час работы: штодзень з 9.00 да 21.00, нядзеля – з 10.00 да 19.00

Гандлёвы дом "На Нямізе"

Буйны гандлёвы дом у гістарычным цэнтры Мінска створаны сумесным савецка-нідэрландскім прадпрыемствам у пачатку 1990-х. Сёння гэта адно з самых папулярных месцаў для шопінгу ў Мінску. Комплекс "На Нямізе" аб'ядноўвае фірменныя салоны адзення і абутку, упрыгажэнняў і аксесуараў, касметыкі і парфумерыі, бытавой тэхнікі і карысных дробязей, а таксама буйны ўніверсам і кафэ "Сустрэнемся на Нямізе"...

Адрас: вул. Няміга, 8
Станцыя метро: Няміга
Час работы: штодзень з 9.00 да 22.00, нядзеля – з 10.00 да 20.00

Гандлёвы цэнтр "Кірмаш"

ГЦ "Кірмаш" прапануе тавары больш як 1000 пастаўшчыкоў: адзенне і абутак, парфумерыя і касметыка, галантарэя, беларуская кераміка і іншыя сувеніры, ювелірныя ўпрыгажэнні... Візітка цэнтра – дынамічнае афармленне інтэр'еру, натхненнем для якога становяцца беларускія пейзажы, поры года, святы.

Адрас: пр. Дзяржынскага, 100
Станцыя метро: Пятроўшчына
Час работы: штодзень з 9.00 да 21.00, нядзеля – з 10.00 да 18.00

Гандлёвы цэнтр "Сталіца"

Грамадска-гандлёвы цэнтр у самым цэнтры горада пад плошчай Незалежнасці стаў адной з самых папулярных славутасцей. У СНД існуе ўсяго некалькі падземных комплексаў такога ўзроўню: "Ахотны рад" у Маскве, "Глобус" у Кіеве, мінская "Сталіца", адкрытая ў 2007 годзе. На трох узроўнях размешчаны фірменныя магазіны і буцікі, кафэ і рэстараны, забаўляльныя ўстановы. Пешаходныя вуліцы цэнтра вядуць да атрыума, пад купалам якога праходзяць фестывалі і канцэрты, чэмпіянаты па камп'ютарных гульнях і іншыя спаборніцтвы, прэзентацыі і дэгустацыі.

Адрас: пл. Незалежнасці, падземны ўзровень
Станцыя метро: плошча Леніна
Час работы: штодзень з 10.00 да 22.00

Гандлёвы цэнтр "Ждановічы"

Ждановічы – самы буйны цэнтр гандлю Мінска і ў цэлым Беларусі. "Горад для шопінгу" размешчаны на ўскраіне сталіцы – у раёне МКАД паблізу шашы Мінск – Маладзечна. Ён аб'ядноўвае шматлікія гандлёвыя аб'екты: комплекс "Свет моды" (5 вялікіх цэнтраў з павільёнамі адзення, абутку і аксесуараў), гандлёва-забаўляльны цэнтр "Град", "Харчовы цэнтр", "Будаўнічую выстаўку", заарынак, гандлёвы гарадок "Лебядзіны", аўтарынак, радыёмаркет. У Shopping Mall GRAD адкрыты дзіцячы комплекс "Косма", боўлінг- і більярдны клубы, музей старадаўніх самавараў, міні-піваварня, кафэ і рэстараны. Славутасць ГЦ "Ждановічы" – рынак "поле цудаў" ("блышыны рынак"), дзе можна купіць старыя рарытэтныя рэчы, упрыгажэнні, хэнд-мэйд...

Адрас: вул. Ціміразева, 123
Час работы: штодзень з 9.00 да 19.00, выходны – панядзелак

Гандлёва-забаўляльны цэнтр "Экспабел"

"Экспабел" стаў першым у Беларусі комплексам, які аб'ядноўвае шопінг, забавы і паслугі: канцэпцыя распрацавана кампаніяй-праекціроўшчыкам аналагічнага па фармаце цэнтра "Акропаліс" у Вільнюсе. Тут знаходзяцца больш за 70 магазінаў моднага адзення і абутку, гіпермаркет, рэстаранны двор, казіно, боўлінг-цэнтр, супермаркет бытавой тэхнікі і электронікі, салон прыгажосці і нейл-бар, вялікія зоны адпачынку. На азелянёных "вуліцах" цэнтра можна прагуляцца або перадыхнуць на лаўцы. Побач з комплексам размешчаны спартыўна-аздараўленчы цэнтр "Аквабел", бізнес-цэнтры "Аквабел" і "Экспабел", будаўнічы супермаркет, гандлёва-выставачны цэнтр аўтазапчастак і будматэрыялаў, гандлёва-выставачная пляцоўка тавараў народнага спажывання.

Адрас: скрыжаванне вул. Мірашнічэнкі і МКАД
Час работы: штодзень з 10.00 да 22.00

Гандлёвы цэнтр "Замак"

Яшчэ здалёк комплекс "Замак" на праспекце Пераможцаў прыцягвае незвычайнай архітэктурай, якая спалучае вобразы сучаснасці і сярэдневякоўя. Тут працуюць гіпермаркет, салон бытавой тэхнікі, гандлёвы цэнтр мэблі і дэкору, галерэя буцікоў "Модны мол", кафетэрыі, салоны прыгажосці. Для наведвальнікаў таксама адкрыты лядовы каток, канцэртная пляцоўка PRIME HALL, бары, рэстараны, кінатэатр-мультыплекс, дзіцячыя забаўляльныя цэнтры. Комплекс знаходзіцца недалёка ад "Мінск-Арэны".

Адрас: пр. Пераможцаў, 65
Час работы: штодзень з 9.00 да 22.00

Гандлёвы цэнтр "Арэна-сіці"

Новы гандлёва-забаўляльны цэнтр пабудаваны зусім побач з комплексам "Мінск-Арэна". Тут адкрыты магазіны адзення, абутку і аксесуараў, вялікі супермаркет, некалькі салонаў прігажосці. У "Арэна-сіці" знаходзіцца фуд-корт – вялікая пляцоўка, якая складаецца з шэрага розных рэстаранаў і мае агульную пасадачную "залу". Таксама ў комплексе прадугледжаны тры забаўляльныя эпіцэнтры: сучасны кінатэатр
Silver Screen, месцы прыёму высокапастаўленых гасцей і гульнявая зона для дзяцей.

Адрас: пр. Пераможцаў, 84
Час работы: штодзень з 10.00 да 22.00

Гандлёвы цэнтр "Галерэя Мінск"

Galleria Minsk – гандлёва-забаўляльны цэнтр з арыгінальным інтэр’ерам і выгадным месцаразмяшчэннем. Пасля добрага шопінгу (у цэнтры знаходзіцца больш за 150 магазінаў, а ўвесь ніжні паверх адведзены пад гіпермаркет) можна падняцца на 7-ы – самы высокі ўзровень комплексу. Тут размешчаны фуд-корт і вялікая летняя тэраса з цудоўным відам на набярэжную Свіслачы і Стары горад. Для ўладальнікаў аўтамабіляў у гандлёвым цэнтры прадугледжаны 5-узроўневы паркінг.

Адрас: пр. Пераможцаў, 9
Час работы: ГЦ, фуд-корт – штодзённа з 10.00 да 22.00
Супермаркет – штодзённа з 9.00 да 23.00

Гандлёва-забаўляльны комплекс "Галілеа"

Galileo знаходзіцца побач з цэнтральнымі транспартнымі кропкамі сталіцы – аўта- і  чыгуначным вакзаламі. З вокнаў кафэ і фуд-корта цэнтра можна ўбачыць адну з галоўных славутасцей горада – "вароты Мінска". Усяго для гасцей працуе 10 кропак фуд-корта, рэстаран хуткага харчавання і 5 кафэ з разнастайнай кухняй – ад традыцыйнай беларускай да азіяцка-ціхаакіянскай. На сямі паверхах "Галілеа" знаходзяцца больш за 70 магазінаў сусветных брэндаў і беларускіх марак, прадуктовы супермаркет, дзіцячы забаўляльны цэнтр, мультыплекс з 7 кіназаламі і зонай адпачынку, а таксама 7D кінатэатр. Інфраструктура комплексу таксама ўключае 3-узроўневы паркінг і велапаркоўку. 

Адрас: вул. Бабруйская, 6
Час работы: Гандлёвая галерэя – нд–чц з 10.00 да 22.00; пт–сб з 10.00 да 23.00
Супермаркет – штодзённа з 7.00 да 23.00
Кінатэатр – нд–чц з 10.00 да 00.30, пт–сб з 10.00 да 02.30

"Дана Мол"

"Дана Мол" – гэта больш як 100 магазінаў як сусветна вядомых марак (Zara, Pull&Bear, Massimo Dutti), так і беларускіх брэндаў, утульныя кафэ, шматлікія кавярні і ажыўлены фуд-корт, 7 высокатэхналагічных кіназалаў самага вялікага мультыкомплексу Беларусі, "парк цудаў" і забаўляльны цэнтр для дзяцей. Перад цэнтрам знаходзяцца вялікая паркоўка і веласіпедная стаянка, акрамя таго, ёсць падземны паркінг на 3800 месцаў. Кожны месяц у цэнтральным атрыуме праводзяцца забаўляльныя, спартыўныя і сямейныя мерапрыемствы, модныя паказы і тэматычныя святы. Таксама ў комплексе адкрыта мастацкая галерэя-салон "АртХаос".

Адрас: вул. Мсціслаўца, 11
Час работы: штодзённа з 9.00 да 23.00

У Мінску ёсць яшчэ шмат гандлёвых цэнтраў, дзе можна зрабіць пакупкі. Сярод самых папулярных – гандлёвыя цэнтры "Люстэрка", "Атлантык", "Пасаж", "Сілуэт", "Новая Еўропа", "Імпульс", "Маскоўска-Венскі", "Няміга 3", "Падземны горад", "Глоба", "Тытан", "Максімус", "Магніт", "ALL"...

Калі вы шукаеце сапраўдныя беларускія брэнды па самых выгадных цэнах і з іншымі прыемнымі бонусамі, то ваш выбар – фірменныя магазіны і салоны вядучых прадпрыемстваў, якія адкрыты ў розных раёнах сталіцы. Сярод іх "Белвест", "Марко", "Беліта-Вітэкс", "Мілавіца", "Галантэя", "Элема", "Світанак", "Калінка", "Пінскі трыкатаж" ("Палессе"), "Алеся"...

Гіпермаркеты Мінска

Нараўне са шматлікімі магазінамі крокавай даступнасці, у Мінску працуюць вялікія гіпермаркеты, сеткавыя супермаркеты і дыскаўнтары, дзе можна купіць усё ад прадуктаў харчавання да бытавой тэхнікі.

Буйнейшыя сеткавыя гіпермаркеты і супермаркеты сталіцы – "Еўраопт", "Карона", "Алмі", "Гіпа", "Белмаркет",  "Суседзі", "Прастор", BIGZZ, Green,  "Віталюр", "Радзівілаўскі", "Прэстан".

Папулярнасцю ў гараджан і гасцей Мінска карыстаюцца будаўнічыя гіпермаркеты - "ОМА", "Мацярык", Mile.

Рынкі Мінска

На рэчавых рынках у Мінску можна купіць адзенне, абутак, аксесуары, бытавую тэхніку, карысныя дробязі. Харчовыя рынкі прапануюць свежае мяса і рыбу (вырашчаную мясцовымі рыбнымі гаспадаркамі), малочныя прадукты, агародніну і зелень, фрукты і ягады, мёд. У апошнія гады рынкі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі мадэрнізуюцца, ператвараючыся ў крытыя павільёны з гандлёвымі радамі.

Знакамітая славутасць Мінска – Камароўскі рынак. Гэта галоўны харчовы рынак краіны, дзе прадстаўлены фірменны гандаль большасці беларускіх вытворцаў. Акрамя таго, свежыя прадукты на Камароўку прывозяць фермеры і гаспадары прыватных сельскіх падворкаў.

Унікальны крыты павільён Камароўскага рынку, пабудаваны ў 1980 годзе, з'яўляецца помнікам архітэктуры і горадабудаўніцтва: такое збудаванне – адзінае ў Еўропе.

Плошча перад Камароўскім рынкам – папулярнае месца сустрэч у мінчан і гасцей горада. Яе ўпрыгожваюць фантан і арыгінальныя бронзавыя скульптуры: каня, фатографа, дамы з сабачкам, бабулі-гандляркі семкамі.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі