Выдатныя мясціны Мінскай вобласці | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Выдатныя мясціны Беларусі | Мінская вобласць

Выдатныя мясціны Мінскай вобласці

Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь"

Мемарыяльны комплекс "Хатынь"Сімвал трагедыі і неверагоднай мужнасці беларускага народа, памяць аб кожным трэцім жыхары краіны, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны… Беларуская вёсачка Хатынь знакаміта на ўвесь свет. Тут 22 сакавіка 1943 года пакутніцкую смерць прынялі 149 жыхароў, уключаючы старых і 75 дзяцей. Безабаронных людзей фашысты палілі жыўцом у зачыненым хляве, а тых, хто спрабаваў выбрацца з агню, "палівалі" аўтаматнымі чэргамі. У памяць аб трагедыі Хатыні і соцень іншых знішчаных разам з людзьмі вёсак быў заснаваны ўражальны мемарыял. З моманту адкрыцця ў 1969 годзе тут пабывала больш як 36 мільёнаў чалавек з розных куткоў свету.

Дзе знаходзіццаЛагойскі раён. На 54-м кіламетры шашы Мінск – Віцебск (М3) устаноўлены паказальнік "Хатынь", ад якога трэба праехаць 5 км да комплексу.

Час работы10.30 – 15.00, выхадны – панядзелак

Недалёка ад Хатыні знаходзіцца мемарыяльны комплекс "Дальва", прысвечаны вёсцы з такім жа страшным лёсам: 19 чэрвеня 1944 года фашысты спалілі жыўцом 29 дзяцей, 13 жанчын і 2 мужчын.

Мемарыяльны комплекс "Курган Славы"

Курган СлавыМанументальны "Курган Славы" заснаваны ў гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ваеннай аперацыі "Баграціён" – адной з буйнейшых у гісторыі чалавецтва – прымалі ўдзел чатыры франты пад камандаваннем праслаўленых палкаводцаў Ракасоўскага, Захарава, Чарняхоўскага і Баграмяна, а таксама маракі Дняпроўскай рачной флатыліі, французскія лётчыкі эскадрылллі "Нармандыя" і, вядома, беларускія партызаны. Агульная вышыня манумента – 70,6 м. На вяршыні ўзгорка (35 м), які захоўвае зямлю з гарадоў-герояў, знаходзяцца чатыры штыкі-абеліскі, што сімвалізуюць братэрства воінаў, і кальцо Славы, на якім адлюстраваны твары салдат і партызан.

Да вяршыні Кургана Славы вядуць дзве бетонныя лесвіцы – па 241 ступені ў кожнай. А ля падножжа знаходзіцца музей пад адкрытым небам, дзе можна ўбачыць легендарныя гарматы і танкі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Дзе знаходзіццаСмалявіцкі раён, 21-ы кіламетр шашы Мінск – Масква (М1)

Гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна"

Лінія СталінаЦікавы ваенны музей пад адкрытым небам заснаваны ў гістарычных месцах Мінскага ўмацавальнага раёна – часткі знакамітай "Лініі Сталіна", пабудаванай у 1930-я гады ўздоўж граніцы СССР ад Карэліі да Чарнаморскага ўзбярэжжа. На тэрыторыі комплексу, дзе захаваліся сапраўдныя ДОТы, можна ўбачыць усе віды акопаў, траншэй і процітанкавых ірвоў, стралковыя пазіцыі, бліндажы для байцоў і акопы для гармат. Тут жа сабрана самая вялікая ў Беларусі экспазіцыя ваеннай тэхнікі, авіяцыі і зброя розных гадоў, пачынаючы з часоў Вялікай Айчыннай вайны, унікальная калекцыя бронекаўпакоў, што захаваліся з Першай сусветнай…

"Лінія Сталіна"інтэрактыўны комплекс: тут вы ўбачыце рэканструкцыі гістарычных баёў, выпрабуеце сапраўдную зброю часоў Вялікай Айчыннай вайны (вінтоўку Мосіна, Маўзер або кулямёт Максім), пакатаецеся на сучаснай бранятэхніцы і легендарных ваенных танках, пакаштуеце салдацкую кашу. У комплексе створана мемарыяльная лінія "Марская слава Беларусі", сярод экспанатаў якой – 300-гадовы якар часоў Пятра I і славуты плаваючы танк ПТ-76.

Дзе знаходзіццаМінскі раён, каля вёскі Лашаны за 6 км ад г. Заслаўе

Час работы10.00-18.00, выхадны – панядзелак

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Спаса-Праабражэнская царква ў ЗаслаўіУ 2025-м годзе Заслаўю – аднаму з самых старажытных гарадоў Беларусі – споўніцца 1040 гадоў. Яго гісторыя расказвае пра трагічны лёс полацкай князёўны, сям'ю якой загубіў муж – кіеўскі князь Уладзімір. Пасля няўдачнай спробы адпомсціць Рагнеда, якая стала першай беларускай хрысціянкай, вярнулася на радзіму. Для яе і сына Ізяслава, якога за мудрасць называлі князем-кніжнікам, быў пабудаваны новы горад… Сёння музей-запаведнік аб'ядноўвае больш за сотню гектараў старадаўняй часткі Заслаўя, помнікі гісторыі і  архітэктуры – гарадзішча Замэчак (X-XI стст.), курганныя могільнікі X-XI стст., гарадзішча Вал, Спаса-Праабражэнскую царкву (былы кальвінскі збор), касцёл XVIII ст. і палацава-паркавы ансамбль…

У запаведніку "Заслаўе" для гасцей адкрыты музейна-выставачная экспазіцыя, этнаграфічны комплекс "Млын", музей-ДОТ, а таксама Дзіцячы музей міфалогіі і лесу.

Дзе знаходзіцца г. Заслаўе, вул. Рыначная, 4 (музейна-выставачны комплекс)

Час работы 9.00 – 17.00, выхадны – панядзелак

Гісторыка-культурны комплекс "Брылёўскае поле"

Гістарычная рэканструкцыя на Брылёўскім поліУ лістападзе 1812 года ў наваколлі Барысава разгарнулася адна з самых значных бітваў Айчыннай вайны: войскі Напалеона, якія адступалі, былі разбіты, а рака Бярэзіна ў французскай мове стала сінонімам катастрофы. На яе берагах каля беларускіх вёсак Студзёнка і Брылі загінулі 50 тысяч салдат: французы, рускія, беларусы, палякі, немцы. І сёння комплекс "Брылёўскае поле", прысвечаны Бярэзінскай пераправе, аб'ядноўвае помнікі і мемарыяльныя пахаванні, сімвалічны гай і курганы. Тут праходзяць грандыёзныя касцюміраваныя баі, якія збіраюць клубы рэканструктараў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі, Швейцарыі…

Мемарыялы ў памяць аб Бярэзінскай пераправе ўстаноўлены таксама ў вёсцы Студзёнка і каля шашы Барысаў - Зембін. У вёсцы Старабарысаў захаваўся фрагмент сядзібнага флігеля – "Дом Напалеона" – дзе спыняўся французскі імператар.

Дзе знаходзіццаБарысаўскі раён, в. Брылі

Нацыянальны парк "Нарачанскі"

Возера НарачСамае вялікае возера Беларусі Нарач і яшчэ дзясяткі дзіўных па прыгажосці і прыродных асаблівасцях ледніковых азёр – жамчужыны нацыянальнага парку "Нарачанскі". Напрыклад, Балдук з глыбінёй да 40 метраў, празрыста чыстая Глубля, падобная на сэрца Глубелька, таямнічае Мёртвае возера, якое бярэ ваду з балот… Захапляе і флора тутэйшых мясцін: на маленькіх тэрыторыях могуць расці адразу дзясяткі відаў рэдкіх раслін, якія сведчаць аб чысціні экасістэмы. Нядзіўна, што Нарачанскі край ператварыўся ў самы вялікі курорт Беларусі, вядомы крыніцамі лекавых вод і гразі, камфортным умераным кліматам.

Госці нацыянальнага парка "Нарачанскі" могуць зрабіць прагулку па воднай гладзі або экасцежцы, заняцца дайвінгам, абляцець тэрыторыю на верталёце ці адправіцца в аўдыятур па курортным пасёлку.

Дзе знаходзіццаМядзельскі раён, курортны пасёлак Нарач

Касцёл у Будславе – Нацыянальны санктуарый Будслаўскага абраза Маці Божай

Касцёл у БудславеВелічны касцёл Ушэсця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Будслаў – самы вялікі каталіцкі храм Беларусі – захапляе архітэктурай і дзіўнай гісторыяй. Яшчэ ў ХVI стагоддзі манахі-бернардзінцы заснавалі ў мястэчку драўляны храм, а з 1613 года ў Будславе захоўваецца адна з самых шануемых каталіцкіх святынь Беларусі – цудатворны абраз Божай Маці. Старажытны абраз у 1598 годзе мінскі ваявода Ян Пац атрымаў з рук Папы Рымскага Клімента VIII. Акрамя таго, у капліцы святой Варвары,  узведзенай пры будаўніцтве мураванага храма ў 1643 годзе, захаваўся ўнікальны драўляны алтар.

За асаблівую ролю Будслаўскага храма ў жыцці беларускіх католікаў Папа Рымскі Іаан Павел II у 1994 годзе прысвоіў касцёлу тытул "базіліка малая". Гэта адно з самых знакамітых месц Беларусі, куды прыязджаюць паломнікі з усяго свету.

Дзе знаходзіццаМядзельскі раён, в. Будслаў

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і быту ў вёсцы Азярцо

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і бытуСамабытны музей-вёска пад адкрытым небам, які складаецца з помнікаў дойлідства XVII-ХХ стагоддзяў, размешчаны ўсяго за некалькі кіламетраў ад Мінска. Старажытныя драўляныя дамы сялян, ветраны млын і свіран, царква XVIII стагоддзя і прыходская школа, кузня і карчма прывезены сюды з розных куткоў краіны і прадстаўляюць тры этнаграфічныя рэгіёны – Цэнтральную Беларусь, Паазер'е і Падняпроўе. Увесь год у музеі-скансэне праходзяць святы ў народных традыцыях і арыгінальныя фестывалі – Каляды, Купалле, праект "Шэдэўры сусветнай класікі ў музеі пад адкрытым небам", Сырны фестываль, фолк-фэст "Камяніца"

Дзе знаходзіццаМінскі раён, в. Азярцо

Час работыУ зімовы перыяд з 10.00 да 15.00, у летні – з 10.00 да 17.30, выхадныя – панядзелак, аўторак

Палац у вёсцы Прылукі

Палац у вёсцы ПрылукіПаводле легенды, загадкавы палац у вёсцы Прылукі з'явіўся на месцы праваслаўнага манастыра, які па невядомай прычыне разбурыўся ў 1740 годзе. Уладальнікамі сядзібы былі прадстаўнікі вядомых прозвішчаў: Агінскія, Іваноўскія, Горваты, Вішнявецкія. А ў 1871 годзе маёнтак, які вельмі моцна пацярпеў ад пажару, купіў вядомы граф Эмерык Гутэн-Чапскі – уплывовы міністр пры двары імператара Аляксандра II, заўзяты калекцыянер манет і медалёў, тонкі аматар мастацтва. Пры ім цудоўны неагатычны палац стаў сядзібай муз для кампазітараў, музыкантаў, мастакоў…

Гасцей маёнтка сустракала арыгінальная ўязная брама, ад якой да рэзідэнцыі, як задумалі Чапскія, трэба было зрабіць роўна 365 крокаў – па колькасці дзён у годзе.  У наш час у палацы размешчаны навукова-даследчы інстытут.

Дзе знаходзіццаМінскі раён, аграгарадок Прылукі

Палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Станькава / Сядзіба Гутэн-Чапскіх у вёсцы Станькава

Сядзіба ў вёсцы СтанькаваУ мястэчку Станькава ўсё той жа граф Эмерык Гутэн-Чапскі заснаваў цудоўную сядзібу, якая стала радавой рэзідэнцыяй. Сам палац – настальгія гаспадара па сярэдневякоўі – быў спалены ў час Другой сусветнай вайны, але засталіся ў цэласці іншыя будынкі. Напрыклад, асаблівая гордасць графа – "Скарбніца" – двухпавярховы павільён з вуглавымі вежамі і гатычнымі дахамі, дзе калісьці захоўваліся ўнікальная нумізматычная калекцыя, бібліятэка з тысяч рэдкіх кніг і старадаўніх карт, маляўнічыя палотны і старадаўні фарфор, рарытэты, знойдзеныя пры раскопках станькаўскіх курганоў…

Захаваліся ў сядзібе ўязная брама, кузня, дом для слуг і кухонны флігель з падземным ходам, воданапорная вежа, свіран, пахавальня і альтанка на беразе сажалкі, адкуль адкрываецца від на Свята-Нікольскі храм ХIХ стагоддзя, які аднаўляецца.

Дзе знаходзіццаДзяржынскі раён, в. Станькава

Музей-сядзіба "Дзяржынава"

Музей-сядзіба "Дзяржынава"Беларускі хутар Дзяржынава – радзіма легендарнай асобы ў гісторыі ХХ стагоддзя. Адзін з самых вядомых савецкіх рэвалюцыянераў і кіраўнікоў Кастрычніцкага паўстання, дзяржаўны і партыйны дзеяч, заснавальнік савецкіх спецслужбаў, Фелікс Дзяржынскі заваяваў мянушку "жалезны Фелікс". Арыгінальная радавая сядзіба была спалена фашыстамі ў 1943 годзе, аднак праз дзесяцігоддзі адбудавана. У музеі адноўлены інтэр'еры пакояў і захоўваюцца сапраўдныя прадметы, што належалі сям'і Дзяржынскіх у канцы XIX – пачатку ХХ стст. Сярод іх мэбля і асабістыя рэчы, кнігі і  ўнікальныя сямейныя фатаграфіі… 

Да 2004 года мемарыяльны комплекс быў прадстаўлены 48 валунамі – па колькасці гадоў, што пражыў Фелікс Дзяржынскі. Сёння яны ляжаць уздоўж алей, якія вядуць да музея.

Дзе знаходзіццаСтаўбцоўскі раён, в. Пятрылавічы

Час работы9.00 – 17.00, выхадныя – нядзеля, панядзелак

Музей старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі"

ДудуткіАдзін з самых наведвальных этнаграфічных музеяў Беларусі знаходзіцца ў наваколлі вёскі Дудзічы, якой на працягу 130 гадоў валодаў славуты род Ельскіх. У канцы 1990-х на аснове багатай гісторыі тутэйшых мясцін быў створаны ўнікальны комплекс, які расказвае аб жыцці беларускага маёнтка ХIХ стагоддзя. У "Дудутках" адкрыты этнаграфічная галерэя і вялікі рамесны двор, драўляная царква Іаана Прарока, ветраны млын і пякарня, бровар і сыраварня… Тут можна пазнаёміцца з тайнамі старажытных рамёстваў, адчуць хараство народных абрадаў і свят, пакаштаваць сапраўдны свежаспечаны беларускі хлеб

Яшчэ адна славутасць музея "Дудуткі"гараж з рэтра-аўтамабілямі, дзе захоўваюцца ЗІМ, Чайка, Хорх, Віліс, Фольксваген Жук, Ганомак, Фіят Тапаліна, Крайслер…

Дзе знаходзіццаПухавіцкі раён, в. Пціч

Час работыАўторак–серада – 10.00-17.00, чацвер–нядзеля – 10.00-18.00, выхадны – панядзелак

Дукорскі маёнтак

Дукорскі маёнтакГісторыка-турыстычны комплекс "Дукорскі маёнтак" – былы шляхецкі маёнтак, землямі якога ў розны час валодалі прадстаўнікі знакамітых родаў: Кежгайлы, Завішы, Шэметы, Агінскія, Оштарпы, Гартынгі. А сёння гэта сапраўдны цэнтр адраджэння старадаўняй шляхецкай культуры Беларусі. Гістарычная школа верхавой язды і валодання шабляй, каларытныя героі-гаспадары ў традыцыйных шляхецкіх строях, майстэрства танца і старадаўняя жывая музыка, забытыя забавы на свежым паветры і дзіўна самабытныя святы, адроджаныя стравы шляхецкай кухні і традыцыйныя напіткі – усё гэта нібыта пераносіць гасцей на некалькі стагоддзяў у мінулае.

На 25 гектарах тэрыторыі "Дукорскага маёнтка" ёсць музей, старадаўні парк з воднай сістэмай, рамесныя майстэрні, вінакурня, карчма, шынок, брама з вежай, якая захавалася з канца XVIII стагоддзя, адноўленая па фотаздымках карэтная таго ж перыяду, заасад і 400-гадовы Дуб жаданняў, гасцявыя домікі, вяровачны гарадок і незвычайны аб'ект – Перавернуты дом.

Дзе знаходзіццаПухавіцкі раён, аграгарадок Дукора, вул. Школьная, 15

Час работы10:00-18:00 (уваход да 17:00), выхадны – панядзелак

Музей "Прастора Хаіма Суціна" ў Смілавічах

Музей "Прастора Хаіма Суціна" ў СмілавічахАдзін з яркіх прадстаўнікоў "Парыжскай школы" жывапісу, сябар Амедэа Мадыльяні і Марка Шагала Хаім Суцін нарадзіўся ў 1893 годзе ў беларускім гарадку Смілавічы. Пасля эміграцыі ён знайшоў прыстанішча ў знакамітым парыжскім "Вулеі", шмат гадоў жыў на поўдні Францыі, зноў заваёўваў Парыж. І пісаў свае таленавітыя работы. Аднойчы амерыканскі калекцыянер Альберт Барнс выкупіў амаль 60 палотнаў Суціна… У 2008 годзе на радзіме мастака ў Смілавічах быў створаны музей "Прастора Хаіма Суціна". Экспазіцыя пад назвай "На радзіме: Смілавічы-Мінск-Вільня" расказвае аб радаводзе і сям'і мастака, яго жыцці ў мястэчку, вучобе ў Мінску і Вільні. Калекцыя другой залы, стылізаванай пад парыжскае кафэ, запрашае азнаёміцца са спадчынай мастака і яго сяброў – выхадцаў з Літвы і Беларусі, убачыць рэпрадукцыі карцін Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя, Аскара Мешчанінава, Амедэа Мадыльяні…

Дзе знаходзіццаМінская вобласць, г.п. Смілавічы, вул. Рэвалюцыйная, 20
Час работы 9.00-17.00, субота – 9.00-14.00, выхадны – нядзеля

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж"

НясвіжСтарадаўні гарадок за сотню кіламетраў ад Мінска вядомы далёка за межамі Беларусі. Менавіта тут размешчаны цудоўны палацава-паркавы ансамбль са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – рэзідэнцыя магутнай дынастыі Радзівілаў, а таксама іншыя ўнікальныя помнікі гісторыі і архітэктуры. Нясвіжскі касцёл Божага Цела – першы ва Усходняй Еўропе храм у стылі барока, дзе знаходзіцца фамільная крыпта Радзівілаў (па колькасці трэцяя ў Еўропе пасля пахавальняў Габсбургаў і Бурбонаў). Нясвіжская ратуша – самая старая з захаваных у Беларусі – пабудавана ў 1596 годзе. А Слуцкая брама ў Нясвіжы – наогул адзіныя захаваныя вароты, якія ўваходзілі ў сістэму гарадскіх умацаванняў.

Комплекс былога манастыра бенедыкцінак у Нясвіжы – першы ў Беларусі жаночы каталіцкі манастыр, пабудаваны ў 1593–1596 гг. Сёння ў захаваных будынках знаходзіцца каледж.

Дзе знаходзіццаг. Нясвіж

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі