Этнаграфічныя музеі Беларусі | Belarus.by
У Беларусь без візы: на 5 дзён для грамадзян 80 краін
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год навукі ў Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
500 гадоў гісторыі беларускага кнігадрукавання
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Этнатурызм | Этнаграфічныя музеі

Этнаграфічныя музеі Беларусі

Этнаграфічная вёска ў Буйнічах
Этнаграфічная вёска ў Буйнічах

Калі вы хочаце зазірнуць у гісторыю Беларусі, адчуць самабытнасць культуры нашага народа і ўбачыць, як жылі беларусы ў даўніну, абавязкова пабывайце ў этнаграфічным музеі або комплексе пад адкрытым небам.

Тут можна даведацца аб традыцыях і побыце беларускага народа, прыняць удзел у спрадвечных забавах, паслухаць фальклорныя песні і асвоіць беларускія танцы, паназіраць за работай майстроў і самім зрабіць сапраўдныя беларускія сувеніры, пакаштаваць стравы і напіткі нацыянальнай кухні.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо)

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту Гэта ўнікальны для нашай краіны, адзіны ў Беларусі музей-скансан, які ўяўляе сабой цэлую вёску з помнікаў дойлідства XVII-ХХ стагоддзяў.

Музей размешчаны за некалькі кіламетраў ад  Мінска  – паміж вёскамі Азярцо і Строчыца, таму яго часта называюць "Музей ў Азярцы", "Музей "Строчыца", "Строчыцы"...

Ідэю стварэння комплексу пад адкрытым небам упершыню агучыў у 1908 годзе вядомы беларускі мастак  Фердынанд Рушчыц, але падзеі Першай і Другой сусветных войнаў, неабходнасць аднаўлення краіны на многія гады адклалі яго з'яўленне.

Беларускія народныя касцюмыУ 1976 годзе пачалася вялікая навукова-экспедыцыйная работа з удзелам архітэктараў, гісторыкаў, этнографаў. У розных рэгіёнах Беларусі шукалі, вывучалі і перавозілі на месца музея помнікі драўлянай архітэктуры, прадметы побыту, рамёстваў і промыслаў.

І на працягу 1987-1994 гадоў адкрыліся экспазіцыі, якія прадстаўляюць архітэктуру, культуру і жыццёвы ўклад трох этнаграфічных рэгіёнаў - Цэнтральная Беларусь, Паазер'е і Падняпроўе. Сёння ў музеі каля 40 аб'ектаў, сярод якіх:

  • Пакроўская царква XVIII стагоддзя
  • царкоўна-прыходская школа
  • вятрак і свіран
  • карчма
  • кузня
  • лазня
  • хаты заможных і бедных сялян

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо)У музеі дзейнічаюць выстаўкі "Транспартныя сродкі ў Беларусі", "Пчалярства ў Беларусі", "Беларускі лён", "Забродскія снасці" (аб рыбалоўстве у Беларусі).

Традыцыяй Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту стала правядзенне нацыянальных свят і абрадаў, фестываляў і канцэртаў:

  • Каляды
  • Масленіца
  • "Гуканне вясны"
  • Купалле
  • "Восеньскі фэст"
  • фолк-фестываль "Камяніца"
  • праект "Шэдэўры сусветнай класікі ў музеі пад адкрытым небам"
  • Дзень музеяў

Госці музея могуць прыняць удзел у святочных мерапрыемствах і народных забавах, у карчме пакаштаваць сапраўдныя дранікі, верашчаку, збіцень, іншыя стравы і напоі традыцыйнай беларускай кухні.

Дзе знаходзіцца:
Мінскі раён, паміж в. Азярцо і в. Строчыца, на беразе ракі Пціч

Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій  "Дудуткі"

 Музей "Дудуткі""Дудуткі" - адзін з самых наведвальных музеяў Беларусі - размешчаны за 40 км ад  Мінска ў маляўнічай мясціне каля ракі Пціч.

У ваколіцах вёскі Дудзічы побач з комплексам калісьці знаходзіўся маёнтак знакамітага дваранскага роду Ельскіх, якія ператварылі Дудзічы ў буйны рамесны і гандлёвы цэнтр, "сядзібу муз".

Cтарадаўняя кузня ΧІΧ стагоддзяДа 1800 года ў маёнтку былі не толькі дом гаспадароў і рамесныя майстэрні, але і драўляная царква, вятрак, тры карчмы, сад, аранжарэя, невялікі гарбарны завод. Кожны месяц у мястэчку праводзіліся кірмашы.

Ініцыятарам стварэння музея "Дудуткі", які адкрыўся ў 1994 годзе, стаў беларускі журналіст Яўген Будзінас. На аснове багатай гісторыі Дудзіч з'явіўся комплекс, дзе ўзноўлены ўклад жыцця беларускага маёнтка ХIХ стагоддзя.

Сёння ў "Дудутках" адкрыты:

  • этнаграфічная галерэя з экспазіцыяй прадметаў побыту ΧVІІІ-ΧΧ стагоддзяў
  • рамесны двор (салома- і лозапляценне, ткацтва)
  • ганчарная майстэрня (музей керамікі)
  • майстэрня цесляра
  • старадаўняя кузня ΧІΧ стагоддзя
  • сыраварня
  • пякарня
  • бровар (цэх самагонаварэння)
  • гараж з рэтра-аўтамабілямі (ЗІМ, Чайка, Хорх, Віліс, Фальксваген Жук, Ганомак, Фіят Тапаліна, Крайслер)
  • вятрак галандскага ўзору (збудаваны ў 1903-1905 гг. братамі Міхаілам і Іванам Паляковымі)
  • драўляная царква Іаана Прарока
  • стайня з пародзістымі конямі, поні, ішаком
  • заасад (каровы, авечкі, свінні, трусы, свойскія птушкі)
  • страусіная ферма

Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій  "Дудуткі"Гасцям музейнага комплексу прапануюць дэгустацыі прадуктаў мясцовай вытворчасці ў бровары (самагон, хлеб, мёд, агурок), у пякарні (свежаспечаны хлеб, 3 віды сыроў, масла) і на ветраку (сялянскі хлеб з салам).

У комплексе ёсць кафэ ("Дудуткі", "Карчма"), бар "Шынок", гасцініца "Пціч", гасцявы дом з лазняй.

На працягу ўсяго года ў "Дудутках" праходзяць святы і фестывалі:

  • Масленіца
  • Адкрыццё і закрыццё сезона ("Спадчына Ельскіх")
  • Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці
  • Фестываль вулічных артыстаў
  • Пленэр кавалёў
  • Open air "Купалле"
  • Прастольнае свята Дудуткаўскага храма
  • Фестываль славы беларускай зброі "Наш Грунвальд"
  • Фэст "Этна Млын"
  • Свята "Трох Спасаў"
  • "Калядная выстаўка"

Дзе знаходзіцца:
Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, за паўтара кіламетра ад вёскі Дудзічы

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"Заслаўе - адзін са старажытных гарадоў Беларусі: упершыню згадваецца ў летапісах пад 1127 годам, але заснаваны намнога раней.

Тут захаваліся дзіўныя гістарычныя помнікі, на базе якіх у 1986 годзе быў створаны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе".

Сёння музей-запаведнік змяшчае помнікі міжнароднага і рэспубліканскага значэння:

  • гарадзішча "Замэчак" (X-XI стст., летапісны Ізяслаўль)
  • курганныя могільнікі X-XI стст.
  • гарадзішча "Вал" з кальвінскім зборам (XI-XVII стст., заслаўскі замак)
  • касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (другая палавіна XVIII ст.)
  • палацава-паркавы комплекс Пшаздзецкіх

Для шматлікіх наведвальнікаў адкрыты:

  • музейна-выставачны комплекс
  • этнаграфічны комплекс "Млын"
  • музей-ДОТ
  • Дзіцячы музей міфалогіі і лесу

Этнаграфічны комплекс "Млын"Этнаграфічны комплекс "Млын" створаны ў гонар захаванага ў Заслаўі паравога млына – помніка мукамольнай вытворчасці пачатку XX ст. У комплексе ёсць таксама Хата завознікаў, свіран, кузня.

У музеі-запаведніку "Заслаўе" праходзяць тэатралізаваныя экскурсіі, батлеечныя спектаклі.

Дзе знаходзіцца:
г. Заслаўе, вул. Рыначная, 4

Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый

Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцыйГорад Ветка і яго наваколле – вельмі цікавы рэгіён на паўднёвым усходзе краіны, які стаў беларускім цэнтрам расколу праваслаўнай царквы канца XVII - XVIII стагоддзяў.

Веткаўскі музей народнай творчасці створаны ў 1978 годзе на аснове асабістай калекцыі Фёдара Шклярава – выхадца з мясцовага стараверскага роду, самадзейнага мастака і калекцыянера даўніны. Пастаянная экспазіцыя адкрылася ў 1987 годзе ў адрэстаўрыраваным і рэканструяваным гістарычным будынку - доме купца Грошыкава.

Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцыйЦяпер у экспазіцыі Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава звыш 10 тысяч аб'ектаў, якія прадстаўляюць гісторыю і культуру стараверскай і праваслаўнай беларускай вёскі:

            • старадаўнія і стараверскія абразы
            • рукапісныя і старадрукаваныя кнігі XVI-XIX стагоддзяў
  • зборы службовых малюнкаў і прарысовак іканапісцаў XVII-XX стагоддзяў
  • калекцыі вырабаў, створаных з дапамогай унікальнага мастацкага метаду - шыцця залатымі ніткамі, бісерам і жэмчугам
  • калекцыя хатніх упрыгажэнняў (у тэхніцы разьбы) XIX - XX стст.
  • калекцыя рытуальных ручнікоў
  • археалагічныя знаходкі
  • народныя касцюмы

Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцыйБеларускія стараверы стваралі рукапісныя кнігі з цудоўнымі мініяцюрамі і арнаментам, па-майстэрску пісалі абразы. У калекцыі музея ёсць рарытэты Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца.

Сёння ў Веткаўскім музеі праходзяць экскурсіі (ёсць таксама электронны гід на 4 мовах), тэматычныя выстаўкі, а ў зале "Жывое рамяство" госці могуць азнаёміцца з традыцыямі і сакрэтамі беларускага ткацтва.

У Гомелі знаходзіцца філіял Веткаўскага музея, дзе часта праходзяць народныя святы ("Беларускія вячоркі"), майстар-класы (ткацтва, размалёўка велікодных яек).

Дзе знаходзіцца:
Гомельская вобл., г. Ветка, вул. Чырвоная Плошча, 5
Філіял: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў)

Музей народнай творчасці "Бездзежскі фартушок"

Беларуская вёска Бездзеж, гісторыя якой налічвае больш за 600 гадоў, славіцца беласнежнымі ільнянымі фартухамі, якія сталі сапраўдным брэндам гэтай мясцовасці.

Музей народнай творчасці "Бездзежскі фартушок"Для іх стварэння майстрыхі вельмі шмат працавалі. Лён збіралі ў строга вызначаны час, доўга ператвараючы яго ў найтанчэйшую пражу - лічылася, 300 нітак павінны прайсці праз заручальны пярсцёнак. Фірменнай беласці палатна дасягалі з дапамогай асаблівых сакрэтаў, а потым гатовыя фартухі расшывалі сімвалічнымі ўзорамі.

У 1999 годзе ў вёсцы адкрыўся музей "Бездзежскі фартушок" з багатай калекцыяй старадаўніх фартухоў і іншых прадметаў нацыянальнага адзення, ручнікоў.

Тут праходзяць займальныя экскурсіі, якія расказваюць пра побыт беларусаў і традыцыі народнай моды. Часта яны суправаджаюцца гульнёй і спевамі мясцовых народных калектываў. У Бездзежы можна ўбачыць рэдкі танец на вілах "Мікіта".

Бездзежскі фартушок Пры музеі адкрыты падворак "Каля Плэса". Гэта сапраўдны сялянскі дом, дзе адноўлены побыт жыхароў палескай вёскі. Турысты могуць агледзець гаспадарку і схадзіць на рыбалку, пакатацца на брычцы, пакаштаваць старадаўнія стравы (дранікі, сала, бездзежскі хлеб, свежае малако і сыры) і ацаніць смак традыцыйнай прыправы з тоўчанага семя лёну.

На Вялікдзень у Бездзежы праходзіць унікальны вясновы абрад "Стрэлка".

Дзе знаходзіцца:
Брэсцкая вобласць, Драгічынскі раён, в. Бездзеж, вул. Піянерская, 9

Турысцка-забаўляльны комплекс "Беларуская этнаграфічная вёска ХIХ стагоддзя"

Комплекс "Беларуская этнаграфічная вёска ХIХ стагоддзя"Комплекс "Беларуская этнаграфічная вёска ХIХ стагоддзя" размешчана пад адкрытым небам за 2 км ад Магілёва, насупраць мемарыяльнага комплексу "Буйніцкае поле".

Вёска не з'яўляецца музеем у поўнай меры, але знаёміць гасцей з асаблівасцямі беларускага мястэчка XIX стагоддзя, традыцыямі народа, абрадамі, рытуаламі, рамеснымі промысламі.

У этнаграфічнай вёсцы ёсць вуліца майстроў, якая складаецца з 7 хатак:

  • майстэрня ганчара
  • пякарня
  • майстэрня цесляра
  • кузня
  • майстэрня ткачоў
  • хатка майстроў па вышыўцы, пляценню з саломкі і лазы
  • хатка Самагоншчыцы

Тут можна ўбачыць рамеснікаў за працай і набыць зробленыя іх рукамі сувеніры, пакаштаваць моцны алкагольны напой, даведацца, як у даўніну пяклі хлеб, караваі, кулічы, а таксама пачаставацца свежай выпечкай.

Візітная картка вёскі - вялізны вятрак і дом у традыцыйным шляхецкім стылі, дзе знаходзяцца гасцініца і рэстаран (харчэўня).

У турысцка-забаўляльным комплексе "Беларуская этнаграфічная вёска ХIХ стагоддзя" праводзяцца этнічныя фестывалі, кірмашы і беларускія народныя святы.

Дзе знаходзіцца:
Магілёўскі раён, в. Буйнічы

Вёска-музей "Заброддзе"

Вёска-музей "Заброддзе" У гістарычных мясцінах на беразе ракі Нарачанка, дзе стагоддзе таму праходзіла лінія фронту  Першай сусветнай вайны, знаходзіцца самабытная вёска Заброддзе. Сям'я беларускага мастака і краязнаўца Барыса Цітовіча ператварыла яе ва ўнікальны музей пад адкрытым небам, прысвечаны ваеннаму мінуламу, і цікавы турыстычны комплекс з аўтэнтычнай архітэктурай, народным побытам і традыцыямі, атмасферай творчасці.

Сёння ў "Заброддзі" госці могуць наведаць:

  • першы ў Беларусі музей гісторыі Першай сусветнай вайны, які захоўвае больш як 2000 экспанатаў: абмундзіраванне і зброю, процівагаз, дакументы і фатаграфіі, прадметы быту салдат і асабістыя рэчы ў памяць аб блізкіх;
  • музей рэтра-аўтамабіляў, дзе сабраны рарытэты 30-90-х гадоў ХХ стагоддзя: ЗІС-5, ГАЗ-67, ГАЗ М1, Willys, Opel Kadett, Opel Blitz...
  • экспазіцыю матацыклаў і веласіпедаў;
  • музей побыту стагадовай даўнасці (старадаўняя мэбля, ручнікі, адзенне, посуд, музычныя інструменты, фота);
  • кузню і лазню, якой ужо два стагоддзі;
  • творчыя майстэрні мастака і рэжысёра тэатра лялек...

На беразе ракі  пабудаваная ў стылі XVI-XVII стст. драўляная Барысаглебская капліца ў памяць аб усіх загінулых у ваенных дзеяннях. Таксама сярод самых шануемых мясцін Заброддзя і наваколля - лазарэтныя могілкі часоў Першай сусветнай вайны і 6-метровы крыж на пахаванні паблізу ваеннага лагера, памятная капліца ў гонар 80-годдзя заканчэння вайны, стэла і камень на месцы гібелі казака Данііла Шаўчэнкі...

На працягу года ў "Заброддзі" праходзяць сімвалічныя мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі раёна:

  • аўтапрабег па мясцінах памяці ахвяр Першай сусветнай вайны,
  • Дзень Перамогі з памінаннем воінаў дзвюх сусветных войнаў,
  • Дзень памяці герояў...

Для турыстаў у комплексе "Заброддзе" адкрыты аўтэнтычныя сялянскія домікі і ўладкаваны палатачныя гарадкі, працуюць летняе кафэ і сувенірная крама, прапануюцца экскурсіі і забаўляльныя праграмы.

Дзе знаходзіцца:
Мінская вобласць, Вілейскі раён, в. Заброддзе

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
У Беларусь без візы: на 5 дзён для грамадзян 80 краін
Платныя дарогі ў Беларусі