Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Уражанні, дзеля якіх варта прыехаць у Беларусь

Уражанні, дзеля якіх варта прыехаць у Беларусь

Падарожжы па розных краінах – гэта не проста сотня фатаграфій у памяці смартфона і не чарговая адзнака на карце свету. Падарожжы – гэта яркія эмоцыі і новыя ўражанні. Любому кутку планеты ёсць чым здзівіць. І Беларусь не выключэнне! Прыродныя і рукатворныя помнікі, старадаўнія абрады, архітэктурныя шэдэўры, смачная ежа – словам, кожны можа знайсці тут нешта даспадобы.

Пабываць у буйнейшым рэліктавым лесе Еўропы і палічыць зуброў

Адна з самых знакамітых прыродных славутых мясцін Еўропы і свету – Белавежская пушча. Гэты дзіўны першабытны лес размешчаны на тэрыторыі дзвюх краін – Беларусі і Польшчы. І ў якасці сумеснай намінацыі з 1992 года ўваходзіць у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Белавежская пушча – самы стары ў Еўропе запаведнік: у 1409 годзе кароль Ягайла забараніў паляванне ў гэтым лесе на вялікага звера ўсім, акрамя сябе і князя Вітаўта.

Узрост некаторых дрэў перасягае 500 гадоў – верагодна, што ёсць дубы, якія "бачылі" вялікіх князёў. І ў цэлым багацце пушчы захапляе! Сёння работнікі запаведнага лесу вядуць радаслоўную кнігу еўрапейскіх зуброў, бо менавіта тут жыве буйнейшая ў свеце папуляцыя, выратаваная ад вымірання. У Нацыянальным парку "Белавежская пушча" налічваецца 604 асобіны (і яшчэ мноства расселена па іншых лясах Беларусі), з польскага боку – 770 жывёл.

Пасярод векавых дрэў у сваёй белавежскай сядзібе жыве самы вядомы беларускі Дзед Мароз. Прычым да яго можна прыехаць не толькі зімой, а круглы год. Рэзідэнцыю галоўнага навагодняга чарадзея адкрылі ў снежні 2003 года. Сядзіба займае плошчу 15 га, на якіх размяціліся Дом Дзеда Мароза, Церам Снягурачкі, Чароўны млын, што перамолвае дрэнныя ўчынкі ў пыл і пясок, Скарбніца, паляна Дванаццаці Месяцаў, жывая Навагодняя Ёлка, алея знакаў Усходняга Календара. Акрамя таго, у сядзібе беларускага Дзеда Мароза на 15-годдзе адкрыцця з’явіўся першы ў свеце помнік Новаму году. Штогод сядзіба прымае каля 150 тысяч гасцей.

Самы стары лес Еўропы, бадай што, і лепшае месца, каб паглыбіцца ў гісторыю. Створаны тут археалагічны музей пад адкрытым небам раскажа пра жыццё продкаў еўрапейцаў цікавей за падручнікі. Унікальны музей-гарадзішча прадстаўлены трыма экспазіцыямі: "Гарадзішча позняга бронзавага, ранняга жалезнага веку", "Старажытнагерманскі падворак жалезнага веку" і "Славянскае паселішча ранняга сярэднявечча". Тут можна ўбачыць, як у старажытнасці людзі будавалі ўмацаванні для абароны ад варожых набегаў, як вялі хатнюю гаспадарку і побыт.

Зазірнуць у цудоўныя замкі са Спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і не толькі

Гісторыя Беларусі поўная шматлікіх войнаў – як лакальных, так і глабальных. У сярэднія вякі цяжка ўявіць абарону гарадоў без фартыфікацыйных збудаванняў. Спачатку гэта былі драўляныя замкі – матэрыялу для будаўніцтва хапала з лішкам, ды і ўзводзіліся такія ўмацаванні хутка. Праўда, згаралі яны яшчэ хутчэй.

З удасканаленнем асадных прылад настаў час мураваных цытадэлей. Спачатку да драўляных умацаванняў прыбудоўвалі вежу. Прыклад такой вежы можна ўбачыць у горадзе Камянцы Брэсцкай вобласці – цагляны слуп вышынёй каля 31 м, пабудаваны ў другой палавіне XIII стагоддзя ў раманскім стылі, атрымаў назву Белая вежа. Па тэўтонскім узоры ў ВКЛ будаваліся замкі-кастэлі: напрыклад, Крэўскі (канец XIII – пачатак XIV стагоддзяў) і Лідскі (першая палавіна XIV стагоддзя). Прычым Крэўскі быў першым у Вялікім Княстве Літоўскім, поўнасцю створаным з цэглы і каменю.

Колькасць пабудаваных на тэрыторыі Беларусі з XIII па XVIII стагоддзі замкаў перасягае сотню, але, на жаль, большасць з іх не дайшлі да нас нават у выглядзе руін. Тым не менш, і сёння захаваліся сапраўдныя жамчужыны, якія варта ўбачыць!

Мірскі замак

Адзін з узораў абарончага дойлідства з 2000 года ўваходзіць у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мірскі замак пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя магнатам Юрыем Іллінічам і стаў першым мураваным умацаваннем у прыватнай уласнасці на беларускіх землях. Цікава, што Мірскі замак – самае ўсходняе гатычнае збудаванне.

Цытадэль мае квадратную форму з 25-метровымі вежамі, што выступаюць па краях, кожная з якіх магла трымаць абарону незалежна ад астатніх. Таўшчыня сцен дасягае 3 метраў пры вышыні 13 м. Замак "удзельнічаў" амаль ва ўсіх войнах, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

Іллінічы не змаглі завяршыць будаўніцтва, унук заснавальніка замка Юрый Іллініч-малодшы ў 1568 годзе завяшчаў графства Мікалаю Хрыстафору Радзівілу Сіротку. На тры стагоддзі Мір перайшоў у валоданне да аднаго з самых магутных княжацкіх родаў ВКЛ. Пры Радзівілах цытадэль дабудавалі ў стылі рэнесанс – да паўночнай і ўсходняй сцяны быў далучаны трохпавярховы палац, вежы перарабілі пад жылыя памяшканні. Пасля будаўніцтва замка ў Нясвіжы Мікалай Радзівіл перанёс рэзідэнцыю туды, а мірскія ўладанні сталі своеасаблівай загараднай вілай.

У ходзе баявых дзеянняў крэпасць неаднойчы была разбурана і аднаўлялася зноў. У час Айчыннай вайны 1812 года замак сур’ёзна пацярпеў. Доўгія судовыя разборы па пытанні валодання таксама адбіліся на стане былой рэзідэнцыі Радзівілаў. Дайшло да таго, што помніку абарончай архітэктуры пагражала поўнае разбурэнне. Чаго, на шчасце, не адбылося. Вітгенштэйны, якія на той момант былі ўладальнікамі мірскіх зямель, адбудавалі замак і ў 1891 годзе прадалі яго казацкаму атаману Мікалаю Святаполк-Мірскаму.

Рэстаўрацыя прадоўжылася ў 1920-я гады і ішла 16 гадоў. Кіраваў работамі архітэктар Тэадор Буршэ. Былі адрамантаваны частка ўсходняга корпуса і дзве вежы. У 1939 годзе Мірскі замак разам з іншымі землямі Заходняй Беларусі перайшоў у валоданне савецкай улады… А ўжо ў сучаснай Беларусі архітэктурная жамчужына прайшла праз самую маштабную рэстаўрацыю, прызнана не толькі аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, але і адным з самых прыгожых замкаў Еўропы. Кожны год мірская рэзідэнцыя-музей прымае тысячы гасцей з розных краін.

Палац у Нясвіжы

Яшчэ адзін прыклад беларускага ваеннага дойлідства ўвайшоў у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2005 годзе. Нясвіжскі замак закладзены князем Мікалаем Радзівілам Сіроткам у 1583 годзе на месцы ранейшага драўлянага ўмацавання. У будаўніцтве на некаторых этапах прымаў удзел італьянскі архітэктар Джавані (Ян) Марыя Бернардоні.

Замак паклаў пачатак новаму тыпу бастыённых умацаванняў на беларускіх землях – так званай новаітальянскай сістэмы. Узведзены на правым беразе ракі Ушы, у плане ён меў форму чатырохвугольніка памерам 170 на 120 метраў, акружаны высокім валам і шырокім ровам. Насупраць уязной брамы быў пабудаваны княжацкі палац. У крэпасці былі казармы, турма, ліцейная майстэрня (людзвісарня), склады з правізіяй, пякарня. У горад з замка вёў драўляны мост, які ў выпадку пагрозы лёгка разбіраўся.

Крэпасць не раз перажывала аблогу і разбуралася ў ходзе ваенных канфліктаў. У 20-я гады XVIII стагоддзя ў час чарговага аднаўлення першапачатковая фартыфікацыйная функцыя адышла на другі план. Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька вырашыў перабудаваць замак у стылі барока – менавіта тады крэпасць прыняла звычайны для нас выгляд. Князь вярнуў Нясвіжу статус цэнтра радавых уладанняў. У палацы пабудавалі капліцу, працаваў тэатр з прыгонных сялян.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай разгарэўся ўнутраны канфлікт – на прастол прэтэндавалі прадстаўнік саксонскай дынастыі Веццінаў і прарасійскі кандыдат Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Тагачасны ўладальнік Нясвіжа Кароль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку апынуўся ў апазіцыі да дзеючай улады. У гэта процістаянне ўмяшаліся войскі імператрыцы Кацярыны II, прызваныя Чартарыйскімі для падтрымкі свайго кандыдата. Замак паў, Кароль Станіслаў збег з краіны… Пане Каханку вярнуўся з выгнання ў 1780 годзе і з уласцівым яму запалам узяўся за аднаўленне Нясвіжскай ардынацыі. У 1784 годзе, спецыяльна да прыезду Станіслава II Аўгуста, была створана Каралеўская зала.

У 1812 годзе Дамінік Іеранім Радзівіл, будучы 11-м ардынатарам нясвіжскім, прыняў бок Напалеона. Князь далучыўся да французскай арміі, у адным з баёў быў цяжка паранены і памёр у 1813 годзе. Маёнтак перайшоў у валоданне Антонія Генрыха Радзівіла. Прыняўшы на сябе абавязкі па ўтрыманні ардынацыі, ён апынуўся на мяжы банкруцтва. Толькі праз амаль два дзесяцігоддзі маёмасць зноў пачала прыносіць даход.

Наступныя ўладальнікі замка ім амаль не цікавіліся і не жылі там. Без гаспадароў палац прыходзіў у заняпад. У 1865 годзе свае нясвіжскія ўладанні ўпершыню наведалі Антоній Вільгельм Радзівіл і яго жонка Марыя Даратэя дэ Кастэлян-Радзівіл. На той момант замак уяўляў сабой сумнае відовішча, быў амаль непрыдатны для жыцця ў ім. Пачалося чарговае, але не апошняе аднаўленне, і праз 10 гадоў Радзівілы зноў пасяліліся ў радавым гняздзе. Антонію Радзівілу ўдалося вярнуць частку вывезеных каштоўнасцей. Марыя Даратэя заклала вакол замка цудоўныя паркі. Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад СССР Радзівілы пакінулі Нясвіж…

Пасля вялікай рэстаўрацыі ў 2004–2011 гг. нясвіжская рэзідэнцыя зноў уражвае гасцей як частка музея-запаведніка.

Зрабіць check in на самым вялікім геадэзічным інструменце планеты

Цераз Беларусь праходзіць участак знакамітай геадэзічнай дугі Струвэ. Гэта была сетка або, хутчэй, "ланцуг" з 265 трыянгуляцыйных пунктаў даўжынёй 2820 км, што праходзілі цераз Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Літву, Беларусь, Украіну і Малдову. Дуга будавалася з 1816 па 1855 год для вымярэння даўжыні градуса мерыдыяна.

З 31 апорнага пункта ў краіне 11 страчаны назаўсёды. З захаваных пяць уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: два ў Гродзенскай вобласці ("Тупішкі", "Лапаты"), тры – у Брэсцкай ("Лясковічы", "Асаўніца", "Чэкуцк"). Адзін – астранамічная абсерваторыя. У Беларусі гэта адзіная з 13 асноўных пунктаў для градусных вымярэнняў.

Атрымаць сертыфікат з геаграфічнага цэнтра Еўропы

За званне геаграфічнага цэнтра Еўропы змагаюцца як мінімум пяць месцаў у розных краінах – Беларусі, Украіне, Літве, Славакіі і Польшчы. Месцаразмяшчэнне цэнтра залежыць ад вызначэння межаў кантынента і методыкі разліку.

Так, адзін з цэнтраў Еўропы знаходзіцца каля возера Шо (5510′55′′ п. ш. 2815′30′′ у. д.) за 48 км на паўднёвы захад ад горада Полацка. Менавіта гэту кропку ў 2000 годзе з дапамогай камп’ютарнай праграмы разлічылі беларускія вучоныя Аляксей Саламонаў і Валерый Аношка.

Памятны знак у 2008 годзе ўстанавілі не на месцы непасрэднага цэнтра каля возера, а ў самім Полацку, што вельмі сімвалічна, паколькі ён – найстаражытнейшы горад Беларусі. Упершыню згадваецца ў летапісах у 862 годзе.

Менавіта тут можна атрымаць сертыфікат з самага сэрца Еўропы, а заадно ўбачыць унікальныя славутыя мясціны горада, які займае асаблівае месца ў гісторыі не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы.

Пабываць у першым на планеце музеі, прысвечаным самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя

У самы разгар Вялікай Айчыннай вайны – у 1942 годзе – было вырашана збіраць пра яе матэрыялы і дакументы. Усё гэта акумулявала ў Маскве спецыяльна створаная камісія. У лістападзе 1942 года сабраныя да таго моманту экспанаты паказалі ў савецкай сталіцы на выставе "Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай". Сярод прадстаўленых прадметаў былі дакументы, самаробная зброя, партызанскія часопісы, асабістыя рэчы байцоў... Жахі вайны і гераізм абаронцаў роднай зямлі ўражвалі, а праз вельмі кароткі час стала відавочна, што Другая сусветная вайна ўвойдзе ў гісторыю планеты як самая крывавая трагедыя чалавецтва.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў 22 кастрычніка 1944 года экспазіцыя пераехала ў разбураны амаль дашчэнту Мінск. У 1966 годзе музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны атрымаў спецыяльна пабудаваны будынак у самым цэнтры горада. Калекцыя пастаянна прырастае экспанатамі – за год колькасць прадметаў можа даходзіць да 800. Ужо ў незалежнай Беларусі было прынята рашэнне стварыць новы – сучасны і ўмяшчальны – будынак. І 2 ліпеня 2014 года каля стэлы "Мінск – горад-герой" адкрыўся абноўлены музей.

За сваю шматвяковую гісторыю Беларусь не раз удзельнічала ў розных ваенных канфліктах. Кожны з іх забраў нямала жыццяў. У Вялікую Айчынную вайну загінула каля 3 млн жыхароў рэспублікі – амаль кожны трэці… У памяць аб гэтай жудаснай трагедыі па ўсёй краіне створана каля 9 тысяч мемарыялаў і пахаванняў.

Убачыць сталіцу з даху ромбакубаактаэдра з "Топ-50 самых незвычайных будынкаў свету"

Адзін з самых незвычайных будынкаў не толькі Мінска, але і свету з’явіўся ў 2006 годзе. 26-гранны "алмаз" вышынёй амаль 74 метры размясціўся на праспекце Незалежнасці ў межах Сляпянскай воднай сістэмы. Праект новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі быў распрацаваны яшчэ ў 1989 годзе, але з-за розных абставін ідэя пачала ажыццяўляцца толькі праз 13 гадоў.

"Алмаз ведаў" – адзін з самых высокіх будынкаў Мінска з агляднай пляцоўкай. Месцаразмяшчэнне дазваляе ўбачыць амаль увесь горад.

Будынак бібліятэкі не раз трапляў у спісы самых незвычайных архітэктурных збудаванняў свету. Так, у 2013 годзе амерыканскае выданне Flavorwire паставіла яе на 11 месца ў рэйтынгу фантастычных архітэктурных работ. Бібліятэка заняла 24-е месца ў спісе 50 самых незвычайных збудаванняў свету паводле версіі сайта Village of Joy.

Знайсці папараць-кветку і стаць удзельнікам каларытных народных абрадаў

У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларусі адзначаюць старажытнае свята Купалле. Сотні гадоў людзі імкнуцца адшукаць таямнічую папараць-кветку (кветку папараці), якая паводле легенды распускаецца толькі раз у год. Міфічная кветка дае адшукаўшаму яе магчымасць бачыць будучыню, знаходзіць схаваныя скарбы, разумець мову звяроў. Паводле павер’яў, адшукаць папараць-кветку можа толькі самы смелы. На Купалле прынята праводзіць рытуал ачышчэння агнём і варажыць аб будучыні…

Старанна захоўваюць беларусы і іншыя старадаўнія традыцыі. На працягу года ў розных кутках краіны можна ўбачыць прыгожыя абрады, якія сёння адроджаны і праводзяцца па ўсіх канонах продкаў. Сярод іх – уключаныя ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА зімовыя "Калядныя цары" ў вёсцы Семежава і веснавы "Юраўскі карагод" у Пагосце. Зрэшты, у многіх вёсках ёсць свае каларытныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Самыя цікавыя абрады паказваюць гасцям у этнаграфічных музеях і турыстычных сядзібах краіны.

Паназіраць за чарадой птушак і пахадзіць у макраступах па адным з самых вялікіх балот кантынента

Беларусь – краіна не толькі замкаў, але і балот: яны займаюць каля 10% тэрыторыі. І гэта нягледзячы на маштабную меліярацыю XX стагоддзя. Нашы продкі лічылі балоты прыстанішчам рознай нечысці, напрыклад, багніка (ад слова багна – балота, дрыгва), і шукалі тут таямнічую папараць-кветку. Багна падтрымлівае стабільнасць экасістэм і захоўвае біялагічную разнастайнасць. А яшчэ балоты – арыгінальны турыстычны напрамак.

Самае вялікае вярховае балота Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе – Ельня. Яно знаходзіцца ў Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці. У 1968 годзе тут арганізавалі аднайменны заказнік, які з 2002 года ўключаны ў спіс Рамсарскай канвенцыі. Комплекс "Ельня" – гэта 118 балотных азёр, буйнейшае з якіх – Ельня – займае плошчу большую за 5 квадратных кіламетраў.

Спецыфічны ландшафт балота і яго цяжкадаступнасць не дазволілі шырока разгарнуцца дзейнасці чалавека. Таму тут захаваліся ўнікальныя жывёлы і расліны, сярод якіх чорнаваллёвая гагара і белая курапатка, рэдкія для Беларусі бяроза карлікавая і марошка. Увосень на Ельні спыняюцца шматлікія чароды шэрых жураўлёў і дзікіх качак, за якімі любяць назіраць бэрдвотчары і госці каларытнага фестывалю "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю" ("Журавли и клюква Миорского края").

Палюбавацца "касмічнымі" краявідамі Ельні можна з экасцежкі працягласцю больш як 1,5 км. Ёсць і пешаходныя маршруты, і веласіпедныя. Гасцей запрашаюць павандраваць па балоце ў макраступах, сабраць журавіны, сфатаграфаваць небывалага хараства пейзажы.

Спусціцца ў шахты буйнейшага радовішча калійных солей у Еўропе

У Беларусі знаходзіцца буйнейшае ў Еўропе радовішча калійных солей – Старобінскае – плошчай 350 квадратных кіламетраў. Яго адкрылі ў 1949 годзе, распрацоўваць пачалі амаль праз 10 гадоў, тады ж быў заснаваны горад шахцёраў Салігорск. Багатымі пакладамі калійных солей Беларусь абавязана... мору. Праўда, існавала яно каля 300 млн гадоў таму.

Акрамя прамысловай каштоўнасці, шахты маюць аздараўленчы патэнцыял. У 1986 годзе на базе першага калійнага рудніка пачалося будаўніцтва падземнага спелеакомплексу і спелеабальніцы. У 1990 годзе саляныя пячоры прынялі першых пацыентаў. На глыбіні 420 метраў абсталяваны залы і палаты для лячэння.

Паглядзець на самы вялікі гранітны кар’ер кантынента

Ці ведаеце вы, што самы вялікі гранітны кар'ер Еўропы знаходзіцца ў невялікім горадзе Мікашэвічы, што ў Брэсцкай вобласці. РУВП "Граніт" – лідар па вытворчасці шчэбеню ў Старым Свеце. Першы ўзрыў "адкрыў" пароду амаль 50 гадоў таму – у 1973 годзе. Глыбіня распрацоўкі цяпер дасягае 150 метраў, у будучым яна можа дайсці да 210 метраў. Дно мікашэвіцкага кар'ера цяпер знаходзіцца на 20 м ніжэй за ўзровень Балтыйскага мора. Пасля выпрацоўкі кар'ер плануецца зрабіць возерам. Месца распрацоўкі, дзякуючы накіраваным узрывам, падобна на гіганцкі амфітэатр, які дасягае каля 1,8 км у шырыню і больш за 2,7 км у даўжыню. Тут 50-тонныя БелАЗы здаюцца цацачнымі.

Турысты могуць назіраць за рабочым працэсам са спецыяльна абсталяваных аглядных пляцовак. А яшчэ можна ўбачыць самыя сапраўдныя вадаспады – з-за моцнага прытоку вада сочыцца з самой пароды.

Пакатацца на БЕЛАЗе

Каб распрацоўваць буйнейшы ў Еўропе гранітны кар’ер, патрэбны не менш уражальныя машыны. "Рабочыя коні" для многіх горназдабыўных прадпрыемстваў свету вырабляюць на заводзе БЕЛАЗ у Жодзіне. Кожны трэці кар’ерны самазвал планеты выпускаюць тут. У 2013 годзе на заводзе стварылі самы вялікі "кар’ернік" – БЕЛАЗ-75710, на якім быў устаноўлены рэкорд грузападымальнасці – 503,5 тоны. І пакуль гэта афіцыйна самы вялікі аўтамабіль у свеце!

Для жадаючых "асядлаць" гіганцкага жалезнага каня на прадпрыемстве арганізавана магчымасць праезду па выпрабавальным палігоне побач з вадзіцелем. Вядома, пракаціцца дадуць не на 450-тонным калосе, а на самазвале меншага памеру – "усяго" 130 тон. Пасля паездкі можна атрымаць сертыфікат аб паспяховым праходжанні першапачатковага курса ваджэння кар’ернага самазвала.

Сабраць сапраўдны трактар

Кожны 10-ы трактар у свеце выраблены ў Беларусі. У турыстаў, якія наведваюць Мінскі трактарны завод, ёсць магчымасць прыкласці да гэтага руку. У прамым сэнсе – на МТЗ праводзяць экскурсіі па вытворчасці, пры гэтым паўналетнім удзельнікам даступна опцыя "Збяры трактар" з выдачай сертыфіката. Магчымасць для турыстаў разам з работнікамі завода выканаць пяць аперацый па зборцы легендарнага "Беларуса" існуе на прадпрыемстве з 2017 года.

Праехаць па самым доўгім чыгуначным маршруце Беларусі

Аматарам падарожнічаць па чыгунцы Беларусі таксама ёсць што прапанаваць. Пад мерны перастук колаў з акна поезда можна любавацца вельмі прыгожымі краявідамі. Лепшае акунанне ў такую своеасаблівую медытацыю забяспечыць самы доўгі ў краіне чыгуначны маршрут, які звязвае Брэст з Віцебскам і Полацкам. Амаль 900 км у дарозе, а калі ўжо зусім дакладна – 893 км, 4 вобласці (Брэсцкая, Гомельская, Магілёўская, Віцебская), каля 19 гадзін у дарозе. Поезд праходзіць праз Жабінку, Кобрын, Пінск, Лунінец, Калінкавічы, Жлобін, Рагачоў, Магілёў, Шклоў, Оршу, Віцебск, Шуміліна. Састаў курсіруе штодзень.

Пакаштаваць сапраўдныя дранікі

Што першае прыходзіць на розум пры словазлучэнні "беларуская кухня"? Бульба і яшчэ мноства страў з гэтага клубеня! Хоць розныя варыяцыі бульбяных аладак ёсць у многіх народаў, дранікі трывала асацыююцца з Беларуссю. Нават нягледзячы на тое, што клубень індзейцаў, які стаў для беларусаў другім хлебам, у краіне пачалі вырошчваць толькі ў XVIII стагоддзі.

Першыя дакументальныя згадванні дранікаў адносяцца да 1830 года і звязаны з імем кухара Яна Шытлера. "Кананічны" рэцэпт гэтай стравы змяшчае ўсяго чатыры інгрэдыенты – бульбу, цыбулю, соль і алей для смажання. Ужываць прыгатаваныя дранікі можна са смятанай, рознымі соусамі, як гарнір да мачанкі.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: