Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Поиск отеля

| Галоўная | Пра Беларусь | Культура | Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

Плакат ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"
Плакат ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

З 8 па 14 ліпеня 2011 года пройшоў юбілейны ХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Гэты музычны форум даўно стаў візітнай карткай Беларусі. Традыцыйна фестываль збірае прадстаўнікоў славянскіх і іншых народаў з усяго свету.

Гісторыя Фестывалю

18 ліпеня 1992 года ў Віцебску прайшоў першы фестываль мастацтваў. Ля вытокаў фестывалю стаяла тры дзяржавы - Беларусь, Расія і Украіна. Мэтай краін-арганізатараў было азнаёміць віцябчан і гасцей горада з песеннай творчасцю славянскіх народаў.

У 1993 годзе фестываль "Славянскі базар" стаў членам Міжнароднай федэрацыі арганізатараў фестываляў (FIDOF). У тым жа годзе пашырылася і геаграфія ўдзельнікаў: на флагштоку фестывалю ўпершыню з'явіліся сцягі Славакіі, Кыргызстана, Літвы, Турцыі, Балгарыі, Югаславіі.

З 1995 года фестываль праводзіцца пад асабістым патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. З таго ж года "Славянскі базар" стаў называцца "Міжнародным фестывалем мастацтваў".

У 2000 годзе фестываль устанавіў рэкорд, сабраўшы на сцэне прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў, якія жывуць на зямлі. Усяго за гады існавання фестывалю ў Віцебск прыязджалі прадстаўнікі 70 краін.

Праграма фестывалю

Амаль 5 тыс. гасцей з 27 краін свету прынялi удзел у 20-м форуме мастацтваў. У праграме "Славянскага базару" былi заяўлены амаль 70 творчых праектаў. ХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" захаваў традыцыйную структуру, але быў напоўнены яе новым зместам. Фестываль падарыў сустрэчы з майстрамі мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны, дарослы і дзіцячы песенныя конкурсы, а таксама кіна- і тэатральныя праграмы, што палюбіліся за многія гады правядзення. Юбілейны "Славянскі базар" стаў стартавай пляцоўкай для фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які адкрыўся 9 ліпеня ў Віцебску.

Зорным і інтэрнацыянальным складам удзельнікаў выдзяляўся канцэрт урачыстага адкрыцця: Мікалай Баскаў, Дзіма Білан, Валерый Лявонцьеў, арт-група "Хор Турэцкага", Таісія Павалій, Патрысія Каас, Дыдзье Маруані і група Space, пераможцы "Еўрабачання-2011" азербайджанскі дуэт Эл & Нікі. Беларусь на канцэрце-адкрыцці прадставiлi ансамблі "Песняры" і "Сябры", Мікалай Скорыкаў, Ірына Дарафеева, Настасся Віннікава, Данііл Казлоў, танцавальныя і харэаграфічныя калектывы.

Арганізатары фестывалю падрыхтавалі цудоўны падарунак тэатралам. Для іх свае спектаклі прывязлi Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Маскоўскі акадэмічны тэатр імя У.Маякоўскага, прадзюсарская кампанія "Аметыст", Міжнародны тэатральны цэнтр "Шанс", тэатр Рамана Вікцюка.

З 1996 года фестываль дорыць сустрэчу з самым масавым мастацтвам - кіно. На юбілейным "Славянскім базары" свае праекты прадставiлi кінематаграфісты Беларусі, Расіі і Літвы. Гледачы ўбачылi мастацкі фільм "Рыжык у Залюстроўі" вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і сустрэлiся з яго рэжысёрам Аленай Туравай. Расійскі мультыплікацыйны фільм "Маша і Мядзведзь" прадставіла Аліна Кукушкіна, якая агучыла адну з роляў. Мастацкі фільм літоўскага рэжысёра Гіціса Лукшаса "Вір" (Літва) паказаў у Віцебску прадзюсар Арунас Стошкус.

Саюзная дзяржава ўдзельнічае ў фінансаванні "Славянскага базару ў Віцебску" з 1998 года. Дзень Саюзнай дзяржавы пройшоў на цяперашнім форуме 10 ліпеня. У Летнім амфітэатры пройшоў канцэрт "Сябры" збіраюць сяброў", у якім акрамя праслаўленага беларускага ансамбля прынялi ўдзел Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Ірына Дарафеева, Руслан Аляхно, ансамбль "Самацветы" і іншыя вядомыя беларускія і расійскія артысты.

У фестывальнае жыццё ўняслi інтрыгу дарослы і дзіцячы конкурсы выканаўцаў эстраднай песні. У юбілейным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" прынялi ўдзел 20 маладых спевакоў, якія прайшлі строгі папярэдні адбор, з 20 дзяржаў. Беларусь на гэтым конкурсе прадставіў пераможца нацыянальнага адборачнага тура 25-гадовая Алена Ланская. У дзіцячым конкурсе прынялi ўдзел 23 юныя таленты з 20 краін. У адпаведнасці з умовамі конкурсу Беларусь, Расія і Украіна дэлегуюць на яго па два канкурсанты. За Беларусь выступiла 10-гадовая Ганна Атрошчанка і 9-гадовая Аляксандра Няхай.

На юбілейным фестывалі былi акрэдытаваны амаль 500 прадстаўнікоў розных сродкаў масавай інфармацыі, з іх 400 журналістаў. Геаграфія журналісцкай супольнасці вялікая: Беларусь, Азербайджан, Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Кітай, Латвія, Літва, Польшча, Расія, ЗША, Украіна, Узбекістан, Эстонія.

Сотні рамеснікаў і майстроў станулi ўдзельнікамі Горада майстроў на "Славянскім базары ў Віцебску".

Урачыстае закрыццё фестывалю адбылося 14 ліпеня.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: