У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Ліп 2017

Імя Гвердцытэлі з'явілася на Плошчы зорак "Славянскага базару"

13 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Зорка Тамары Гвердцытэлі ўрачыста запалілася сёння на Плошчы зорак каля галоўнай пляцоўкі "Славянскага базару", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пліта новага лаўрэата спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" была адкрыта адразу пасля ўрачыстага падняцця сцяга фестывалю. У гэтым годзе "зорную" прапіску атрымала народная артыстка Грузіі і Расіі, сапраўдны сімвал дружбы народаў у мастацтве - Тамара Гвердцытэлі.

"Сімвалічна, што гэта зорка прысвечана выдатнай артыстцы сучаснасці, уладальніцы ўнікальнага голасу, якую па праву называюць легендай айчыннай сцэны. Яе творчасць набыла вялікую папулярнасць у многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Сваім талентам і творчай дзейнасцю яна ўносіць вялікі ўклад ва ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж брацкімі народамі Беларусі і Расіі. Веру, што ваша зорка будзе натхняць многіх артыстаў-пачаткоўцаў і стане ўзорам адданага служэння мастацтву", - адзначыў у прывітальнай прамове міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

Сапраўды ўсенародная артыстка, з улікам усіх краін, у якіх выступала, і моў, на якіх несла высокае мастацтва людзям, галоўная гераіня ўрачыстасці выйшла на Плошчу зорак пад сваю ж песню "Виват, король, виват!" І з хваляваннем у голасе прызналася ў бязмернай любові да Беларусі. "Гэта вялікі гонар. Я рада і шчасліва быць на беларускай зямлі, у гэтай прыгожай краіне, дзе такія цудоўныя людзі. Усе гэтыя гады мы хочам толькі таго, каб быў мір на нашай зямлі, нашай зброяй з'яўляецца толькі музыка. На гэтай сцэне гучала столькі цудоўнай музыкі. Я 25-ы год прыязджаю ў Віцебск. Гэта родная і незвычайная падзея ў маім жыцці. Мая вам удзячнасць за любоў і цеплыню. Я адчуваю, што па-сапраўднаму станаўлюся яе часткай", - сказала артыстка і паабяцала заўсёды служыць музыцы. Паколькі прадстаўнікі кіраўніцтва горада запэўнілі Тамару Гвердцытэлі, што з гэтага моманту яна можа па праву лічыць сябе жыхаром Віцебска, то артыстка абяцала часцей бываць у Беларусі і ў горадзе ў прыватнасці. І перадала нізкі паклон ад усіх сваіх блізкіх, якія ў гэтыя дні сочаць па тэлевізары за падзеямі на "Славянскім базары". "Бывала на многіх конкурсах і фестывалях. Але "Славянскі базар" унікальны па сваім настроі, па тым, як прымае артыстаў публіка, па любові да музыкі, якая тут пануе. Я шчаслівая, што кожны год Беларусь з такой цеплынёй сустракае гасцей, артыстаў, канкурсантаў, выяўляе новыя таленты. Гэта робіць фестываль адным з лепшых у свеце", - дадала Тамара Гвердцытэлі.

Пры адкрыцці зоркі ў неба ўзляцелі белыя галубы - сімвалы міру, якія ў гэтай сваёй іпастасі вельмі падобныя на галоўную гераіню дня. У падарунак ёй прагучаў і шматгалосы хор ансамбля "Аліло" - удзельнікаў фестывалю.

Алея зорак закладзена ў 2009 годзе ў тэрасе Летняга амфітэатра. На ўваходзе размешчана стэла, якую вянчае статуэтка дзяўчыны з вянком у руках. Гэта павялічаная копія прыза, які з 2005 года штогадова ўручаецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". На самой пляцоўцы размешчаны квадраты з паліраванага граніту з сімвалам фестывалю - кветкай васілька, на кожнай пліце занатавана імя ўладальніка і год уручэння прэстыжнай прэміі. У розныя гады ўладальнікамі ўзнагароды станавіліся Эдзіта П'еха, Леў Лешчанка, Ала Пугачова, Сафія Ратару, Аляксандра Пахмутава, Валерый Лявонцьеў, "Песняры", Ігар Лучанок, Надзея Бабкіна, Палад Бюльбюль аглы, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Першым лаўрэатам узнагароды ў 2005 годзе стаў расійскі кампазітар Андрэй Пятроў, зорка Тамары Гвердцытэлі стала 13-й. У мінулым годзе алея была пераўтворана ў Плошчу зорак фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Тамара Гвердцытэлі выступіць сёння ўвечары ў канцэрце ўрачыстага адкрыцця форуму ў Летнім амфітэатры, дзе атрымае ўзнагароду лаўрэата непасрэдна з рук Прэзідэнта Беларусі. Мерапрыемствы XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць па 19 ліпеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску