Сувеніры ў Мінску | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Сувеніры з Беларусі | Сувеніры ў Мінску

Сувеніры ў Мінску

Сувенірныя крамы каля Мінскай ратушы
Сувенірныя крамы каля Мінскай ратушы

Якія арыгінальныя падарункі можна прывезці з беларускай сталіцы і дзе ў Мінску купіць эксклюзіўныя сувеніры, карціны, прадметы мастацтва...

Сувеніры з Мінска

Купляючы падарункі родным і сябрам, у сталіцы Беларусі вы знойдзеце не толькі традыцыйныя  беларускія сувеніры, але і прысвечаныя менавіта Мінску – яго гісторыі і культуры, цікавым помнікам архітэктуры, славутым сучасным аб'ектам. 

Захаваць успаміны пра горад дапамогуць карціны, шкатулкі і статуэткі, размалявыя керамічныя кубкі і званочкі, паштоўкі, буклеты і магніты з выявамі славутых мясцін Мінска. Сярод іх:

Вы можаце набыць у Мінску аўтарскія сувеніры ручной работы, створаныя прафесійнымі мастакамі і народнымі майстрамі.

Дзе ў Мінску купіць сувеніры?

Найбольш багаты выбар эксклюзіўных сувеніраў – у галерэях рамёстваў "Славутасць " і "Славутыя майстры" ў Траецкім прадмесці, "Галерэі нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва", сувенірных крамах каля Мінскай ратушы

Напрыклад, галерэя рамёстваў "Славутасць" (Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, 21), размешчаная ў гістарычным цэнтры Мінска, прапануе сувеніры ад лепшых народных майстроў і мастакоў. Гэта:

  • вырабы з беларускага лёну (чайныя камплекты і абрусы, тканыя і вышываныя ручнікі, моднае адзенне і народны касцюм)
  • льняныя лялькі беларускіх народных персанажаў і цацкі з дрэва
  • аўтарскія ўпрыгажэнні і аксэсуары са скуры, бісера і металу
  • размалёўка па шоўку (хусткі, паланціны, шалі, блузы)
  • вырабы з саломкі (плеценыя фігуркі, вянкі, падвескі, абярэгі)
  • посуд з дрэва і керамікі (кубкі, талеркі, дэкаратыўныя талеркі)
  • лакавая мініяцюра (драўляныя яйкі з маляўнічай размалёўкай)
  • пано (тэкстыль, салома, бяроста)
  • эксклюзіўныя вырабы  ў тэхніцы Сожская скань (гадзіннікі, шкатулкі, пісьмовыя прылады, чашы, вазы, дэкаратыўныя талеркі, крыжы і іконы)
  • жывапісныя іконы
  • медалі і плакеткі
  • бізнес-сувеніры, VIP-сувеніры з беларускім каларытам

У "Галерэі нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва" (КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5) прадстаўлены разнастайныя прадметы быту і дэкаратыўныя вырабы ручной работы з экалагічна чыстых матэрыялаў:

  • дрэва (драўляныя шкатулкі і табакеркі, інкрусціраваныя ўзорамі з саломкі, насценныя гадзіннікі)
  • гліны (ляпныя цацкі, гліняныя гаршкі, керамічны посуд, вазы)
  • саломкі і кветак
  • льняныя тканіны (ручнікі з чыстага лёну, нацыянальнае адзенне)

У сувенірных крамах-доміках, устаноўленых на плошчы Свабоды за гарадской ратушай, можна купіць памятныя сувеніры з адлюстраваннем сімволікі і выдатных мясцін Мінска: магніты, значкі, кубкі, статуэткі...

Сувенірныя салоны і аддзелы ёсць ва ўсіх буйных гандлёвых цэнтрах Мінска (ГУМ, ЦУМ, "Кірмаш", "Беларусь", падземны гандлёвы цэнтр "Сталіца" і г.д.). Магазіны падарункаў працуюць на вакзалах, у Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Сувеніры прадаюцца і ў сетцы кіёскаў "Белсаюздрук".

Знакамітыя льняныя сувеніры з Беларусі вы знойдзеце ў спецыялізаваных мінскіх магазінах "Лянок" (праспект Незалежнасці, 46), "Беларускі лён" (ГЦ "Сталіца", пл. Незалежнасці, 32).

У Мінску працуюць вялікія фірменныя салоны-магазіны аднаго з буйнейшых у свеце вытворцаў вырабаў са шкла і хрусталю – шклозавода "Нёман".

Кнігі, фотаальбомы, буклеты і даведнікі, паштоўкі з краявідамі Мінска і іншых выдатных мясцін Беларусі, дробныя сувеніры вы знойдзеце ў кніжных магазінах сталіцы. Буйнейшыя з іх:

  • "Цэнтральная кнігарня" (праспект Незалежнасці, 19)
  • Дом кнігі "Светач" (праспект Пераможцаў, 11)
  • Дом кнігі "Веды" (вуліца К. Маркса, 36)

Сувеніры з сімволікай чэмпіянату свету па хакеі-2014 сёння прадстаўлены ва ўсіх спецыялізаваных салонах Мінска, у тым ліку і ў кіёсках галоўных пляцовак сусветнага першынства – "Мінск-Арэне" і "Чыжоўка-Арэне".

Беларускія ласункі і алкаголь у сувенірным афармленні вы знойдзеце ва ўсіх універсамах Мінска, а таксама фірменных магазінах кандытарскіх і алкагольных брэндаў.

Карціны ў Мінску

Калі вы – аматар сучаснага мастацтва і хочаце набыць у Мінску работы беларускіх мастакоў (жывапіс, графіка, скульптура), гэта можна зрабіць, наведаўшы галерэі і салоны. Сярод найбуйнейшых:

  • галерэя "Мастацтва"
  • Рэспубліканская мастацкая галерэя ў Палацы мастацтваў
  • мастацкая галерэя "Беларт"
  • Мінскі вернісаж пад адкрытым небам (Кастрычніцкая плошча)

Варта помніць, што на вываз з краіны прадметаў мастацтва неабходны спецыяльны дазвол. Як правіла, пры куплі ў галерэі гэта пытанне вырашаецца з дапамогай супрацоўнікаў.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі