Прамысловы турызм у Беларусі: ідустрыяльныя гіганты | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Прамысловы турызм | Ідустрыяльныя гіганты

Ідустрыяльныя гіганты


Беларусь уваходзіць у лік лідараў сярод сусветных экспарцёраў грузавых аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі, з'яўляецца прыкметным канкурэнтам на рынку бытавой тэхнікі і электронікі... І ў апошнія гады вядучыя індустрыяльныя цэнтры краіны – флагманы машынабудавання, вытворцы абсталявання – пачалі адкрываць дзверы турыстам. Паглядзець сапраўды ёсць на што!

БЕЛАЗ: самы вялікі самазвал у свеце

Знакаміты брэнд беларускага горада Жодзіна – БЕЛАЗ – буйнейшы ў свеце вытворца кар'ерных самазвалаў вялікай і звышвялікай грузападымальнасці. І менавіта тут на ўнікальнай – без перабольшання! – экскурсіі можна ўбачыць занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса самы вялікі на планеце 450-тонны грузавік, новы рабатызаваны мегабеспілотнік і, вядома, іншыя легендарныя мадэлі БЕЛАЗ. Акрамя таго, сесці за руль і нават правесці тэст-драйв самазвала, зрабіць эксклюзіўныя фота на фоне гіганцкіх аўто, прайсціся па велізарных цэхах і паназіраць, як працуюць беларускія машынабудаўнікі.

Адрас: г. Жодзіна, вул. 40 гадоў Кастрычніка, 4

МТЗ: нястомныя трактары BELARUS

На ўсіх кантынентах, у любым клімаце, на палях пшанічных, кукурузных, трысняговых, рысавых дзясяткі гадоў трактары BELARUS працуюць у розных кутках свету і прадаўжаюць заваёўваць папулярнасць сваімі рабочымі якасцямі. У час экскурсіі ў Мінску можна прайсці па ўсім ланцужку вытворчасці ад механічнага цэха да галоўнага канвеера МТЗ і нават паўдзельнічаць у зборцы трактара, атрымаўшы сертыфікат-пацвярджэнне, убачыць выстаўку рэтра-трактароў і лінейку найноўшай тэхнікі BELARUS, у тым ліку "Беларус-4522" са спіса самых магутных колавых трактароў у свеце. Бонусам можа стаць і адно з эфектных відовішчаў, якія арганізоўвае МТЗ: шоу танцуючых трактароў, флэш-моб з гіганцкімі надпісамі або драйвавае трактарнае ралі за горадам.

Адрас: г. Мінск, вул. Даўгабродская, 29

Гомсельмаш: камбайны "ПАЛЕССЕ"

У сусветным спісе вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі беларускі "Гомсельмаш" – канкурэнт, які ўваходзіць у топ лідараў рынку камбайнаў і іншых складаных сельгасмашын. Пад вядомым брэндам "ПАЛЕССЕ" выпускаецца тэхніка, здольная ўбіраць ураджай у розных кропках планеты: у лінейцы холдынга – збожжа-, бурака-, бульба-, льно-, сое-, рапса-, кукуруза-, бавоўна-, пачаткаўборачныя камбайны... Дарэчы, менавіта на "Гомсельмашы" першымі ў свеце пачалі ствараць камбайн на газавым паліве. Вытворчы турызм тут набірае абароты: у планах арганізатараў – праводзіць экскурсіі ў фармаце квестаў і ўключыць у праграму тэст-драйв на камбайне.

Адрас: г. Гомель, вул. Шасэйная, 41

АТЛАНТ: завод халадзільнікаў

Беларускі "АТЛАНТ" – адна з вядучых кампаній па выпуску бытавой тэхнікі на прасторы СНД. Сёння акрамя халадзільнікаў і маразільнікаў, якія некалі зрабілі імя брэнду з Мінска, тут вырабляюць халадзільнае абсталяванне для гандлёвага і рэстараннага бізнесу, пральныя машыны-аўтаматы, чайнікі. Але ў час экскурсій галоўны акцэнт, вядома, на халадзільніках: турыстам пакажуць увесь працэс вытворчасці ад пачатку вырабу дэталей да поўнай зборкі. Наведаць завод можна ў складзе арганізаваных турыстычных груп.

Адрас: г. Мінск, пр. Пераможцаў, 61

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі